ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
“Цікава пачытаць”: кніга “Агата і яе чарадзейныя рэчы”
#BelBookChallenge рэкамендуе: пераклады класікі

Віншуем Галіну Канстанцінаўну Кулагу, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з 80-годдзем!

Віншуем Галіну Канстанцінаўну Кулагу, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з 80-годдзем!
Іншыя навіны

Галіна Канстанцінаўна нарадзілася 8 сакавіка 1941 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. У бібліятэчную справу Галіна прыйшла не адразу, але прысвяціла ёй больш за 30 гадоў свайго жыцця.

Пасля заканчэння сярэдняй школы яна ўладкавалася працаваць тэлефаністкай на Аршанскую міжнародную тэлефонную станцыю. Праз год дзяўчына паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), які скончыла ў 1962 годзе.

Па размеркаванні Г.К. Кулага была накіравана ў Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна на пасаду бібліятэкара. Выдатныя веды маладога спецыяліста не засталіся незаўважанымі, і ўжо праз чатыры месяцы Галіна была пераведзена на пасаду галоўнага бібліятэкара ў Мінскую абласную дзіцячую бібліятэку імя Я. Маўра. Тут яна прапрацавала амаль 15 гадоў і была добра вядома бібліятэкарам не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй рэспублікі як кампетэнтны і ініцыятыўны спецыяліст па дзіцячым чытанні і папулярызацыі дзіцячай кнігі.

Добрыя тэарэтычныя веды і багаты практычны вопыт дазволілі ёй 25 красавіка 1977 года ў парадку пераводу прыйсці на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) на пасаду старшага рэдактара ў навукова-метадычны аддзел. Праз два гады Г.К. Кулага была прызначана галоўным бібліятэкарам гэтага аддзела.

Заслугі і поспехі Галіны Канстанцінаўны даволі ёміста адлюстраваны ў характарыстыцы, складзенай загадчыцай аддзела К.А. Навуменка ў 1978 годзе: “З першых дзён працы ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна ёй даручаліся адказныя і складаныя заданні па пытаннях дзіцячага чытання і бібліятэчнай работы з дзецьмі. Яна неаднаразова выязджала ў адказныя камандзіроўкі па заданні Міністэрства культуры БССР, планавыя – па аказанні метадычнай дапамогі, з дакладамі на абласных і раённых семінарах”.

У 1989 годзе Г.К. Кулага ўзначаліла сектар па працы з дзіцячым чытачом навукова-метадычнага аддзела, а ў 1990 годзе – увесь аддзел.

У Галіне Канстанцінаўне ўдала спалучаліся практык, які мае досвед працы ў бібліятэках, даследчык, які ўмее аналізаваць і абагульняць гэты вопыт, і метадыст-арганізатар. Яна прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы метадычных і бібліяграфічных дапаможнікаў па кіраўніцтве чытаннем дзяцей і падлеткаў, кансультавала бібліятэкараў рэспублікі па пытаннях бібліятэчнай дзейнасці, займалася папулярызацыяй дзіцячай літаратуры, укараняла новыя формы работы з кнігай. Падрыхтавала больш за 30 дапаможнікаў, выступаючы ў ролі аўтара, складальніка ці рэдактара.

kulaga_2.jpg

Увесь свой назапашаны вопыт Галіна Канстанцінаўна асвятляла ў выступленнях на навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, круглых сталах і іншых мерапрыемствах. Даклады, з якімі яна выступала, адрозніваліся шырынёй пастаноўкі пытанняў і актуальнасцю тэмы, заўсёды выклікалі жывы водгук сярод слухачоў.

Галіна Канстанцінаўна карысталася вялікім аўтарытэтам і павагай сярод калег і кіраўніцтва бібліятэкі. Таму была рэкамендавана ў склад спецыяльнай групы Беларускага таварыства дружбы для наведвання Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, а таксама для паездкі ў складзе турыстычнай групы Міністэрства культуры БССР у Чэхаславацкую Сацыялістычную Рэспубліку і Венгерскую Народную Рэспубліку.

Пра высокую ацэнку яе прафесіяналізму сведчаць таксама шматлікія падзячныя лісты і грамата Міністэрства культуры БССР.

Па дасягненні пенсійнага ўзросту ў 1996 годзе Галіна Канстанцінаўна Кулага пайшла на заслужаны адпачынак.

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншуе Галіну Канстанцінаўну з юбілейнай датай і ад усёй душы жадае моцнага здароўя на доўгія гады, бадзёрасці духу і невычэрпнага энтузіязму.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам