ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Хто ж такія маладнякоўцы?
У інтэлектуальным турніры пра вайну перамагла каманда Нацыянальнай бібліятэкі

Даследчык, папулярызатар кніжных скарбаў і выкладчык

Даследчык, папулярызатар кніжных скарбаў і выкладчык
Іншыя навіны

На ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях у Нацыянальнай бібліятэцы ў цэнтры ўвагі быў навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства, які адзначыў 40-годдзе з дня заснавання.

Мы пагутарылі з загадчыкам аддзела, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Анатолем Мікалаевічам Сцебуракам. На кнігазнаўчых чытаннях яго секцыя “Рукапісныя помнікі і архіўныя дакументы як крыніцы даследавання гісторыі і культуры Беларусі” была адной з найбольш вялікіх, на ёй прагучалі 12 дакладаў.

– Як вы адчуваеце ў вашай дзейнасці пераемнасць пакаленняў, пераемнасць традыцый ранейшых кіраўнікоў аддзела – такіх асоб, як заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь кнігазнаўца Таццяна Іванаўна Рошчына і бібліёграф Галіна Уладзіміраўна Кірэева?

– Пераемнасць існуе, бо наша сфера з аднаго боку патрабуе інавацый, а з другога боку, яна – традыцыяналісцкая, бо кнігазнаўства грунтуецца на дэталёвым і шматгадовым вывучэнні старадрукаў, прыватных бібліятэк, экслібрысаў.

Я прыйшоў працаваць у аддзел у 2005 годзе пасля ўніверсітэта. Пяць гадоў маёй кар’еры пасля гістарычнага факультэта БДУ былі прысвечаны Нацыянальнай бібліятэцы. У той час аддзел называўся аддзелам рукапісаў рэдкай кнігі і старадрукаў. Я працаваў побач з Таццянай Іванаўнай Рошчынай. Яна змагла перадаць шмат ведаў і захапленне кнігай, любоў да старадрукаванай кнігі. Мы так цёпла ўзгадваем Таццяну Іванаўну за тое, што яна яшчэ ў 1990-я гады змагла запачаткаваць выданне зборніка “Здабыткі” і матэрыялаў кнігазнаўчых чытанняў. Гэтыя ініцыятывы пачыналіся пры ёй. Калі я быў студэнтам, гістарычны факультэт БДУ знаходзіўся насупраць будынка старой бібліятэкі, і мы туды хадзілі пры першай магчымасці. Дарэчы, Таццяна Іванаўна выкладала ў Беларускім калегіуме, і мне прыходзілася яе бачыць і чуць, што пазней паўплывала на мой выбар кірунку даследаванняў і месца працы.

– Па якіх напрамках кнігазнаўства сёння працуе аддзел?

– Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства – комплексны па сваёй сутнасці. Тут ёсць сваё вялікае кнігасховішча. Мы захоўваем каштоўныя калекцыі, звяраем і апісваем іх, частка людзей займаецца падрыхтоўкай экспазіцый у музеі кнігі. Нашы паспяховыя праекты, як гэта было ў юбілей Францыска Скарыны, выйшлі за межы музея. Папулярызацыя кніжнай спадчыны спалучаецца з дзейнасцю Нацыянальнай бібліятэкі.

Факсімільныя выданні – адзін з перспектыўных кірункаў, таму што найбольш рарытэтныя асобнікі беларускіх кніг, на жаль, знаходзяцца за межамі Беларусі. Праз факсімільнае ўзнаўленне мы змаглі іх вярнуць на Радзіму і зрабіць дасяжнымі для ўсіх.

Таксама бібліятэка робіць разнастайныя віртуальныя праекты. Цяпер мы шукаем беларусіку за мяжой і ў алічбаваным варыянце вяртаем яе ў бібліятэку. Набыць самі гэтыя кнігі часта проста немагчыма, але спампаваць іх і дадаць у нашу электронную бібліятэку мы можам.

Трэба адзначыць, што Нацыянальная бібліятэка шукае і купляе рэдкія выданні. Напрыклад, зараз нам прапаноўваюць набыць Кітаб – кніжны помнік беларускіх татараў, які паходзіць з вёскі Татарка Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласці. Мы спрабуем сабраць тое, што засталося ў калекцыянераў. Супрацоўнічаем з такім вядомым збіральнікам рарытэтаў, як Уладзімір Ліхадзедаў. У яго ёсць цікавая калекцыя паштовак і кніг пра Беларусь розных заходнееўрапейскіх выданняў, шмат архіўных дакументаў. Спадар Уладзімір частку свайго фонду перадаў нам назаўсёды, а ёсць часова перададзенае – дэпазіт. Калі ёсць жаданне, чытачы могуць сёння пагартаць граматы ХVI–ХVII стагоддзяў, выдадзеныя ў Полацку, метрычныя кнігі з Вілейскага павету, “Гродзенскія губернскія ведамасці” 1840-х гадоў і інш. Спадзяёмся, што гэты праект будзе развівацца.

– Анатоль Мікалаевіч, сферай вашых інтарэсаў з’яўляюцца Напалеонаўскія войны. Вы адшукалі ўнікальныя французскія рукапісы 1812 года.

– Мае навуковыя інтарэсы супадаюць з задачай вывучэння фондаў бібліятэкі. Апошнія 10 гадоў я прысвячаю свае публікацыі таямнічай гісторыі з’яўлення ў нас дакументаў па напалеонаўскіх войнах: гэта комплекс мемуараў, нататкаў, успамінаў. Гэта вельмі якасныя і інфарматыўныя гістарычныя крыніцы, якія вабяць беларускіх даследчыкаў, бо вайна 1812 года – адна з самых цікавых старонак нашай гісторыі ХІХ стагоддзя.

Мяне захапіў змест гэтых дакументаў і паходжанне калекцыі. У нас ёсць сотні кніг па напалеаністыцы з бібліятэкі Івана Хрысанфавіча Каладзеева з Барысава. У дарэвалюцыйныя часы ён быў адданым аматарам вайны 1812 года і сабраў найбуйнейшую тэматычную бібліятэку ва ўсёй Расійскай імперыі. А рукапісы паходзяць з французскіх і бельгійскіх прыватных калекцый. Падчас стажыровак мне давялося папрацаваць у Нацыянальным архіве Францыі ў Парыжы і ў Дыпламатычным архіве, дзе знаходзяцца звесткі аб продажы гэтых дакументаў на аўкцыёнах у 1920–30-я гады, аб пошуку страчаных бібліятэк былымі гаспадарамі пасля завяршэння Другой сусветнай вайны. Працуючы з фондамі, я змог упэўніцца, што сляды некаторых з гэтых збораў вядуць у Мінск і частка іх знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

listi_da_jazefiny.jpg– Ваша кніга “Лісты да Жазефіны: ваенныя шляхі французскага афіцэра 1805–1812 гг.” прыцягнула ўвагу спецыялістаў і выклікала зацікаўленасць чытачоў.

– Яна выйшла зусім нядаўна, у 2018 годзе. Гэта вынік даследавання карэспандэнцыі французскага афіцэра Шарля-Піліпа Фіта дэ Сусі, удзельніка шматлікіх ваенных кампаній Напалеона. Ён быў прадстаўніком вядомага дваранскага роду.

Шарль-Піліп пісаў лісты з розных ваенных кампаній жонцы Жазефіне, якая жыла ў прадмесці Парыжа. За гады службы ён наведаў тэрыторыю Аўстрыі, Прусіі, Іспаніі, Партугаліі, Германіі, Польшчы, Літвы і Расіі. Адрасы, занатаваныя на палях, дазволілі аднавіць прыгоды афіцэра.

Лісты знаходзіліся ў сям’і, а потым былі прададзены на аўкцыёне. У 1940 годзе яны былі канфіскаваны і праз Германію трапілі ў БССР. Мяне як гісторыка захапілі гэтыя допісы. Высветлілася, што і ў Францыі ёсць фрагмент гэтага сямейнага архіву. Так я пазнаёміўся з будучым суаўтарам кнігі – Франсуазай Альберцінай Мас, і мы, адшукаўшы яшчэ тузін невядомых лістоў, усё гэта абагульнілі і ў 2015 годзе выдалі ў Парыжы дакументальны зборнік тэкстаў разам з даведачным апаратам. Тое, што я апублікаваў зараз – гэта гісторыя жыцця афіцэра і яго прыгод на Беларусі. Адзначу, што гэта быў не шэраговы салдат, а ад’ютант генералаў (М.-А. Бамона, Ф.-Э. Келермана, П. Вацье і інш.).

Такім чынам, першы том – тэксты лістоў, а другі – праўдзівы аповед пра героя і эпоху. Лёс афіцэра Шарля-Піліпа – драматычны, цікавы, ён адлюстроўвае лёс усяго Вялікага войска ў кампаніі супраць Расіі. Я пакіну інтрыгу для чытачоў і не буду раскрываць усе карты – на апошніх старонках кнігі можна даведацца пра далейшы лёс героя. Каб разблытаць усе таямніцы яго біяграфіі, я добра папрацаваў у архівах Парыжа, дзе знайшліся фрагменты архіва сям’і Сусі. Гэта быў этап у маім прафесійным станаўленні. А архіўныя пошукі заўсёды мяне вабілі як гісторыка-архівіста.

– Вы заахвочваеце да даследчыцкай дзейнасці студэнтаў БДУ і ствараеце для іх інтэрактыўныя праграмы з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Якімі яшчэ формамі пошукаў імкняцеся іх зацікавіць?

– Я вельмі люблю выкладаць ва ўніверсітэце, прысвяціў гэтаму 8 гадоў, але асноўны час цяпер аддаю навукова-даследчаму аддзел кнігазнаўства. Найбольш цікава было выкладаць не гісторыкам, а студэнтам іншых спецыяльнасцей, яны загараліся, даследавалі гісторыю сваіх сямей, стваралі радаводы. Мы рабілі розныя інтэрактыўныя праекты пры дапамозе сацыяльных сетак, вэбінараў, магчымасцей вучэбнага партала, звязаныя з памяццю нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана, з гісторыяй вуліцы Маскоўскай у Мінску, з “сямейным летапісам” Другой сусветнай вайны, з памяццю ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Я спрабаваў абудзіць цікавасць да нашых каранёў, дапамагчы студэнтам зразумець шлях, якім праходзіў наш народ на працягу стагоддзяў. Калі на досведзе свайго роду ты асэнсоўваеш, як розныя гістарычныя падзеі ўплывалі на жыццё пакаленняў, то пачынаеш разумець, наколькі важна праграмаваць нашу будучыню на пазітыўны еўрапейскі шлях, на гуманістычныя дэмакратычныя каштоўнасці, каб наша грамадства паступова змянялася ў лепшы бок.

Выкладчыцкая праца была для мяне важнай місіяй, у перспектыве спадзяюся, што змагу спалучаць больш прапарцыйна кнігазнаўчыя даследаванні з выкладаннем.

Гутарыла Эла Дзвінская спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Сцебурака Анатоль Мікалаевіч нарадзіўся ў 1983 годзе, у 2005-м скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 2011 годзе стаў кандыдатам гістарычных навук, а ў 2015-м атрымаў вучонае званне дацэнта. Доўгі час выкладаў гістарычныя дысцыпліны ў БДУ. З 2018 года ўзначальвае навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства.
Аўтар дзвюх кніг і больш за 70 навуковых публікацый. Навуковыя інтарэсы: крыніцы па гісторыі вайны 1812 года; беларуска-французскія сувязі; гісторыя беларускай культуры Новага часу; лёс перамешчаных культурных каштоўнасцей у гады Другой сусветнай вайны.

На фота (злева напрва): А. Сцебурака, Т. Рошчына, Г. Кірэева.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам