29 жніўня – 30 гадоў з часу адкрыцця філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы “Акопы” (Лагойскі раён).
Акопы знаходзіліся каля 30 кіламетраў ад Мінска ў паўночна-ўсходнім накірунку, на поўнач ад гасцінца Мінск–Даўгінава. Маці песняра Бянігна Луцэвіч пачала арандаваць тут хутар у 1909 г., праз 8 гадоў ён стаў яе ўласнасцю. Мясціна гэта была надзвычай маляўнічая і прыгожая: на захад ад Акопаў размяшчаліся лясістыя пагоркі і забалочаныя даліны, над імі ўзвышалася Лысая гара, недалёка ад хутара, у лагчыне, працякаў ручай. Янка Купала вельмі любіў гэтыя краявіды, з Акопамі звязана самая яркая творчая старонка ў біяграфіі паэта. Тут пясняр склаў каля 100 вершаў. Пісаў таксама паэмы, драматычныя творы, артыкулы, займаўся перакладамі.
У пакоі Янкі Купалы стаяў пісьмовы стол, палічка з кнігамі, некалькі крэслаў. За парадкам і чысцінёй пастаянна сачыла цётка Анця (так родныя называлі Г.Д. Луцэвіч). Перад хатай стаяла студня з жураўлём і вялікі цэбар, куды налівалі ваду. Паблізу размяшчалася клець, крыху далей – гумно, пуня, хлявы, свіран. На паляне, сярод лесу, былымі гаспадарамі быў пабудаваны вялікі дом для прыёму гасцей. У вялікай зале стаяў раяль, там было шмат карцін, скульптур, добрая бібліятэка.
Рашэнне аб мемарыялізацыі гэтых мясцін было прынята 5 верасня 1989 г. і рэалізавана ў 1992-м. Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
складаецца з дзвюх частак – літаратурнай у в. Харужанцы і мемарыяльнай на месцы былога фальварка Акопы (за 2 км ад вёскі Харужанцы). На месцы Акопаў пазначаны межы былой сядзібы, адноўлены падмуркі дома і гаспадарчых пабудоў.
Сведка тых далёкіх часоў – валун, на якім паэт любіў адпачываць пасля доўгіх дарог і на якім цяпер умацавана мармуровая пліта з выбітымі словамі з верша Я. Купалы “З кутка жаданняў”:
Песню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём –
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.
Агульная плошча музея – 6 889 га, экспазіцыйная – 155 кв. м. Будынак, дзе размясціўся музей народнага песняра, – тыповая беларуская пабудова пачатку ХХ ст. Аўтар мастацкай канцэпцыі экспазіцыі – мастак Э. Агуновіч, яе стваральнікі – мастакі А. Грачоў і У. Пратасеня. Кожная з пяці залаў, дапаўняючы адна адну, дазваляе прасачыць, наколькі плённа жылося і працавалася Я. Купалу ў Акопах.
Пры дапамозе дакументаў, выданняў і рукапісаў паэта, гістарычных і этнаграфічных прадметаў, работ мастакоў Э. Агуновіча, М. Басалыгі, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, Г. Паплаўскага, У. Савіча, В. Шаранговіча, фотаматэрыялаў створана ўнікальная экспазіцыя, якая яскрава адлюстроўвае пэўны жыццёвы і творчы перыяд Янкі Купалы.
У філіяле “Акопы” створана своеасаблівая тэатральная зала, якая знаёміць з гісторыяй напісання драматычных твораў, іх сцэнічным увасабленнем.
31 снежня 2019 г. адкрылася новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя філіяла.
На падыходзе да музейнага будынка наведвальнікаў сустракае скульптура “Малады Купала” А. Заспіцкага і Г. Мурамцава. Побач з філіялам пабудавана адкрытая эстрада для правядзення святаў паэзіі і творчых сустрэч. Філіял мае домік-гасцініцу.
Янка Купала наведваўся ў Акопы на працягу 1911–1926 гг. Гэта месца стала прыстанішчам для паэта ў самыя цяжкія перыяды жыцця. Ён з вялікай ахвотай бавіў час не толькі ў Акопах, часта бываў у навакольных вёсках, дзе сустракаўся з рознымі людзьмі. Сярод іх часам знаходзіў прататыпы для сваіх твораў. Так, напрыклад, стваралася “Паўлінка” (1912). Персанажы гэтага твора былі падгледжаны Я. Купалам у ваколіцах хутара. У Акопах напісаны сцэнічны жарт “Прымакі” (1913), драма “Раскіданае гняздо” (1913) і інш. драматычныя творы.
Паэт уважліва ставіўся да фальклору, што бытаваў на Лагойшчыне, па магчымасці запісваў яго (разам з А. Грыневічам, потым з В. Рынковічам). З задавальненнем слухаў народныя песні, паданні, аповеды мясцовых жыхароў. Адна з такіх гісторый стала асновай сюжэта паэмы “Курган”.
Сядзібы Акопы, Карпілаўка, Малыя Бясяды, Міхалішкі былі месцамі літаратурных сустрэч і дыскусій, спазнання гісторыка-літаратурных традыцый роднага краю. У Акопах бывалі Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. пісьменнікі. Тут збіраліся і чыталі вершы, абмяркоўвалі пытанні адукацыі.
На Лагойскай зямлі расквітнеў геній Янкі Купалы. Гэтыя мясціны сталі для яго невычэрпнай крыніцай натхнення, вытокам творчага ўздыму і апантанасці. Тут з’явіліся творы, што ўзвысілі паэта да вышыні народнага песняра, якія сталі гонарам беларускай літаратуры.
З мэтай захавання купалаўскіх мясцін на Лагойшчыне ў 2000 г. створаны ландшафтны заказнік “Купалаўскі”.
Інфармацыю аб філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы” можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.