ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2008–2010 гг.Доктар А.П. Чэхаў

Доктар А.П. Чэхаў

Чэхаў-доктар змагаўся з фізічнымі хваробамі людзей. Чэхаў-пісьменнік сваімі апавяданнямі змагаўся з хваробамі іншага кшталту. Ён высмейваў невуцтва, грубасць, фанабэрыю, зазнайства і іншыя чалавечыя недахопы. Чэхаў хацеў, каб людзі былі лепшымі.

Актыўная літаратурная дзейнасць Чэхава пачалася з супрацоўніцтва ў часопісе А. С. Суворына «Новое время», дзе творы пісьменніка ўпершыню з’явіліся пад яго сапраўдным імем, і выхадам зборніка «В сумерках» (1887), які паказаў, што ў асобе Чэхава руская літаратура набыла новы, удумлівы і тонка-мастацкі талент. На выстаўцы дэманструецца дзесятае выданне зборніка «В сумерках», надрукаванае знакамітым кнігавыдаўцом А. С. Суворыным у 1894 годзе.

У першай палове 1890-х гг. Чэхаў становіцца адным з найбольш чытальных пісьменнікаў Расіі – яго творы рэгулярна з’яўляюцца ў часопісах «Северный вестник», «Русская мысль», «Новое время», «Русские ведомости», выходзяць асобныя выданні і зборнікі («Рассказы», 1888; «Хмурые люди», 1890; «Повести и рассказы», 1894), якія пастаянна перавыдаюцца і выклікаюць шырокі рэзананс у літаратурных колах. У экспазіцыі можна ўбачыць зборнік «Повести и рассказы», выдадзены ў 1894 г. у друкарні І. Д. Сыціна.

А. П. Чэхаў атрымаў вялікае прызнанне і як драматург. Яшчэ пры жыцці пісьменніка на сцэне Маскоўскага мастацкага тэатра былі пастаўлены яго знакамітыя п’есы: «Чайка», «Дядя Ваня», «Три сестры» і «Вишневый сад». Упершыню п’еса «Вишневый сад» была апублікавана ў зборніку таварыства «Знание» за 1903 г. Гэта своеасаблівы вынік доўгіх творчых пошукаў Чэхава. Ён закрануў у п’есе шмат праблем, якія не страцілі актуальнасці і сёння. На выстаўцы прадстаўлены канвалют «Пьесы. Пестрые рассказы», які быў выдадзены ў 1897 г. А. С. Суворыным, а таксама п’еса «Вишневый сад», надрукаваная ў 1904 г. у выдавецтве А.Ф. Маркса.

Чэхава пастаянна звязвала глыбокае сяброўства з дзецьмі, якім ён пісаў лісты, дасылаў падарункі. Шмат апавяданняў Чэхаў напісаў для дзяцей: «Белолобый», «Каштанка», «Ванька» і інш. Гэта творы, праз якія пісьменнік хацеў данесці часцінку дабрыні да маленькіх чытачоў.

Бібліятэкарам