ГалоўнаяНавіныПраект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”
Адкрыты доступ да электроннай бібліятэкі Bookshare
У Мінску шведская пісьменніца і мастачка Сара Лундберг распавядзе, што рабіць з марамі

Найважнейшая справа

Найважнейшая справа
Іншыя навіны

Кастрычнік заўсёды асыцыіруецца ў нас са школай, навучаннем і святам настаўнікаў. А ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ва ўмовах іншаземнай інтэрвенцыі і гаспадарчай разрухі ў галіне народнай адукацыі было вельмі складанае становішча.

На захопленай Польшчай тэрыторыі Беларусі праводзіўся курс на апалячванне беларускага народа. Акупацыйныя ўлады прымушалі насельніцтва размаўляць толькі на польскай мове. Ужыванне рускай і беларускай моў было забаронена.

Большасць насельніцтва была непісьменнай. У пачатку 1919 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях быў праведзены перапіс дзяцей школьнага ўзросту, які паказаў, што многія дзеці, асабліва ў вёсцы, не наведвалі школы. У Віцебскай губерні, напрыклад, у ліпені 1919 г. было зарэгістравана 13 668 дзяцей 8–13 гадоў, наведвалі школу толькі 8 423 вучні. У Клімавіцкім павеце Гомельскай губерні восенню 1919 г. змаглі пайсці ў школу толькі 20 505 з 42 000 узятых на ўлік дзяцей школьнага ўзросту.

У 1919–1920 гг. былі зроблены адпаведныя захады, каб палепшыць школьную справу. Што адбывалася на навучальным фронце Беларусі 100 гадоў назад?

Звон.jpg

Газета “Звон” ад 1 кастрычніка 1919 года (захавана арфаграфія першакрыніц):

Справа беларускіх народных школ

У справе адкрыцьця беларускіх народных школ, якіе мейсцовымі ўласьцямі выключаны з школьнай сеці, у каторую на вёсках увайшлі толькі польскіе школы, Начальнік Школьнага аддзелу Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны, п. М. Кахановіч, гаварыу з польскім Школьным Інспектарам Д. Вянцлаускім. П. Вянцлаускі урэшце згодзіўся:

1) Каб настаунікі назначаные Школьным Аддзелам Беларускай Рады на мейсцы, былі зацьверджаны польскімі павятовымі інспэктарамі.

2) Каб польскіе павятовые школьные інспэктары рабілі усе ад іх залежнае, што да скліканьня сялянскіх сходау, дзеля прыгавору аб адкрыцьці беларускіх народных школ.

Кароткатэрміновые Беларускіе Настаўніцкіе Курсы

На скліканые на 22-го верасьня кароткатэрміновые настаўніцкіе курсы у Вільні запісалася каля 70 кандыдатау, найбольш быушых вучыцялеу расійскіх народных школ. Па адукацыі найболей кандыдатау скончыушых вучыцельскіе семінарыі і сярэдніе школы, але есьць такжа і асобы скончыушые настауніцкіе інстытуты і з вышэйшай адукацыяй.

Абвестка ад Менскага Беларускага Пэдагогічнага Інстытуту:

Рада Менскага Педаггогічнага Інстытуту у пасяданьню сваім 15-га верасьня гэтага году ухваліла – згодна з умовамі Беларускага Нацыянальнага Камітэту рэформаваць інстытут у беларускую вышэйшую навуковую установу.

Маршалак Рады.

дырэктор Інстытуту У. Ігнатоускі.

НезБеларусь.jpg

Газета “Незалежная Беларусь” ад 17 кастрычніка 1919 года:

Найважнейшая справа.

Калі прыслухацца цяпер аб чым гутараць беларусы, калі пачытаць аб чым пішуць, дык мы ўбачым адно, гэта – школы, школы і школы. Школа стала найважнейшаю справаю ў цяперашнім жыцьці беларускага народу. І гэта зусім зразумела. Беларускае адраджэньне, гэта адраджэньне перш-на-перш нацыянальнае і потым ужо дзяржаўнае. Без нацыянальнага адраджэньня немагчыма ніякае адраджэньне дзяржаўнае.

Тымчасам што-ж мы бачым. Палітыка генэральнага польскага школьнага інспэктара п. Вэнслаўскага, а таксама Горадзенскага інспэктара п. Возьніцкага, а за імі і ўсіх паветавых польскіх школьных інспэктароў, дый усяе польскае ўлады, каторая мае тыя ці іншыя адносіны да школы, бязупынна йдзе да таго, каб не дапусьціць беларускае школы. Народ просіць беларускае школы, зьбірае безканечныя подпісы, а дзе з ласкі свае пазволіць начальнік рэвіру, дык робяцца прыгаворы сходамі аб адкрыцьці беларускае школы. А тымчасам польская школьная ўлада беларускае школы не дапушчае. Як-бы п. Вэнслаўскі сказаў: “Робце вы сабе, што хочаце, падымецеся за беларускую школу ўсе як адзін чалавек. Я ўсё-ж ткі вам яе ня дам”. Але народ, апрача свае беларускае школы, іншае ня хоча. І вось пачынаецца незадаволеньне, каторае завоставаецца, пашыраецца, абыймае ўжо цяпер ўсю інтэлігенцыю і бязмальна усю народную масу. У барацьбе за сваю школу ўскалыхнулася ўсё народнае беларускае мора. “Мы думалі, кажуць, што прыдуць прыяцелі, ажно нам не пазваляюць мець беларускае школы”. Ужо два месяцы, як гэтае беларускае народнае мора хвалюецца і каму карысць з гэтага будзе мы ня ведаем, хіба, што ня Польшчы і ня братняму польскаму народу.

125 гадоў Маскоўшчына праваслаўных беларусаў старалася зрабіць ворагамі Польшчы, 125 г. у ва ўсіх малых і вялікіх маскоўскіх школах у Беларусі ўзгадовавалі непряцеляў Польшчы і за 125 г. маскоўскага панаваньня ў нас Маскоўшчына не патрапіла зрабіць гэтулькі непрыяцеляў і зла для Польшчы ў нас, колькі зрабіў, ужо ня толькі паміж беларусоў праваслаўных, але і каталікоў, за два месяцы свайго панаваньня п. Вэнслаўскі з сваімі памагатырамі.

Калі мэта польскае эндэнцыі ў нас ё пасварыць два суседнія братнія народы – беларускі і польскі, дык у гэтым яна ўжо шмат дапяла.

Без аздараўленьня школьнай справы ў нас не магчыма ніякая супольная праца беларусоў з палякамі і мы на школьную справу ў Беларусі зварочуем увагу тых палякоў, каторыя ў гэтай супольнай працы бачаць рэальную карысьць для абодвух народаў.

Я. С–ч.

Газета “Незалежная Беларусь” ад 31 кастрычніка 1919 года:

Беларуская школа. Беларускія школы ў Баранавіцкім павеце Менскае губ.:

У Вільню прыехаў па кнігі для беларускае школы ў вёсцы Багушы, Ястрэбінскай вол., Баранавіцкага павету, вучыцель Мацьвей Дужыла. Школу ў в. Багушы зацьвярдзіў баранавіцкі пав. школьны інспэктар Сьвенціцкі.

Беларускія школы ў Баранавіцкім павеце зацьвярджаюцца польскім паветавым інспэктарам на скарбовы кошт. Патрэбна на гэта толькі жаданьне сялян. Сяляне беларускіх школ хочуць. Аднак дагэтуль школ беларускіх там мала адчынена, бо не хапае вучыцялёў.

Выкарыстаныя крыніцы:

Абвестка ад Мінскага Беларускага педагагічнага інстытута // Звон. – 1919. – 1 кастр. – С. 4.

Кароткатэрміновые Беларускіе Настаўніцкіе Курсы // Звон. – 1919. – 1 кастр. – С. 4.

Справа беларускіх народных школ // Звон. – 1919. – 1 кастр. – С. 4.

Найважнейшая справа / пад крыпт. Я.С-ч // Незалежная Беларусь. – 1919. – 17 кастр. – С. 1.
Да праблемы адкрыцця беларускіх школ у мястечках і гарадах, што знаходзяцца пад польскімі ўладамі.

Беларуская школа. Беларускія школы ў Баранавіцкім павеце Мінскай губерніі // Незалежная Беларусь. – 1919. – 31 кастр. – С. 2.

Матэрыял падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам