ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Літаратурнае падарожжа на Ушаччыну “1.1.1”: Броўка – Быкаў – Барадулін
Рэспубліканская школа дырэктараў бібліятэк падвяла вынікі

Скарб ідэальнай формы

Скарб ідэальнай формы
Іншыя навіны

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які стаў адным з сімвалаў краіны, быў урачыста адкрыты 16 чэрвеня 2006 года. Яго рэгулярна згадваюць у спісах самых цікавых, фантастычных, унікальных твораў сусветнай архітэктуры. Кожны наведвальнiк бібліятэкі, няхай гэта будзе турыст, чытач ці ўдзельнік разнастайных мерапрыемстваў, не застаецца абыякавым да яе архітэктуры.

Напярэдадні 13-ай гадавіны з дня адкрыцця новага будынка Нацыяналкі мы вырашылі даведацца, якой бачылі яе першапачаткова аўтары праекта – архітэктары Міхаіл Вінаградаў і Віктар Крамарэнка – і наколькі поўна ўвасобілася іх задума ў жыццё.

Vinogradov.jpg
Прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры, заслужаны архітэктар Беларусі, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Вінаградаў.

Міхаіл Кліменцьевіч, 13 гадоў таму першых наведвальнікаў прыняў новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А праекту ў 2019-м споўнілася 30 гадоў. Як усё адбывалася тры дзесяцігоддзі таму?

У 1989 г. быў абвешчаны ўсесаюзны конкурс на праект новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі тады яшчэ БССР. Як прыйшла сама ідэя? Думка падказала сама прырода. На поўдні, дзе я тады адпачываў з жонкай, захапіўшы з сабой заданне на праектаванне, шмат прыгожых дрэў са стройнымі стваламі і пышнымі кронамі. Форма дрэва – яна надзвычайная. Сок з каранёў ідзе ўверх па ствале і сілкуе галіны, лісце і плады. Гэты прынцып, толькі ў перавернутым выглядзе, быў ужыты пры праектаванні будынка нашай бібліятэкі. Зверху знаходзяцца кнігі, па ствале, г.зн. сістэме тэлеліфтаў, яны накіроўваюцца ў чытальныя залы. Там жа, у ствале, знаходзяцца пасажырскі ліфт і вентыляцыйныя сістэмы.

Па прыездзе з адпачынку я прапанаваў Віктару Крамарэнку працаваць над конкурсным праектам сумесна, і паказаў першапачатковыя эскізы. Затым трэба было выбраць форму. У выпадку з квадратам, унутраная прастора аказалася б закрытай. А фігура ромбакубаактаэдра, набліжаная да круга – была абрана, як аптымальная. І дзякуючы форме будынка, суцэльнаму шкленню і вітражам зверху ўсё асвятляецца святлом прасторы, што прымыкае да атрыума, у якім знаходзяцца цікавыя архітэктурныя формы, мастацкія працы. Пры дзённым святле няма неабходнасці дадатковага выкарыстання штучнага асвятлення.

У 1989 г. на ўсесаюзным конкурсе праектаў новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі БССР было прадстаўлена каля 10 праектаў з усяго Саюза, у тым ліку наш, які і перамог. Нам з Віктарам Крамарэнкам была прысуджана першая прэмія і даручана далейшая распрацоўка праекта.

Дзякуючы якім матэрыялам і тэхналогіям атрымалася ажыццявіць задуманае?

Пры будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі было ўжыта шмат розных матэрыялаў, якія на той час ужо вырабляліся ў нас у Рэспубліцы Беларусь. Таксама выкарыстоўваліся імпартныя матэрыялы, напрыклад, шкло. Нам хацелася, каб яно было іншага колеру, з бляскам. Пасля наведвання заводаў стала зразумела, што з-за вялікай чаргі заказаў, шкло змогуць зрабіць і даставіць толькі праз год. Але нам трэба было будаваць. Так, і што такое год? Што б здарылася, калі б будынак прастаяў год незачыненым у нашым беларускім клімаце? Прыйшлося закупіць звычайнае шкло, так як яно было ў наяўнасці, і яго можна было адразу везці і манціраваць.

Як праектавалася ўнутраная прастора бібліятэкі?

Было неабходна, каб чытальныя залы знаходзіліся не на паўночным баку, каб там было менш штучнага святла. Так яны і размешчаны. Асноўныя чытальныя залы выходзяць на ўсход і поўдзень, толькі 2 залы арыентаваны на захад. Уся адміністрацыя, актавыя і канферэнц-залы, адзін з якіх разлічаны на 600 месцаў – з захаду. Галоўны ўваход у Нацыянальную бібліятэку, як і ўезд на яе тэрыторыю знаходзіцца з боку праспекта Незалежнасці. З усходняга боку ўчастка размешчаны аўтастаянкі для супрацоўнікаў і чытачоў бібліятэкі. Ужо ў ходзе будаўніцтва паўстала неабходнасць размяшчэння ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі двух канферэнц-залаў – Круглага і Авальнага, каб у іх можна было праводзіць мерапрыемствы з удзелам высокапастаўленых асоб. Бібліятэка да таго часу ўжо была амаль пабудавана. Такім чынам, нам давялося хутка запраектаваць гэтыя дзве залы і іншыя памяшканні, з імі звязаныя. Былі рэарганізаваны некаторыя бібліятэчныя памяшканні. Але Круглую і Авальную залы мы размясцілі.

Будаўніцтва пачалося толькі ў 2002 г. Чаму так доўга (13 гадоў) праект заставаўся на паперы?

У 1989–1990 гг. у нас была замова на стадыю “П” (праект), не рабочыя чарцяжы. Генпраекціроўшчыкам выступіў Мінскпраект. Мы з Віктарам Крамарэнкам (на той момант у нас ужо былі свае праектныя прыватныя майстэрні) працавалі над архітэктурнай часткай і добраўпарадкаваннем. Калі пасля 1991 г. фінансаванне спынілася, прыйшлося на час прыпыніць і праектаванне, бо для гэтага патрэбны былі грошы. Усё заставалася нязменным да 2001 г. Увесь гэты час кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і Міністэрства культуры хадайнічалі аб працягу фінансавання. У 2001 г. з конкурсным праектам будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прапрацоўкамі стадыі “П” азнаёміўся Кіраўнік дзяржавы. Пасля чаго быў выдадзены ўказ аб працягу праектавання і пачатак будаўніцтва збудавання. Стадыя “П” была завершана хутка, таму што мы, праекціроўшчыкі, кожны дзень над гэтым працавалі па 12–14 гадзін. Праект паспяхова прайшоў усе неабходныя інстанцыі і быў ухвалены для будаўніцтва.

Прыйшоў час ствараць рабочыя чарцяжы. Каб будаўніцтва не зацягвалася надоўга, было вырашана чарцяжы рабіць часткамі – спачатку падмурак, затым каркас і г.д. Ідзе будоўля, і мы паралельна выдаём чарцяжы заказчыку, а заказчык – будаўнікам. Гэта быў вельмі насычаны перыяд для нас. Такім чынам, колькі будавалася бібліятэка, столькі мы і праектавалі – прадумвалі дэталі, інтэр’еры і г.д. Кожную пятніцу пасля заканчэння працоўнага дня прэм’ер-міністр Сяргей Сяргеевіч Сідорскі праводзіў планёркі.

Напэўна, не толькі грашовае пытанне стаяла пры рэалізацыі праекта. Магчыма, справа тычылася наяўнасці або адсутнасці тых ці іншых матэрыялаў і тэхналогій?

Вы маеце рацыю. У нас у краіне не праводзіліся сістэмы тэлеліфтаў або высоўных стэлажоў для кніг і іншае. Гэта прыйшлося закупляць. Дарэчы, працу тэлеліфтаў таксама высока ацаніў Кіраўнік дзяржавы. Калі яму сказалі, што кнігу можна даставіць чытачу не больш чым за 15 хв., нават быў праведзены эксперымент, які паказаў перавагу выкарыстання сістэмы тэлеліфтаў. Прэзідэнт выбраў па электронным каталогу кнігу, якую даставілі за 10 хв.

У адным з вашых інтэрв’ю чытала, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі – той аб’ект, у якім вам не хацелася б нічога выпраўляць. Ці так гэта?

Так, тут нічога не хацелася б выправіць – ні ў плане тэхналогій, ні забеспячэння зручнасці для наведвальнікаў і работнікаў бібліятэкі, ні вонкавага аблічча будынка. Магчыма, толькі памяняць некаторыя матэрыялы, напрыклад, змяніць колер шкла на абраны раней. Але гэта ўжо зробяць нашы нашчадкі...

Ёсць меркаванне, што будынак бібліятэкі можа прастаяць 500 гадоў. Ці будзе патрэбна яму мадэрнізацыя?

Безумоўна. Таму што тое ж шкло не прастаіць столькі. Звонку ўсё давядзецца з часам мяняць. Але каркас, падмуркі закладзены на вялікую перспектыву. Магчыма, прыйдзецца з часам прымяніць новыя тэхналогіі, але аснова застанецца той жа. Хто ведае, што будзе праз 500 гадоў?

На далёкую перспектыву таксама была разлічана сістэма пажарнай бяспекі. У самой бібліятэцы ёсць пажарны пост, дзе пастаянна дзяжураць супрацоўнікі МНС. У кожнай зале пажарныя апавяшчальнікі і сістэмы аўтаматычнага пажаратушэння. Да гэтага мы падышлі асабліва старанна, бо ў Нацыянальнай бібліятэцы знаходзіцца фонд думкі чалавецтва. Нельга, каб з ім што-небудзь здарылася.

Пагадзіцеся, у 1989 г. практычна не было ні будынкаў, ні праектаў, падобных вашаму. Як ваш творчы дуэт адважыўся будаваць будынак са шкла?

Першапачаткова не было задумкі рабіць кнігасховішча, абліцаванае шклом. Потым, падчас конкурсу мы з Віктарам дадалі шкло. І зараз бачны кожны паверх кнігасховішча. І бібліятэкарам працаваць нашмат прыемней пры святле, чым пад зямлёй, таму, што кнігасховішча многіх бібліятэк у свеце размешчаны менавіта ў падвальных памяшканнях.

Якім бы эпітэтам вы ахарактарызавалі праект будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як аўтар? Што ён для вас значыць?

Я проста задаволены, што ўдалося запраектаваць такі будынак. Колькі б мы ні ездзілі па свеце, нідзе не сустракалі, каб бібліятэка была такога высокага, у тым ліку і ў тэхналагічным плане, узроўню. Усе бібліятэкі, якія мы бачылі ў Расіі, Германіі, Францыі, Англіі і іншых краінах Еўропы саступаюць нашай. Нездарма яе ўключаюць у 100 лепшых архітэктурных твораў свету. Нам удалося прыдумаць гэта ўнікальнае збудаванне і ўвасобіць думкі ў рэальнасць.


ПАРАМЕТРЫ БУДЫНКА

Форма – ромбакубаактаэдр, вышынёй 60 м;
Агульная вышыня – 73,7 м (23 паверхі);
Вага – 115 000 тон;
Плошча забудовы – 19,5 тыс. м²;
Агульная плошча – 113,7 тыс. м²;
Плошча кнігасховішча – 54,9 тыс. м²;
Будаўнічы аб’ём – 420,6 тыс. м³
Аб’ём фондасховішча – 200,6 тыс. м³.


Як вы думаеце, чаму менавіта бібліятэка – адзін з сімвалаў Беларусі, сімвалаў нацыі?

Беларусы – пісьменны народ. Пра гэта гаворыць колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй у нашай краіне, вынаходкі, наша тэхніка. Чаго толькі каштуюць гіганцкія самазвалы па 430 тон! А бібліятэка – сімвал пісьменнасці беларусаў і каштоўнасці іх інтэлекту. Беларусы – інтэлектуальная нацыя.

Kramarenko.jpg
Акадэмік Міжнароднай акадэміі архітэктуры, заслужаны архітэктар, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Крамарэнка.

Віктар Уладзіміравіч, у гэтым годзе праекту будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спаўняецца 30 гадоў. Як прыйшла ідэя яго стварэння? У розных крыніцах прысутнічае інфармацыя, што сам будынак бібліятэкі вам прысніўся?

Стварэнне праекта будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – тэма суперскладаная. Таму што гэта адна з найбуйнейшых бібліятэк свету. Ва ўсім свеце бібліятэкам надаецца вялікая ўвага як знакавым збудаванням, якія з’яўляюцца своеасаблівым сімвалам ведаў. У той момант, калі мы з Міхаілам пачалі ўдзельнічаць у конкурснай працы і заняліся праектаваннем гэтага аб’екта, усе думкі і ўсе нашы сілы былі накіраваны на тое, каб акумуляваць ідэі. З нагоды “прарочых” містычных сноў гэта інтэрпрэтацыя журналістаў. Так, падчас працы над праектам бібліятэкі мне сніліся крышталічныя формы, якія, несумненна, адбіліся на выніках працы. Працуючы ў аўтарскім калектыве з Міхаілам Вінаградавым, мы актыўна дапаўнялі ідэі адзін аднаго, якія часта супадалі, і гэта давала вынік. У выніку зліцця ўсіх думак і інфармацыі, якая тычылася бібліятэкі, выкрышталізоўваецца ў прамым і пераносным сэнсе вобраз яе новага будынка.

Прыступіць да рэалізацыі праекта ўдалося толькі праз 13 гадоў пасля яго з’яўлення. Чаму?

Час паказаў, што мы апярэджвалі яго ў частцы архітэктурнай думкі, таму што гэты будынак да гэтага часу можна лічыць унікальным і сучасным. Нягледзячы на тое, што праект яго народжаны 30 гадоў таму, калі аналагічных збудаванняў не было, яно і зараз здзіўляе ўсіх незвычайнасцю сваёй формы. І пацвярджэнне таму можна знайсці ў розных крыніцах. Напрыклад, будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў 2013 годзе заняў 11-е месца ў рэйтынгу фантастычных архітэктурных работ па версіі амерыканскага выдання Flavorwire.

Ці ўзнікалі складанасці, звязаныя з нестандартным праектным рашэннем?

Спачатку ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва палічылі гэты будынак занадта складаным для рэалізацыі. Але нам пашанцавала, таму што кіраўніцтва краіны зацікавілася гэтым праектам, і яму далі “зялёную дарогу”. Будаўнікам нічога не заставалася, як толькі мабілізаваць усе сілы і рэсурсы, і прыступіць да ўзвядзення збудавання. Да гонару нашага будаўнічага комплексу да працэсу ў той час былі прыцягнуты самыя прагрэсіўныя сусветныя тэхналогіі. Напрыклад, у бібліятэцы ёсць сістэма тэлеліфтаў для вертыкальнай і гарызантальнай дастаўкі кніг, якая дазволіла рэалізаваць нашу архітэктурна-планіровачную ідэю суперкампактнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка. У фондасховішчы, форма якога набліжана да шара (самай кампактнай форме ў прыродзе), знаходзяцца 14,5 млн адзінак захоўвання. Па кароткіх радыусах, з дапамогай тэлеліфтаў, літаратура паступае на стол чытачоў, якія знаходзяцца на першых паверхах. Дзякуючы гэтаму нам удалося запраектаваць і рэалізаваць будынак бібліятэкі, хуткасць дастаўкі літаратуры ў якой складае каля 15 хв. У той час як у Парыжскай, якая працуе па працяглым структурам, гэта адбываецца на гадзіну даўжэй.

Што яшчэ ў бібліятэцы прадугледжана для стварэння камфорту чытачоў?

Чытальныя залы знаходзяцца на узроўнях не вышэй за 3-ці паверх, набліжаны да зямлі і прыроды. Многія з іх арыентаваны ва ўнутраныя садкі, што стварае атмасферу зручную для працы чытачоў. У наведвальнікаў бібліятэкі няма сіндрому стомленасці ад знаходжання ў замкнёнай прасторы. Чытач можа пахадзіць па прасторных рэкрэацыях, адпачыць, палюбавацца на творы мастацтва – карціны, скульптурныя выявы і саму архітэктуру. Усё гэта разнявольвае і дазваляе засяродзіцца на чытанні інфармацыі.

Які сімвалізм будынка Нацыянальнай бібліятэкі?

Ствараючы чыста функцыянальны аб’ём, мы добра разумелі, што ў гэтым будынку знаходзіцца гіганцкі аб’ём інфармацыі, у пэўным сэнсе ўсе веды чалавецтва, ад глыбіні стагоддзяў да нашых дзён. І мы не былі б архітэктарамі, а толькі тэхнолагамі, калі б не думалі пра сам архітэктурны вобраз. Узяўшы форму ромбакубаактаэдра, мы праз мову архітэктуры ператварылі яе ў алмаз, як сімвал каштоўнасці ведаў чалавецтва, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Гэтая архітэктурная метафара добра легла на архітэктурную форму. Пры гэтым мы не ставілі задачу фармальна стварыць самы гіганцкі ў свеце сімвалічны алмаз. Мы стваралі сучасную тэхналагічна дасканалую, вобразную архітэктурную форму. Я лічу, што нам удваіх з Міхаілам Вінаградавым гэта ўдалося.

Ці ўзнікалі перашкоды на шляху рэалізацыі праекта будынка?

Мы як архітэктары ставімся да яго як да свайго дзіцяці, ведаем яго добрыя бакі ці недахопы. Калі архітэктар задумаў нешта вельмі незвычайнае, што патрабуе нестандартнага падыходу, выдаткаў намаганняў будаўнікоў, прамысловага комплексу, на шляху рэалізацыі могуць сустракацца перашкоды. Не ўсе разумелі нашу задуму. Асобныя чыноўнікі хацелі рацыяналізаваць форму, і справа даходзіла да абсурду. Напрыклад, было прапанавана зрабіць плоскі дах – выраўняць верхнюю частку будынка. Такім чынам атрымалася б чарка. Таму пытанне знялі з парадку дня. Калі б прапанова была прынята, гэта спрасціла б задачу і будаўнікам, і эксплуатацыйным службам. Таксама былі б, магчыма, зэканомлены грошы. Але чарка не можа быць сімвалам дзяржавы, і ведаў тым больш. Архітэктура – гэта мастацтва. І, як усякае мастацтва, яна мае свае асаблівасці, не падуладныя рацыяналізму.

Мы ведаем, што менавіта архітэктура прыцягвае ў гарады масу турыстаў. Чым больш турыстаў, тым лепш для краіны. Творы архітэктуры здольныя даць магутны штуршок развіццю горада. А збудаванне з’яўляецца творам архітэктуры, калі яно дасканалае не толькі ў функцыянальным сэнсе, але і носіць яркі арыгінальны вобраз.

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі цяпер лічыцца перадавым. Аднак разлічаны на 500 гадоў...

Абсалютна слушна. Зроблены будынак вельмі надзейна. Дарэчы кажучы, фондасховішча ў выглядзе алмаза за кошт структуры і прынцыпаў пабудовы формы робяць яго досыць трывалым, як і матэрыялы – жалезабетон і сталь. Ён будзе служыць людзям сотні гадоў, несумненна.

Ці будзе магчымасць тэхнічнай мадэрнізацыі будынка?

Думаю, абавязкова будзе. Мы ўжо назіраем працэс, калі ў старыя будынкі ўкараняюцца новыя тэхналогіі, скажам, кандыцыянеры, сістэмы шкляных агародж, якія трымаюць цяпло, сістэмы разумных дамоў, рэгулюючыя працэсы ўнутры будынка. Гэта будзе і далей развівацца і ў бібліятэцы.

Магчыма, у недалёкай будучыні тут будзе ўкаранёна сістэма мыцця вокнаў пры дапамозе адмысловага крана, усталяванага на даху фондасховішча, як мы першапачаткова задумалі з Міхаілам Вінаградавым. Ці будзе нададзена люстранасць алмазу шляхам наклейвання люстраной плёнкі як арт-аб’екта на адваротную паверхню існуючага шкла.

Будзь вы звычайным чалавекам, не архітэктарам і не суаўтарам праекта, як бы да яго ставіліся?

Думаю, што нармальна. У паездках я заўсёды цікаўлюся незвычайнымі будынкамі, якія кажуць пра магчымасці таго ці іншага горада, краіны і яе людзей. Ва ўсіх краінах архітэктары імкнуцца ўзвесці нешта незвычайнае, дзіўнае, чым даюць магутны імпульс для развіцця не толькі мастацтва архітэктуры, але і тэхнікі. Калі незвычайны будынак пабудаваны – гэта ўжо пракладзены шлях для тых спецыялістаў, якія па ім пойдуць. І добра, калі яны выйдуць з каляіны і што-небудзь таксама вынайдуць. Гэта нармальны ход развіцця чалавецтва.

Сярод архітэктурных збудаванняў адным з сімвалаў Беларусі з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка. Менавіта бібліятэка, не жылы будынак або бізнес-цэнтр. Як гэта характарызуе беларусаў як нацыю?

Добрае пытанне, таму што гэта сапраўды характарыстыка беларусаў як нацыі. У нашай краіне няма алмазаў або іншых дарагіх карысных выкапняў. Але ў нас магутны інтэлектуальны патэнцыял. Можа, таму з’явіўся і гэты феномен – Нацыянальная бібліятэка як вынік палітыкі дзяржавы, накіраванай на развіццё патэнцыялу ведаў. І гэта дае дадатковую магчымасць для развіцця краіны ў цэлым.


Шматлікімі эпітэтамі можна характарызаваць новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – фантастычная, велічная, неверагодная, дзіўная... Яе форма здзіўляе. Таму ўсё вышэйсказанае можна падсумаваць словамі французскага лексікографа П’ера Буастэ: “Ёсць толькі адзін сапраўды невычэрпны скарб – гэта вялікая бібліятэка”.

НЕЗАЛЕЖНЫЯ РЭЙТЫНГІ

У 2011 г. будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўключаны ў кнігу “100 самых дзіўных дасягненняў сучаснай архітэктуры”, выпушчаную расійскім выдавецтвам ЭКСМО.

У 2011 г. будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўключаны нямецкім выдавецтвам “Braun” у кнігу “MasterpiecesLibraryarchitecture + design”.

У 2012 г. – у процівагу папярэдняму дасягненню будынак заняў 14-е месца ў спісе самых непрывабных збудаванняў у свеце, складзеным аналітыкамі брытанскага выдання “TheDailyTelegraph”.

У 2013 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі заняла 11-е месца ў рэйтынгу фантастычных архітэктурных работ па версіі амерыканскага выдання “Flavorwire”.

У 2014 г. будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўключаны ў кнігу расійскага выдання ЭКСМО “100 архитектурных шедевров мира”.

Таксама беларуская скарбніца ведаў змешчана на 24-е месца ў спісе 50 самых незвычайных збудаванняў свету па версіі сайта VillageofJoy.com.

У 2014 г., па матэрыялах Urbantimes.co, Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўвайшла ў спіс з 28 найпрыгажэйшых бібліятэк свету, заняўшы 1-е месца.

Гутарыла Наталля Іўчанка, спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Пераклад з рускай Ганны Зубкоўскай, вядучага бібліятэкара аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам