1 ліпеня ў выставачным комплексе (пам. 104) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава “Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне”. Праект прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Адкрыў мерапрыемства Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. “Напярэдадні такой знамянальнай падзеі, як Дзень Незалежнасці, мы адкрываем выставу, якая адлюстроўвае тых людзей і тыя падзеі, што стаялі ля вытокаў нашай незалежнасці”, – адзначыў Віктар Андрэевіч.
У адкрыцці ўзялі ўдзел намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў, краязнаўца і гісторык, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір Ліхадзедаў.
У сваіх выступленнях госці павіншавалі прысутных з надыходзячым святам і адзначылі, што прадстаўленая экспазіцыя дэманструе шлях беларускага народа за вялікі часавы адрэзак з 1812 па 1945 год. Такі фармат выставы пабуджае грамадзян глыбока і рознабакова вывучаць гісторыю свайго краю і фарміруе пачуцці патрыятызму і нацыянальнага гонару.
“Незалежнасць – гэта дух, які жыве ў народзе”, – падкрэсліў у сваім выступленні генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і распавёў прысутным пра тое, як шмат было згублена ў гады войнаў і як складана па крупінках збіраць страчаную спадчыну.
У новай экспазіцыі прадстаўлены прадметы з прыватнай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Частку з іх Нацыянальная бібліятэка Беларусі плануе набыць за кошт сродкаў, выдзеленых фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Цэнтральная частка экспазіцыі – серыя кніг “У пошуках страчанага” і іншыя выданні Уладзіміра Ліхадзедава, у якіх змешчаны ўнікальныя дакументальныя матэрыялы і якія распавядаюць пра гістарычнае мінулае беларускай зямлі ў час вайны і міру з 1812 па 1945 год.
Падчас мерапрыемства прайшлі прэзентацыі кніг, прымеркаваных да юбілею Перамогі. Выдавецкі дом “Звязда” прадставіў кнігі “Блокада” і “75 лет Победы в Великой Отечественной войне”. Яшчэ адной навінкай, якую прэзентавалі на выставе, стала выданне “Беларусь шматнацыянальная” выдавецтва “Альфа-кніга”.
Госці мерапрыемства атрымалі памятныя падарункі: рэпрынты паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава і копіі старонак з “губернскіх ведамасцей” 19 стагоддзя.
У канцы ўсе жадаючыя маглі далучыцца да экскурсіі, якую правёў сам Уладзімір Ліхадзедаў.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.
Чытайце таксама рэпартажы іншых СМІ:
- У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава "Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне" (Минск – новости)
- У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава "Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне" (СБ – Беларусь сегодня)
- Выстава "Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне" адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (СБ – Беларусь сегодня)