ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2008–2010 гг.Гродзенскі "Катэхізіс" Лаўрэнція Зізанія

Гродзенскі "Катэхізіс" Лаўрэнція Зізанія

Лаўрэнцій Зізаній (1550-60-я – каля 1634) – рэлігійны дзеяч, педагог, перакладчык. Працаваў выкладчыкам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай, Брэсцкай, Віленскай, Кіева-Пячэрскай праваслаўных брацкіх школах, настаўнікам у князёў А. Астрожскага і Я. Карэцкага, быў святаром у царкве. Выдаў вучэбныя кнігі, такія як “Азбука” (адна з першых у Беларусі і Украіне) і “Грамматіка словенска...”. У 1620–1623 гг. Зізаній, верагодна, працаваў над “Катэхізісам”.

Катэхізіс (ад грэч. κατηχέω – апавяшчаць, вусна настаўляць, вучыць), у раннім хрысціянстве – вуснае настаўленне тым, хто рыхтаваўся прыняць хрышчэнне.

У “Катэхізісе” Зізанія выкладзены не толькі догматы праваслаўя ў пытаннях і адказах, але і веды па гісторыі, прыродазнаўстве, астраноміі і іншых навуках. Рукапіс быў зроблены на старабеларускай мове. У 1627 г. Л. Зізаній разам з перакладчыкам Б. Багамольцавым наведаў Друкарскі двор у Маскве, дзе і быў выпушчаны “Катэхізіс”. Але гэта кніга, відаць, не была прызнана афіцыйнай царквой, таму, верагодна, патрыярх Філарэт загадаў спаліць усе надрукаваныя экзэмпляры. Цудам захавалася толькі пяць дэфектных выданняў, а новыя (1783, 1787 і 1788, Гродна; 1784, Пскоў) зазналі значную рэдакцыйную праўку і недакладна перадаюць погляды Зізанія.

На выстаўцы прадстаўлены гродзенскія выданні “Катэхізіса” 1783 і 1787 гг., якія былі надрукаваны стараверамі ў Каралеўскай друкарні. Гэта выдавецтва было заснавана польскім грамадскім і палітычным дзеячам А. Тызенгаўзам у сярэдзіне 1770-х гг. Прадукцыя, якая там выпускалася, па сваім рэпертуары была разнастайнай. Там друкаваліся буквары, розная рэлігійная літаратура, матэрыялы соймаў, распараджэнні і інш. У ёй была выпушчана першая ў Беларусі газета. “Катэхізіс” Л. Зізанія тройчы перавыдаваўся на працягу пяці гадоў.

Бібліятэкарам