ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
“Цікава пачытаць”: кніга “Мора ў чамадане, або Казка вяртаецца”
“Беларускі салавей”: новая віртуальная экспазіцыя да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі

Заснавальнік зоагеаграфіі Беларусі

Заснавальнік зоагеаграфіі Беларусі
Іншыя навіны

11 мая – 130 гадоў з дня нараджэння Анатоля Уладзіміравіча Фядзюшына, вядомага вучонага ў галіне заалогіі, арніталогіі, паляўніцтвазнаўства і аховы прыроды.

Нарадзіўся Анатоль Фядзюшын у горадзе Слуцку Мінскай губерні (цяпер Мінская вобласць). Скончыў Слуцкую гімназію, у 1913 г. – прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. У выданні “Орнитологический вестник” быў надрукаваны першы артыкул студэнта А. Фядзюшына “О некоторых птицах Минской губернии” (1912). Пасля заканчэння вучобы працаваў выкладчыкам Пінскага рэальнага вучылішча, вывучаў птушак Палесся.

У 1921–1933 гг. быў выкладчыкам, першым загадчыкам кафедры заалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), прымаў удзел у стварэнні Заалагічнага музея. Некаторы час выкладаў у Беларускім інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі ў Мінску (цяпер Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія). У 1927 г. стаў прафесарам БДУ. Прымаў удзел у арганізацыі Інстытута беларускай культуры, быў яго супрацоўнікам, пазней кіраваў сектарам заалогіі АН БССР.

Па даручэнні Дзяржплана БССР займаўся пытаннямі запасу і распаўсюджвання ў рэспубліцы паляўніча-прамысловых жывёлін, з’яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам комплексных экспедыцый у рэгіёны Беларусі. Вялікае значэнне мела дзейнасць вучонага па захаванні і рэакліматызацыі бабра. Вынікі яго даследаванняў апублікаваны ў “Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту” (1922–1932), “Матэрыялах да вывучэння флоры і фаўны Беларусі” (1927–1932).

Fiadziushyn-1.jpg

У 1925 г. па праекце А.У. Фядзюшына быў створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік. Ён удзельнічаў у І Усерасійскім (1929) і І Усесаюзным (1933) з’ездах па ахове прыроды, дзе прадстаўляў рэспубліку, выступаў ініцыятарам арганізацыі Палескага запаведніка. Быў намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па справах паляўніцтва пры Саўнаркаме БССР. Працаваў членам рэдкалегіі часопіса “Паляўнічы Беларусі”, супрацоўнічаў з краязнаўчым часопісам “Наш край”. Аўтар першага ў савецкай Беларусі артыкула аб Белавежскай пушчы “Да лёсу белавежскага зубра: (некралог)”.

Fiadziushyn-2.jpg

З 1933 па 1972 г. Анатоль Уладзіміравіч працаваў загадчыкам кафедры заалогіі і дарвінізму ў Омскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 1938 г. стаў доктарам біялагічных навук. У 1948–1950 гг. з’яўляўся членам Усесаюзнага геаграфічнага таварыства, Усесаюзнага таварыства гельмінтолагаў пры АН СССР, з 1960 г. – членам Камісіі па ахове прыроды пры Сібірскім аддзяленні АН СССР. У 1961 г. узнагароджаны ордэнам Леніна.

Fiadziushyn-3.jpg

Аўтарству таленавітага вучонага належаць больш за 200 навуковых і навукова-папулярных прац па арніталогіі, заалогіі, пытаннях аховы і павялічэння рэсурсаў паляўнічай фаўны. Сярод іх “Кароткая інструкцыя да збірання і аховы заалагічных калекцый: (для краязнаўчых гурткоў, вясковых настаўнікаў, паляўнічых і іншых асоб, якія жадаюць прыняць удзел у збіранні матэрыялаў для Цэнтральнага музея мясцовай фаўны)” (1925), “О расселении домашнего воробья” (1925), “О современном распространении бобра (Сastor fiber, L.) в Белоруссии и некоторые данные к его биологии” (1926), “Справаздача аб экспедыцыі для вывучэння фаўны ўсходняй часткі БССР улетку 1925 г.” (1927), “Да біялогіі і распаўсюджанасці бабра (castor fiber) у БССР (1928), “Справаздача з фаўністычных даследаванняў на р. Прыпяці і воз. Князь улетку 1926 г.” (1928), “Аб працах нямецкіх арнітолагаў у акупаваных частках Заходняй Беларусі і Літвы ў перыяд 1915–1920 гг. і некаторыя крытычныя заўвагі да іх” (1930), “Птицы Белоруссии” (у суаўтарстве, 1967) і інш.

Fiadziushyn-5.jpg

Інфармацыю пра вучонага, звесткі аб яго працах можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі "Беларусь у асобах і падзеях", Нацыянальнай базе даных нарматыўных/аўтарытэтных запісаў, на сайце біялагічнага факультэта БДУ і ў іншых інфармацыйных рэсурсах.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Як трусік Пітэр і Джамайма Крак стварылі першы кніжны мерч

11 Чэр 2021

Пра любое новае захапленне часта хочацца крычаць на ўвесь свет. Зачапіла кніга? Куплю закладкі з цытатамі! Спадабалася музычная група? Хутчэй, трэба купіць футболку з яе лагатыпам! Уразіў новы фільм? Ну, вы зразумелі ход думкі. Чым бы мы ні захапляліся, напэўна ў свеце ўжо ёсць падыходзячы мерч – вопратка, аксесуары і іншыя рэчы з сімволікай. Лічыцца, што эпоха мерчу пачалася з дыснееўскай Беласнежкі і выпуску лялек з галоўнай гераіняй, гномамі і добрымі звярамі-сябрамі. Але мала хто ведае, што першы сапраўдны мерчандайз быў... кніжным. Хвіліначку ўвагі, спадары і спадарыні: сёння мы паглядзім, як трусік Пітэр і Беатрыс Потэр сталі піянерамі ў гэтай няпростай справе і што з гэтага выйшла.

Аўтарскі погляд

Віртуальная чытальная зала НББ для публічных бібліятэк Мінскай вобласці: інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў у сучасных умовах

10 Чэр 2021

Нацыянальная бібліятэка працягвае серыю мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням метадычнага забеспячэння работы публічных бібліятэк розных рэгіёнаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўнае папаўненне фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

9 Чэр 2021

Фонды бібліятэкі ўвесь час папаўняюцца, але найбольшую цікавасць і каштоўнасць уяўляюць кнігі і экспанаты, якія трапляюць у галоўнае кнігасховішча краіны з уласных палічак саміх аўтараў ці іх нашчадкаў. Сёння мы рады прадставіць вам такое выданне.

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Апублікаваныя відэаматэрыялы сімпозіума “Узаемадзеянне бібліятэк, выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў у Расіі і свеце – вопыт і перспектывы”

9 Чэр 2021

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных бібліятэк розных краін і спецыялісты выдавецкіх і кнігараспаспаўсюджвальных арганізацый.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111