ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Творчыя заняткі “Маленькі кошык”
Да 130-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Сіманоўскага (+ відэа)

Да 130-гадовага юбілею з дня нараджэння першага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага

Да 130-гадовага юбілею з дня нараджэння першага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага
Іншыя навіны

Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі нарадзіўся 24 красавіка 1892 г. у горадзе Бабруйску былой Мінскай губерні. Бацька – Сіманоўскі Б.І., па саслоўі мешчанін, быў выхадцам з таго ж Бабруйскага павета (в. Дурынічы), займаўся саматужнай вытворчасцю смалы.

Як пазначыў Іосіф Бенцыянавіч у аўтабіяграфіі, сваю адукацыю ён пачаў у Віленскай сярэдняй школе. Сучасныя даследчыкі, супаставіўшы шэраг фактаў, прыйшлі да высновы, што гэта была Віленская другая гімназія, якая размяшчалася на вул. Замкавай.

У юнацтве ён вельмі захапляўся паэзіяй, пісаў вершы. У той час сямнаццацігадовы Іосіф быў вельмі ўражаны творчасцю сімваліста Андрэя Белага. Яшчэ да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў яго выйшлі два зборнікі паэзіі “Закату” (1909) і “Новый мир. Стихотворения” (1910).

М.С. Гумілёў у раздзеле “Письма о русской поэзии” часопіса “Аполлон” досыць рэзка адазваўся аб творчасці маладога паэта:

Мне неловко в статье, озаглавленной «Письма о русской поэзии», говорить о книге Иосифа Симановского. Ведь еще так недавно Лев Толстой, прочтя в брошюрке Игоря Северянина строки «Вонзите штопор в упругость пробки, и взоры женщин не будут робки», с горечью удивлялся, до чего дошла русская поэзия, как будто поэзия сколько-нибудь ответственна за невозможные выходки литературных самозванцев.
Иосиф Симановский снабдил свою книгу предисловием. В нем, после совершенно бессвязного изложения «идей» своей книги, после выкриков, что «миг», взятый в себе самом, «бесконечен, вечен», что «вечер превращается в символ мира», и прочих игрушек символизма из детской, он довольно верно говорит, что «не техника, а оригинальность начинаний и созданные им образы могут быть залогом таланта в юном поэте».
Но – увы – образов в «Новом мире» нет совсем, их нельзя создать такими примитивными средствами, как – начиная существительные с большой буквы, а оригинального в этой книге, если оставить в стороне дурно понятого Андрея Белого, только – ее какая-то особенная дикая несуразность.
Ведь, если молодой поэт проденет себе в нос кольцо или будет ходить задом наперед, этого еще нельзя назвать многообещающей для русской литературы оригинальностью. Хуже всего, что Иосиф Симановский совсем не владеет русским языком. Вместо «бился» он пишет «биялся», вместо «корчах» – «корчАх», «изгас» – вместо «погас»; у него встречаются выражения вроде «пульсовы стуки», «в извив цепенея», «жаждный крик».
Единственным оправданием ему может служить то, что книга издана в Бобруйске.

Нягледзячы на тое, што водгук М.С. Гумілёва мае відавочна негатыўны характар, сам факт згадкі беларускага паэта-пачаткоўца вядомым крытыкам сведчыць аб нестандартнасці яго творчасці.

У 1910 г. Іосіф Бенцыянавіч паступіў на літаратурны факультэт Сарбонскага ўніверсітэта (Парыж, Францыя), а праз год перавёўся на літаратурнае аддзяленне філасофскага факультэта Бернскага ўніверсітэта (Швейцарыя), пасля заканчэння якога ў 1914 г. вяртаецца на радзіму ў Бабруйск. У дасканаласці валодаючы рускай, беларускай, французскай, нямецкай і англійскай мовамі, на працягу трох гадоў ён займаецца самастойнай літаратурнай працай, у прыватнасці перакладамі Э. Верхарна на рускую мову. Паэзіяй гэтага бельгійскага сімваліста І.Б. Сіманоўскі захапіўся яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце.

У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаходзіцца дзесяць асобнікаў твораў Э. Верхарна з уласнаручнымі пазнакамі І.Б. Сіманоўскага. Два з іх былі выдадзены ў 1910 і 1911 гг. і маюць уладальніцкія запісы на тытуле, што сведчыць аб набыцці гэтых асобнікаў у гады вучобы ў Еўропе.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 г. Іосіф Бенцыянавіч пераязджае ў Маскву, дзе з красавіка па ліпень працуе ў рэдакцыі энцыклапедыі Гранат і практыкуе ў гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна.

У ліпені 1917 г. па сямейных абставінах ён вяртаецца ў Бабруйск.

Працоўная дзейнасць І.Б. Сіманоўскага на працягу наступных чатырох гадоў жыцця ў Бабруйску была звязана з галіной культуры. З ліпеня па снежань 1917 г. ён займае пасаду намесніка старшыні культпрасветаддзела і члена рэдкалегіі газеты “Известия”, з верасня 1917 па чэрвень 1918 г. працуе сакратаром бабруйскай біржы працы.

З ліпеня 1918 г. пачалася бібліятэчная дзейнасць І.Б. Сіманоўскага: ён узначальвае гарадскую бібліятэку, рэарганізаваную пазней у Цэнтральную бібліятэку горада Бабруйска і Бабруйскага павета.


Гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна (г. Бабруйск)

Тут ён бесперапынна працуе да ліпеня 1921 г., адначасова займаючы пасады загадчыка бібліятэкі секцыі Палітпрасветаддзела народнай адукацыі, загадчыка аддзялення Дзяржвыдату Беларусі, сакратара рэдакцыі газеты “Коммунист”.

У ліпені 1921 г. кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, арганізаванага тады, запрашае Іосіфа Бенцыянавіча ў Мінск на працу ў бібліятэку ўніверсітэта.

З самага пачатку сваёй дзейнасці І.Б. Сіманоўскі накіроўвае ключавы вектар развіцця даручанай яму ўстановы на ажыццяўленне ўсіх тыпалагічных функцый нацыянальнай бібліятэкі. Таму ў якасці першачарговай задачы разглядае фарміраванне фонду нацыянальных дакументаў, заснаванага на абавязковым экзэмпляры друкаванага твора. Але выкананне функцыі захавання нацыянальнай дакументальнай спадчыны і духоўнай памяці беларускага народа было б няпоўным без камплектавання фондаў дарэвалюцыйнымі выданнямі і ў першую чаргу выданнямі беларусазнаўчага характару. Таму І.Б. Сіманоўскі выкарыстоўвае любую магчымасць для папаўнення фондаў нацыянальнымі дакументамі. З гэтай мэтай набываюцца прыватныя кніжныя калекцыі і зборы твораў з бібліятэк Я. Карскага, М. Янчука, І. Карнілава, П. Жуковіча, А. Сапунова (Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.), рукапісы твораў Я. Купалы. У 1925 г. у ленінградскага бібліяфіла В. Камарніцкага было набыта 10 кніг Францыска Скарыны.

З успамінаў Н.Б. Ватацы:

Напачатку ўся ўвага Іосіфа Бенцыянавіча была накіравана на камплектаванне фонду Дзяржаўнай бібліятэкі. Умела выкарыстоўвае ён усе магчымасці атрымання дарэвалюцыйных выданняў з саюзных і мясцовых дзяржаўных кніжных фондаў і наладжвае бесперабойнае бягучае камплектаванне новай літаратурай.


Мандат заведующего Белорусской государственной и университетской библиотекой И.Б. Симановского на приёмку переданной Белорусскому государственному университету библиотеки Московской синагоги // НАРБ. – Фонд 546. – Оп. 2.– Д. 1.– Л. 115

І.Б. Сіманоўскі паспяхова ініцыяваў міжнародны кнігаабмен. У 1928 г. бібліятэка ўжо падтрымлівала сувязі з партнёрамі больш чым з 20 краін Заходняй Еўропы і Амерыкі.

Паўната і ўнікальнасць фондаў, якія ствараліся пад кіраўніцтвам Іосіфа Бенцыянавіча, спрыяла таму, што попыт на паслугі бібліятэкі рос імклівымі тэмпамі. Пра гэта сведчаць наступныя лічбы: калі ў 1922 г. фондамі карысталіся 1,1 тыс. чытачоў, то ў 1925 г. іх колькасць перавысіла 5,5 тыс., колькасць наведванняў дасягала 500–600 у дзень.

Большую частку наведвальнікаў складалі служачыя з дзяржаўных, партыйных і грамадскіх устаноў. Як адзначаў сам І.Б. Сіманоўскі, бібліятэка стала “не толькі цэнтральнай дзяржаўнай навуковай установай і нацыянальным кнігасховішчам, але і складанай часткай дзяржаўнага апарату”.

Рост колькасці чытачоў і пашырэнне функцый бібліятэкі запатрабавалі адпаведнага змянення яе арганізацыйнага і юрыдычнага статусу. У сувязі з гэтым СНК БССР 14 мая 1926 г. прыняў пастанову аб рэарганізацыі Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Гэтай пастановай бібліятэка выводзілася са складу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў самастойную адміністрацыйную адзінку, якая атрымала назву Беларуская дзяржаўная бібліятэка. Паводле зацверджанага статусу, былі пашыраны правы і функцыі бібліятэкі, яна станавілася цэнтральным дзяржаўным кнігасховішчам і бібліяграфічнай установай БССР.

“З першых дзён працы бібліятэкі Іосіф Бенцыянавіч пачынае займацца пытаннямі развіцця нацыянальнай беларускай бібліяграфіі. Кожны, хто сутыкаўся з ім у працы, ведае, што ён «заўзяты бібліёграф». Ужо ў 1923 г. стварае калектыў энтузіястаў-краязнаўцаў і арганізуе працу па складанні краязнаўчых бібліяграфічных картатэк, наладжвае прагляд усяго дарэвалюцыйнага рускага і ўкраінскага перыядычнага друку з мэтай выбаркі матэрыялаў пра Беларусь. У гэтым жа годзе пры бібліятэцы арганізуецца Кніжная палата ў якасці прадстаўніцтва Расійскай кніжнай палаты. У 1924 г. на падставе Пастановы СНК БССР створана Беларуская кніжная палата пры Дзяржаўнай бібліятэцы. Узначаліў яе таксама тав. Сіманоўскі. З першых дзён свайго існавання Беларуская кніжная палата наладзіла выданне «Летапісу друку БССР» – бібліяграфічную рэгістрацыю кніг і часопісаў, якія выходзяць у рэспубліцы, які пазней уключыў і аналітычны роспіс перыядычных выданняў. Сіламі Кніжнай палаты і Краязнаўчага аддзела бібліятэкі выпускаецца цэлы шэраг рэтраспектыўных бібліяграфій як нацыянальнай кнігі, так і краязнаўчай літаратуры”.

Аб пільнай ўвазе І.Б. Сіманоўскага да развіцця бібліяграфічнай дзейнасці сведчыць і той факт, што цэлы шэраг яго выступленняў і публікацый тычыцца гэтай тэмы. Так, у 1924 г. на I Усерасійскім бібліяграфічным з’ездзе Іосіф Бенцыянавіч выступае з дакладам “Бібліяграфія і задачы навуковага бібліятэчнага будаўніцтва”, у якім робіць акцэнт на тым, што бібліятэкі не павінны быць пасіўнымі захавальнікамі кніг, а павінны ажыццяўляць шырокую бібліяграфічную працу, накіраваную на раскрыццё кніжных багаццяў перад чытачамі.

У 1928 г. пабачыў свет яго артыкул “Библиографическое дело в БССР”, у якім ён прыводзіць вынікі працы ў галіне развіцця нацыянальнай бібліяграфіі, апісвае перспектывы развіцця гэтага кірунку дзейнасці.

Сваю навуковую дзейнасць Іосіф Бенцыянавіч заўсёды ўмела спалучаў з функцыямі кіраўніка і арганізатара.

З 1924 па 1933 г. па ініцыятыве І.Б. Сіманоўскага былі арганізаваны філіялы Дзяржаўнай бібліятэкі ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, якія ў 1938 г. былі рэарганізаваны ў самастойныя абласныя бібліятэкі. У 1933 г. пры Доме ўрада было адкрыта аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, на базе якога ў 1938 г. была створана Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага.

Да 1926 г. фонд бібліятэкі складаў 300 тыс. дакументаў, штат – 47 супрацоўнікаў. Рост фондаў крытычна абвастрыў праблему, звязаную з недахопам памяшканняў для размяшчэння кніг і абслугоўвання чытачоў, якую бібліятэка адчувала з самага пачатку сваёй дзейнасці.

І.Б. Сіманоўскі неаднаразова звяртаўся ў вышэйшыя інстанцыі па гэтым пытанні, абгрунтоўваючы неабходнасць узвядзення новага будынка. Цэлы шэраг архіўных дакументаў дэманструе актыўную пазіцыю дырэктара. Аднак той факт, што ў якасці часовай меры павелічэння месца пад захоўванне фонду Іосіф Бенцыянавіч прапаноўваў памяншэнне плошчы, адведзенай пад яго кватэру, ілюструе яго самаадданае стаўленне да сваёй працы і характарызуе як чалавека, бязмежна адданага бібліятэцы і бібліятэчнай справе.


З пісьма загадчыка Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі І.Б. Сіманоўскага ў Народны камісарыят асветы БССР аб неабходнасці пашырэння памяшканняў бібліятэкі // НАРБ. – Фонд 42. – Воп. 1. – Спр. 1262, Л. 31

І.Б. Сіманоўскаму ўдалося пераканаць кіраўніцтва рэспублікі. 19 лістапада 1929 г. на пасяджэнні калегіі СНК былі разгледжаны варыянты пашырэння плошчаў бібліятэкі і прынята пастанова аб узвядзенні новага будынка. Архітэктурны праект, прапанаваны адным з вядучых беларускіх архітэктараў Г. Лаўровым, стаў першым праектам у СССР, спецыяльна прызначаным для найбуйнейшай дзяржаўнай бібліятэкі. Вытрыманы ў канструктывісцкім стылі 20-х гадоў, ён не толькі забяспечваў максімальную функцыянальнасць будынка, але і выражаў у архітэктурным абліччы “яго асабліва значны грамадскі характар і прызначэнне як будынка першага разраду, занятага Беларускай дзяржаўнай публічнай бібліятэкай, абавязанай стаць аб’ектам найвялікшай важнасці ў якасці правадніка культуры і ведаў”.

Адкрыццё новага будынка супала з дзесяцігадовым юбілеем бібліятэкі. Афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды адкрыцця галоўнага корпуса бібліятэкі, размешчанага на Чырвонаармейскай вуліцы, праходзілі 10 і 11 ліпеня 1932 г. Да гэтага часу бібліятэчны фонд вырас да 1 млн дакументаў, колькасць чытачоў склала 9 тыс.

Пад кіраўніцтвам І.Б. Сіманоўскага была распрацавана арганізацыйная структура бібліятэкі, якая дазволіла максімальна аптымізаваць абслугоўванне, навукова-метадычную і бібліяграфічную дзейнасць.

У гэтым юбілейным годзе, з улікам дасягненняў па выніках дзейнасці, пастановай СНК БССР Беларуская дзяржаўная бібліятэка была рэарганізавана ў Дзяржаўную бібліятэку і бібліяграфічны інстытут БССР. Гэтай жа пастановай бібліятэцы было прысвоена імя У.І. Леніна. Гэта была адна з самых значных грамадзянскіх узнагарод, якая азначала прызнанне выключнай грамадскай значнасці.

У 1932 г. І.Б. Сіманоўскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.


Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР

К гэтаму часу бібліятэка стала галоўнай бібліяграфічнай установай і метадычным цэнтрам рэспублікі. Да канца 1930-х гадоў па колькасці сваіх фондаў і іх каштоўнасці Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна ўвайшла ў лік 6 лепшых бібліятэк СССР і 20 лепшых бібліятэк свету. За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяў энтузіязм і тытанічная праца І.Б. Сіманоўскага і калектыву, які яму ўдалося сфармаваць з лепшых прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Іосіф Бенцыянавіч быў настолькі шматграннай, усебакова развітой асобай, што яго талент і энергія не змяшчаліся ў рамках адной установы. Паралельна з асноўнай дзейнасцю ў бібліятэцы ён пастаянна ажыццяўляў навуковую і выкладчыцкую працу на бібліятэчным факультэце Чырвонаармейскага ўніверсітэта палітычнага аддзела арміі, Ваенна-палітычных курсах, у Магілёўскім палітпрасветінстытуце, быў сапраўдным членам Усесаюзнай кніжнай палаты і Інстытута бібліятэказнаўства ў Маскве. У 1932 г. Дзяржаўным вучоным саветам БССР ён быў зацверджаны ў званні вучонага спецыяліста (сапраўднага члена навукова-даследчага інстытута).

І.Б. Сіманоўскі вёў актыўную грамадскую працу: быў членам праўлення Саюза рабочых асветы, членам бібліятэчнай групы Цэнтральнага бюро секцыі навуковых работнікаў, членам Мінскага гарсавета склікання 1935–1939 гг.

Выключныя таленты арганізатара і кіраўніка, уласцівыя І.Б. Сіманоўскаму, былі выкарыстаны ім не толькі ў справе станаўлення галоўнай бібліятэкі краіны.

У 1930 г. медыцынскі факультэт БДУ пераўтварылі ў Беларускі (Мінскі) дзяржаўны медыцынскі інстытут, у якім была арганізавана бібліятэка. Да канца 1930-х гг. ёю былі назапашаны багатыя фонды навуковай і вучэбнай літаратуры, што дазволіла пачаць працу па стварэнні першай у рэспубліцы медыцынскай галіновай рэспубліканскай бібліятэкі.

З 1937 па 1941 г., згодна з матэрыяламі асабістай справы, ён працаваў у Дзяржаўнай навуковай медыцынскай бібліятэцы БССР.

У 1940 г. быў зацверджаны асобны бюджэт і штаты для медыцынскай бібліятэкі. Загадам дырэктара Мінскага медыцынскага інстытута Ф.Я. Шульца ад 10 сакавіка 1940 г. № 98 дырэктарам Дзяржаўнай навуковай медыцынскай бібліятэкі пры Мінскім медыцынскім інстытуце быў прызначаны І.Б. Сіманоўскі.

Дзякуючы ініцыятыве і энтузіязму І.Б. Сіманоўскага для новай бібліятэкі было атрымана больш за 5 тыс. кніг з Дзяржаўнай цэнтральнай навуковай медыцынскай бібліятэкі СССР, у іх ліку былі і замежныя выданні. Бібліятэка атрымлівала абавязковы экзэмпляр усёй медыцынскай літаратуры, якая выходзіць на тэрыторыі СССР. У выніку мэтанакіраванай працы па фарміраванні фонду да 1941 г. ён склаў 15 тыс. экзэмпляраў.

Раптоўна пачалася Вялікая Айчынная вайна і прынесла велізарныя страты і страшныя разбурэнні. Беларускія бібліятэкі падзялілі цяжкую долю свайго народа.

Знаходзячыся ў эвакуацыі ў Сталінградзе, з чэрвеня па лістапад 1941 г. Іосіф Бенцыянавіч працаваў выкладчыкам і супрацоўнікам бібліятэкі Медыцынскага інстытута. У лістападзе 1941 г. пераехаў у Саратаў, дзе да жніўня 1942 г. займаў пасаду старшага навуковага супрацоўніка Навуковай бібліятэкі пры Саратаўскім дзяржаўным універсітэце. У жніўні 1942 г. быў адкліканы Народным камісарыятам асветы РСФСР у Маскву для працы ў Маскоўскім дзяржаўным бібліятэчным інстытуце імя В.М. Молатава. Тут на працягу двух гадоў ён вёў курс агульнага бібліятэказнаўства.

З 1943 г., знаходзячыся ў эвакуацыі ў Маскве, І.Б. Сіманоўскі пачаў актыўную працу па аднаўленні фондаў беларускіх бібліятэк – бібліятэкі Акадэміі навук БССР (дырэктарам якой ён быў з красавіка 1943 да 1950 г.) і Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г. Іосіф Бенцыянавіч падоўжыў на месцы працу па адраджэнні бібліятэк, узначаліўшы таксама Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна.

Беларускія бібліятэкі панеслі велізарныя страты падчас Вялікай Айчыннай вайны. Так, Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна страціла звыш 1,5 млн экз. кніг (83 %). Найбольш цяжкай стратай з’яўлялася разрабаванне 800-тысячнага фонду нацыянальных дакументаў, з якіх ацалела толькі 34 тыс. экз., фонду савецкай кніжнай прадукцыі (750 тыс. экз.), аднаго з найбуйнейшых у СССР збораў яўрэйскай літаратуры (40 тыс. экз.), аддзела старадрукаў і рэдкай кнігі (15 тыс. экз.). З двухмільённага фонду захавалася толькі 320 тыс. экз., якія ўяўлялі сабой найменш каштоўныя кнігі і разрозненыя камплекты перыядычных выданняў. Цалкам была знішчана ўнікальная беларусазнаўчая картатэка, якая з’яўлялася мадэллю рэтраспектыўнай нацыянальнай бібліяграфіі і налічвала каля 300 тыс. запісаў.

Сам будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР атрымаў моцныя пашкоджанні і быў выратаваны ад падрыхтаванага выбуху толькі дзякуючы імкліваму наступленню савецкіх войскаў. Для аднаўлення ўсіх страт патрабавалася ўпартая тытанічная праца.

У жніўні 1944 г., адразу пасля вызвалення напаўразбуранага Мінска, пад кіраўніцтвам І.Б. Сіманоўскага пачаліся работы па аднаўленні фондаў, рамонце пацярпелага будынка бібліятэкі. І ўжо ў лістападзе 1944 г. бібліятэка адкрылася для наведвальнікаў. Пачалі сваю працу агульная і спецыяльная чытальныя залы, аддзел беларускай літаратуры, МБА, аднавілася даведачна-інфармацыйная, бібліяграфічная і метадычная праца.

Па меры вызвалення савецкімі войскамі Польшчы і Чэхаславакіі, прасоўвання па тэрыторыі Германіі сталі выяўляцца вывезеныя з нашай краіны бібліятэчныя фонды. Дапамогу ў вяртанні іх аказвалі ваенныя арганізацыі, асобныя салдаты і афіцэры Савецкай арміі. Так, у 1945 г. з тэрыторыі Заходняй Польшчы было вернута 600 тыс. кніг з фондаў бібліятэкі, сярод якіх былі выданні Ф. Скарыны. Такія падзеі ўспрымаліся І.Б. Сіманоўскім і ўсім калектывам бібліятэкі як сапраўдны трыумф. Усяго за перыяд з 1944 па 1945 г. дзякуючы энтузіязму І.Б. Сіманоўскага і дапамозе савецкіх воінаў было вернута каля 600 тыс. тамоў. З фондаў найбуйнейшых бібліятэк саюзных рэспублік было перададзена 900 тыс. кніг і перыядычных выданняў.

З успамінаў Н.Б. Ватацы:

Калектыў бібліятэкі правёў велізарную працу па разборы і апісанні патоку кніг. Кожная з іх павінна была як мага хутчэй знайсці сваё месца на паліцах кнігасховішча. Іосіф Бенцыянавіч у старых валёнках, з паднятым каўняром паліто, з пасінелымі ад холаду рукамі перабіраў кнігу за кнігай, амаль непрыкметны сярод кніжных гор. Калі супрацоўнікі бібліятэкі прыходзілі на працу а восьмай гадзіне раніцы – ён разбіраў кнігі, калі а адзінаццатай гадзіне вечара пакідаў бібліятэку апошні супрацоўнік – дырэктар быў на тым жа месцы за той жа працай.

У разбуранай бібліятэцы, без ацяплення, не лічачыся з часам, не грэбуючы ніякай працай, не думаючы пра ўзнагароды і ўшанаванні, натхнёныя прыкладам свайго кіраўніка, супрацоўнікі бібліятэкі прыкладалі ўсе намаганні для найхутчэйшага аднаўлення яе дзейнасці.

Калектыў здзейсніў немагчымае: да 1947 г. фонд Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна дасягнуў даваеннага ўзроўню ў 2 млн экзэмпляраў.

Іосіф Бенцыянавіч адной з першачарговых задач у пасляваенны перыяд разглядаў арганізацыю сістэматычнага выдання органаў дзяржаўнай бібліяграфіі БССР і ліквідацыю існуючых прабелаў. З пастаўленай задачай Кніжная палата справілася даволі хутка. Ужо ў 1947 г. быў наладжаны штоквартальны выпуск “Летописи БССР” (з 1956 г. выходзіць штомесяц), а ў 1947–1948 гг. выйшлі зводныя летапісы за 1941–1945 і за 1946 гг. У рэзалюцыі IX нарады дырэктараў кніжных палат (1949) Кніжная палата БССР была адзначана ў ліку трох палат, якія забяспечылі ў пасляваенны час бесперабойнае выданне органаў дзяржаўнай бібліяграфіі.

У 1951 г. быў выдадзены першы нумар рэкамендацыйнага спісу “Новые книги”, які ў 1960 г. быў ператвораны ў бібліяграфічны бюлетэнь.


Іосіф Бенцыянавіч у трэцім шэрагу трэці злева

Далейшыя прыярытэты ў працы бібліятэкі вызначаліся Пастановай Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў БССР “Аб стане і мерах па паляпшэнні працы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна”, прынятай 4 верасня 1950 г. Была пастаўлена задача “забяспечыць далейшае развіццё бібліятэкі як цэнтра міжбібліятэчнага абанемента, навукова-метадычнай і бібліяграфічнай працы для бібліятэк рэспублікі і асноўнай базы бібліятэчнага і бібліяграфічнага абслугоўвання навукова-даследчай працы ў рэспубліцы, а таксама цэнтральнага дзяржаўнага кнігасховішча БССР”. Дзейнасць І.Б. Сіманоўскага была накіравана на ўзмацненне місіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР як важнага кампанента ў забеспячэнні развіцця культурнага жыцця краіны. У гэты час з яго боку асаблівая ўвага надавалася развіццю дзейнасці бібліятэкі як рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра па бібліятэчнай справе.

Разам з вышэйпералічанымі напрамкамі работы І.Б. Сіманоўскі асаблівую ўвагу надаваў развіццю міжбібліятэчнага абанемента (МБА). Яшчэ ў даваенны перыяд ён прапанаваў для больш поўнага задавальнення запытаў чытачоў у раённых і абласных цэнтрах высылаць наяўныя ў фондах навуковых бібліятэк адзіныя экзэмпляры друкаваных твораў. Такая выснова была зроблена на падставе аналізу суадносін адмоў на пэўныя выданні ў аддзелах абслугоўвання і міжбібліятэчнага абанемента. У пяцідзясятыя гады ён першым у краіне прапанаваў ступеньчаты парадак перасылкі патрабаванняў па МБА (ад сельскай да рэспубліканскай) з мэтай іх больш аператыўнага выканання і актывізацыі выкарыстання бібліятэчных фондаў. Вопыт Беларусі атрымаў станоўчую ацэнку ў працы В.Ф. Сахарава “Междубиблиотечный абонемент и заочный абонемент. Фонд Симановского И.Б.: лекции для студентов заочного отделения по курсу «Библиотековедение»” (1953), у падручніку “Работа с читателями” для студэнтаў бібліятэчных ВНУ (1961) і, несумненна, дапамог аўтарам у распрацоўцы “Палажэння аб адзінай агульнадзяржаўнай сістэме МБА”.

Неацэнны ўклад І.Б. Сіманоўскага ў станаўленне цэнтралізаванай сістэмы абавязковых экзэмпляраў, а таксама ў развіццё цэнтралізаванай каталагізацыі беларускай літаратуры і ўдасканаленне дзяржаўнай бібліяграфіі ў рэспубліцы.

Іосіф Бенцыянавіч разумеў ролю кадравага забеспячэння ў дзейнасці бібліятэкі і вельмі педантычна ставіўся да падбору персаналу, будучы надзвычай патрабавальным як да сябе, так і да астатніх работнікаў.

З успамінаў Г.Ф. Грышынай:

Неяк мы сядзелі ў парку пасля чарговага мерапрыемства, і ў размове я дала яму зразумець, што ён часта быў несправядлівы да людзей. На што Сіманоўскі адказаў: «Вы мяне павінны зразумець, гэта я ад прагнасці да працы...» І гэта сапраўды было так. Ён жыў працай, кнігамі, бібліятэкай.


Іосіф Бенцыянавіч у першым шэрагу другі справа

Вялікую ўвагу надаваў Іосіф Бенцыянавіч падрыхтоўцы маладых спецыялістаў бібліятэчнай справы, шчодра дзелячыся сваім вопытам і глыбокімі ведамі. Ініцыяваўшы стварэнне ў 1944 г. бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, на працягу 7 гадоў ён сумяшчаў кіраўніцтва галоўнай бібліятэкай рэспублікі з пасадай загадчыка кафедры, да 1957 г. займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.

З успамінаў В.Н. Дышыневіч:

Як загадчык заснаванай ім кафедры бібліятэказнаўства і бібліяграфіі МДПІ, ён марыў аб тым, каб студэнты авалодвалі дзвюма замежнымі мовамі. Увогуле ён шмат рабіў для якасці гуманітарнай адукацыі студэнтаў: запрашаў для чытання лекцый вядучых выкладчыкаў з БДУ, інстытута моў...

Аб добрым лектарскім таленце І.Б. Сіманоўскага пазней Г.Ф. Грышына напіша:

Лектарам ён быў вельмі своеасаблівым. Ведаеце, калі чалавек літаральна перапоўнены ведамі, ён пераскоквае з адной тэмы на іншую, усё атрымліваецца ў яго бязладна; назаве адну тэму, чытае іншую, увогуле, апавядае пра ўсё адразу. Я пісала усё, што гаварыў Сіманоўскі. І неспасціжным чынам потым усё неяк само сабой сістэматызавалася і раскладвалася ў памяці па палічках.

Іосіф Бенцыянавіч быў вельмі шматграннай асобай. Таленавіты кіраўнік, вучоны і выкладчык, ён усё сваё жыццё застаўся верны літаратурнай творчасці, глыбока адчуваў і любіў сапраўдную паэзію. Аўтарству І.Б. Сіманоўскага належыць велізарнае мноства літаратурных перакладаў на рускую і беларускую мовы твораў Г. Гейне, Э. Верхарна і іншых замежных паэтаў. Яго пераклады публікаваліся ў найбуйнейшых саюзных і рэспубліканскіх выданнях (“Литературная газета”, “Літаратура і мастацтва” і інш.).

“Унікальная асоба”, “незвычайна эрудзіраваны”, “суровы і незразумелы”, “чалавек, бязмежна захоплены кнігай”, “бібліятэкар-летуценнік”, “аскет, здольны на самаахвяраванне дзеля любімай справы, дзеля бібліятэкі” – далёка не поўны пералік эпітэтаў, якімі апісваюць Іосіфа Бенцыянавіча яго сучаснікі.

Амаль сорак гадоў І.Б. Сіманоўскі быў дырэктарам галоўнай бібліятэкі краіны. На час яго працы выпала шмат няпростых перыядаў развіцця ўстановы: этап арганізацыі і станаўлення, узвядзенне першага спецыялізаванага будынка, ваеннае ліхалецце і аднаўленне згубленых фондаў. Усё жыццё і творчыя сілы Іосіфа Бенцыянавіча былі аддадзены служэнню бібліятэчнай справе.


Іосіф Бенцыянавіч у першым шэрагу трэці справа

27 ліпеня 1961 г. І.Б. Сіманоўскі пакінуў пасаду дырэктара, а праз шэсць гадоў, 8 кастрычніка 1967 г., яго не стала.

Заслугі Іосіфа Бенцыянавіча адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1932), медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (1946), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга СССР (1949). Ён быў тройчы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1957, 1961, 1962), знакам Міністэрства культуры СССР “За выдатную працу” (1957), знакам ЦК прафсаюза работнікаў культуры (1961). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 14 снежня 1957 г. за заслугі ў справе камуністычнага выхавання шырокіх мас працоўных і развіццё савецкай культуры І.Б. Сіманоўскаму было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР.

Ветэран Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна Фёдараўна Грышына ахарактарызавала прафесійны ўклад Іосіфа Бенцыянавіча так:

Сіманоўскі быў грандыёзнай фігурай. І ён зрабіў для нашай бібліятэкі і для бібліятэчнай справы столькі, колькі ніхто да яго не рабіў, ды, верагодна, і не зможа зрабіць у будучыні.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы "Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах".

Матэрыял падрыхтаваны Марынай Георгіеўнай Пшыбытка.

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам