ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Старэйшы брат паэта. Вадзім Багдановіч: лідар, натхняльнік, змагар
Літаратуратэрапія ў час паляндры

31 сакавіка 1945 года. 39 дзён да Перамогі

31 сакавіка 1945 года. 39 дзён да Перамогі
Іншыя навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Указ аб узнагароджанні ордэнам “Перамога”. Наступленне саюзнікаў. Зварот сялян Гродзенскай вобласці. Набор на рабочыя спецыяльнасці. Гастролі Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. Газеты: “Звязда” (№ 59), “Советская Белоруссия” (№ 58), “Гродненская правда” (№ 43).

У газетах у гэты дзень апублікаваны Указ аб узнагароджанні будучых маршалаў Перамогі – І. Конева, Г. Жукава, К. Ракасоўскага – ордэнам “Перамога”. Войскі 2-га Беларускага фронту наступаюць на Браціслаўскім напрамку, войскі 3-га Украінскага паспяхова ваююць у Венгрыі.

З Лондана паведамляюць, што “з меркаванняў бяспекі” не публікуюцца паведамленні аб аперацыях, распачатых войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Б. Мантгомеры, гаворыцца толькі пра тое, што начамі экспедыцыйныя сілы працягваюць паспяховае наступленне. У нататцы “Падрабязнасці капітуляцыі Мангейма” гаворыцца, што здалі гэты буйны прамысловы цэнтр па тэлефоне. Амерыканскія войскі, увайшоўшы ў горад, пачалі прасоўвацца па ім. “Амерыканскі салдат пачуў у адной з устаноў тэлефонны званок” і ўзяў трубку: тэлефанаваў гарадскі чыноўнік, які папрасіў спыніць стральбу, паколькі ў горадзе няма нямецкіх салдат. Неўзабаве з вокнаў былі вывешаны белыя флагі. Так горад паведаміў аб сваёй капітуляцыі (“Звязда”, № 59; “Советская Белоруссия”, № 58).

Газета “Звязда” (№ 59, с. 2) апублікавала матэрыял аб узнагароджанні шматдзетных маці ордэнамі і медалямі, нататку пра збор сродкаў у Магілёўскай вобласці на танкавую калону “Ляснік Беларусі” (рабочыя і служачыя лясных гаспадарак сабралі больш за 160 тысяч рублёў) і іншыя матэрыялы.

Уся 3-я паласа “Гродненской правды” (№ 43) аддадзена “Звароту першага абласнога сходу сялян да ўсіх сялян Гродзенскай вобласці”. У ёй гаворыцца пра тое, што пасля далучэння да БССР сяляне атрымалі зямлю. Але падчас акупацыі яна была адабрана. Шмат садоў “вымерзла, спалена, запушчана”. Аднаўляць давядзецца і жывёлагадоўлю, у першую чаргу – авечкагадоўлю. Розныя тэмы асвятляюцца ў звароце. Але ёсць там і такія радкі: “Мы выклікаем сялян Баранавіцкай вобласці на сацыялістычнае спаборніцтва па ўзорным правядзенні веснавой сяўбы 1945 года, па своечасовым правядзенні ўборкі ўраджаю без страт і па датэрміновым выкананні ўсіх абавязковых паставак дзяржаве ў 1945 годзе”.

Гаворыцца ў газеце і пра іншыя падзеі. Толькі што ў Гродзенскай вобласці завяршыўся 3-дзённы семінар рэдактараў і сакратароў рэдакцый раённых газет, на якім прысутнічала 30 слухачоў. Гарбарны завод № 5 запрасіў вучняў ад 14 гадоў на спецыяльнасці (дзіўныя для нашага слыху – заўв. аўт.): “отмочники”, “мездрильщики”, “отдельщики” і іншыя. Гарадскі прамысловы камбінат таксама абвясціў аб наборы будучых шаўцоў, краўцоў, бляхароў, вучням будзе выплачвацца зарплата. Аб’явы аб вакансіях надрукавалі таксама Гродзенская абласная друкарня і Гродзенская лясная гаспадарка.

Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага ў Мінску) запланаваў гастролі ў Гродзенскай вобласці. Тут будуць паказаны п’есы: “Сустрэча ў цемры” Ф. Кнорэ, “Замужняя нявеста” А. Шахоўскага, А. Грыбаедава і М. Хмяльніцкага, “Тры сястры” А. Чэхава, “Вясельнае падарожжа” У. Дыхавічнага, “Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра. Таксама ў планах тэатра – адна новая пастаноўка і аднаўленне адной з ранейшых.

У газетах “Звязда” (№ 59, с. 2) і “Советская Белоруссия” (№ 58, с. 4) надрукаваны рэцэнзіі розных аўтараў на першы кінафільм пра “калгаснаую вёску ваеннага часу” – “Родныя палі”.

Усяго 40 дзён засталося да Перамогі…

Аўтар публікацыі: Л. Тупчыенка-Кадырава, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе:  рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Кра 2024

Для наведвальнікаў залы мастацтваў (пам. 306) у межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі” падрыхтавана новая кніжная экспазіцыя “У казачным кругазвароце Валянціны Шобы”, прымеркаваная да 60-годдзя гродзенскай мастачкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прапануем новую віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”

17 Кра 2024

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Віртуальныя выстаўкі

Бібліятэкарам