ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Прэзентацыя «Кніжны свет Беларусі: Гродзеншчына». Відэа
Здароўе нацыі – аснова росквіту дзяржавы

Да 85-годдзя з дня нараджэння ветэрана бібліятэкі Раісы Фёдараўны Сіпаковай

Да 85-годдзя з дня нараджэння ветэрана бібліятэкі Раісы Фёдараўны Сіпаковай
Іншыя навіны

Нарадзілася Раіса Фёдараўна ў 1935 годзе ў вёсцы Табачнікі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і аграрыяў. 

Скончыўшы ў 1951 годзе Пылькінскую сямігадовую школу, вучылася ў культасветвучэльні імя Н.К. Крупскай, пасля – у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна, па заканчэнні якога атрымала спецыяльнасць “філолаг, настаўнік рускай і беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы”. У 1959 годзе яна пачала сваю педагагічную дзейнасць у якасці настаўніка беларускай мовы і літаратурнага чытання 5–7 класаў у Пуськоўскай сярэдняй школе.

У 1960 годзе Раіса Фёдараўна пабралася шлюбам з Іванам Данілавічам Сіпаковым, які пазней стаў вядомым беларускім паэтам, празаікам, перакладчыкам і даследчыкам літаратуры.

Да таго, як лёс прывёў Раісу Фёдараўну ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У. І. Леніна, яна працавала ў Мінску выхавацелькай у дзіцячым садку № 122.

У 1967 годзе пачаўся прафесійны шлях Р.Ф. Сіпаковай у аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна, куды яна была прынятая на пасаду бібліятэкара і дзе плённа працавала да самага выхаду на пенсію.

sipakova_2.jpg

У рамках сваіх прафесійных абавязкаў Раіса Фёдараўна вяла алфавітны каталог аддзела, выяўляла і распісвала для картатэк зборнікі, матэрыялы з якіх не рэгістрыраваў “Летапіс друку БССР”. Р.Ф. Сіпакова шчодра дзялілася сваімі ведамі, выступаючы з дакладамі на семінарах і канферэнцыях, аказвала кансультацыйную дапамогу супрацоўнікам бібліятэкі і чытачам па пытаннях беларускай мастацкай літаратуры.

Назапашаны прафесіянальны вопыт і выдатныя веды дазволілі Раісе Фёдараўне з 1 снежня 1983 года ўзначаліць у аддзеле сектар арганізацыі даведачна-бібліяграфічнага апарату. На гэтай пасадзе яна каардынавала комплекснае абслугоўванне навуковых супрацоўнікаў, спецыялістаў народнай гаспадаркі, дзеячаў літаратуры і мастацтва па беларусазнаўчай тэматыцы.

sipakova_3.jpg

Усебакова вывучыўшы фонд нацыянальных дакументаў, Р.Ф. Сіпакова кваліфікавана выконвала складаныя пісьмовыя і вусныя запыты чытачоў, якія часам патрабуюць значных бібліяграфічных росшукаў.

“Бібліёграф ад Бога” – так характарызавалі Раісу Фёдараўну калегі. Яе змястоўныя агляды беларускай мастацкай літаратуры выклікалі вялікую зацікаўленасць не толькі чытачоў, але і супрацоўнікаў бібліятэкі.

Укладзены ёю “Агляд беларускай мастацкай літаратуры” ўвайшоў у метадычны дапаможнік “Квітней мой край, рэспубліка мая”, выдадзены да 60-годдзя БССР і КПБ.

sipakova_1.jpg

Сярод значных прац Р.Ф. Сіпаковай – рэкамендацыйны бібліяграфічны дапаможнік “Белорусская литература”, створаны сумесна з Н.Б. Ватацы і М.А. Каваленка. Апроч таго, Раіса Фёдараўна з’яўлялася членам рэдакцыйнай рады выдавецтва “Літаратура і мастацтва”.

Заслугі Р.Ф. Сіпаковай былі высока ацэнены кіраўніцтвам бібліятэкі: яна была прадстаўлена да ўзнагароды Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры, медалём “Ветэран працы”.

Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, Раіса Фёдараўна пайшла на заслужаны адпачынак.

Прайшоўшы ў беларускім аддзеле шлях ад бібліятэкара да загадчыка сектара, Раіса Фёдараўна пакінула добры след у гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Супрацоўнікі залы беларускай літаратуры заўжды згадваюць яе з цеплынёй і павагай.

Давідоўскі Дзмітрый Мікалаевіч успамінае: "Раіса Сіпакова, жонка нашага славутага Янкі Сіпакова, высокаінтэлігентная і высокаадукаваная, мела вельмі прыцягальнае пачуццё гумару. Калі ёй рабілася "цесна" сярод супрацоўнікаў аддзела, яна бегла "хавацца" да нас у кнігасховішча, дзе мы, вобразна кажучы, "соображали на троих": я, Валянціна Міхайлаўна Вялічка і Раіса Фёдараўна Сіпакова ўспаміналі народныя байкі, розыгрышы, прыказкі, прыпавесці і г. д. Рогат стаяў на ўсё сховішча. Раіса Фёдараўна была вельмі сціплая. Расла яна ў вёсцы, таму з маленства ўвабрала ў сябе працаздольнасць, любоў і павагу да маці-зямлі, якая нас корміць, і поіць, і апранае. З Раісай Фёдараўнай у мяне склаліся сапраўды сяброўскія адносіны. Яна ставілася да мяне, як маці да сына…"

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства НББ.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам