ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
11 красавіка 1945 года. 28 дзён да Перамогі
Пра Вялікую Айчынную вайну – нашчадкам

10 красавіка 1945 года. 29 дзён да Перамогі

10 красавіка 1945 года. 29 дзён да Перамогі
Іншыя навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Весткі з франтоў. Аднаўленне выхаду газеты “Літаратура і мастацтва”. Узнагароджанне пісьменнікаў Беларусі. Адраджэнне опернага тэатра. Падрыхтоўка да Усесаюзнай мастацкай выстаўкі “Перамога”. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 64), “Звязда” (№ 65), “Літаратура і мастацтва” (№ 1), “Совецкая радзiма” Бабруйскай (цяпер скасаванай) вобласці (№ 56).

Зводкі Саўінфармбюро працягваюць знаёміць з падрабязнасцямі ўзяцця галоўнага горада і крэпасці Усходняй Прусіі – Кёнігсберга – стратэгічна важнага вузла абароны немцаў на Балтыйскім моры. Чырвоная армія, працягваючы граміць і пераследаваць гітлераўцаў, уступіла на тэрыторыю Аўстрыі і падышла да Вены. Войскі 3-га Украінскага фронту вядуць паспяховыя баі ў сталіцы Аўстрыі, пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка, чысцяць ад немцаў квартал за кварталам. У цэнтральных газетах апублікавана заява савецкага ўрада аб Аўстрыі і зварот маршала Талбухіна да жыхароў Вены, у якіх падкрэсліваецца прыхільнасць да Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў аб незалежнасці Аўстрыі. Дзеля захавання найбагацейшай культурна-гістарычнай спадчыны аднаго з самых старажытных гарадоў Еўропы жыхароў Вены заклікаюць дапамагаць Чырвонай арміі ў вызваленні горада.

А ў вызваленай Беларусі 30-ты дзень да Перамогі сведчыць пра імклівае адраджэнне і вяртанне краіны да паўнавартаснага мірнага жыцця. Знакавай падзеяй гэтага дня можна лічыць аднаўленне выдання штотыднёвай літаратурнай газеты “Літаратура i мастацтва”, заснаванай у 1932 г. як друкаваны орган Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі і Упраўлення па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР.

Кожны з членаў рэдкалегіі адносіцца да пляяды выдатных дзеячаў нацыянальнай культуры нашай краіны. Першы нумар газеты за 1945 г. стаў у той жа час 525-м нумарам з дня заснавання. Менавіта на старонках “ЛiМа” ў розныя гады друкавалі свае першыя творы Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты. У час Вялікай Айчыннай вайны газета не выходзіла. І хоць першы пасляваенны нумар “ЛiМа” быў усяго толькі на дзвюх старонках, ён стаў досыць інфарматыўным і цікавым, багатым на разнастайныя падзеі культурнага жыцця.

LiM.jpg

Варта звярнуць увагу на артыкул М. Лынькова “Верная зброя народа” (“ЛіМ”, № 1), у якім ён гаворыць пра ролю слова беларускіх пісьменнікаў у барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі. “…Калі вораг сарве яблык, што паспеў у нашым садзе, то яблык разарвецца ў яго руках гранатай, калі ён сажне жменю цяжкіх каласоў, зярняты вылецяць і паб’юць яго свінцовым дажджом, калі ён падыдзе да нашых чыстых сцюдзёных крыніц, яны перасохнуць, каб не даць яму вады. Бейце разбойнікаў, дзе толькі можна біць, ганіце прэч з нашай зямлі…”. Гэтыя словы належаць вялікаму песняру Беларусі Янку Купалу. У іх пякучая нянавісць да ворага і палымяны заклік да барацьбы. Глыбока эмацыйнымі, працятымі высокімі пачуццямі любві да Радзімы, да свайго народа з’яўляюцца творы і Якуба Коласа, і Аркадзя Куляшова, і Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага і многіх іншых беларускіх паэтаў і празаікаў. За актыўны ўдзел у арганізацыі партызанскага руху ў Беларусі першы нумар “ЛiМа” апублікаваў паведамленне Беларускага штаба партызанскага руху аб узнагароджанні шэрагу беларускіх пісьменнікаў медалём “Партызану Айчыннай вайны”.

Пісьменнікі.jpg

У раздзеле “Новыя кнігі” ўвага чытачоў звернута на зборнік апавяданняў М. Лынькова “Астап”, выдадзены яшчэ ў 1944 г. Дзяржаўным выдавецтвам БССР, а таксама зборнік вершаў і паэм Петруся Броўкі “Беларусь” у перакладзе на рускую мову (Масква, выдавецтва “Советский писатель”). Пераклад ажыццявілі М. Рыленкаў, Д. Осін, Б. Турганаў, якія, дарэчы, разам з іншымі рускімі паэтамі і пісьменнікамі былі ўзнагароджаны Граматамі Вярхоўнага Савета БССР “за праяўленую выключную ўвагу да перакладу твораў беларускай літаратуры на рускую мову” (“Звязда”, № 65, с. 1).

У сваім артыкуле “Адраджэнне опернага тэатра” (“ЛіМ”, № 1) дырэктар тэатра оперы і балета В. Міхейчык з болем распавядае пра разрабаванне тэатра фашыстамі падчас акупацыі. Былі вывезены ў Германію або знішчаны дэкарацыі і музычныя інструменты, каля 4 тысяч касцюмаў, уся мэбля, абсталяванне, электраапаратура. Пацярпела нотная бібліятэка і, вядома, сам будынак. І пакуль ідуць аднаўленчыя работы, тэатр часова працуе ў Акруговым доме Чырвонай арміі. За паўгода тэатр даў дзясяткі шэфскіх канцэртаў у Мінску і абласных гарадах, неаднаразова выязджаў на фронт. І разам з тым падрыхтаваў да пастаноўкі новую оперу кампазітара Я. Цікоцкага “Алеся” (лібрэта П. Броўкі і Я. Рамановіча), прэм’ера якой адбылася ўжо ў снежні 1944 г. Опера прысвечана партызанскай барацьбе беларускага народа. Нягледзячы на найцяжэйшыя ўмовы, тэатр поўны творчых ідэй і планаў. У перспектыве – прэм’ера оперы Дж. Расіні “Севільскі цырульнік”, балетныя пастаноўкі; да 25-годдзя творчай дзейнасці вядучай салісткі тэатра Л. Александроўскай рыхтуецца прэм’ера оперы Ж. Бізэ “Кармэн”, галоўную партыю ў якой выканае юбіляр.

У газеце паведамляецца таксама, што беларускія мастакі актыўна рыхтуюцца да Усесаюзнай мастацкай выстаўкі пад дэвізам “Перамога”, якую плануецца адкрыць у Маскве ў кастрычніку 1945-га. У іх творах мяркуецца шырока адлюстраваць тэму партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, паказаць непахіснасць беларускага народа, гераізм і адвагу воінаў і палкаводцаў Чырвонай арміі, якія прынеслі доўгачаканую перамогу. Беларуская скульптура будзе прадстаўлена працамі З. Азгура, А. Бембеля, А. Глебава; жывапіс – палотнамі І. Ахрэмчыка, T. Зайцава, У. Кудрэвіча і інш. У падрыхтоўку да выстаўкі ўключыліся не толькі мастацкія сілы сталіцы, але і абласных і раённых цэнтраў нашай краіны.

Вялікі артыкул “Мастацтва і праўда” (“ЛіМ”, № 1) прысвечаны творчасці А. Астроўскага на беларускай сцэне. Яго аўтар – У.І. Няфёдаў (1916–1999), у будучым найбуйнейшы тэатразнаўца і тэатральны крытык Беларусі, заснавальнік беларускай тэатразнаўчай школы (заўв. аўтара). У першым нумары “ЛiМа” апублікаваны таксама новыя вершы Максіма Танка і Аркадзя Куляшова, прадстаўлена багатая хроніка мастацкага і культурнага жыцця Беларусі, якая адраджаецца.

Невялічкі артыкул пра Полацк (“Советская Белоруссия”, № 64, с. 3) распавядае пра разбурэнні, якія пацярпеў найстаражытнейшы горад краіны за час акупацыі фашыстамі. За тры гады знішчаны або пашкоджаны многія помнікі Полацка: падарваны ў некалькіх месцах найстаражытнейшы сабор, моцна пашкоджаны каштоўны ў архітэктурным плане будынак кадэцкага корпуса, разбураны помнік героям Айчыннай вайны 1812 г., разрабаваны і падарваны музей. Замкавая гара была пераўтворана фашыстамі ў апорны пункт сваёй абароны. Расстраляны або сагнаны ў Нямеччыну дзясяткі тысяч чалавек. За кароткі тэрмін неймавернымі намаганнямі палачан праведзена велізарная праца па аднаўленні і будаўніцтве прамысловых прадпрыемстваў і культурна-асветніцкіх устаноў. На паліцах адкрытай гарадской бібліятэкі – звыш 2 тыс. кніг; абсталяваны кінатэатр, клубы, працуюць 6 школ, а таксама педвучылішча і лясны тэхнікум. Найстаражытнейшы горад вяртаецца да нармальнага жыцця.

Газеты “Советская Белоруссия” (№ 64), “Звязда” (№ 65), “Совецкая радзіма” (№ 56) шмат месца на сваіх старонках надаюць і веснавым палявым работам. З прычыны шэрагу метэаралагічных умоў увесну 1945 г. фактар часу адыгрывае асоба важнае значэнне. Сеяць якасна і хутка – асноўнае патрабаванне да аграрыяў краіны. Толькі выкананне ўсяго комплексу неабходных агратэхнічных мерапрыемстваў дасць магчымасць вырасціць высокі ўраджай. Марудны разварот веснавых пасяўных работ у некаторых гаспадарках – гэта сур’ёзны папрок кіруючым органам. Гэтым пытанням і прысвечаны шматлікія публікацыі, якія адлюстроўваюць ход пасяўных работ першай мірнай вясны ў рэспубліцы – поспехі і недахопы, праблемы і рашэнні.

Да Перамогі застаецца 30 дзён.

Аўтар публікацыі: Л. Гарбачова, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння НББ.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам