ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Назіранне за сусветным навакольным асяроддзем: надвор’е, клімат, водныя рэсурсы
Шлях да Перамогі: у бібліятэцы адкрылася новая выстава

18 сакавіка 1945 года. 52 дні да Перамогі

18 сакавіка 1945 года. 52 дні да Перамогі
Іншыя навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Баявыя задачы БССР. Архітэктурныя помнікі ў Полацку. Суд у вёсцы Маслакі. Мерапрыемствы для прадухілення паводкі ў Мінску. Газеты: "Звязда" (№ 51), "Советская Белоруссия" (№ 50), "Ленінскі шлях" Горацкага раёна (№ 21).

Зноў і зноў задачы ў тыле вызначаюцца як баявыя! Перадавыя артыкулы ў газетах (і іншыя матэрыялы) так і гучаць: “Па-баявому арганізаваць аднаўленча-будаўнічыя работы ў гарадах!” ("Звязда", № 51), "Боевая программа работы партийных организаций" ("Советская Белоруссия", № 50).

На 2-й старонцы "Советской Белоруссии" (№ 50) – матэрыял пад назвай "Решения Пленума – боевая программа действия". У ім гаворыцца пра сход гарадскога і абласнога партыйнага актыву, на якім, услед за Пленумам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) БССР, было вырашана паскорыць адраджэнне Віцебска – аднаго з прамысловых цэнтраў рэспублікі, аднавіць энергетычную базу ўсёй вобласці, падрыхтавацца да веснавой сяўбы, адбудаваць хаты ў вёсках.

І таксама зноў у газеце – пра дзейнасць машынна-трактарных станцый: іх актуальнасць падчас пасяўной, зразумела, узрастае. І зноў у назве аднаго з артыкулаў ("Все тракторы – в боевую готовность") – ваенна-франтавая лексіка.

На 1-й старонцы паведамляецца, што "в республике начато вручение колхозам Государственных актов на вечное пользование землей". У невялікім артыкуле на 2-й старонцы "Полоцк возрождается" аўтар распавёў пра значныя разбурэнні культурных і архітэктурных помнікаў гэтага старажытнага беларускага горада – кадэцкага корпуса і доміка Пятра I. А вось Спаская царква, пабудаваная ў XII стагоддзі пры княгіні Еўфрасінні Полацкай, дзякуючы маланкаваму наступу Чырвонай арміі – захавалася. Сёння архітэктурныя помнікі Полацка з'яўляюцца жамчужынамі ўнутраных і міжнародных турыстычных маршрутаў.

Некалькі матэрыялаў усёй 3-й старонкі, у тым ліку фотаздымак, прысвечаны вытворчасці цэменту і ўвядзенню ў эксплуатацыю на 45 дзён раней за тэрмін Ваўкавыскага цэментнага завода "Рось". Сярод іх – аповед рабочага-цэментніка, які прапрацаваў на заводзе шмат гадоў, артыкул аб аднаўленні школы пры заводзе, у якой дзеці зноў маюць магчымасць вучыцца на роднай мове.

Переливание крови.jpgЯшчэ адной цікавай тэме – пераліванню крыві і донарству – прысвечаны разгорнуты артыкул на 4-й старонцы. Донарства выратавала многіх параненых падчас вайны, але яно, вядома, было рэгламентавана ў інструкцыях. Напрыклад, у інструкцыі ад 12 чэрвеня 1944 г. адзначана, што "донором может быть лицо, не моложе 18 лет при условии полного развития организма" і г.д. (гл. кнігу ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Инструкции по переливанию крови", с. 21).

Цікавыя матэрыялы ёсць і ў газеце "Ленінскі шлях" Горацкага раёна Магілёўскай вобласці (№ 21). На пасяджэнні народнага суда ў вёсцы Маслакі Горацкага раёна слухалася справа былога старшыні і старшага конюха аднаго з калгасаў. Затаіўшы дыханне жыхары вёскі ў перапоўненым памяшканні слухалі акалічнасці справы: былы кіраўнік калгасу часткова прадаў, а часткова прыўлашчыў насенны фонд, конюх быў абвінавачаны ў падзяжы коней. Па рашэнні суда абодва былі асуджаны.

А ў раённым доме сацыялістычнай культуры сабралася каля 200 перадавікоў сельскай гаспадаркі. На сходзе гаварылася, у прыватнасці, пра тое, што неабходна праверыць насенне перад пасадкай. Першы сакратар райкама ў цэлым канстатаваў, што раёну цалкам па сілах завяршыць веснавую сяўбу за 10–12 дзён.

"Звязда" (№ 51) змясціла на 1-й старонцы фотаздымак камандзіра партызанскай брыгады Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Пад фотаздымкам – аповед пра трагічны лёс жыхароў спаленай вёскі Курын Ламавіцкага сельсавета Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці і ваенны шлях ураджэнца вёскі, маладога камандзіра разліку палкавой гарматы.

Навіны з 3-й старонкі: на Магілёўшчыне дзейнічаюць 16 насенняводчых гаспадарак, працягваюць актыўна працаваць Гомельскі суднарамонтны завод, торфазавод "Татарка", у Крупскім раёне Мінскай вобласці ўжо адноўлены 5 млыноў, аднаўляюцца і будуюцца новыя гідраэлектрастанцыі. А вось рэспубліканскі план па лоўлі рыбы выконваецца менш чым напалову.

У БССР у новым навучальным годзе (1945–1946 гг.) запланавана адкрыццё новых устаноў – педагагічнага інстытута ў Маладзечне (з гісторыка-філалагічным і фізіка-матэматычным факультэтамі) і шэрагу педагагічных вучылішчаў: у Ашмянах Маладзечанскай вобласці (цяпер Гродзенскай), Лунінцы Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці, Пружанах Брэсцкай вобласці.

Гуляючы сёння па прыведзеных у парадак набярэжных Свіслачы і гледзячы на яе спакойныя воды, нам дзіўна чытаць нататку ў газеце з такой назвай "Напярэдадні веснавой паводкі ў Мінску". Аказваецца, "невялікая, спакойная Свіслач у дні веснавой паводкі ператвараецца ў грозную бурную раку. Часам вада выходзіць з берагоў і затапляе прырэчныя вуліцы і прадпрыемствы…" ("Звязда", № 51, с. 4).

Гэта было 75 гадоў таму.

А да Перамогі застаецца яшчэ 53 дні...

Аўтар публікацыі: Л. Тупчыенка-Кадырава, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам