ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Вынікі ХХVIII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”
Прадстаўляем новую экскурсію па творчасці Васіля Быкава

Вольга Скалабан: Нацыянальная бібліятэка выступае гарантам якасці і надзейнасці інфармацыі

Вольга Скалабан: Нацыянальная бібліятэка выступае гарантам якасці і надзейнасці інфармацыі
Іншыя навіны

Яна Паляшчук

Расказваем пра “закулісную” працу па аддаленым забеспячэнні карыстальнікаў інфармацыяй у інтэрв’ю з Вольгай Скалабан, загадчыцай аддзела міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў.

Для тых, хто працуе з дому, на партале ёсць раздзел “Бібліятэка анлайн”, дзе сабрана інфармацыя пра электронныя сэрвісы, аддаленыя магчымасці і анлайн-паслугі. У апошні час гэта адзін з найбольш папулярных раздзелаў. Напэўна ваш аддзел таксама адчуў павышаную цікавасць да анлайн-сэрвісаў?

Наш аддзел аказвае паслугі аддаленым карыстальнікам. Назва – аддзел міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў – кажа сама за сябе.

Міжбібліятэчны абанемент – гэта выдача літаратуры па заказу чытача з іншай бібліятэкі, у выпадку яе адсутнасці па месцы запыту. Як гэта працуе? Напрыклад, вы знаходзіцеся ў іншым горадзе ці краіне і паўстала неабходнасць у кнізе, артыкуле або іншай крыніцы інфармацыі, якой няма ў бліжэйшай бібліятэцы. Праз аддзел міжбібліятэчнага абанемента мясцовай бібліятэкі можна аформіць заказ для Нацыянальнай бібліятэкі, і мы яго выканаем.

Таксама любы карыстальнік можа напрамую звярнуцца да нас у аддзел, адправіць заяўку праз інтэрнэт-партал і аператыўна атрымаць на электронную пошту копіі фрагментаў дакументаў з фондаў НББ. Гэта могуць быць часопісныя і газетныя артыкулы, раздзелы і главы з кніг, карты, нотныя выданні і г.д. Якраз паслуга электроннай дастаўкі дакументаў карыстаецца павышаным попытам у цяперашняй сітуацыі эпідэміялагічнай небяспекі. Колькасць заказаў павялічылася ўдвая ў параўнанні з мінулым годам. Гэта і зразумела: заканчэнне навучальнага года, сесія.

Якія карыстальнікі часцей за ўсё звяртаюцца за гэтай паслугай? Напэўна, гэта даследчыкі і студэнты, якія пішуць навуковыя працы.

Так, вядома, нашы карыстальнікі – у асноўным студэнты, выкладчыкі, даследчыкі. Дастаткова часта па заказах канкрэтнага карыстальніка можна меркаваць, над якой тэмай ён працуе, або, калі гэта студэнт, да якога іспыту рыхтуецца. Ёсць карыстальнікі, якія звяртаюцца да нас рэгулярна. Калі ж казаць пра тэматыку, то пераважаюць заказы гуманітарнай, грамадска-палітычнай тэматыкі.

Ці патрэбны чытацкі білет Нацыянальнай бібліятэкі, каб выкарыстаць паслугу ЭДД?

Не, грамадзянін любой краіны свету можа скарыстацца электроннай дастаўкай дакументаў, для гэтага не трэба мець білет чытача. Адзіная рэгістрацыя на партале Нацыянальнай бібліятэкі дае магчымасць атрымаць усе анлайн-паслугі, не толькі гэтую. Прыкладна трэцяя частка заказаў паступае ў службу электроннай дастаўкі дакументаў ад карыстальнікаў з-за мяжы: Украіны, краін СНД і Еўрасаюза, ЗША і нават Кітая.

А як выглядае “закулісная” праца службы ЭДД? Вы проста сканіруеце матэрыялы і адпраўляеце заказ?

Па-першае, хачу адзначыць, што мы імкнёмся як мага хутчэй выканаць заказ, паколькі аператыўнасць вельмі важная для нашых карыстальнікаў, але, вядома ж, гэта не павінна сказвацца на якасці. Тэрмін выканання заказу ад 1 да 3 рабочых дзён. У сярэднім заказ выконваецца на працягу дня.

Па-другое, заказ, які паступіў, праходзіць некалькі этапаў, перш чым мы прыступім да сканіравання. Трэба яго зарэгістраваць, далей – аператар службы ацэньвае заказ на неабходнасць дапрацоўкі. Вельмі часта нашы заказчыкі афармляюць запыт, напрыклад, на кнігу, а пасля дапрацоўкі аказваецца, што гэта артыкул з часопіса ці наадварот. Наш супрацоўнік павінен гэта ўсё высветліць і паведаміць карыстальніку.

Затым мы заказваем дакумент са сховішча і ацэньваем магчымасць сканіраваць яго без шкоды, а таксама паведамляем аб кошце карыстальніку, які можа прасачыць у асабістым інтэрнэт-кабінеце, на якім этапе выканання знаходзіцца яго заказ. Пасля аплаты прыступаем да сканіравання і адпраўкі копіі на электронную пошту.

Якія абмежаванні ёсць пры карыстанні паслугай ЭДД? Бо не варта забываць, што запыт карыстальніка не павінен парушаць аўтарскія правы.

Вядома, мы працуем у адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны. А яшчэ дакладней, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве і сумежных правах, пра што папярэджваем карыстальнікаў на старонцы нашай службы. Мы даём копіі азнаямляльных фрагментаў з кніг, а таксама артыкулы і малааб’ёмныя дакументы. У законе ёсць артыкул, які рэгулюе дзейнасць бібліятэк у гэтай галіне, і мы адказна прытрымліваемся яго. Таксама папярэджваем карыстальнікаў, што ўсе атрыманыя копіі можна выкарыстоўваць толькі ў адукацыйных і навуковых мэтах без атрымання прыбытку.

Многія дзівяцца, даведаўшыся пра віртуальныя паслугі і магчымасціНацыянальнай бібліятэкі. Маглі даўно палегчыць сваю працу, калі б зазірнулі на партал. Да таго ж расцэнкі на электронную дастаўку дакументаў і іншыя платныя паслугі ў нашай бібліятэцы лаяльныя. Якім чынам можна яшчэ больш прыцягнуць увагу карыстальнікаў да сэрвісаў НББ?

Увага да нашых паслуг залежыць ад усведамлення неабходнасці атрымання менавіта дакладнай інфармацыі. Бо нехта можа сказаць: “Усё зараз можна знайсці ў Сеціве”. Але ніхто вам не дасць гарантыю якасці і дакладнасці атрыманай з інтэрнэту інфармацыі. Колькі цяпер фэйкавых навін, даных! Вельмі цяжка знайсці праўдзівую інфармацыю. А ўсе дакументы, якія захоўваюцца ў бібліятэцы, – гэта якасная і правераная інфармацыя. Сама бібліятэка выступае гарантам якасці і надзейнасці. Каб прыцягнуць увагу да бібліятэчных сэрвісаў, акрамя папулярызацыі на сайце і ў сацсетках, неабходна ў працэсе вучобы прывіваць разуменне каштоўнасці правераных ведаў.

Ці часта заказваюць ілюстрацыйныя і картаграфічныя матэрыялы? Няўжо вам даводзіцца сканіраваць тэатральныя афішы з фондасховішча?

Так, часта. Асабліва картаграфічны матэрыял (гістарычныя карты), ілюстрацыі. Гэтыя заказы патрабуюць пільнай увагі, паколькі вельмі важна ў копіі перадаць усе адценні, нюансы.

IMG_2609.JPG

Як даўно вы прысвяцілі сябе сферы забеспячэння доступу да інфармацыі?

Усё маё прафесійнае жыццё звязана з Нацыянальнай бібліятэкай, з працай па аддаленым абслугоўванні карыстальнікаў. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта я прыйшла ў Нацыянальную бібліятэку, і мне, лічу, вельмі пашанцавала пачаць тут свой шлях у прафесіі. Мне ўдалося папрацаваць ва ўсіх напрамках дзейнасці нашага аддзела і прымаць самы непасрэдны ўдзел у стварэнні службы электроннай дастаўкі дакументаў.

Ваш муж Аляксей Скалабан таксама працуе ў гэтай сферы. Займаўся камплектаваннем электронных рэсурсаў у нашай бібліятэцы, 8 гадоў узначальваў Навуковую бібліятэку БНТУ, цяпер – эксперт Нацыянальнага электронна-інфармацыйнага кансорцыума (НЭІКан). Вы пазнаёміліся на глебе падобных прафесійных інтарэсаў? Дзеліцеся вопытам адзін з адным? Ці праца заўсёды застаецца на працы?

Так, як бачыце, не толькі прафесійнае, але і асабістае жыццё звязана з Нацыянальнай бібліятэкай. Мы абое – выпускнікі адной ВНУ, прыйшлі сюды працаваць, тут і пазнаёміліся. 16 гадоў таму наш шлюб стаў значнай падзеяй у калектыве. Мы прымалі віншаванні ад усіх калег, і нават дырэктар бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі і яго намесніца, на той момант – Людміла Генадзьеўна Кірухіна, прыйшлі нас павіншаваць. Напэўна, тое, што мы ў адной прафесіі, адыграла не апошнюю ролю ў нашым шлюбе, але ў нас з мужам трохі розныя сферы прафесійных інтарэсаў, хоць час ад часу мы дзелімся вопытам і абмяркоўваем нейкія працоўныя пытанні.

DSC06817.JPG

Чым вы любіце займацца ў вольны час? Якія кнігі любіце чытаць?

Не магу сказаць, што ў мяне ёсць нейкае пэўнае хобі, якому я аддаю ўвесь вольны час. Але я вельмі люблю прагулкі на ровары па горадзе, асабліва па незнаёмых вуліцах. Люблю катацца на каньках, хоць не заўсёды магу знайсці для гэтага час. Раней у дварах залівалі каткі, а цяпер надвор’е не дазваляе, даводзіцца выбіраць крытыя. І які ж бібліятэкар без чытання! Чытаць люблю. Аддаю перавагу папяровым кнігам і люблю іх набываць. Выбіраю розных аўтараў, часцей рэалістычную прозу. Бясконца магу перачытваць Сяргея Даўлатава, прычым любы твор з любога месца.

Скалабан Вольга Аляксандраўна, загадчыца аддзела міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў, нарадзілася ў Мінску 27 снежня 1978 года. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працу ў Нацыянальнай бібліятэцы пачала ў 2002 годзе бібліятэкарам 2-й катэгорыі ў тым жа аддзеле. Замужам, мае дачку.

Хочаце больш даведацца пра працу бібліятэкі ў анлайн-фармаце і электронную дастаўку дакументаў? Глядзіце відэасюжэт:

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам