ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі стала адным з паўфіналістаў расійскага конкурсу “Книгуру”
Вывучаем эканамічныя навукі, не выходзячы з дому

Аляксандр Суша: Мае навуковыя інтарэсы пераходзяць у працу, праца – у інтарэсы, і, па-мойму, гэта вельмі плённа

Аляксандр Суша: Мае навуковыя інтарэсы пераходзяць у працу, праца –  у інтарэсы, і, па-мойму, гэта вельмі плённа
Іншыя навіны

Яна Паляшчук

Нягледзячы на сусветны лакдаўн, Нацыянальная бібліятэка арганізавала традыцыйныя Міжнародная кнігазнаўчыя чытанні – упершыню яны прайшлі цалкам у анлайн-фармаце. Намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша расказвае пра ўражанні ад новага фармату МКЧ, пра лічбавую будучыню бібліятэчнай сферы, а таксама пра тое, чаму прыйшоў працаваць у бібліятэку.

Хочацца пагаварыць пра XVI Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, якія прайшлі 15 мая. Але ў першую чаргу звярнуць увагу не на пытанні, якія абмяркоўваліся, не на экспертаў і нават не на 500-годдзе Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. У цэнтры ўвагі – новы фармат МКЧ! Раскажыце, калі ласка, пра вашы ўражанні ад правядзення такога мерапрыемства ў рэжыме рэальнага часу.

Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні сёлета сапраўды праходзілі ў нетрадыцыйным фармаце. Ад часу свайго заснавання 22 гады былі пляцоўкай кантактаў, формай камунікацыі кнігазнаўцаў, вучоных, бібліятэкараў-практыкаў, спецыялістаў архіваў, музеяў, навуковых і навучальных устаноў, таксама аматараў – усіх, каму не абыякава кніжная культура Беларусі. Тычылася гэта і практыкаў у галіне выдавецкай справы: выдаўцоў, паліграфістаў, таксама прадстаўнікоў сферы кніжнага гандлю і многіх іншых.

МКЧ сваім галоўным прыцягальным аспектам мелі, з аднаго боку, навуковую глыбіню, бо гэта заўжды была менавіта навуковая канферэнцыя, не прыкладная. Другое, што было важным, – непасрэдныя кантакты, сустрэчы ўжывую і з класікамі кнігазнаўства, і з маладымі спецыялістамі. Адбывалася абмеркаванне розных гіпотэз, дэбаты, сустрэчы ў фармальнай і нефармальнай атмасферы, прыязджалі замежныя госці, якіх мы толькі на кнігазнаўчых чытаннях і маглі ўбачыць.

Сёлета ў гэтай сітуацыі давялося трошкі адступіць ад фармату. Атрымалася такая вымушаная нязмушанасць: трэба было праводзіць канферэнцыю ў анлайн-фармаце. Гэта азначае, што замест класічнай канферэнцыі, дзе ўсе разам сустракаюцца ў аўдыторыях, праводзяць пленарныя, секцыйныя пасяджэнні, мы сваю канферэнцыю вялі інакш.

Af-MKCh.jpg

Як паўплываў часовы пераход “у анлайн” на працу МКЧ?

Наша канферэнцыя заўсёды прадугледжвае жывую форму, многія рыхтаваліся загадзя, пачынаючы з мінулага года. А гэты год зрабіў нам такі нечаканы сюрпрыз, у нейкай ступені балючы. Нам не хацелася ламаць традыцыю, пазбягаць жывога кантакту, дыскусіі, якая заўжды існавала. Мы разглядалі розныя варыянты – перанесці на восень ці адмяніць. У сакавіку мы мелі больш за сто зарэгістраваных удзельнікаў з сямі краін свету, каля шасцідзесяці тэкстаў дакладаў для публікавання. Узяць і ўсё гэта адмяніць? Мы палічылі гэта дрэнным тонам у адрас нашых калег і партнёраў. У выніку прапанавалі менавіта такі анлайн-фармат, ініцыятыву падтрымала Міністэрства культуры, суарганізатар МКЧ.

Фармат прадугледжваў і трансляцыю ў рэжыме рэальнага часу, і пазнейшае апублікаванне відэаматэрыялаў. Мы паспрабавалі спалучыць формы анлайн-трансляцыі з анлайн-дыскусіяй. Таму трансляцыі шлі праз сацыяльныя сеткі, было зладжана абмеркаванне, і фактычна мы стварылі магчымасць для ўсіх удзельнікаў, усіх ахвотных і здольных выступіць на гэтай канферэнцыі. Была і магчымасць прыйсці ў НББ, у адмыслова створаную студыю, і выступіць непасрэдна перад камерай, якая вяла ў рэжыме рэальнага часу трансляцыю на ўвесь свет.

Другая форма ўдзелу прадугледжвала выступленне з іншага месца – з дому, працы, іншага горада ці краіны. І многія гэтай формай таксама скарысталіся. Атрымалася спалучэнне некалькіх форм – відэатрансляцыі, вэбінара, публікацыі відэаматэрыялаў постфактум. Пасля мы зрабілі відэазапіс канференцыі, выклалі анлайн, стварыўшы асобны плэйліст на платформе Youtube, дзе кожны ахвотны можа паглядзець гэтыя матэрыялы ў добрай якасці.

Мы не адмовіліся і ад традыцыйнай формы падачы матэрыялу – публікацыі зборніка, дзе больш заглыблена можна пазнаёміцца з дакладамі. Для нас такі досвед быў цікавы. Мы і раней праводзілі анлайн-канферэнцыі, але гэтым разам было зроблена прафесійнае, фактычна тэлевізійнае вяшчанне. На наш погляд гэта быў цікавы досвед, ад якога мы далей адмаўляцца не будзем. Жывы кантакт надзвычай важны, у ім нараджаюцца новыя ідэі, праекты, адбываюцца больш актыўныя дыскусіі, але і надалей можна суправаджаць традыцыйную працу МКЧ падобнай анлайн-камунікацыяй

MKCh-5.jpg

У кантэксце цяперашняй сусветнай сітуацыі хацелася б пагаварыць пра бібліятэкі ў новай рэальнасці. Незалежна ад таго, наколькі бібліятэкі алічбаваныя, да такога лакдаўну не быў гатовы ніхто, у першую чаргу маральна. У вас ёсць нейкія асабістыя прагнозы, як будзе развівацца дзейнасць сусветных бібліятэк? Нацыянальную бібліятэку Беларусі нельга прылічыць да ар’ергарда ў плане лічбавых змен. На партале створаны адмысловы раздзел “Бібліятэка анлайн”, дзе дадаткова публікуецца інфармацыя аб усіх паслугах, сэрвісах, праектах НББ, якімі можна карыстацца з дому. Як вы думаеце, за чым будучыня? Варта і далей максімальна адыходзіць у анлайн-фармат, пераводзіць у лічбавы варыянт усё, што можна, ці нешта ўсё роўна ў будучыні павінна прыводзіць людзей у бібліятэкі?

Ведаеце, тут пытанне вельмі складанае і цікавае. З аднаго боку, нельга не заўважыць павелічэнне цікавасці да анлайн-абслугоўвання. Бібліятэкі больш, чым другія ўстановы культуры, ішлі да камп’ютарызацыі, лічбавізацыі. Аўдыторыя ў нас найбольш актыўна пашыраецца ў асяроддзі віртуальных наведвальнікаў. Гэта рэальнасць, у якой мы ўжо сёння жывём. І жылі да пачатку гэтых праблемных сітуацый 2020 года. Пераход у віртуальную прастору адбываўся вельмі актыўна і да таго.

Зараз фізічныя кантакты моцна абмежаваныя, і ўсю асноўную ўвагу мы сканцэнтравалі на віртуальным абслугоўванні, віртуальных формах навуковай і сацыяльнай камунікацыі. Але я абсалютна ўпэўнены, што адновім свае ранейшыя, фізічныя кантакты. Нават у сённяшняй цяжкай сітуацыі мы адчуваем просьбу, часам нават мальбу чытачоў нейкім чынам дабрацца да бібліятэкі, яе фондаў і рэсурсаў. Многія з нецярпеннем чакаюць адкрыцця чытальных залаў бібліятэк свету, у Беларусі таксама. Бясспрэчна, гэта рэальнасць, у якую мы трапілі зараз, мае і пэўныя перавагі, і плюсы, як і любая крызісная сітуацыя, бо яна нас чамусьці вучыць і падштурхоўвае да развіцця.

MKCh-3.jpg

Часам бачу вельмі трывіяльныя пытанні знаёмых у сацыяльных сетках наконт працы нашай бібліятэкі: што / дзе / як замовіць, куды / навошта ісці? Пакуль “Нацыяналку” ўспрымаюць як “месца з кніжкамі”, якія яшчэ і на рукі не выдаюць, тут ажыццяўляюцца важныя для культуры, для гісторыі Беларусі праекты, ідзе праца з найважнейшымі гістарычнымі дакументамі. Нягледзячы на тое, што ўсё гэта асвятляецца, здаецца, што звычайнаму карыстальніку бібліятэкі складана зразумець усю значнасць такой працы. Як можна данесці гэтую частку дзейнасці НББ да беларусаў? Бо галоўная задача бібліятэкі як культурнай інстытуцыі – менавіта захаванне, назапашванне найважнейшых дакументаў.

Сапраўды ёсць цэлы шэраг праблем, з якімі даводзіцца сёння сутыкацца, звязаных з іміджам і вобразам бібліятэкі ў грамадстве, з яе магчымасцямі і патэнцыялам. З іншага боку, ёсць цэлы шэраг недастаткова выкарыстаных рэсурсаў. Што маецца на ўвазе? Па-першае, НБ яшчэ ўспрымаецца як сучасная, мадэрновая, развітая бібліятэка з рознымі тэхналагічнымі “наваротамі”, тэхнічнымі магчымасцямі, разнастайнымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Але многія іншыя бібліятэкі такога статусу не маюць. Часта людзі разглядаюць бібліятэку ў вельмі старых катэгорыях, як месца, дзе цішыня і спакой. Вось такое разуменне – у пэўнай ступені традыцыйнае, з тых часоў, калі бібліятэка выконвала зусім іншыя функцыі, – засела ў грамадскай свядомасці.

Што таксама вызначае сучасную сітуацыю – гэта недастатковая зацікаўленасць беларускага грамадства ў інфармацыйных рэсурсах, нягледзячы на яго патэнцыял да інтэлектуальнай працы. Мы не маем нафты, газу ці іншых карысных выкапняў, якія можна прадаваць і толькі з таго жыць. У сувязі з гэтым мы павінны ствараць дадатковую вартасць, каштоўнасць, звязаную з творчым ці вытворчым працэсам. Гэта і сфера паслуг, сфера інфармацыі. Нездарма кажуць, што мы прыходзім да інфармацыйнага грамадства і інфармацыя каштуе грошаў.

Найдаражэйшымі карпарацыямі ў свеце становяцца тыя, якія працуюць з інфармацыяй, яе апрацоўкай. І найбольш развітымі краінамі з’яўляюцца тыя, хто найбольш аказвае паслугі ў сферы інфармацыі. У беларусаў вельмі вялікі патэнцыял, мы былі адной з самых тэхнічна развітых рэспублік Савецкага Саюза. Гэты патэнцыял можна і трэба было развіваць.

Пры гэтым у нас на сёння ёсць сур’ёзныя праблемы. Па-першае, перакананасць, што дзяржава нам павінна ўсё даць і ў галаву ўкласці. Праз сістэму адукацыі, сацыяльных стандартаў, многае іншае. У тым ліку бібліятэка ўспрымаецца грамадствам як данасць. А тое, што ўспрымаецца як належнае, часта не цэніцца. У Беларусі ёсць пэўныя сацыяльныя стандарты, усе прывыклі: дзяржава нам абавязана. А калі яно ёсць – хай сабе ёсць, нашто яно мне? Калі ты сам не прымаеш рашэнне, патраціць на адкрыццё бібліятэкі грошы ці не патраціць, то для цябе гэтая самая бібліятэка не мае асаблівай каштоўнасці і ты нават не асэнсоўваеш, якую карысць яна можа табе даць.

Можа, трэба задумацца: а для чаго я аддаю нейкую сотую ці тысячную долю бюджэту на бібліятэчную справу? Можа, для таго, каб мае дзеці сталі разумнымі, каб яны мелі доступ да лепшых даследаванняў з усяго свету, каб атрымалі цудоўную адукацыю, больш эфектыўна працавалі, ці для нечага іншага? Як толькі людзі пачнуць пра гэта думаць і цаніць атрыманую інфармацыю, яны адразу ж захочуць карыстацца рэсурсамі, якія прадастаўляе бібліятэка. Гэта вельмі важны пасыл. І адпаведна, адваротная сістэма прыстасаванства спрыяе дэфармацыі патрабаванняў людзей у самых розных сферах.

28.10.2019_af.jpg

Дзе заканчваюцца вашы працоўныя інтарэсы і пачынаюцца асабістыя захапленні? Па вашай старонцы ў Фэйсбуку не зразумець, ці ёсць розніца паміж вамі як даследчыкам, кіраўніком і захопленым чалавекам.

Калі шчыра, асаблівай розніцы няма. Для мяне праца – гэта захапленне, а захапленне вельмі часта пераходзіць у працу. Я прыняў для сябе рашэнне прыйсці ў гэтую сферу, разумеючы, што яна, на жаль, не самая прыбытковая, на жаль. Але я ведаў, што гэта будзе мне вельмі блізкая і родная праца, якая заслугоўвае таго, каб прысвяціць ёй жыццё.

Займацца нялюбаю працай дзеля грошай не здолеў бы, па многіх прычынах. Думаў так: я буду аддаваць нейкай нецікавай працы восем гадзін на дзень, плюс абедзенны перапынак, дарога да яе. То бок гадзін дзесяць штодня ў мяне будзе зыходзіць на нецікавую працу, але тую, што дае грошы. Дзесяць самых актыўных гадзін майго дня, бо перад тым і пасля таго застаецца мала часу, каб урэшце яго патраціць на нешта прыемнае.

Аддаваць фактычна ўвесь свой актыўны і выніковы час, каб зарабіць пэўныя грошы, якія я буду спрабаваць патраціць за пару гадзін, што засталіся? Не, гэта не мой варыянт. Вырашыў адразу: і гэтыя дзесяць гадзін, і тыя, што застаюцца, буду займацца цікаваю для мяне працаю. Фактычна – сваім хобі, а мне за яго яшчэ і грошы плацяць!

У выніку я працую з задавальненнем, займаюся тым, што мне да душы. Бібліятэчная справа і кнігазнаўства для мяне – хобі, асабісты інтарэс, які дае пэўны вынік для арганізацыі, дзе я працую, для Нацыянальнай бібліятэкі. З іншага боку, мае хобі, навуковыя інтарэсы таксама перарастаюць у працу. Бо гэта такое хобі, якое патрабуе вялікай самааддачы. І наадварот мая праца патрабуе паглыблення ў навуковыя штудыі, напісання артыкулаў, выканання выдавецкіх ці іншых праектаў, якія вымагаюць грунтоўнага падыходу. Таму асабістае пераходзіць у працу, праца пераходзіць у інтарэсы, і, па-мойму, гэта вельмі плённая форма.

28.10.2019_3.jpg

Суша Аляксандр Аляксандравіч, кандыдат культуралогіі, кнігазнавец, намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ, старшыня Міжнароднай асацыцыі беларусістаў.
Нарадзіўся ў Мінску 15 снежня 1982 г.
Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў, Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачаў у 2005 г. у аддзеле рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў.
Аўтар больш за 450 публікацый, у тым ліку 15 манаграфій. Ініцыятар шматлікіх культурных праектаў.
Жанаты, мае дачку і сына.

Калі інтэрв'ю было гатова да публікацыі, стала вядома аб зацвярджэнні рашэння савета фонду Прэзідэнта Беларусі, згодна з якім накіроўваюцца сродкі на папаўненне фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі комплексам рукапісных і друкаваных кніжных помнікаў. Віншуем нашых калег!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам