ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
19:00. “Бібліяноч-2017” пачалася!
Семінар-трэнінг па рэсурсах ВЧЗ

Ці сапраўды халодны дзень? Бо вечар – цёплы

Ці сапраўды халодны дзень? Бо вечар – цёплы
Іншыя навіны

Убачыла свет новая кніга – “Халодны дзень і цёплы вечар” – беларускай пісьменніцы, супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таісы Супрановіч.


У зборнік увайшлі 3 аповесці і 5 апавяданняў, некаторыя з якіх, прынамсі, друкаваліся раней у часопісах “Полымя” і “Маладосць”. Гэтая падзея не магла застацца незаўважанай, паколькі аўтарка бадай адзіная ў Выдавецкім доме “Звязда” пісьменніца для дарослага чытача, выданне твораў якой у 2017 годзе поўнасцю фінансуецца дзяржавай.

Напэўна, вы памятаеце правакацыйны нямецкі лозунг, які вызначаў ролю жанчыны, – “Kinder, Küche, Kirche” (дзеці, кухня, царква). Гэты выраз прыпісваецца кайзеру Вільгельму II і супрацьпастаўляецца “мужчынскім тром K” – “Kaiser, Krieg, Kanonen” (імператар, вайна, гарматы). Але паступова пол перастае быць лёсам: жанчыны пераадольваюць межы, наканаваныя ім грамадствам, і актыўна спрабуюць свае сілы ў розных сферах дзейнасці. Не стала выключэннем і літаратура.

Сёння жаночая проза вырасла да, не пабаюся сказаць, “сур’ёзнай літаратуры”, паднялася на якасна новы ўзровень і, безумоўна, заслугоўвае ўвагі чытача. Так, жанчыны распавядаюць пра саміх сябе, свае праблемы, душэўныя ўзлёты і падзенні, сумненні і страты, філасофскія і маральныя шуканні. Аднак найчасцей яны гавораць усё ж такі пра каханне, складаныя ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай, радасці і трагедыі, сустрэчы і раставанні.

Не выключэнне і Таіса Супрановіч. Яе персанажы – простыя людзі, чыё жыццё па пэўных прычынах істотна мяняецца. Мала хто з яе герояў быў на працягу ўсяго жыцця шчаслівым чалавекам, але ўсе яны знаходзяць найбольш зручны для сябе спосаб існавання ў гэтым свеце, становішча, якое дазваляе ў новым святле ўбачыць плюсы і мінусы свайго жыцця.

Як заўважае ў прадмове да кнігі “Халодный дзень і цёплы вечар” Аляксей Рагуля, кандыдат філалагічных навук, культуролаг, прафесар этналогіі і мастацтва БДУКіМ, “глебай, з якой прабіваецца "мысленнае дрэва" Таісы Супрановіч, з’яўляецца вопыт жыццядзеяння беларускага духу – таго людства ў наваградскім Панямонні, у асяроддзі якога прайшло маленства і юнацтва пісьменніцы”.

Згадаю, што нарадзілася будучая пісьменніца ў 1956 годзе ў вёсцы Чарэшля Навагрудскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры 25 гадоў працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі ў Навагрудку. У 2005 годзе пераехала ў Мінск, дзе працавала ў Міністэрстве адукацыі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, цяпер – у Нацыянальнай бібліятэцы. Таіса Супрановіч (Гурко) – вядучы бібліёграф НДА бібліяграфіі НББ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар трох кніг: “Мужчыны і жанчыны”, “Матчын зарок” і “Халодны дзень і цёплы вечар”. Акрамя таго, шмат друкуецца ў беларускамоўных газетах і часопісах рэспубліканскага ўзроўню.

Заканамернае пытанне – як жа нараджаецца кніга, на каго арыентуецца аўтар, раскрываючы ў творах сваю душу, – я і адрасавала Таісе Іосіфаўне.

Я пішу ў першую чаргу для дарослых, і лічу, што мая аўдыторыя – гэта адукаваныя людзі, якія ведаюць гісторыю Бацькаўшчыны і перажываюць за яе, інакш кажучы, “сэрцам адданыя роднай зямлі”. Між іншым, акрамя Беларусі, да мяне прыходзяць водгукі з Украіны, Расіі (аж з Сібіры, між іншым), нават Англіі.

Здаецца, сюжэты простыя, але якая за імі стаіць велізарная работа! Звычайна як пішуць жанчыны? Лірычна, сентыментальна, надаючы звыш увагі апісанню прыроды, пераплятаючы ападанне лісця са згасаннем пачуццяў. Я ж – чалавек дзеяння і ў жыцці, і ў творчасці. Сваю энергічнасць я перадаю праз нарастанне сюжэта, яскрава абрысаваную сюжэтную лінію кожнага з герояў. Так, між іншым, я пазбягаю маралізатарства, бо вельмі не люблю чытаць мараль. Ёсць толькі мае разважанні, і кожны чытач павінен ужо сам рабіць высновы.

На сённяшні дзень, як сцвярджае А. Рагуля, “Таіса Супрановіч у сучаснай літаратуры бадай што адзіная аўтарка, якой выпала на долю ўвесці ў літаратуру сучасныя мадыфікацыі асацыяльнага тыпажу, раней увасобленыя ў вобразах Машэкі і Бушмара”. І дадае: “У прозе Таісы Супрановіч паказана, як нарастае вал здзічэння і выраджэння ў атмасферы казённага афіцыёзу. У савецкім соцыуме адміністрацыйная кар’ера была адзінай магчымасцю выбрацца з сацыяльная ямы і дапаўзці хоць бы да сярэдніх паверхаў партыйна-каставай іерархіі. Прасоўванне па гэтай вертыкалі суправаджалася не толькі стратай роднай мовы, але і пачуцця роднасці з блізкімі. На вышэйшых паверхах свая душа была таксама лішнім грузам. Рэгулятывам быў халодны кар’ерысцкі разлік”.

Як жа тлумачыць сама пісьменніца сваю творчую знаходку?

Я ўвогуле чалавек цікаўны, – прызнаецца Таіса Супрановіч. – За доўгі час працы загадчыцай бібліятэкі я сустрэла шмат людзей, пачула мноства жыццёвых гісторый, убачыла шчаслівыя і нешчаслівыя шлюбы, адносіны ў сям’і, розныя сітуацыі, у якія трапляюць героі ў паўсядзённым жыцці. І ўпэўнілася, што ніхто не прыдумае лепш за само жыццё. Таму мне заставалася толькі браць ужо гатовы, “жывы” чалавечы характар з усімі яго ўчынкамі, прадказальнымі рэакцыямі ў пераносіць яго ў твор. І ўжо не мая віна, што яны паўстаюць такімі жорсткімі, бязлітаснымі, сацыяльнай абалонкай прыкрываючы ампутацыю душы.

…Калі бярэш чытаць жаночую прозу, мімаволі чакаеш: зараз нібы ўвачавідкі паўстане перада мной шчаслівае каханне, прыгожы прынц, неабдымнае мора радасных перажыванняў і абавязковае “жылі яны доўга і шчасліва…”. Аднак зусім адваротная карціна малюецца ў аповесцях і апавяданнях пісьменніцы.

Таіса Супрановіч:

За ўсё сваё жыццё я пабачыла шмат жаночых лёсаў, і далёка не кожны з іх быў шчаслівым. Дык чаму я павінна ствараць шчасце там, дзе яго амаль і не было? Ведаеце гэты выраз – “альбо хороша, альбо нічога”? Дык вось у ім ёсць яшчэ працяг – “альбо праўду”. Вось я і гавару праўду: беларускія жанчыны цягнуць цяжкі жыццёвы воз, гнуцца, але не ламаюцца. Колькі б удараў ні наносіў ім лёс, яны працягваюць і жыць, і верыць, і спадзявацца, і зноў кахаць. Калі мае гераіні трапляюць у жорсткія ціскі “пракрустава ложа”, яны не скараюцца, не згінаюцца, а спакойна і ўпарта працуюць, гадуюць дзяцей, увогуле жывуць годна.

Але я на правах аўтаркі, так кажучы, "Deus ex machine", ўсё ж імкнуся да хэпі-энду, гэта ўвогуле маё светаўспрыманне. Ведаеце, можна са смакам апісваць жорсткасць, жудасць (напрыклад, як памірае чалавек), людзі нібы на сябе прымераць гэтыя абставіны, у якіх апынуліся героі, перажывуць асабіста ўвесь негатыў. Але паўстае пытанне – як жа аўтару самому выйсці з гэтай цемры і вывесці за сабою чытача? Як перайсці на жыццесцвярджальныя рэйкі? Я ўжо не гавару пра тое, што значна лягчэй апісваць жахі, чым, напрыклад, насмяшыць людзей. А я свайго чытача шкадую, таму і пішу хэпі-энды.

Напрыканцы хацелася б прывесці слушную выснову Аляксея Рагулі, што “карціны сучаснага быцця ў прозе Таісы Супрановіч прасякнуты глыбокім роздумам і чысцінёй эмацыянальнага перажывання, часам гораснага, але заўсёды жыццесцвярджальнага. Ідучы ў рэчышчы традыцый беларускай класічнай прозы, пісьменніца адкрывае ў душы беларускага этнасу новыя пласты жыццяздольнасці. Яе творы вызначаюць вектар людскасці ў складаных умовах сучаснасці”.

Адным словам, вера ў чалавека, у яго людскасць – вось тое цяпло, якое сагравае ў любы халодны дзень!

Аўтар публікацыі: Алена Дзяшко, вядучы бібліятэкар аддзела суправаджэння інтэрнет-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Памяці Таісы Іосіфаўны Супрановіч (Гурко)

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам