ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Семінары віртуальнай чытальнай залы ў Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце
Вяртанне салаў’я

1 сакавіка 1945 года. 69 дзён да Перамогі

1 сакавіка 1945 года. 69 дзён да Перамогі
Іншыя навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Наступальныя баі Чырвонай арміі ў Памераніі. Выкананне планаў нарыхтоўчых работ. Аб’яднанне сялянскіх гаспадарак у калгасы. Фонды дапамогі сем’ям воінаў-вызваліцеляў і дзецям-сіротам. Газеты: “Звязда” (№ 41, 42), “Советская Белоруссия” (№ 42), “Чырвоны сцяг” (Давыд-Гарадоцкі раён, № 9), “Ленінскі шлях” (Горацкі раён, № 17).

Першы дзень вясны 1945 года прынёс новыя радасныя весткі з фронту. Чырвоная армія ў наступальных баях на тэрыторыі Памераніі дасягнула пераможных вынікаў: за дзень падбіта і знішчана 62 нямецкія танкі, у паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 39 самалётаў праціўніка. Сваімі баявымі дзеяннямі аказваюць дапамогу Чырвонай арміі саюзныя войскі. У ноч на 1 сакавіка англійскія самалёты “Маскіта” бамбардзіравалі Берлін, Нюрнберг і Мюнхен. Днём звыш 1 200 амерыканскіх цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў скінулі бомбы на шэраг германскіх чыгуначных цэнтраў (“Звязда”, № 42).

Насельніцтва вызваленай Беларусі, акрыленае прадчуваннем хуткай  перамогі, накіроўвае ўсе намаганні на дапамогу фронту і аднаўленне народнай гаспадаркі. Чырвоная армія на чацвёртым годзе вайны, дзякуючы клопатам калгаснага сялянства, не адчувае недахоп харчавання. Актыўна і з поўным усведамленнем свайго абавязку перад Радзімай сельскія жыхары імкнуцца датэрмінова выконваць планы яго нарыхтоўкі. Сялянамі Аюцэвіцкага сельсавета Мірскага раёна (цяпер Карэліцкі) за два папярэднія дні выкананы квартальны план мясанарыхтовак. У стадыі заканчэння работ па здачы мяса знаходзяцца сяляне іншых сельсаветаў (Жукоўскага і Слабадскога). Асобныя жыхары (Рушэцкі і Саковіч) разлічыліся з дзяржавай за ўвесь 1945 г. (“Советская Белоруссия”, № 42).

Разгортваецца першая пасля вызвалення ад акупацыі вясенне-пасяўная кампанія. Галоўным стратэгічным рэсурсам з’яўляецца дабраякасны насенны матэрыял. Паміж калгасамі ідзе актыўны абмен насеннем, зроблена вялікая праца па іх падрыхтоўцы да веснавой сяўбы. (“Ленінскі шлях”, № 17). У гэтай жа газеце надрукаваны рэкамендацыі прафесара Мядведскага “Як павялічыць выхад пасадачнага матэрыялу бульбы”, адрасаваныя ў першую чаргу гаспадаркам, якія адчуваюць недахоп у гэтай культуры.

Сяляне працягваюць аб’ядноўвацца ў калгасы. У гэты дзень у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці ўступіла ў калгас 51 гаспадарка. У цэлым па вобласці арганізавана 6 новых калгасаў. Створаным калектывам дадаткова выдзяляюцца землі. На 400 гектараў пашырыў свае зямельныя ўладанні новаарганізаваны калгас “Перамога” Шчучынскага раёна (“Звязда”, № 41).

Для сельскіх жыхароў узводзяцца новыя жылыя дамы. У калгасах Магілёўшчыны на гэтых работах занята 766 будаўнічых брыгад.

Жыхары вёскі Велямічы Давыд-Гарадоцкага раёна (цяпер Столінскі) стварылі фонд дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, партызан, дзецям-сіротам і на старонках газеты “Чырвоны сцяг” за 1 сакавіка звяртаюцца да ўсіх працоўных раёна з заклікам прытрымлівацца іх прыкладу.

Да Перамогі засталося 70 дзён...

Аўтар публікацыі: Вольга Сабалеўская, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам