ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Новыя крокі ў перакладзе Бібліі на беларускую мову (+відэа)
Бязгучная змрочная восень: 10 кніг з лістападаўскай атмасферай

110 гадоў з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фаіны Аронаўны Мерынай

110 гадоў з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фаіны Аронаўны Мерынай
Іншыя навіны

Фаіна Аронаўна адносіцца да пляяды супрацоўнікаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна, якія стаялі ля вытокаў яе фарміравання, а таксама ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні нацыянальнай скарбніцы.

Нарадзілася Ф.А. Мерына ў 1911 годзе ў Мінску ў сям’і служачых. Адразу пасля заканчэння сярэдняй школы 18-гадовая Фаіна пачала свой шлях у бібліятэчнай прафесіі з пасады бібліятэкара Дома камсамола. У 1930 годзе яна пераехала ў Сталінград, дзе працавала ў тэхнічнай бібліятэцы Сталінградскага трактарнага завода імя Ф.Э. Дзяржынскага (цяпер – Валгаградскі трактарны завод).

Праз два гады дзяўчына вярнулася ў Мінск і была прынята на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (ДБЛ БССР) у якасці супрацоўніка чытальнай залы тэхнічнай літаратуры.

Фаіна Аронаўна так успамінала пра гэты час: “1932 год... Толькі што бібліятэка перабралася ў новы будынак, адзін з самых прыгожых у Мінску, з бетону і шкла. Я ў гэты час працавала ў аддзеле тэхнікі і сельскай гаспадаркі. Гэта быў вельмі цікавы комплексны аддзел... Чытачы вельмі любілі наш аддзел, бо хутка маглі атрымаць неабходную літаратуру або даведку, выпісваць кнігі ім не даводзілася, мы адразу знаходзілі ўсё ў сваім фондзе...”.

Mieryna-2.jpg
Фаіна Аронаўна другая злева ў 1-м шэрагу

Лёс так распарадзіўся, што з 1936 года прафесійная дзейнасць Фаіны Аронаўны была звязана з гарадской бібліятэкай імя А.М. Астроўскага г. Камсамольска-на-Амуры, дзе на працягу двух гадоў яна загадвала абанементам.

Калі Ф.А. Мерына вярнулася ў Мінск, то працягнула работу ў ДБЛ БССР – да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны загадвала чытальнай залай тэхнічнай літаратуры.

“...Працаваць было вельмі цікава. Усе супрацоўнікі аддзела з вялікай увагай абслугоўвалі чытачоў, нягледзячы на холад (чарніла замярзала на сталах, мерзлі рукі) працавалі з любоўю, жаданнем як мага лепш і хутчэй абслужыць чытачоў...” – дзялілася ўспамінамі аб тым няпростым часе Фаіна Аронаўна.

Вайна ўнесла свае карэктывы ў планы Ф.А. Мерынай: з першых жа дзён яна вымушана была эвакуявацца. На працягу трох ваенных гадоў працавала на розных пасадах: кіравала бібліятэкай агітацыйнага пункта Ленінскага РК ВКП (б) у г. Арджанікідзэ (цяпер – Уладзікаўказ), была старшым бібліятэкарам у бібліятэцы Ваенна-марской ордэна Леніна акадэміі імя К.Я. Варашылава ў Самаркандзе (цяпер – Ваенны вучэбна-навуковы цэнтр Ваенна-марскога флоту “Ваенна-марская акадэмія імя адмірала флоту Савецкага Саюза М.Г. Кузняцова”).

За гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі нанеслі непапраўную шкоду Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна, усё створанае працоўным калектывам за 20 гадоў было знішчана. Таму адразу пасля вызвалення Мінска найстарэйшыя супрацоўнікі, якія выжылі ва ўмовах акупацыі, а таксама тыя, хто ўжо вярнуўся з эвакуацыі, пачалі аднаўленне разрабаванай і разбуранай бібліятэкі. У 1944 годзе Фаіна Аронаўна змагла вярнуцца ў Мінск і далучыцца да вялікай аднаўленчай працы.

Mieryna-3.jpg

Толькі ў пасляваенныя гады ў Ф.А. Мерынай з’явілася магчымасць атрымаць спецыяльную адукацыю: з 1948 па 1952 год яна адвучылася на завочным аддзяленні Ленінградскага дзяржаўнага бібліятэчнага інстытута імя Н.К. Крупскай (цяпер – Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны інстытут культуры).

Да ліпеня 1971 года Фаіна Аронаўна працавала на розных пасадах у галоўнай бібліятэцы краіны. Быў перыяд у яе прафесійнай біяграфіі, калі яна працавала ў кніжнай палаце БССР і займалася складаннем “Летописи печати БССР”, а таксама зводных выданняў па беларускай бібліяграфіі.

Mieryna-4.jpg

Ф.А. Мерына – уладальніца мноства ўзнагарод: Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета БССР за донарства, медаля “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне”, Ганаровых грамат Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры, Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюзаў работнікаў культуры (1967). За шматгадовую і актыўную бібліятэчную дзейнасць у 1962 г. Фаіна Аронаўна была ўзнагароджана значком Міністэрства культуры СССР “За выдатную працу”.

На жаль, далейшы лёс Ф.А. Мерынай нам невядомы. Мы працягваем пошукавую працу і будзем удзячныя ўсім, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй і дапаможа дапоўніць матэрыял.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Чым заняцца кнігалюбу, калі сіл няма чытаць

24 Сту 2022

Мы ўсё стамляемся. Шчыльны расклад, завалы на працы, стрэс, эмацыйныя перагрузкі і іншыя дробязі жыцця часам адымаюць у нас усякае жаданне займацца нават любімым хобі – і гэта нармальна. Тым больш калі ваша хобі – чытанне. Часам варта зрабіць перапынак у паглынанні выдуманых гісторый і заняцца чым-небудзь іншым, што не зробіць вас меней фанатычным аматарам літаратуры. Прэзентуем вам сем цалкам кніжных актыўнасцей – і гэта нават не чытанне.

Аўтарскі погляд

Арт-кніга “Ясон”

24 Сту 2022

25 студзеня а 16-й гадзіне ў музеі кнігі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы-прэзентацыі твора сучаснага выяўленчага і кніжнага мастацтва – арт-кнігі “Ясон”.

Кніжныя выстаўкі

Размова з адвакатам аб абароне праў спажыўцоў

24 Сту 2022

20 студзеня Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Абарона праў спажыўцоў: прававыя і практычныя аспекты ”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вялікі космас у малым фармаце: у Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава “Разцовая гравюра: Лембіт Лыхмус і венская школа”

19 Сту 2022

Разцовая гравюра выкарыстоўвалася графікамі з XV ст., а ў канцы XVI – XVIII ст. мела пашырэнне ў Беларусі. Цяпер яна ўвасобілася ў графіцы малых форм – экслібрысах.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам