ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Творчыя заняткі “Смоўжык у доміку”
Песняры зямлі беларускай: у бібліятэцы адкрылася выстаўка, прысвечаная беларускім класікам

Віншуем з юбілеем заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, высокага прафесіянала бібліятэчнай справы Людмілу Генадзьеўну Кірухіну!

Віншуем з юбілеем заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, высокага прафесіянала бібліятэчнай справы Людмілу Генадзьеўну Кірухіну!
Іншыя навіны

У бібліятэчнай галіне Беларусі ёсць цэлая пляяда спецыялістаў, якіх без перабольшання можна назваць творцамі бібліятэчнай справы, чые імёны ў многіх на слыху, а прафесійны вопыт заслугоўвае асаблівай увагі і павагі. Да іх ліку адносіцца Людміла Генадзьеўна, дзейны спецыяліст высокай кваліфікацыі, якая праз гады пранесла захопленасць любімай прафесіяй і якая аддае ёй усе свае сілы.

Нарадзілася Людміла Генадзьеўна ў горадзе Мар’іна Горка Мінскай вобласці ў сям’і вайскоўца. У 1959 годзе сям’я пераехала ў РСФСР, у пасёлак Першамайскі Кіраўскай вобласці, дзе сямігадовая Людміла пайшла ў першы клас сярэдняй школы № 2.

Паспяхова скончыўшы ў 1969 годзе 10 класаў, дзяўчына паступіла на факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка).

Прафесійная кар’ера Л.Г. Кірухінай у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) пачалася ў лістападзе 1972 года, калі яна была прынята на пасаду бібліятэкара ў аддзел кнігазахоўвання.

Kiruchina-2.jpg
1970-я гг.

У 1974 годзе Л.Г. Кірухіна скончыла інстытут і атрымала дыплом “бібліятэкара-бібліёграфа вышэйшай кваліфікацыі”.

Праз чатыры гады працы яна была пераведзена ў аддзел мастацтва на пасаду бібліятэкара, са жніўня 1980 года – старшага бібліятэкара, а са студзеня 1986 года – старшага рэдактара.

Людміла Генадзьеўна займалася вядзеннем даведачнага апарата аддзела, апрацоўкай выяўленчых выданняў, арганізоўвала выставы і агляды літаратуры. З матэрыялаў асабістай справы таго перыяду: “Любую справа выконвае з душой і творча, хутка і дакладна. [...] Будучы чалавекам дасведчаным, таварыскім, душэўным атрымлівае падзякі ад чытачоў і карыстаецца аўтарытэтам у супрацоўнікаў”.

Цудоўныя прафесійныя кампетэнцыі і багаты вопыт дазволілі Л.Г. Кірухінай у 1987 годзе ўзначаліць працу аддзела.

Kiruchina-3.jpg
1987 г.

На гэтай пасадзе яна ўнесла шэраг прапаноў па ўдасканаленні і аптымізацыі структуры фондаў спецвідаў па мастацтве, пад яе кіраўніцтвам у аддзеле пачалося стварэнне электроннага каталога нотных, выяўленчых і аўдыявізуальных дакументаў і праца па метадычным забеспячэнні гэтай дзейнасці сярод публічных бібліятэк рэспублікі.

Л.Г. Кірухіна – адзін з арганізатараў эксперыменту па эстэтычным усянавучы школьнікаў, які праводзіўся сярод публічных і дзіцячых бібліятэк у перыяд з 1986 па 1991 год. Вынікам гэтай маштабнай працы стала стварэнне эстэтычных цэнтраў пры публічных бібліятэках.

Паспяховае кіраванне працай аддзела, прынцыповасць у вырашэнні вытворчых пытанняў і высокая працаздольнасць Людмілы Генадзьеўны не маглі застацца незаўважанымі кіраўніцтвам бібліятэкі. З лістапада 1995 года яна была пераведзена на пасаду намесніка дырэктара па навуковай працы, на якой плённа працавала наступныя 17 гадоў.

У гэтым статусе Людміла Генадзьеўна зрабіла важкі ўклад у развіццё навукова-даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Валодаючы вычарпальнай інфармацыяй аб стане бібліятэчнай галіны рэспублікі, яна ўмела аналізавала існуючыя праблемныя моманты, знаходзіла аптымальныя шляхі іх вырашэння, магла эфектыўна арганізаваць іх калектыўную рэалізацыю і паспяхова спрагназаваць вынікі.

Kiruchina-4.jpg

Л.Г. Кірухіна ўдзельнічала ў распрацоўцы шэрагу нарматыўных прававых дакументаў, якія тычацца бібліятэчнай галіны краіны: закона “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь”, “Палажэння аб бібліятэцы – цэнтры прававой інфармацыі”, “Канцэпцыі стварэння рэспубліканскага інфармацыйнага цэнтра на базе новага будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»” і інш. Акрамя таго, яна не раз выступала ў якасці рэцэнзента праектаў законаў міжнароднага значэння: “Аб нацыянальнай бібліятэцы”, “Аб публічных бібліятэках”, Пагаднення аб сістэме міжбібліятэчнага абанемента дзяржаў – удзельніц СНД і шэрагу іншых дакументаў.

“Ёй давяраюць людзі, яе паважаюць. Без перабольшвання яе можна назваць нефармальным лідарам у бібліятэцы…” – сведчаць матэрыялы асабістай справы.

Узвядзенне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі стала важнай і адказнай для ўсёй краіны падзеяй. Людміла Генадзьеўна зрабіла немалы ўклад у стварэнне ўнікальнага архітэктурна-будаўнічага і праграмна-тэхнічнага комплексу, у працэс трансфармацыі бібліятэкі ў рэспубліканскі інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр.

Kiruchina-5.jpg
2006 г.

З 2004 года Людміла Генадзьеўна з’яўлялася намеснікам дырэктара па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю, з 2011 – па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці.

Kiruchina-6.jpg
У музеі кнігі з М.С. Міхалковым, лістапад 2006 г.

Л.Г. Кірухіна – актыўны ўдзельнік прафесійных мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Яна ахвотна дзеліцца ўласнымі напрацоўкамі з калегамі, яна не аднойчы прадстаўляла нашу краіну на міжнародных бібліятэчных канферэнцыях: у Даніі (Капенгаген, 1999), Літве (Вільнюс, 2001), Партугаліі (Лісабон, 2003), Польшчы (Варшава, 2003) і інш. У рамках культурнага абмену ў 2005 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі Л.Г. Кірухіна наведала Славакію (Браціслава).

Kiruchina-7.jpg
Міжнародная канферэнцыя “Крым 2001”

Kiruchina-8.jpg
Міжнародная канферэнцыя “Крым 2007”

Удасканальваючы свае прафесійныя веды і навыкі, Людміла Генадзьеўна ў 1998 годзе прайшла стажыроўку ў бібліятэчна-інфармацыйных установах ЗША, у 2001 годзе скончыла факультэт павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры (цяпер – Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”) у групе рэзерву кіруючых кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У перыяд з 2000 па 2004 год яна з’яўлялася суіскальнікам вучонай ступені кандыдата педагагічных навук па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, падрыхтавала да абароны дысертацыю на тэму “Публічныя бібліятэкі ў сацыякультурным асяроддзі рэгіёну”. Па выніках праведзенай працы выйшла аднайменная манаграфія.

Kiruchina-9.jpg
З Жарэсам Алфёравым, ліпень 2006 г.

Уся працоўная біяграфія Людмілы Генадзьеўны цесна пераплецена з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Яна з’яўлялася членам гарадскога камітэта камсамола г. Мінска і праўлення Беларускай эстэтычнай асацыяцыі, дэпутатам Ленінскага раённага савета г. Мінска, сакратаром партыйнай арганізацыі бібліятэкі, старшынёй бібліятэчнага савета Беларускага Фонду культуры, віцэ-прэзідэнтам Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. У свой час Л.Г. Кірухіна выступала кіраўніком праграмы “Інтэграцыя ў галіне кнігаабмену і камплектавання” Прафесійнага бюро Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі, была членам Рэспубліканскага міжведамаснага бібліятэчнага савета пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і інш.

Kiruchina-10.jpg
З прэзідэнтам Расійскай бібліятэчнай асацыяцыі М.Д. Афанасьевым, 2020 г.

Шмат гадоў Людміла Генадзьеўна прыкладала максімум намаганняў да фарміравання сістэмы прафесійных выданняў па бібліятэчнай справе рэспублікі. З 1998 па 2006 год яна была галоўным рэдактарам і складальнікам навуковага зборніка з працягам “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”, прымала непасрэдны ўдзел у заснаванні ў 1996 годзе першага беларускага прафесійнага часопіса “Бібліятэчны свет”, галоўным рэдактарам якога з’яўляецца ўжо больш за 20 гадоў. У 2009 годзе Л.Г. Кірухіна выступіла ініцыятарам стварэння яшчэ аднаго прафесійнага выдання – штогадовага навукова-практычнага рэцэнзуемага зборніка артыкулаў “Бібліятэчны веснік”. Як яго галоўны рэдактар яна забяспечвае высакаякаснае інфармацыйнае напаўненне кожнага выпуску.

Kiruchina-11.jpg
2020 г.

Людміла Генадзьеўна – аўтар больш за 500 навуковых публікацый па актуальных пытаннях развіцця бібліятэчнай галіны краіны, рэдактар і складальнік цэлага шэрагу прафесійных выданняў.

Высокі прафесіяналізм Л.Г. Кірухінай адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Яна з’яўляецца ўладальнікам ганаровага звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”, медаля “За працоўныя заслугі” і вялікай колькасці ганаровых грамат ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага фонду культуры.

У 2016 годзе па выніках конкурсу прафесійнага майстэрства ёй прысвоена званне “Лепшы па прафесіі” ў намінацыі “За ўклад у развіццё бібліятэчнай справы”.

Kiruchina-12.jpg

Сёння Людміла Генадзьеўна працуе на пасадзе галоўнага рэдактара ў рэдакцыі перыядычных выданняў выдавецкага аддзела, натхняючы і матывуючы ўсіх уласным прыкладам прафесійнага майстэрства і актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміле Генадзьеўне самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя і даўгалецця, жаночага шчасця, утульнасці і дастатку ва ўсім. Хай жыццё будзе напоўнена цёплымі сустрэчамі, радаснымі падзеямі, усмешкамі і ўвагай родных і блізкіх людзей.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы "Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах".

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірынай Кукета.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам