ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Дзякуем за пераможны Май!
Гістарычныя падрабязнасці: кніга пра Франка-прускую вайну

Людка Сільнова: “Я – Чалавек Дужы”

Людка Сільнова: “Я – Чалавек Дужы”
Іншыя навіны

Сёння адзначае свой юбілей паэтэса, пісьменніца, бібліёграф Людміла Сільнова. Далучаемся да віншаванняў і прапануем другую частку інтэрв’ю з нашай каляжанкай.

У заключнай частцы інтэрв’ю Людміла Сільнова дзеліцца сваімі думкамі пра сучасную літаратурную суполку і распавядае пра Суперчытача, Зачараваную Краіну і крыніцу натхнення для Паэта.

– Помню, як я ўпершыню ўбачыла вашы Рысасловы ў часопісе “Крыніца”. Для мяне гэта было накшталт культурнага шоку, і ў той жа час я адчула захапленне – аказваецца, пісаць вершы можна і так! Скажыце, як вы прыйшлі да эксперыменту ў паэзіі? Хто стаў вашым натхняльнікам?

– Эксперыментаваць з рэчамі я любіла з дзяцінства. Камячыла газеты, разбірала бразготкі, рвала зялёныя лісты “на брыжы”, бегала далёка па вуліцы глядзець – куды збягае вясновая вада каля бардзюраў, а таксама змешвала алоўкавыя лініі або фарбы ў чаканні новых колераў… Мае ж дзядзькі былі вучонымі-хімікамі! Эксперыментаваць было ў маёй крыві. Мне нават у школе і пасля больш падабаліся пісьменнікі, якія малююць: на палях сваіх рукапісаў, на мальбертах, у запісных кніжках: Аляксандр Пушкін, Міхаіл Лермантаў, Уладзімір Маякоўскі, Велімір Хлебнікаў, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Алесь Разанаў… Я лічу сябе былой вучаніцай Алеся Разанава, але не наўпрост, а як бы “студэнткай з дыстанцыйнай формай навучання”. У 1980–1990-х гг. я мела з ім некалькі важных творчых размоў. Можна сказаць, “экзаменаў” у рэале. Ён нават падарыў мне “з прафесарскага пляча” назву аднаго майго эксперыментальнага жанру – “рысасловы”.

Я пра сябе да той першай публікацыі ў моладзевым часопісе “Крыніца” называла гэтыя замалёўкі ідэй грувасткім кангламератам “графічныя вобразы слоў”. Разанаў натхняў мяне тады рухацца далей, так! Прышчапіў паняцці “простасць”, “шматузроўневасць твора” і ў цэлым нейкае дзёрзкае паэтычнае “бязбояззе”. Мне і цяпер падабаецца, што ён робіць у беларускай літаратуры. (Па сталым узросце мы сталі амаль аднаго пакалення: гадоў у кожнага набегла – і ўзроставая розніца паміж намі зменшылася).

Яўгненія Галіеўская, загадчыца сектара абслугоўвання спецыялізаванымі калекцыямі: Раннюю творчасць Людмілы можна параўнаць з "Чорным квадратам" Малевіча. Гэта мастацтва не для ўсіх – эксперыментальнае, часам незразумелае. З цягам часу яе паэзія змянялася, развівалася, расла і сталела. Тое, што Людміла піша цяпер, знаходзіць водгук у душы, б’е проста ў сэрца. Магу з усёй упэўненасцю сказаць: так, Людка Сільнова адбылася як паэт!

– Аднойчы ў прыватнай гутарцы я пачула такое меркаванне: аўтар, які піша на беларускай мове, абмяжоўвае кола сваіх чытачоў, і хто жадае стаць па-сапраўднаму папулярным (то бок чытаным), той мусіць пісаць па-руску, а лепш па-англійску. Як тут запярэчыць? Што можна сказаць ў абарону беларускамоўных творцаў?

– Беларуская мова мне як аўтару падабаецца найбольш: яна свая, яна адлюстравана ў маіх генах, блукае рэхам нечаканых рыфмаў у маёй галаве і, галоўнае, – яна вельмі падыходзіць мне для творчых эксперыментаў. Як у Сярэднявеччы навукоўцы і паэты ўсіх еўрапейскіх краін выкарыстоўвалі лацінскую мову, гэтак, мяркую, і ў нашай Беларусі пачатку ХХІ ст. навукоўцы (у першую чаргу гуманітарыі) і пісьменнікі, калі народжаныя беларусамі, лепш раскрыюць свае таленты праз выкарыстанне роднай беларускай мовы.

Для мяне асабіста беларуская мова – запаветная мова паэзіі. Не мова вуліцы, магазінаў, паліклінікі, шматмоўнага людскога патоку сталіцы… Я б параўнала беларускую мову з дэсертам. Рускую мову – з супам. А англійскую – з добрай стравай на другое. Калі ў твайго літаратурнага твора (ці твораў) ёсць ўсе тры варыянты, тады ты – рэстаратар, г. зн. сапраўдны рынкавы гулец. Але так сталася, што мая доля – некамерцыйная літаратура. Можна сказаць, маленькая хатняя кавярня з ласункамі ад гаспадыні. Так, для душы, для жыхароў сваёй вуліцы… Ну, што ж! І такое трэба.

– Сёння людзі наогул чытаюць мала, а па-беларуску чытаюць яшчэ меней. Дык хто ён, гэты "Суперчытач", для якога пішуць беларускамоўныя аўтары? Дзе шукаць чытацкую аўдыторыю?

– Сваёй чытацкай аўдыторыі я не шукаю. Мне дастаткова вобразу “Суперчытача”, які даўно для сябе ўявіла: “Ён ёсць, гэты Суперчытач, / Фантазій маіх раскідач! / І вершы прыдумвай, хоць плач…” Можа, гэта “Герой вайны за празрыстасць” літаратара-філосафа Ігара Бабкова? Цяжка выказаць словам такія рэчы. Вось вазьму і нешта нарысую сабе ў задуменні…

– Што за "Зачараваная краіна" згадваецца ў вашых вершах? Гэта алегарычны вобраз, ці паралельная рэчаіснасць, або нейкі фэнтазійны кантынуум накшталт Нарніі ці сусветаў Толкіена? Калі менавіта, пры якіх акалічнасцях адбылося адкрыццё гэтага чароўнага краю – альбо ён быў з вамі заўсёды?

– “Зачараваная краіна” – гэта было спачатку назвай аднаго майго верша (ён увайшоў пасля ў аднайменную кнігу). Нават пасля і яшчэ аднаго верша, крыху даўжэйшага: з тлумачэннямі. Гэта ўсё пра міфічную краіну: крыху Полацкае княства, крыху Вялікае Княства Літоўскае, крыху імперыя, крыху сучасная рэспубліка – але ўсё гэта ва ўспамінах і ўспрыняцці лірычнай гераіні і юнага героя тых радкоў. Прыкладна, як у культавай кінастужцы “Салярыс”… З іншага боку, Зачараваная краіна – гэта агульны свет усіх вобразаў, якія аўтар мае ў сваёй творчай шафе. Магчыма, нават з уласнага дзяцінства... Што тычыцца моднага сёння фэнтэзі і чарадзейных краін тыпу Нарніі, папулярнасці пісьменніка Толкіена, дык гэта ўсё – камерцыйная, добра апрацаваная маркетолагамі і адшліфаваная імі да “залатога бляску” літаратура. Хоць некалькі вершаў-візіяў у гэтым стылі я напісала калісьці (напрыклад, “Муза і меч”). У якасці эксперыменту.

– Мне заўсёды здавалася, што творчая асоба – паэт, пісьменнік ці мастак – крыху чараўнік альбо празарлівец. Ці здаралася так, што некаторыя з вашых вершаў аказваліся прароцкімі? І нагоул, ці здольна творчасць неяк уплываць на рэчаіснасць, змяняць яе?

– На маю думку, творчасць чалавека не толькі здольная, але і павінная ўплываць на рэчаіснасць (“Да нанатэхналогій / Хачу аднесці слова”), мяняць яе ў лепшы бок – як для чалавека, так і для нашай агульнай экасістэмы ўцэлым. Таму, па вялікім рахунку, паэт ці мастак – гэта вучоны (навучаны ў навучальнай установе і ўласным жыццёвым вопытам) чалавек-практык, у нечым і празарлівец, а камусьці збоку – і чараўнік... Часам і ў мяне здараліся такія “чароўныя” супадзенні. Некалі я напісала для “Анталогіі беларускага санету” адзіны ў маім эксперыментальным творчым багажы санет пад назвай “Васількі” і прапанавала яго для ўключэння ў змест гэтай анталогіі. І ён быў уключаны, мой першы санет! А мастак пасля аздобіў вокладку і застаўкі на старонках – васількамі (як мяне гэта па-добраму здзівіла і ўсхвалявала!) У тым санеце ў самым канцы былі радкі пра гэтыя сінія кветкі палёў: “Пасланнікі нябёс, людскіх шляхоў украса”. І вось паўгода таму па ўсіх газетах і тэлеканалах прайшла інфармацыя з каляровай “карцінкай”: кампанія “Белавіа” заказала і атрымала самалёт новай серыі, якая будзе ў будучым пашырацца. Ён – у сіне-белых фарбах, на хвасце і ва ўнутраным дызайне салона выкарыстаны вобраз… васілька. Вось дык супадзенне! Ці яркі ўзор нейкай падспуднай, прыхаванай плённай працы паэта?

– Як змянілася беларуская літаратурная суполка у параўнанні, напрыклад, з васьмідзясятымі або "нулявымі"? Стала больш шчырасці ці наадварот, снабізму, пагоні за модай?

– У параўнанні з 80-мі гадамі, калі я толькі пачынала друкавацца (але не сачыняць свае літаратурныя “друкаваныя платы”!) было больш надзей і веры – у сябе, у сяброў-паплечнікаў, у лепшыя якасці чалавека як фенаменальнай зямной істоты… Сёння больш горычы ў маіх назіраннях і развагах. Як і ў маіх вершах (вы іх яшчэ не ведаеце). А так званая пані Мода стала яшчэ больш шырокай у рамёнах і сцёгнах, больш крыклівай і нахабнай. Грукае ў дзверы ўсіх устаноў…

– Многія маладыя літаратары імкнуцца пісаць у “модных” жанрах, якія ў беларускай літаратуры зусім не прадстаўлены, альбо прадстаўлены слаба. Напрыклад, Уладзімір Садоўскі напісаў зомбі-хорар, Андрусь Горват апублікаваў свой уласны блог, Раман Свечнікаў здзейсніў кругасветку аўтаспынам і надрукаваў свае дарожныя нататкі. У той жа час ніхто не імкнецца стварыць штосьці фундаментальнае, шматтомнае. Мажліва, ў апошнім сапраўды няма патрэбы, і больш важна засяродзіцца на запаўненні гэтых лакун, каб беларуская літаратура адпавядала духу часу?

– Я асабіста супраць “запаўнення лакун” творамі на беларускай мове. Ёсць у гэтым нейкае “лакейства”, нешта другаснае, фармальнае. Што не ўзвышае, а толькі яўляе… Хіба што геніі могуць быць тут выключэннем – напрыклад, Максім Багдановіч. А на творы вялікага фармату зараз, сапраўды, у нас проста няма часу.

– Не сакрэт, што у любым грамадстве маюцца пэўныя хібы і заганы, якія паэт адчувае асабліва востра, нават пакутліва. Іншы творца жыве з несупынным душэўным болем за народ і радзіму, пакуту праз адчуванне агульнай несправядлівасці. Але, з іншага боку, са смецця, з болю растуць вершы. Мабыць, душэўныя пакуты – нармальны стан для паэта?

– Душэўныя пакуты, боль – гэта не нармальны стан для паэта. Нармальны стан для паэта – радасць натхнення, творчасці, прызнання… Я так не люблю гэтай вечнай звычкі лічыць людзей мастацтва душэўнахворымі, слабымі. Стараюся сваёй творчасцю і жыццём ствараць больш пазітыўныя і моцныя ўяўленні. Я ж Людка Сільнова – Чалавек Дужы.

Яўгненія Галіеўская: Людміла Сільнова ў большай ступені паэт, чым бібліятэкар. Творчасць – гэта патрэба, якая ідзе з душы, і гэтаму немагчыма навучыцца. Паэтам трэба нарадзіцца. Людміла, паэт ад прыроды, бачыць свет не так, як мы. І ў мастацкіх творах, і ў самых будзённых рэчах яна здольная ўгледзець тое, на што мы проста не звярнулі б увагі. Людміла – унікальны чалавек. Яна не такая, як мы, яна – іншая. І цудоўна, проста цудоўна, што такія людзі ёсць!

Дзякуем за інтэрв’ю!
Ад імя калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прыміце нашы шчырыя віншаванні. Жадаем творчага натхнення, удзячных чытачоў, плённай працы, здароўя і дабрабыту!

Гутарыла Гурынович Уладзіслава, вядучы бібліятэкар аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайце таксама першую частку інтэрв’ю.

 

Навіны

“Мы зарунелі на беларускіх загонах”: раннія творы маладнякоўцаў у беларускіх газетах 1917–1922 гг.

22 Вер 2019

Газеты можна параўнаць з летапісамі – на іх старонках занатаваны падзеі, якія пакінулі след у гісторыі, праз іх мы можам зазірнуць у мінулае і адчуць яго атмасферу. Паспрабуйма з дапамогай беларускіх газет 1917–1922 гадоў прасачыць, як сталелі тыя, хто ўвайшоў у склад Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”.

Навіны бібліятэк

Які лёс беларускіх прыватных бібліятэк?

20 Вер 2019

Зборнік “Рэха беларускіх кнігазбораў: лёсы прыватных бібліятэк” выйшаў у свет у пачатку года. У ім сабраны гісторыі прыватных кніжных калекцый Беларусі пачынаючы з XVI стагоддзя. Гэтыя гісторыі гучаць досыць рэдка, пра іх мала хто ведае, аднак гэта толькі павялічвае той інтарэс, які ўзнікае пры іх прачытанні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Палюбіць беларускую камедыю: да 100-годдзя са дня нараджэння літаратуразнаўцы Якуба Усікава

20 Вер 2019

20 верасня споўнілася б 100 год са дня нараджэння беларускага літаратуразнаўцы, крытыка і педагога Якуба Усікава. Сваю навуковую дзейнасць ён прысвяціў беларускай драматургіі, у прыватнасці, камедыі.

Аўтарскі погляд

Нацыянальная бібліятэка далучылася да дзён расійскай духоўнай культуры

19 Вер 2019

19 верасня ў бібліятэцы прайшоў шэраг мерапрыемстваў у рамках форуму “Гістарычная, культурная і духоўная еднасць расійскага і беларускага народаў”, прымеркаванага да дзён расійскай духоўнай культуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам “Статус маладога спецыяліста: правы і гарантыі”

19 Вер 2019

18 верасня 2019 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Статус маладога спецыяліста: правы і гарантыі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Візіт настаўнікаў беларускай мовы з Польшчы

19 Вер 2019

18 верасня для настаўнікаў беларускай мовы з Польшчы ў бібліятэцы ў межах семінара “Актуальныя пытанні вывучэння сучаснай беларускай мовы” былі арганізаваны музейныя заняткі. Сустрэча была ініцыіравана Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віртуальная чытальная зала працягвае знаёміць з рэсурсамі, прысвечанымі айчынным майстрам паэзіі і прозы

19 Вер 2019

Віртуальны музей Аркадзя Куляшова “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога...” – гэтымі словамі паэта-класіка Аркадзя Куляшова звяртаем увагу аматараў слоўнай творчасці на персанальныя інфармацыйныя рэсурсы дзеячаў літаратуры Беларусі – М. Гарэцкага, А. Куляшова, У. Скарынкіна.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111