ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Багацце кветак і колераў: вясновае віншаванне ад Нацыянальнай бібліятэкі
Сусветны дзень пісьменніка 3 сакавіка адзначаць на канале «Беларусь 3»

Да 85-годдзя з дня нараджэння першага загадчыка навукова-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Канстанціна Сямёнавіча Санько

Да 85-годдзя з дня нараджэння першага загадчыка навукова-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Канстанціна Сямёнавіча Санько
Іншыя навіны

Канстанцін Сямёнавіч нарадзіўся 3 сакавіка 1936 года ў вёсцы Пахабаўшчына (сёння – в. Альбянка Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння ў 1954 годзе Нясвіжскай сярэдняй школы К.С. Санько паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (сёння – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Праз два гады навучання студэнт зацікавіўся бібліятэчнай справай і з трэццяга курса перавёўся на бібліятэчны факультэт. У 1959 годзе Канстанцін Сямёнавіч атрымаў кваліфікацыю бібліятэкара-бібліёграфа.

Да таго, як жыццёвы шлях прывёў яго ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна, К.С.Санько змяніў некалькі працоўных месцаў. Ён паспрабаваў сябе ў якасці бібліятэкара сельскага клуба ў Радунскім раёне Гродзенскай вобласці (сёння – Воранаўскі раён), інспектара абласнога ўпраўлення культуры Мінскай вобласці, метадыста па бібліятэчнай рабоце Палаца культуры Беларускага савета прафсаюзаў.

Лёсавызначальным днём для Канстанціна Сямёнавіча стала 6 лістапада 1961 года, калі ён быў прыняты ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна, якой прысвяціў наступныя дваццаць пяць гадоў свайго жыцця.

Высокі прафесіяналізм і назапашаны вопыт практычнай дзейнасці дазволілі К.С. Санько за шэсць гадоў прайсці шлях ад метадыста да галоўнага бібліятэкара. Яго інтарэсы не абмяжоўваліся працай у бібліятэцы – з верасня 1967 года ён пачаў паспяхова сумяшчаць яе з выкладчыцкай дзейнасцю. Канстанцін Сямёнавіч навучаў студэнтаў бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, рэгулярна чытаў лекцыі ў Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры (сёння – Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”).

2_Sanko.jpg

1 чэрвеня 1973 года К.С. Санько быў прызначаны кіраўніком навукова-даследчай групы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Група хутка была рэарганізавана ў навукова-даследчы аддзел, і са студзеня 1974 года  Канстанцін Сямёнавіч стаў першым яго кіраўніком.

К.С. Санько зрабіў істотны ўклад у развіццё бібліятэк краіны, у тым ліку ў справу іх цэнтралізацыі. Канстанцін Сямёнавіч меў больш за тры дзесяткі апублікаваных прац, неаднойчы выступаў з дакладамі на ўсесаюзных, рэспубліканскіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях, семінарах і нарадах. Складзеныя ім метадычныя выданні карысталіся вялікім попытам.  

У перыяд з 1973 па 1975 гг. ён быў членам некалькіх урадавых камісій: пры Міністэрстве культуры СССР па распрацоўцы “Основных положений организации единой сети массовых библиотек в стране”, рэспубліканскай камісіі па цэнтралізацыі бібліятэчнай сеткі; навукова-метадычнай рады па бібліятэчнай рабоце пры Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.

3_Sanko.jpg

У 1978 годзе К.С. Санько скончыў аспірантуру Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, а 19 чэрвеня 1981 года атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофскіх навук пры Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР (сёння – Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), абараніўшы дысертацыю на тэму “Библиотека и проблемы духовного развития сельской молодёжи”.

Высока ацанілі гэтыя поспехі і ў бібліятэцы: з 23 студзеня 1984 года Канстанцін Сямёнавіч быў прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай рабоце.

4_Sanko.jpg

На гэтай пасадзе ён працаваў непрацяглы час: у сувязі з пераводам на працу ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (сёння – Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт) у верасні 1986 года К.С. Санько звольніўся з Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна.

Уся працоўная біяграфія Канстанціна Сямёнавіча ў бібліятэцы была звязана з навукова-метадычнай і навукова-даследчай дзейнасцю. У яго выдатна атрымоўвалася не толькі кіраваць работай навукова-даследчага аддзела, але і каардынаваць даследчую дзейнасці па пытаннях бібліятэказнаўства ўсёй рэспублікі.

5_Sanko.jpg

Высокі ўзровень прафесійных кампетэнцый К.С. Санько выражаўся і ў веданні ім на выдатным узроўні польскай і ангельскай мовы, што дазваляла яму не раз выпраўляцца ў камандзіроўкі ў Польскую Народную Рэспубліку.

Канстанцін Сямёнавіч меў шэраг дзяржаўных узнагарод: Ганаровая грамата Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры; Ганаровая грамата Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры; значок “За выдатную працу”; медаль Н.К. Крупскай; Грамата Вярхоўнага Савета БССР.

Канстанцін Сямёнавіч Санько пайшоў з жыцця ў 2016 годзе.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”

9 Кра 2021

19 красавіка ў 12.00 пройдзе вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вэбінар “Методыка і тэхналогія каталагізацыі дакументаў у рэгіянальных зводных электронных каталогах”

9 Кра 2021

15 красавіка з 10.00 да 11.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вэбінар для бібліятэк, падключаных да рэгіянальных зводных электронных каталогаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

РЗЭК бібліятэк Мінскай вобласці працягвае раскрываць фонды бібліятэчных устаноў рэгіёна

9 Кра 2021

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці далучыліся два новыя партнёры – Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўла Пранузы і Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Рэсурс папоўніўся на 87 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў гэтых бібліятэчных установах.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111