ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Да Дня Канстытуцыі юным мінчанам уручылі пашпарты
Кніжная Берасцейшчына: адкрыццё з розных ракурсаў

13 сакавіка 1945 года. 57 дзён да Перамогі

13 сакавіка 1945 года. 57 дзён да Перамогі
Іншыя навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Ад Савецкага інфармбюро. Падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Хаты-чытальні. Газеты: “Звязда” (№ 49), “Советская Белоруссия” (№ 48), “Путь социализма” Воранаўскага раёна (№ 19).

Ад Савецкага інфармбюро за 12–13 сакавіка. Войскі 2-га Беларускага фронту выйшлі на ўзбярэжжа Данцыгскай бухты на поўнач ад Гдыні, войскі 1-га Беларускага фронту авалодалі горадам Кюстрын (цяпер польскі Костшын-над-Одран) – важным абаронным пунктам і вузлом сувязі, які прыкрываў падыходы да Берліна. Ноччу ваенна-прамысловыя аб’екты Германіі ў Данцыгу, Гдыні і Кёнігсбергу падвергліся бамбардзіроўцы савецкай авіяцыяй. Самалёты Балтыйскага флоту патапілі транспарт водазмяшчэннем 12 000 тон і вартаўнічы карабель суперніка.

На ваенна-марскія аб’екты на ўзбярэжжы Балтыйскага мора (верфі падводных лодак у Брэмене, Гамбургу і Кілі) здзейснілі налёты некалькі соцень бамбардзіроўшчыкаў ЗША, яшчэ 700 самалётаў скінулі бомбы на сартавальныя станцыі паміж Франкфуртам-на-Майне і Рурам. Англійская авіяцыя бамбіла Берлін і Эсэн, амерыканскія “Лятаючыя крэпасці” – японскі горад Нагоя і японскія прадпрыемствы ў Сінгапуры (“Звязда”, № 49; “Советская Белоруссия”, № 48).

Кожны дзень і нават кожная гадзіна падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ вырашае лёс будучага ўраджаю – піша газета “Путь социализма” Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці (№ 19). Гэта будзе сур’ёзным іспытам для мясцовых савецкіх, партыйных арганізацый і органаў, якія займаюцца зямлёй. Восенню 1944 года паспяхова праведзена “падкормка” зямлі. А сёння важнымі складнікамі поспеху ў бітве за ўраджай з’яўляюцца актыўная праца калгаснага сялянства, рабочых саўгасаў і машынна-трактарных станцый, правільная падрыхтоўка насення (ручным або машынным спосабам), інвентару, цяглавой сілы. Прычым у якасці цяглавой сілы можна выкарыстоўваць не толькі коней, але і маладойных кароў. Баявая задача аднаўлення сельскай гаспадаркі пастаўлена – яе трэба выканаць!

Унізе 2-й газетнай старонкі размешчаны матэрыял пра правільнае захоўванне клубняў бульбы, пасадку і догляд на працягу лета – практычныя парады былі востра неабходныя.

Таксама на 2-й старонцы – даволі вялікі матэрыял пад назвай “Клубы, хаты-чытальні з’яўляюцца цэнтрамі выхавання насельніцтва”. У раёне маецца дом культуры, раённая бібліятэка і 4 хаты-чытальні пры сельскіх саветах. У некалькіх сельсаветах хаты-чытальні так і не адчыніліся, прычына ў тым, што выдзеленыя для іх памяшканні не адрамантаваны. А хата-чытальня, піша аўтар, – гэта важнейшы культурна-асветніцкі цэнтр, дзе людзі могуць даведацца самыя апошнія навіны пра поспехі Чырвонай арміі, пра падзеі ў суседніх раёнах і абласцях Беларусі і ўсяго СССР. Але адных газет мала – пры хатах-чытальнях павінны быць створаны драматычныя, музычныя, харавыя гурткі, кансультацыйна-даведачныя бюро. Падобныя цэнтры могуць не толькі прапагандаваць перавагу калгаснага сацыялістычнага земляробства, але і распаўсюджваць практычныя агратэхнічныя веды.

Аўтар нататкі пра “Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву” прапануе распаўсюдзіць яго дзейнасць на кожную вёску раёна: абарона Радзімы застаецца надзённай задачай. Дарэчы, гэтая савецкая грамадска-палітычная абаронная арганізацыя (1927–1948 гг.) была ператворана ў ДТСААФ (“Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту”), якое і сёння працягвае сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь.

Да Перамогі застаецца 58 дзён…

Аўтар публікацыі: Л. Тупчыенка-Кадырава, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння НББ.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам