ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2011–2012 гг.Зямля маіх продкаў. Барыс Сачанка…

Зямля маіх продкаў. Барыс Сачанка…

Выстаўка “Зямля маіх продкаў. Барыс Сачанка…”, была прымеркавана да 75-годдзя з дня нараджэння выдатнага празаіка.

Арганізатары выстаўкі – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Барыс Іванавіч Сачанка нарадзіўся 15 мая 1936 г. у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У сямігадовым узросце разам з бацькамі быў вывезены ў Германію. Пасля вяртання на радзіму скончыў Хойніцкую сярэднюю школу № 1, а затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, спалучаючы вучобу з працай у часопісе “Вожык”. Шмат гадоў працаваў у аддзеле прозы часопіса “Полымя”. У 1976–1986 гг. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Апошнія гады жыцця актыўна займаўся выдавецкай дзейнасцю, працуючы спачатку загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, а потым галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”. Першае апавяданне Б. Сачанкі “Плынь” з’явілася ў друку ў 1956 г. у часопісе “Маладосць”.

Шлях пісьменніка быў пазначаны высокай творчай актыўнасцю. Ён пісаў пра Вялікую Айчынную вайну, вяскоўцаў, сваё роднае Палессе…

Найбольш адметнымі творамі Б. Сачанкі былі: “Дарогі”, “Аксана”, “Памяць”, “Тры аповесці”, “Ваўчыца з Чортавай Ямы”, “Горкая радасць вяртання”, “Вечны кругазварот” і “Родны кут”, раман “Чужое неба”, трылогія “Вялікі лес”. Ён плённа працаваў ў галіне дзіцячай літаратуры, сатыры і гумару, крытыкі, шмат перакладаў з моў іншых народаў.

За вялікі ўклад у нацыянальную літаратуру, актыўную грамадскую дзейнасць Б. Сачанка ўзнагароджаны двума ордэнамі “Знак пашаны”, медалём Францыска Скарыны, ушанаваны Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. Мележа.

Літаратурна-дакументальная выстаўка “Зямля маіх продкаў. Барыс Сачанка…” раскрыла шматграннасць таленту выдатнага празаіка. У экспазіцыю ўвайшлі каштоўныя матэрыялы з архіва пісьменніка: рукапісы, дакументы, фотаздымкі розных гадоў, кнігі, сувеніры, асабістыя рэчы, якія былі перададзены ў музей яго дачкой Святланай і прадстаўлены ўпершыню.

111