ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2013 г.Славянскі "Апостал"

Славянскі "Апостал"

У 2013 г. праваслаўны свет святкуе дзве знакавыя даты – 1025-годдзе Хрышчэння Русі і 1150-годдзе з часу стварэння святымі роўнаапостальнымі Кірылам і Мяфодзіем славянскай азбукі. Хрысціянства, якое прыйшло на ўсходнеславянскія землі ў 988 годзе, стала падмуркам для з’яўлення пісьменнасці, духоўнага і культурнага развіцця славянскіх народаў.

Стваральнікі славянскай азбукі, святыя Кірыл і Мяфодзій, здзейснілі пераклады з грэчаскай на славянскую мову асноўных богаслужэбных кніг, сярод якіх адметнае месца займае “Апостал”.

“Апостал” – частка Новага Запавета, якая ўключае Дзеянні і Пасланні апостальскія. Аўтарам тэксту, як лічаць, з’яўляецца евангеліст Лука, гравюру з выявай якога звычайна размяшчалі ў пачатку кнігі. Упершыню славянскі “Апостал” быў выдадзены Францыскам Скарынам у 1525 г. у Вільні (у экспазіцыі дэманструецца факсіміле).

На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя рукапісныя помнікі – “Апостал-апракас” ХVІ ст. і “Кароткі «Апостал»” ХІХ ст.

Дэманструюцца выданні кірылічнага друку найбольш вядомых друкарняў Беларусі, Расіі, Украіны ХVІ–ХVІІІ стст.

Беларускія кірылічныя старадрукі прадстаўлены віленскім “Апосталам” са знакамітай друкарні братоў Мамонічаў (пасля 1595 г.) і магілёўскім выданнем Спірыдона Собаля (1638).

Першай друкаванай датаванай рускай кнігай і першай друкаванай украінскай кнігай стаў менавіта “Апостал”, выдадзены Іванам Фёдаравым спачатку ў Маскве (1564), а пазней у Львове (1574). Дакладнае ўяўленне аб якасці і афармленні старадрукаў дае львоўскае выданне, прадстаўленае ў экспазіцыі.

Майстэрства друкароў і гравёраў Маскоўскага друкарскага двара ХVІ–ХVІІІ стст., першай расійскай друкарні, адлюстроўваюць выданні “Апостала” Андроніка Цімафеева Нявежы (1597), Васіля Фёдаравіча Бурцова (1638), Кандрація Іванова (1648). Выдадзеныя ў ХVІІІ–ХІХ стст. “Апостал” (1798) і “Тлумачэнне нядзельных «Апосталаў» з павучальнымі размовамі” (1819) – прадукцыя Сінадальнай друкарні.

Старадрукаваныя помнікі Украіны прадстаўлены львоўскім “Апосталам” з друкарні Міхаіла Слёзкі (1639), кіеўскімі выданнямі з друкарні Кіева-Пячэрскай лаўры з лепшымі гравюрамі Г. Лявіцкага (1737), кніжнымі помнікамі са стараверскай друкарні ў Пачаеве (1784).

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

Выстаўка працуе з 5 чэрвеня па 6 верасня.

111