ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2013 г.Біблія Гутэнберга

Біблія Гутэнберга

Выстаўка прымеркавана да 560-годзя выдання знакамітай 42-радковай Бібліі, якое адзначаецца сусветным грамадствам сёлета. Акцыя адбудзецца напярэдадні 500-годдзя выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны, якое шырока будзе адзначацца ў 2017 г.

42-радковая Біблія з’яўляецца адным з першых і самым вядомым выданнем Іагана Гутэнберга, якое ўбачыла свет у Майнцы ў 1452–1455 гг. Фаліянт надрукаваны на латыні выдатным гатычным шрыфтам, мае шыкоўнае афармленне і пераплецены ў два тамы.

Факсіміле выканана па арыгінале, які захоўваецца ў Епархіяльным музеі ў г. Пельпліне (Польшча). У 2002–2003 гг. у Польшчы да 550-годдзя выдання адной з першых Біблій “рухомымі” літарамі і 25-годдзя Яна Паўла ІІ у якасці Папы Рымскага было выдадзена выдатнае факсіміле абмежаваным тыражом – 198 копій Бібліі Гутэнберга. Менавіта Папа Рымскі Ян Павел ІІ атрымаў экзэмпляр выдання за нумарам 1, які сёння захоўваецца ў Ватыкане.

Праца над падрыхтоўкай факсімільнага выдання працягвалася два гады. У праекце прымалі ўдзел навуковыя ўстановы Польшчы, Германіі і Японіі. Факсіміле адрозніваецца вельмі высокай якасцю ўзнаўлення арыгінала з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій. Дакладна выканана папера з вадзянымі знакамі. Ініцыялы і рукапісныя элементы афармлення кнігі ўзноўлены ўручную з захаваннем тэхналогіі таго часу. Выключна паўторана аправа работы Генры Костэра Любэка сярэдзіны ХV ст. Нават пашкоджанні пры выкарыстанні і недакладнасці, дапушчаныя пры друкаванні арыгінала, перададзены ў факсіміле. Акрамя таго, камплект прыгожа ўпакованы ў скураны чамадан, які з’яўляецца дакладнай копіяй дарожнай скрынкі, зробленай у 1939 г. для арыгінала. Яго выкарысталі, каб зберагчы Біблію ў часы Другой сусветнай вайны.

Асобнік факсіміле, прадастаўлены выдаўцом і бібліяфілам Тадэвушам Радзіўшам з Літвы, з’яўляецца копіяй адзінага польскага экзэмпляра ўнікальнага першадрука, які перажыў стагоддзі еўрапейскіх войнаў і разбурэнняў і добра захаваўся да нашага часу.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

Выстаўка працуе з 10 снежня 2013 г.

Бібліятэкарам