ГалоўнаяНавіныПраект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”
Беларускія кнігі перададзены ў Малдову
Насустрач новым тэхналогіям. Пра курс “Камп’ютар з нуля”

Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы: першыя крокі (20-я гады ХХ ст.)

Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы: першыя крокі (20-я гады ХХ ст.)
Іншыя навіны

100 гадоў назад, 14 верасня 1920 г., адбылася значная падзея ў культурным жыцці Беларусі – урачыстае адкрыццё ў Мінску Беларускага дзяржаўнага тэатра. Менавіта з гэтага моманту пачаў складацца беларускі прафесійны тэатр.

Kupalauskі_(1921-1938).jpg
Будынак Дзяржаўнага тэатра (1921–1938)

Стварэнне першага беларускага тэатра адбылося па рашэнні ўрада БССР.

akupalauski1.jpg
Романович Я. С. Першы тэатр : кароткі нарыс. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1946. – C. 6.

Газета “Звезда” (1920, 16 сент.) напісала пра гэту падзею так:

“<…>Программа открытия была очень разнообразна. Прекрасно исполнил оркестр совместно с хором «Интернационал». Со вкусом была поставлена живая картина. <…>

Представленные затем одноактные пьесы («Рысь», «Меншен», «Свадьба») на белорусском и еврейском языках показали, что секции театра деятельно работали над их постановкой.

Хорошее впечатление оставила в общем режиссерская работа, вдумчивая и серьезная.

В дальнейшем администрация театра намерена давать по 2 белорусских, еврейских и русских спектакля в неделю.

Пожелаем Белорусскому государственному театру долгой и плодотворной работы на благо пролетариата”.

Afisha.jpg
Otkrytiye-Bel-Gos-Teatra.jpg
Открытие Белорусского Государственного Театра // Звезда. – 1920. – 16 сент.

Беларускі дзяржаўны тэатр стаў прамым пераемнікам Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, агляд дзейнасці якога разглядаўся на старонках газеты “Беларускі шлях” (1918, 30 мая) у артыкуле “Да гісторыі Беларускага тэатра” і быў прымеркаваны да гадавіны Таварыства. У храналагічным парадку ўзгадваліся ўсе асноўныя пастаноўкі, якія ажыццяўляліся ў гэты перыяд, пералічваліся гарады і мястэчкі, якія наведалі артысты на гастролях.

Da-historyi-Bielaruskaha-teatra.jpg

У часопісе “Рунь беларускай літаратуры і мастацтва” (1920, 9 мая) было змешчана фота ўдзельнікаў Першага Таварыства Беларускай Драмы і Камедыі.

Piershaje-Tavarystva-Bielaruskaj-Dramy-i-Kamiedyi.jpg
Першае Таварыства Беларускай Драмы і Камедыі: [фота] // Рунь беларускай літаратуры і мастацтва. – 1920. – 9 мая. – С. 1

Калектыў ізноў створанага Беларускага дзяржаўнага тэатра склаўся з акцёраў Таварыства, узначаліў яго той жа мастацкі кіраўнік – Фларыян Ждановіч (1884–1937). У сваёй творчасці Ф. Ждановіч шмат увагі надаваў пастаноўкам беларускіх п’ес. Пераважная частка рэпертуару ў сезоне 1920/1921 складалася са спектакляў, пастаўленых ужо Першым Таварыствам беларускай драмы і камедыі. Гэта спектаклі “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Антось Лата” Я. Коласа, “Сягодняшнія і даўнейшыя” К. Буйло, “Модны шляхцюк” К. Каганца, “Апошняе спатканне” У. Галубка і інш. Як рэжысёр Ф. Ждановіч абапіраўся на традыцыі беларускага народнага тэатра, шырока ўводзіў у структуру сцэнічных твораў музыку, песні і танцы.

Florian_Zhdanovich.jpg
Фларыян Паўлавіч Ждановіч (1884–1937)

Беларускі калектыў працаваў у вельмі складаных умовах. Маючы доступ да сцэны толькі два дні на тыдзень, ён не мог рэалізаваць свае амбіцыі. Часта даводзілася выступаць у мінскіх клубах і на месцах вытворчасці, а пасля ездзіць на гастролі – спачатку ў навакольныя вёскі і мястэчкі, а потым у такія гарады як Віцебск, Полацк, Бабруйск і Орша.

Цікавасць да тэатральных пастановак была вялікая.

tkupalauski12.jpg
Беларускі тэатр // Наша думка. – 1920. – 24 снеж. – C. 5

За перыяд з 1920 па 1922 г. мастацкае кіраўніцтва Беларускім дзяржаўным тэатрам ажыццяўлялі: Фларыян Паўлавіч Ждановіч (1920–1921), Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч (1921–1925), а абавязкі дырэктара выконвалі Алесь (Аляксандр Францавіч) Ляжневіч (1921–1922), М. Гурскі (1922–1926).

Змітрок Бядуля пісаў, што “...Міровіч прыняўся кіраваць мастацкай часьцю нашага тэатру ў канцы 1920 году. У цяжкім становішчы знаходзіўся тады наш тэатр як з боку рэпертуару, таксама і з боку матар’яльнага. Сцэнічныя сілы былі, але таксама яшчэ ў неапрацаваным выглядзе. Беларускі тэатр трэба было будаваць з самага фундаманту”.  

Praca-E.-A.-Mirovicha.jpg
Бядуля, З. Праца Е.А. Міровіча ў Бел. Дзярж. Тэатры. Да 25-гадовага юбілею / З. Бядуля // Савецкая Беларусь. – 1925. – 26 кастр. – С. 4

"Сцэнічныя сілы", пра якія піша З. Бядуля, таксама трэба было ўмацоўваць:

tkupalauski13.jpg
Романович Я. С. Першы тэатр : кароткі нарыс. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1946. – C. 9

У свой час паэт Павел Каравайчык (ён жа крытык Павел Любецкі) на старонках “Савецкай Беларусі” (1922, 10 снеж.) напісаў разносную рэцэнзію: “8-га сьнежня г.г. давялося мне ўбачыць «Паўлінку» ў пастаноўцы Беларускага Дзяржаўнага Тэатру. Рэжысура і артысты Б.Д.Т. перарабілі гэтую п’есу на свой густ, выкідаючы рэплікі і цэлыя дыалёгі, а дадаючы трохі адсябяціны. Да пераробленага тэксту п’есы далучыліся грым і касьцюмы (асабліва няўдачны і ўтрыраваны ў Адольфа – Ждановіча), жэсты, міміка і ўсё іншае. Замест грыму і твару ў сялян (бацька Паўлінкі і сусед Пранцысь) – нейкія плямы, боты-лякеркі, утрыраванабалаганская жэстыкуляцыя (і нават інтанацыя ў Адольфа – Ждановіча). Маса публікі была вельмі здаволена і шчыра рагатала, але на мяне ўсё гэта рабіла зусім адваротнае, прыкрае ўражаньне. Я ня ведаю, ці паважанаму аўтару «Паўлінкі» падабаўся той вясёленькі і пошленькі фарсік <...> Што належыцца да «Пінскай шляхты», праведзенай па той жа мэтодзе, то тут пратэставаць ня прыходзіцца: якая п’еса, такая й мэтода. Але нават у фарсе нельга гаварыць: «Па ўказу яго імператарскага вялічаства ад 1919 г.». І бязбожна блутаць усіх вядомых артысту расейскіх цароў”.

Paulinka-i-Pinskaja-shliachta.jpg
“Паўлінка” і “Пінская шляхта” / пад крыпт. П.Л. // Савецкая Беларусь. – 1922. – 10 снеж. – С. 3

У 20-я гады ў Беларускім дзяржаўным тэатры былі пастаўлены наступныя спектаклі:

1920 г.

  • “Рысь” Ф. Ждановіча паводле апавядання “У зімовы вечар” Э. Ажэшкі (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Паўлінка”, “Прымакі” Я. Купалы (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Хлопчык у лесе” А. Гаруна (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Міхалка” Далецкіх (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Калісь” Ф. Аляхновіча (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “На дне” М. Горкага (рэж. і маст. К. Елісееў)

1921 г.

  • “Раскіданае гняздо” Я. Купалы (рэж. Ф. Ждановіч) (“Раскіданае гняздо” / пад крыпт. Г. А-ч // Звезда. – 1921. – 16 апр. – С. 3)
  • “Залёты дзяка” У. Галубка (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Хам” Ф. Ждановіча паводле Э. Ажэшкі (рэж. Ф. Ждановіч, Елісееў)
  • “Сягонняшнія і даўнешыя” К. Буйло (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Модны шляхцюк” К. Каганца (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Хата за вёскай” (“Цыганка Аза”) (рэж. Ф. Ждановіч) (Белорусский театр // Звезда. – 1921. – 17 сент. – С. 4)
  • “Ганка” У. Галубка (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Адвечная песня” і “Сон на кургане” Я. Купалы (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Апошняе спатканне” і “Бязродны” У. Галубка (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “На Купалле” М. Чарота (рэж. Міровіч)
  • “Дамы і гусары” Фрэдры (рэж. Міровіч)
  • “Вяселле” В. Гарбацэвіча (рэж. Міровіч)
  • “Адам і Ева” (“Птушка шчасця”) і “Цені” Ф. Аляхновіча
  • “Падласая красуня” Родзевіча
  • “Муж з далікатнасцю”

1922 г.

  • “Лес шуміць” Ф. Аляхновіча паводле Караленкі (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Апостал сатаны” (“Вучань д’ябла”) Б. Шоу (рэж. Міровіч)
  • “Іх чацвёра” Г. Запольскай (рэж. Міровіч)
  • “Жрэц Тарквіні” Паліванава (рэж. Міровіч)
  • “Польскі жыд” Эркмана-Шатрыяна (рэж. Міровіч)
  • “Пасланец” Родзевіча (рэж. Міровіч)
  • “К бяздонню” Гарбацэвіча (рэж. Міровіч)
  • “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча (рэж. Ф. Ждановіч)
  • “Наталька” (“Наталка Палтаўка”) Катлярэўскага
  • “Збянтэжаны Саўка” і “У кавалёвай хаце” Родзевіча
  • “Як яны жаніліся” А. Валодзьскага
  • “Гусар Саладуха”
  • “У дарозе”
  • “Вар’яты”
  • “У штацкім”
  • “Шчасце неспадзёўкі”
  • “Павукі і мухі” А. Сіверса (рэж. Міровіч)

Калі ўзгадаць колькасць пастаўленых спектакляў па сезонах, атрымліваецца, што ў сезоне 1920/1921 гг. было пастаўлена 11 спектакляў (7 беларускіх п’ес, 3 польскія, 1 руская); у 1921/1922 – 17 (11 беларускіх, 3 украінскія, 2 польскія, 1 англійская); у 1922/1923 – 10 (6 беларускіх, 1 польская, 2 французскія, 1 руская).

У газеце “Наша будучыня” (1922, 8 снеж.) быў надрукаваны рэпертуар Дзяржаўнага беларускага тэатра ў Мінску: “У рэпертуар дзяржаўнага тэатру на сёлетні сэзон увайшлі гэткія пьесы: «Жрэц Тарквіні» – Паліванова, «Павукі і Мухі» («Кат і сын») – Сэвэрса, «Машэка» – Міровіча, «Мешчанін у шляхоцтве» – Мальера, «Карэй» – Пахліна, «Бязродны» Галубка, «Няскончаная драма» Ф. Аляхновіча, «Залёты» – Дуніна-Марцінкевіча, «Сялянка» – Дуніна-Марцінкевіча, «Сталовыя багі» – Ліцьвінава, «Пакрыўджаныя» – Л. Родзевіча, «Люкрэцыя Борджыя» (дачка папы Рымскага) – В. Гюго”.

З Савецкай Беларусі. Рэпертуар Дзяржаўнага беларускага тэатра ў Мінску / пад крыпт. Я. К. // Наша будучыня. – 1922. – 8 снеж. – С. 1.

Пачатак 1920-х гадоў быў вельмі цяжкім для народнай гаспадаркі Беларускай Рэспублікі і яе культурнага жыцця. Гэта таксама ўплывала і на дзейнасць тэатра. Многім акцёрам не хапала прафесійнай падрыхтоўкі, не было належных сродкаў на дэкарацыі і касцюмы. Акрамя таго, высветлілася, што не ўсе ўдзельнікі калектыву на адпаведным узроўні валодаюць беларускай мовай. Аўтар крытычнага артыкула ў газеце “Савецкая Беларусь” (1921, 31 жн.) звяртае непасрэдную ўвагу на мову артыстаў. “Калі мы маем беларускі тэатр, то пэўне і мова ў ім павінна быць беларуская. Пытанне зусім не дзіцячае, каб не сказаць болей але сучаснае. У нашым тэатры амаль што ні ў кожным спектаклі ёсць чаму павучыцца з боку мовы. Зацікаўлены чалавек, што прыйшоў можа першы раз паслухаць, якая гэта беларуская мова, зусім шчыра пасля можа сказаць сваім знаёмым і іншым зацікаўленым асобам, што нічога асаблівага, характарызуючага мову ён не знайшоў… Віна за гэта ўскладаецца ўсёй сваёй адказнасцю на артыстаў, якія русыцызмы і полёнізмы у словах і акцэнне наліваюць адно на другое як з мяха.

Узяць хоць бы спектакль “Ганка” 21 жніўня у “Зорцы”. Русыцызмаў было сколькі хочаш; даходзіць нават да таго, што ўжо і сам выканаючы ролю неяк траціць арыентацыю на беларушчыну і пачынае гаварыць нейкім сярэднім дыялектам паміж беларускім і расейскім”.

Ab-movie-teatry.jpg
Святляк, Я. Аб мове тэатры / Янка Святляк // Савецкая Беларусь. – 1921. – 31 жн. – С. 3

Летам – восенню 1921 г. Наркамасветы БССР пачаў ажыццяўленне праграмы стварэння беларускага нацыянальнага тэатра. У гэтым годзе Беларускі дзяржаўны тэатр быў перададзены ў падпарадкаванне Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы і атрымаў званне “акадэмічны”. Гэта дапамагло падтрымліваць тэатр за кошт дзяржавы, а яго работнікам – магчымасць атрымліваць льготныя пайкі і аплату.

Mirovich.jpg
Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч (1978–1952)

У тым жа 1921 годзе калектыў узначаліў новы мастацкі кіраўнік Еўсцігней Міровіч (1978–1952). У галіне рэпертуару Е. Міровіч рабіў стаўку на беларускую драматургію. Пад яго кіраўніцтвам тэатр на практыцы ажыццяўляў ідэю нацыянальнага культурнага адраджэння, вельмі папулярную ў пачатку 1920-х гадоў. Значнай падзеяй у дзейнасці БДТ сталі спектаклі “На Купалле” М. Чарота і “Вяселле” В. Гарбацэвіча, пастаўленыя Е. Міровічам у 1921 г. Яны ўпэўнена засведчылі, што ў калектыў прыйшоў таленавіты здольны кіраўнік і рэжысёр з арыгінальным творчым стылем, тонкім густам, добрым веданнем народных традыцый беларускага народа, жыцця яго глыбінкі.

За 10 год працы ў тэатры Еўсцігней Міровіч увасобіў каля 40 спектакляў, выхаваў цэлае акцёрскае пакаленне. Творчы поспех і славу ў шырокага гледача прынеслі яго першыя пастаноўкі “На Купалле” М. Чарота, “Машэка”, “Кастусь Каліноўскі”, “Каваль-ваявода” Е. Міровіча. На хвалі беларускага адраджэння адухоўленасць і рамантычная прыўзнятасць гэтых спектакляў надзейна ўзвялі іх у ранг беларускай тэатральнай класікі 1920-х гадоў.

Еўсцігней Міровіч, прыняўшы тэатральную эстафету ад Ф. Ждановіча, сфарміраваў моцны тэатральны калектыў, стварыў беларускую тэатральную школу. Міровіч узняў сцэнічнае мастацтва на такую вышыню, якой не дасягалі беларускія тэатральныя калектывы ні раней, ні на той час, калі яны працавалі побач з ім. Адной з асноўных прычын гэтага непаўторнага феномена было тое, што маладыя акцёры з энтузіязмам успрымалі і паспяхова авалодвалі школай Еўсцігнея Міровіча.

З. Бядуля ў артыкуле газеты “Савецкая Беларусь” (1922, 29 кастр.) так ахарактарызаваў ролю Е. Міровіча ў станаўленні тэатра:

“Наш дзяржаўны акадэмічны тэатр, які ў большасці складаецца з аматарскіх сіл, сталее з кожным годам. Толькі дзякуючы надмерным старанням і працы рэжысёра Міровіча ён пачынае пераступаць з мяжы аматарства і жывой практычнай студыі на поле сталай прафэсіянальнасці”.

Пра спектакль “Жрэц Тарквіні” Змітрок Бядуля ў артыкуле, надрукаваным у газеце гаворыць так:

“Рэжысёр Міровіч, які мае вялікі густ, даў адпаведна эфектную дэкарацыю, шмат працаваў над масавым дзействам натоўпу пры набажэнстве. Усюды вытрымана надзвычайна рытміка адпаведна зместу.

Ігра артыстаў была вельмі шліфованая, вытрыманая, музыка адпаведная, ўрачыста-манатонная, пафасам і жадасцю была пранікнута ўся п’еса мастацтва ў цэлым была вытрымана стыльна. Словам тое, што можна вымагаць ад ігры і пастаноўкі, было дасягнута як найлепей, за што і выказваем тав. Міровічу і беларускім артыстам сваё шчырае дзякуй”.

Бядуля, З. “Жрэц Тарквіні” : [водгук] / З. Бядуля // Савецкая Беларусь. – 1922. – 29 кастр. – С. 3.

Лябецкі, П. “Жрэц Тарквіні” : [водгук] / П. Лябецкі // Савецкая Беларусь. – 1922. – 29 кастр. – С. 3.

У перыядычным друку таго часу захаваліся водгукі іншых аўтараў на спектаклі Беларускага дзяржаўнага тэатра “Апостал сатаны”, “Жрэц Тарквіні”, “Іх чацвёра”.

Тэатр і мастацтва. “Апостал Шатана” / пад крыпт. П. Л. // Савецкая Беларусь. – 1922. – 19 лістап. – С. 4.

Жорсткі, Л. Першая пярвінка Беларускага дзяржаўнага тэатра : уражанні ад “Жраца Тарквінію” / Л. Жорсткі // Савецкая Беларусь. – 1922. – 3 лістап. – С. 4.

Тэатр і мастацтва. “Іх чацвёра” : (трагікамедыя ў 3 актах) / пад крыпт. А-з. // Савецкая Беларусь. – 1922. – 5 лістап. – С. 3–4.

Вось якую ацэнку ў перыядычным друку атрымаў спектакль “Апостал сатаны” (“Савецкая Беларусь” 1922, 19 лістап.):

“Заглаўную ролю іграў Ф. Ждановіч і іграў добра. Што належыцца рэшты артыстаў і артыстак, то сыгранасць і дысцыплінаванасць трупы на фоне эфэктоўных дэкарацый і пры калёрытных касьцюмах рабіла як найлепшае ўражаньне. Аб Беларускім Дзяржаўным тэатры можна пачуць вельмі добрыя ацэнкі нават ад зусім староньніх людзей, не беларусаў і трэба сказаць, што БДТ іх заслугоўвае.

Публікі было даволі шмат. Гэта паказвае, што Беларускі Дзяржаўны Тэатр пачынае прыцягваць да сябе шырокія масы Менскага грамадзянства”.

П’ес для пастановак у гэты час не хапала. У студзені 1922 г. Акадэмічны цэнтр Наркамасветы абвясціў конкурс на напісанне п’ес для тэатра на гісторыка-рэвалюцыйную і абрадава-бытавую тэматыку, абавязкова звязаную з жыццём Беларусі.

“Академический центр Наркомпроса Белоруссии объявил конкурс на написание пьес для постановки в академическом театре на темы: революционную, историческую и обрядово-бытовую. 1-ая премия – 10.000 000 р., 2-я – 7.000.000 р. и 3-я – 4.000.000 р. Пьесы могут быть написаны на белорусском и еврейском языках, но обязательно из жизни Белоруссии и доставлены в конкурсную комиссию при академическом центре в запечатанном пакете без фамилии автора под девизом, не позже 1 марта 1922 года”.

Пьесы для Гостеатра // Звезда. – 1922. – 14 янв. – С. 4.

Увесну 1922 г. вакол тэатральнай палітыкі Наркамасветы разгарнулася дыскусія. Заг. Агітпрападдзела ЦБ КП(б)Б Я.Б. Быкін і член калегіі Глаўпалітасветы Дзінерштэйн у газеце “Звезда” выступілі з рэзкай крытыкай дзейнасці акадэмічнага цэнтра Наркамасветы ў галіне тэатра. Яны лічылі, што Тэатры неабходна перавесці на самаакупнасць. Спыненне дзяржаўнай падтрымкі ва ўмовах НЭП непазбежна прывяло б тэатр да банкруцтва і закрыцця. Акрамя таго, аўтары артыкулаў падкрэслівалі неабходнасць павышэння кіруючай ролі Агітпрападдзела ЦБ КП(б)Б у арганізацыі мастацкага жыцця і ператварэння Глаўпалітасветы ў яго выконваючы орган.

Нягледзячы на гэтыя выступленні, Прэзідыум ЦВК БССР 24 сакавіка 1922 г. зацвердзіў мерапрыемствы па ўмацаванні акадэмічнага тэатра, выказаўся за яго дзяржаўнае забеспячэнне. У пастанове былі намечаны меры па развіцці тэатральнага мастацтва.

Быкин, Я. Компрос Белоруссии на новые рельсы / Я. Быкин // Звезда. – 1922. – 9 февр. – С. 2.

Динерштейн. Наши театральные дела / Динерштейн // Звезда. – 1922. – 22 февр. – С. 3.

Да 1922 г. у склад Беларускага дзяржаўнага тэатра ўваходзілі беларуская, руская і яўрэйская трупы. З сакавіка 1922 г. дзяржаўны тэатр быў замацаваны за беларускай трупай, ядро якой складалі ўдзельнікі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (пастанова прэзідыума ЦВК БССР ад 24.03.1922 г.).

У артыкуле “Свята беларускага тэатра”, надрукаваным у газеце “Савецкая Беларусь” (1922, 27 кастр.) аўтар адзначае вялікія дасягненні трупы тэатра:

“Ой, горкім быў хлеб мінулага сэзону работнікам Беларускага Дзярж. Тэатру і шмат здароўя страчана артыстычнымі сіламі пры працы ў холадзе і голадзе, але ўсё гэта, папершым, засталося ззаду і так балюча, што й ня варта ўспамінаць, а падругім, і гэта самае галоўнае – дасягнутыя пасьпехі белар. Дзярж. трупы так вялікі і, шчыра кажучы, так нечаканы – бо яшчэ такі малы тэрмін Б. Дз. Тэатр стала працуе, – што хочацца радавацца, а не ўспамінаць благое”.

Па Менску. Свята беларускага тэатра / пад крыпт. А. Г-ль // Савецкая Беларусь. – 1922. – 27 кастр. – С. 4.

Змітрок Бядуля ў артыкуле газеты “Савецкая Беларусь” (1922, 29 кастр.) так гаворыць пра ролю тэатра ў грамадстве:

“Тэатр – гэта настаўнік масаў. Жывымі дзеямі, шчырымі словамі і вобразамі, у якіх злучаны ў адно ўсе мастацтвы, праз фільтар якіх праходзіць усё чалавечае жыццё тэатр дае масам пэўнае выхаванне, кіруе імі, варожыць іх думкі і пачуцьцё і выховае ў людзей тую, ці іншую пасыхіку”.

П. Лябецкі ў артыкуле той жа газеты, даючы аналіз спектакля “Жрэц Тарквіні”, падсумоўваючы дзейнасць тэатра за два гады, гаворыць:

“Зусім яшчэ нядаўна, усяго некалькі гадоў таму назад беларускае тэатральнае мастацтва існавала толькі, як аматарскае і народнае. Да гэтага трэба яшчэ дадаць беднасць, блізка што адсутнасць рэпертуару.

Гэты спектакль <«Жрэц Тарквіні»>, як і наогул праца Беларускага Дзяржаўнага Тэатру, з’яўляецца паказчыкам таго, што беларускае тэатральнае мастацтва ўступіла ў новую, вышэйшую стадыю свайго развіцця. Да працы Беларускага Дзяржаўнага Тэатра і да сучаснага беларускага мастацтва мы цяпер павінны падыходзіць з новай, зусім іншай меркай, чым гэта рабілася дагэтуль”.

Лябецкі, П. “Жрэц Тарквіні” : [водгук] / П. Лябецкі // Савецкая Беларусь. – 1922. – 29 кастр. – С. 3.

Аснову маладога тэатра ў 20-30-х гадах ХХ ст. склалі акцёры: Фларыян Ждановіч, Антук Крыніца, Канстанцін Саннікаў, Паўліна Мядзёлка, Усевалад Фальскі, Уладзімір Крыловіч, Генрых Грыгоніс, Уладзімір Уладамірскі, Барыс Платонаў, Ірына Ждановіч, Стэфанія Станюта, Кацярына Міронава, Мікалай Міцкевіч, Рамуальд Жакоўскі, Вера Пола, Вольга Галіна, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Леанід Рахленка, Сцяпан Бірыла, Здзіслаў Стома, Іван Шаціла, Аляксей Бараноўскі, Галіна Макарава, Уладзімір Дзядзюшка, Зінаіда Браварская… Гэтаму легендарнаму пакаленню было накавана стаць першымі “зоркамі” айчыннай сцэны, заснавальнікамі нацыянальнай акцёрскай школы.

Trupa-1924.jpg
Трупа 1924 г. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы : да 95-годдзя тэатра. – [Мінск : б. в.], 2015. – С. 9

Вось такімі былі першыя крокі Беларускага дзяржаўнага тэатра, цяпер Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, заснаванага на якаснай айчыннай драматургіі.


Літаратура:
  • Городской театр // Утренняя Минская газета. – 2018. – 25 февр. – С. 2.
  • Беларускі дзяржаўны тэатр // Савецкая Беларусь. – 1920. – 7 верас. – С. 4.
  • Адкрыццё Беларускага Дзяржаўнага тэатра // Савецкая Беларусь. – 1920. – 11 верас. – С. 4.
  • Открытие Белорусского государственного театра // Звезда. – 1920. – 16 сент.
  • Тэатр і Мастацтва // Савецкая Беларусь. – 1920. – 25 верас. – С. 4.
  • Беларускі тэатр // Наша думка. – 1920. – 24 снеж. – С. 5.

Дадатковая літаратура:

  • Белорусский государственный драматический театр (БГДТ) : 18 лет существования, 1920―1938 : [программы и либретто]. – [Минск : б. и., 1938] (Типография Управления делами СНК БССР). – 31, [2] с., включая обложку : ил., портр.
  • Рамановіч, Я. С. Першы тэатр : [XXV год Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы] : кароткі нарыс / Е. Рамановіч. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1946. – 79, [1] с., [11] л. партр.
  • Першы Беларускі Дзяржаўны тэатр (1920–1941 гг.) // Беларусы : у 13 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – Мінск, 1995–2012. – Т. 13 : Тэатр. мастацтва / [Р. Б. Смольскі і інш. ; навук. рэд. А. І. Лакотка]. – 2012. – С. 208–245.
  • Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы = The National academic Janka Kupala theatre : да 95-годдзя тэатра : [буклет / прымалі ўдзел: В. Бабкова і інш.]. – [Мінск : б. в.], 2015. – С. 8–10.
  • Як выглядае чалавек? // Купалаўскі. – 2019. – № 1. – С. 62–69.

Пазнаёміцца з першакрыніцамі можна пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ці пры набыцці электроннага выдання "Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 г.", у якім на двух дысках размешчаны электронныя копіі 2 400 нумароў газет (амаль 80 найменняў), якія выдаваліся ў 1917–1922 гадах на тэрыторыі сучаснай Беларусі ці за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі.

Камплект дыскаў “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.” можна набыць па падпісцы або купіць у кіёску, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода. Рэжым работы кіёска адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Матэрыял падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прапануем новую віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”

17 Кра 2024

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Віртуальныя выстаўкі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам