ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
«Даўгая дарога»
Не кропка, а коска

Раман Матульскі: “Немагчыма сабе ўявіць аптэкара, які ўсім дае адно лякарства. І бібліятэкара таксама”

Раман Матульскі: “Немагчыма сабе ўявіць аптэкара, які ўсім дае адно лякарства. І бібліятэкара таксама”
Іншыя навіны

Пра тое, ці можна раіць некаму кнігі і чаму бібліятэкі будуць наведваць заўсёды, гутарым з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Сцяпанавічам Матульскім.

– Раман Сцяпанавіч, Нацыянальная бібліятэка Беларусі – гэта шматфункцыянальны комплекс, але сама яго назва мае на ўвазе перш за ўсё працу з кнігамі. Якой літаратуры аддаяце перавагу вы самі?

– Чытаць я любіў з дзяцінства і, па вялікім рахунку, мае прыхільнасці з узростам не моцна змяніліся: заўсёды захапляўся гісторыяй, фантастыкай. Вядома, час уносіць карэктывы, але калі выключыць прафесійнае чытанне і навуковую літаратуру, то гэта навукова-папулярныя выданні па гісторыі, асабліва гісторыі Беларусі, філасофія, футуралогія і сацыяльная фантастыка.

– Існуе абагульнены партрэт чытача нашай бібліятэкі: малады чалавек, які прыехаў у Мінск для атрымання вышэйшай адукацыі. Якую б літаратуру вы яму параілі?

– Нават хутчэй студэнтка... (усміхаецца).

Тут варта падзяліць прафесійнае чытанне і чытанне для вольнага часу, развіцця асобы. Усё ж калі казаць пра студэнтаў, то гэта ў першую чаргу прафесійнае чытанне. У нас якраз усе магчымасці для навучання прадастаўлены. Асабліва можна вылучыць тыя электронныя матэрыялы, якія мы цяпер маем дзякуючы доступу да рэсурсаў найбуйнейшых і славутых ВНУ свету, – і гэтым трэба актыўна карыстацца. Бо менавіта ў студэнтаў ёсць час для вучобы, часцяком можна ахвяраваць сном. Потым на гэтую інфармацыю часу не будзе.

Што тычыцца чытання вольнага – чытання мастацкай літаратуры – на гэтае пытанне я ніколі не бяруся даваць нейкіх агульных рэкамендацый. Растлумачу чаму. Ёсць такая вядомая фраза: “Бібліятэка – аптэка для душы”. Немагчыма сабе ўявіць аптэкара, які ўсім дае адно лякарства. І бібліятэкара таксама. Так, існуе мода на чытанне, мода на кнігі, зрэшты, як і любая мода. Але пагадзіцеся, нават у рамках моды ёсць асобныя групы і тэндэнцыі. І дарослая дама, што надзела тынейджарскую кофтачку, выглядае недарэчна. Гэта вобразны прыклад, але я лічу, што мастацкая кніга – вельмі індывідуальная з'ява. Тут нейкія прапановы і рэкамендацыі можна рабіць толькі тым людзям, якіх ведаеш. Калі ў публічную бібліятэку прыходзіць пастаянны чытач, якога бібліятэкар ведае і з якім яны размаўляюць па душах, толькі тады можна сказаць: “Вось гэта табе падыдзе, вось гэта будзе цікава”. Бо адна і тая ж кніга для аднаго можа быць суперцікавай, а для другога зусім наадварот. Кніга можа прыносіць задавальненне, але можа быць і шкоднай. Важна не забываць, што чалавек чытае сапраўды для душы і ў аднаго і таго ж чалавека ў розны час можа быць розны настрой. Часам хочацца пабыць сам-насам з глыбокай кнігай, а часам павесяліцца і пасмяяцца. Таму кніга – вельмі асабістая рэч.

– А як вы ставіцеся да модных цяпер спісаў кніг, якія прапануюцца ўсім, напрыклад, “100 кніг, якія трэба прачытаць чалавеку да 50 гадоў”, “Топ-5 выданняў для вясновага чытання”?

– Цалкам нармальна стаўлюся. Гэта ж агульныя рэкамендацыі, накшталт агульнаўмацавальных вітамінаў, калі мы зноў вернемся да алегорыі з аптэкай. Або яшчэ прыклад. Мы ўсе хадзілі ў школу. Там ёсць школьная праграма. Яна дае самы агульны спіс літаратуры, які патрэбны чалавеку, каб засвоіць сістэму агульначалавечых каштоўнасцей праз мастацкія вобразы, светаразуменне іншых людзей. Можна ж вывучаць свет праз фізіку і матэматыку, а можна праз мастацкую літаратуру. Чалавек скончыў школу, ідзе далей – і спіс літаратуры пашыраецца. То бок гэта такі minimum minimorum (лат. – самае меншае), бо яго складаюць ўсё: бібліятэкары, крытыкі, літаратуразнаўцы, выкладчыкі.

Вось вы згадалі моду. Цяпер ёсць мода на ўсё: пісаць кулінарныя рэцэпты, займацца дызайнам памяшканняў... Чаму б не складаць свой уласны спіс кніг? Гэта з разраду таго, што на нашай прафесійнай мове называецца “рэкамендацыйная бібліяграфія” – з'ява была, ёсць і будзе, і ўжо справа кожнага чалавека, што яму з гэтага спіса выбіраць. Заўсёды ў бібліятэцы былі спісы літаратуры па тэме. Хочаце пачытаць? Вось, калі ласка, бібліятэка рэкамендуе. У гэтым, па вялікім рахунку, уся сутнасць нашай прафесіі. Але гэтыя кнігі ўсё роўна разлічаны на пэўныя катэгорыі людзей – гэта не ўсеагульныя рэкамендацыі для ўсіх людзей планеты і на ўсе часы.

– Калектыў бібліятэкі вельмі вялікі і разнастайны: гэта і непасрэдна бібліятэкары, і тэхнічны персанал, і навукоўцы, і прадстаўнікі так званых творчых прафесій: журналісты, дызайнеры, рэжысёры. Што дапамагае правільна кіраваць гэтымі людзьмі?

– Калектыў наш сапраўды няпросты, але ж і бібліятэка ў нас няпростая, адна з сапраўды ўнікальных устаноў такога тыпу ў свеце, мы шмат у чым першапраходцы. Мне здаецца, што складанасць і адначасова лёгкасць у кіраванні Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі заключаецца ў тым, што ў нас працуюць розныя людзі, якія вучыліся ў розных ВНУ, якія маюць розны жыццёвы вопыт. Бо значна складаней, на мой погляд, кіраваць калектывам аднатыпным. Спачатку здаецца, што ўсё вельмі проста: у супрацоўнікаў адны задачы і яны разам ідуць па прафесійным шляху. На самой справе дамагчыся ў такім калектыве крэатыўнасці, нейкіх нестандартных падыходаў і навацый вельмі складана, бо ўсе ведаюць, што правільна, што заўсёды так і павінна быць. І вось якраз дзякуючы таму, што ў бібліятэцы ёсць прадстаўнікі самых розных поглядаў, дэфіцыту ў інавацыях няма. Тут, напэўна, іншая складанасць: як гэтую энергію скіраваць на стварэнне.

– Што ў рабоце бібліятэкі вас радуе больш за ўсё?

– Галоўным вынікам сваёй працы я лічу тое, што да нас прыходзяць госці і кажуць: “Я даўно тут не быў (ці наадварот – быў). Колькі-колькі гадоў ужо бібліятэка працуе? А выглядае ўсё як новая”. З 2006 года бібліятэка кожны дзень сустракае чытача так, быццам толькі-толькі адкрывае дзверы. І гэта як узровень матэрыяльнай базы, так і стан супрацоўнікаў, сэрвісаў і рэсурсаў бібліятэкі.

А яшчэ, вядома ж, мяне радуе тое, што сюды прыходзіць шмат маладых людзей.

– Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вялікую працу па аблічбоўцы кніг са сваіх фондаў і захаванні ўжо алічбаваных копій з фондаў іншых устаноў. Чаму гэта праца такая важная і ці звязана яна непасрэдна з вялікай папулярнасцю электронных кніг?

– Я б вельмі сціпла ацаніў нашы вынікі па лічбавай апрацоўцы. Так, мы працуем у гэтым кірунку, але колькасць алічбаваных нацыянальных дакументаў ад агульнага аб'ёму фондаў у нас не такая вялікая, ва ўсякім разе, мне хацелася б, каб яна была нашмат большай.

Гэта не даніна модзе і не самамэта. Гэта рэалізацыя сутнаснай функцыі бібліятэкі, якая існавала не сто, не дзвесце, а тысячы гадоў таму, калі ствараліся першыя такія ўстановы: трэба знайсці спосаб, як сабраць і захаваць як мага большы аб'ём інфармацыі і зрабіць яе як мага больш даступнай тым, каму яна патрэбна. Калі паглыбляцца ў тэорыю бібліятэчнай справы, то гэтыя функцыі процілеглыя, супярэчлівыя і знаходзяцца ў вечным канфлікце. Чым больш інфармацыі мы збіраем, тым складаней знайсці нешта канкрэтнае. А электронныя сістэмы валодаюць больш дасканалымі пошукавымі магчымасцямі ў параўнанні з традыцыйнай кнігай, якой бы дасканалай яна ні была. Мы выдатна разумеем: наўрад ці многа людзей, якія любяць чытаць бібліяграфічныя паказальнікі, каб знайсці патрэбную кнігу. Паказальнікі, каталогі, бібліяграфічныя дапаможнікі прыдуманы намі, прафесіяналамі, для вырашэння прафесійных задач, палягчэння пошуку, паколькі немагчыма абысці ўсе стэлажы, якія захоўваюць 9 мільёнаў адзінак фонду, каб адшукаць патрэбную кніжку. Патрэбны пэўны інструментарый. У традыцыйным выглядзе пошук вельмі працаёмкі. У электронным фармаце функцыю пошуку выконвае праграмна-тэхнічны комплекс, робячы гэта нашмат хутчэй і зручней. Гэта значыць, мы вельмі аператыўна можам даць карыстальніку патрэбную інфармацыю з высокай дакладнасцю пошуку. Адпаведна, да гэтага трэба імкнуцца, і на сучасным этапе развіцця цывілізацыі ў гэтым бачыцца будучыня інфармацыйных сістэм, адну з якіх прадстаўляе бібліятэка.

Яшчэ адна задача стварэння лічбавых копій традыцыйных дакументаў – захаваць дакумент ад банальнага фізічнага зносу. Нам гісторыя пакінула дзіўнае пацверджанне гэтай сухой тэорыі, якое не ўсе вераць, – у Лондане мы знайшлі першы беларускі буквар. Яго нідзе больш няма, ён захаваўся толькі там, у бібліятэцы Мідл Тэмпл. Чаму захаваўся? Таму што гэта бібліятэка закрытага тыпу – яна наогул абмяжоўвае выдачу кніг, а “Буквар” на стараславянскай мове, выдадзены ў Беларусі, у Лондане наогул не быў запатрабаваны. Таму і захаваўся, дайшоў да нашага часу. А ў Беларусі ні аднаго асобніка не захавалася – яны былі запатрабаваныя і іх зачыталі. І калі б не лонданская бібліятэка, мы б не ведалі аб гэтай кнізе, яна б згубілася для нас назаўжды. Можна меркаваць, што многія кнігі сышлі ў нябыт менавіта з-за таго, што іх проста зачыталі. Але ж яшчэ ёсць прыродныя катаклізмы, войны і пажары, што знішчаюць кнігі. Значыць, калі перавесці выданні ў лічбавы фармат, фізічна да іх звяртацца будуць радзей – і ў кніг з'явіцца магчымасць захавацца для будучых пакаленняў.

Гутарыла Бажэна Ганушкіна, аддзел сувязей з грамадскасцю НББ.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнет-партала.


Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе:  рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Кра 2024

Для наведвальнікаў залы мастацтваў (пам. 306) у межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі” падрыхтавана новая кніжная экспазіцыя “У казачным кругазвароце Валянціны Шобы”, прымеркаваная да 60-годдзя гродзенскай мастачкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам