ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Смартмоб і экскурсія да Дня сям’і
Ажывіць паэта для ўсіх

Да 100-годдзя з дня нараджэння Іраіды Карзенка, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да 100-годдзя з дня нараджэння Іраіды Карзенка, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Іншыя навіны

Ці часта мы задумваемся, што самы важны рэсурс нашай бібліятэкі – гэта людзі, якія тут працуюць? Так-так, не кнігі, а супрацоўнікі, нябачна ўпісаныя ў гісторыю бібліятэкі, бо іх уклад застаецца каштоўным і праз дзесяцігоддзі.

У дзень 100-годдзя з дня нараджэння Іраіды Аляксандраўны Карзенка паспрабуем з дапамогай успамінаў супрацоўніц Нацыянальнай бібліятэкі ўзнавіць партрэт працавітай начальніцы, любячай бабулі і прафесіянала сваёй справы.

Фото Корзенко И.А.-1.jpg

Іраіда Аляксандраўна працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы з 1957 да 1976 г., 14 гадоў з іх загадвала аддзелам кнігазахавання. Многія бібліятэкары пачыналі свой шлях пад крылом Карзенка яшчэ са студэнцкіх часоў. Першай з іх паўстагоддзя таму прыйшла Таццяна Сямёнаўна Ліпіціна, а далей у калектыў бібліятэкараў ўліліся Святлана Васільеўна Каранькова, Людміла Васільеўна Алейчык і Ала Яўгенаўна Півавар. Праз шмат гадоў яны засталіся вернымі сваёй прафесіі і любімаму аддзелу. Па словах саміх супрацоўніц, гэтую якасць у іх выхавала Іраіда Аляксандраўна.

Т.С.: Мы ўсе прыйшлі ў самы вялікі і маладзёжны аддзел бібліятэкі. Многія супрацоўнікі завочна атрымлівалі вышэйшую адукацыю, паралельна працуючы. Калі я вучылася на бібліятэчным факультэце педагагічнага інстытута, выйшла палажэнне аб тым, што з трэцяга курса студэнты павінны працаваць па спецыяльнасці. У той час было вельмі складана і прэстыжна трапіць менавіта сюды – у храм навукі, “Ленінку”, як тады гаварылі. Я пачала працаваць у бібліятэцы ў сакавіку 1969-га. Мы былі яшчэ зусім “жаўтароцікі”. У асноўным усе праходзілі школу бібліятэчнага жыцця менавіта ў кнігасховішчы. Я прыйшла працаваць да Ірыны Аляксандраўны, нібы да мамы.

А.Я.: Мы клікалі яе не Іраіда, а Ірына Аляксандраўна, так яна прадставілася.

Т.С.: Ірына Аляксандраўна сказала тады: “Дзетачка, ты прыйшла ў сэрца бібліятэкі”. Зараз кнігазахаванне можа губляцца на фоне іншых аддзелаў, але яно сапраўды сэрца бібліятэкі. Забярыце мільёны нашых кніг – бібліятэкі не будзе. Ірына Аляксандраўна казала, што гэта стане маёй справай – і сёлета ўжо 50 гадоў, як я тут працую.

Фото Корзенко И.А.-2.jpg

Былыя падначаленыя Іраіды Аляксандраўны распавядаюць, што ў старым будынку праца была больш цяжкая, бо да адкрыцця бібліятэкі на вуліцы фарміравалася чарга чытачоў, якія імкнуліся замовіць кнігу і заняць месца ў чытальнай зале. Аддзел кнігазахавання быў вялікім, а работа ў ім – самай працаёмкай. Далёка не ўсе вытрымлівалі падобную фізічную нагрузку. За 14 гадоў працы Іраіды Аляксандраўны ў якасці загадчыцы гадавая кнігавыдача аддзела вырасла з 230 тысяч адзінак да 540 тысяч. Цяжка ўявіць, колькі чытацкіх запытаў прыходзіла ў кнігасховішча штодня. Тым не менш, пастаянных наведвальнікаў загадчыца пазнавала нават па почырку ў бланку заказу.

Т.С.: Паралельна ў нас ішла вучоба, трэба было сыходзіць на сесіі. Ірына Аляксандраўна заўсёды цікавілася, хто як здаў экзамены, ці напісаны кантрольныя. А калі, крый Божа, які “хвост”, гэта значыць, што падымалася ўсё і ўся, і гэтую справу ліквідавалі.

С.В.: Ірына Аляксандраўна была вельмі руплівай, не лічылася з тым, што яна загадчыца. Да нашага аддзела ў старым будынку бібліятэкі адносілася газетная зала, у якой напрамую вялося абслугоўванне чытачоў. Яна надзявала свой халат і не проста ішла дзяжурыць, але абавязкова брала з сабой літаратуру. Вялася праца па перашыфроўцы даваеннага фонду і пазбаўленне яго ад няпрофільнай, дублетнай, састарэлай па змесце літаратуры. Ірына Аляксандраўна брала стос брашурак, маючы дрэнны зрок, шырокія лінзы ў акулярах, страчыла акты паміж дзяжурствам.

Л.В.: У аддзеле перыёдыкі на пятым паверсе заўсёды быў завал. У Ірыны Аляксандраўны гэта было як “Ойча наш” – яна абавязкова ішла туды працаваць. Апранала на бягу свой карычневы халат, не бібліятэчны, і казала: “Дзяўчаты, я на пяты!”.

Молния.jpg

Словы былых падначаленых Іраіды Аляксандраўны Карзенка падмацаваныя шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1972), медалі “За доблесную працу” (1970), “За працоўную адзнаку” (1976), “Ветэран працы” (1976), ганаровыя граматы Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, бібліятэкі, Камітэта прафсаюза работнікаў культуры і мн. інш.

Гучней за ўсе ўзнагароды аб яе прафесійных і чалавечых якасцях гаворыць адзін забаўны дакумент, падпісаны кіраўніцтвам і калегамі, – Палажэнне пра супрацоўніка, які сыходзіць на заслужаны адпачынак па ўласным жаданні. У ім прапаноўваецца адправіць на пенсію замест Іраіды Аляксандраўны “двух іншых супрацоўнікаў, якія хоць і не дасягнулі адпаведнага ўзросту, але ўжо даўно не хочуць працаваць”, а таксама сцвярджаецца: “Вы паспяшаліся, Ірына Аляксандраўна!”.

Положение.jpg

А.Я.: Я прыйшла ў 1975 годзе. Першыя ўражанні аб Ірыне Аляксандраўне – вельмі цёплыя. Яна была з пачуццём гумару, інтэлігентная: ніколі не павысіла голас, не сказала нічога такога, каб пакрыўдзіць ці зняважыць чалавека. Заўсёды любіла спытаць пра дзяцей. Яна ўсіх трымала ў галаве: дзяцей, мужоў, бацькоў. Магла даць савет, ды яшчэ які, са свайго жыцця! Дарэчы, яна смачна гатавала – я памятаю яе хачапуры як цяпер. Запрашала нас да сябе ў госці на дзень нараджэння, і прыходзілі ўсе – ад мала да вяліка. Такога душэўнага цяпла я не сустракала больш ні ў адной загадчыцы.

Т.С.: Яшчэ яна гатавала для гасцей цудоўныя галубцы з рэвенем.

Л.В.: Мой тады будучы муж сышоў у армію, я плакала, схаваўшыся ў стэлажах. Ірына Аляксандраўна прыходзіла да мяне і супакойвала, заўсёды пыталася, ці піша мне ён.

С.В.: Яна заклала нам любоў да прафесіі на ўсё жыццё, дабрыню, клопат і памяць адзін пра аднаго. Мы падтрымліваем адносіны з усімі нашымі калегамі, якія ўжо сышлі на пенсію, тэлефануем адзін аднаму, у курсе ўсіх падзей. Засталася гэтая чалавечнасць, зерне дабрыні.

Аднак любоў да бібліятэчнай справы Іраіда Аляксандраўна выгадавала не толькі ў юных супрацоўніцах, але і ва ўласнай унучцы. Пах старых часопісаў, шэрагі картатэкі і бібліятэчная атмасфера ўразілі маленькую Юлю настолькі, што праз гады яна прыйшла працаваць у Нацыянальную бібліятэку.

Юлія Барысаўна Твердахлебава, загадчыца аддзела захоўвання спецыялізаваных фондаў, падзялілася каштоўнымі ўспамінамі. І як не паверыць у прызначэнне, калі чуеш падобную гісторыю?!

Іраіда Аляксандраўна – мама маёй мамы. Бабуля па бацьку таксама працавала ў бібліятэцы, а яшчэ – яе сястра з мужам. Мае бабулі не ведалі адна адну да таго, як бацькі пазнаёміліся, але як гаворыцца, свет цесны. Іраіда Аляксандраўна прыводзіла мяне ў бібліятэку з дзяцінства, з тых часоў у мяне зарадзилася любоў да кніг і менавіта да кнігасховішча. Мне здавалася, што ў сховішчы нейкі адмысловы пах.

Праца была сапраўды складанай. Тады яшчэ не было электроннага каталога, чытачы ўручную запаўнялі патрабаванні да замовы, якія прыходзілі да бібліятэкараў цэлымі пачкамі. Збіраліся горы кніг, якія потым на цялежках трэба было даставіць у залы.

У Іраіды Аляксандраўны атрымалася не толькі данесці ўнучцы любоў да кніжнай справы, але і натхніць пайсці па сваіх слядах. Так зарадзілася дынастыя прафесіяналаў бібліятэчнай справы.

Працаваць у бібліятэку я прыйшла 25 гадоў таму – у стары будынак, менавіта на той паверх, дзе працавала мая бабуля. У мяне не бібліятэчная адукацыя. Пасля заканчэння факультэта прыкладной матэматыкі БДУ я працавала па спецыяльнасці. Але мяне ўсё роўна цягнула ў бібліятэку. Я пачала працаваць у аддзеле кнігазахавання з 1994 года, і ніводнага дня не пашкадавала, што прыйшла сюды. Калі мне прапанавалі загадваць гэтым аддзелам, я зразумела, што гэта лёс. Мне нават трапляюцца дакументы, з якімі працавала бабуля.

Фото Корзенко И.А.-3.jpg

У былых супрацоўнікаў, якія сышлі на пенсію, была магчымасць падпрацоўваць летам у бібліятэцы, і бабуля заўсёды прыходзіла. Дзядуля, ваенны лётчык, увесь час на працы, таму дом і дача на бабулі. Яна была вельмі руплівай. Ніколі я не чула ад яе скаргаў. Акрамя ўсяго гэтага, Іраіда Аляксандраўна прымала ўдзел у партыйным жыцці, абсалютна шчыра і свядома.

Шчырасць была ва ўсім, чым яна займалася.

Яна прыцягвала людзей, на дні яе нараджэння прыходзілі не таму, што адчувалі абавязак, а таму што хацелі прыйсці. Яна была сапраўднай бабуляй, заўсёды думала пра сваіх унукаў, дачок, зяцёў. Пекчы і кансерваваць навучыла мяне менавіта яна. Да гэтага часу захоўваю бабуліны рэцэпты, напісаныя ад рукі.

Корзенко Ираида Александровна с внуками Юлей, Татьяной, Олегом.jpg

Запісала Яна Паляшчук.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам