ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2013 г."У градзе Магілёве выдадзена..."

"У градзе Магілёве выдадзена..."

Магілёў – найбуйнейшы цэнтр беларускага кірылічнага кнігадрукавання канца XVII – першай паловы XVIII ст. У 1633 г. Магілёўскае праваслаўнае брацтва атрымала каралеўскі дазвол адкрыць друкарню.

У 1636–1638 гг. тут выходзілі выданні Спірыдона Собаля. Трэцяе выданне "Апостала» (1638), падрыхтаванае ў Магілёве, прадстаўлена на выстаўцы. У 1640-х гг. выдадзена некалькі кніг друкара Фёдара Грышановіча.

З 1690-х па 1701 г. фактычна друкарняй кіраваў член Магілёўскага магістрата Максім Ермалініч Вашчанка – беларускі кнігавыдавец, друкар, гравёр, заснавальнік Магілёўскай школы гравюры.

На выстаўцы дэманструюцца такія старадрукі з паметай "в друкарни Максима Вошчанки", як "Неба новае" Іаанікія Галятоўскага (1699), "Перла мнагацэннае" Кірыла Транквіліёна-Стаўравецкага (1699), "Дыоптра" (1698). Выстаўлены і выданні з гравюрамі іншых майстроў магілёўскай школы. Сярод іх вылучаюцца "Кніга жыцій святых" (1702) з тытульным аркушам работы Васіля Вашчанкі, якая ўключае архітэктурны пейзаж Магілёва. Подпіс другога мастака – Афанасія сустракаецца на адной гравюры ў "Трэфалагіёне" (1748).

У пачатку XVIII ст. Магілёўская брацкая друкарня выдае кнігі для старавераў. Экспануюцца першыя вядомыя стараверскія выданні "Часоўнік" (1701) і "Псалтыр" (1705).

У выніку дзейнасці друкарні свет убачылі каля 40 выданняў, якія адыгралі значную ролю ў пашырэнні асветы на Беларусі, у развіцці беларускай выдавецкай справы і кніжнай гравюры.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

Выстаўка працуе з 25 сакавіка па 31 мая 2013 г.

Бібліятэкарам