ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2011–2012 гг."Я не самотны, я кнігу маю…"

"Я не самотны, я кнігу маю…"

У канцы 1913 года ў друкарні Марціна Кухты ў Вільні быў выдадзены зборнік выбраных вершаў Максіма Багдановіча "Вянок" – кніга яднання паэзіі і лёсу беларускага песняра.

"У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты",
– апошнія радкі паэта, напісаныя слабеючай рукой у далёкай Ялце вясной 1917 года.

Напрыканцы 1913 года ў друкарні Марціна Кухты ў Вільні быў выдадзены зборнік выбраных вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” – кніга адзінства паэзіі і лёсу беларускага песняра.

Першая і адзіная прыжыццёвая кніга Максіма Багдановіча з прычыны адсутнасці сродкаў друкавалася доўга і фактычна пабачыла свет на пачатку 1914 года накладам 2 000 асобнікаў. “Кніжка выбраных вершаў” – так назваў зборнік М. Багдановіч, але канчатковая назва і прысвячэнне “Вянок на магілу С.Е. Палуяна” дадзены Вацлавам Ластоўскім у той час, калі зборнік знаходзіўся ў друку.

Невялікая, сціпла аформленая кніжка (імя мастака невядома): на вокладцы стылізаваны васілёк – сімвал паэзіі беларускага песняра. На тытуле зборніка – знак “Лебедзь”. Гэта герб роду Завішаў – сведчанне ўдзячнасці фундатару кнігі Магдалене Радзівіл.

Пасля выхаду “Вянка” ў свет паэт падараваў некаторыя асобнікі сваякам, сябрам і знаёмым. За кожнай кнігай свая гісторыя і лёс. Знойдзеныя экзэмпляры “Вянка” захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі і Расіі. У свеце вядома каля 30 асобнікаў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі валодае толькі адным арыгінальным экзэмплярам “Вянка”, але вельмі каштоўным – з аўтографам паэта. На тытульным лісце – надпіс, зроблены рукой Максіма Багдановіча, вытанчаным каліграфічным почыркам, чорным чарнілам, крыху паблёклым ад часу: “Николаю Рафаиловичу Кокуеву от автора. М. Богданович. Яросл. 1914 г.”. Мікалай Рафаілавіч Какуеў – яраслаўскі сябар паэта па гімназіі. У апошнія гімназічныя гады Максім часта бываў у сям’і сваіх аднакласнікаў – Рафаіла і Мікалая Какуевых, дзе пазнаёміўся з іх сястрой Ганнай, да якой спазнаў моцнае пачуццё кахання. Жыццёвыя сцежкі маладых людзей разышліся, але гэта светлае, чыстае юнацкае каханне падаравала беларускай літаратуры сапраўдныя шэдэўры паэзіі. Ганне Какуевай прысвечаны паэтычны цыкл “Мадонны”, шмат вершаў розных гадоў. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што менавіта высокія пачуцці да гэтай дзяўчыны натхнілі паэта на напісанне цудоўнага “Раманса” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю...”).

Рэдкі асобнік “Вянка” быў дасланы Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна ў 1971 годзе з Ленінграда. Каштоўны падарунак зрабіў Мікалай Іванавіч Лілееў – сын Ганны Какуевай.

Адным з тых даследчыкаў, хто адкрыў М. Багдановіча Беларусі з’яўляецца Ніна Барысаўна Ватацы – заслужаны дзеяч культуры БССР, вядомы бібліёграф і літаратуразнаўца. Яе называлі “біёграфам Максіма Багдановіча”. Вынікі яе шматгадовай працы – невядомыя тэксты, аўтографы, фотаздымкі, лісты і іншыя матэрыялы. Кнігі Н.Б. Ватацы “Шлях паэта” (1975); “Максім Багдановіч. Паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай літаратуры” (1976); “Шляхі” (1986) сапраўды сталі шляхамі да малавядомых старонак жыцця і творчасці беларускага класіка. Ніна Барысаўна больш за паўстагоддзя працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на пасадах ад памочніка бібліятэкара да галоўнага бібліёграфа.

Бібліятэкарам