ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Прававая інфармацыя: электронныя рэсурсы для карыстальнікаў нашай бібліятэкі
Хто выкраў РАЛЮС: маленькія госці бібліятэкі разблыталі дэтэктыўную гісторыю

З гісторыі найстарэйшай вышэйшай навучальнай установы Беларусі

З гісторыі найстарэйшай вышэйшай навучальнай установы Беларусі
Іншыя навіны

210 гадоў таму, 10 чэрвеня 1812 г., адбылося ўрачыстае адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі.

“Во уважение представляемого Нам желания Белорусского дворянства и пользы для наук от соревнований между несколькими училищами равной степени, признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных университетом”, – гэтыя словы з указа імператара Аляксандра I ад 12 студзеня 1812 г. сведчылі аб стварэнні першай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Полацкая езуіцкая акадэмія была створана ў выніку рэфармавання Полацкага езуіцкага калегіума, які заснаваў у 1580 г. П. Скарга. З гэтага моманту працэс падрыхтоўкі спецыялістаў, якія маюць веды ў розных галінах як прыродазнаўчых, так і гуманітарных навук, атрымаў новы імпульс для далейшага ўдасканалення і развіцця. Акадэмія надзялялася правамі галаўнога ўніверсітэта, ёй падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіі і школы ў Расійскай імперыі: Полацку, Пецярбургу, Віцебску, Оршы, Магілёве, Мсціславе, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве.

Кіраўніцтва акадэміяй ажыццяўлялася генералам ордэна езуітаў і рэктарам. Навучальны працэс кантраляваўся Міністэрствам асветы Расійскай імперыі. Пасля адкрыцця акадэміі яе ўзначаліў генерал ордэна езуітаў Т. Бжазоўскі. Першым рэктарам стаў А. Люстыг, з 1814 па 1817 г. кіруючыя функцыі выконваў А. Ландэс, з 1817 па 1820 г. – Р. Бжазоўскі. Сярод 39 выкладчыкаў акадэміі разам з запрошанымі вучонымі з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Польшчы былі ўраджэнцы беларускіх зямель: І. Цытовіч, В. Бучынскі, М. Гаўрылевіч, І. Залескі і інш.

З-за падзей Айчыннай вайны 1812 г. заняткі пачаліся толькі ў сакавіку 1813 г. і вяліся на трох факультэтах: тэалагічным, філасофскім і вольных навук, старажытных і сучасных моў. У 1815 г. была праведзена рэарганізацыя навучальнага працэсу, у выніку якой у акадэміі засталіся факультэт тэалогіі і факультэт філасофіі і моў. Фармальна навучанне было пазаканфесійным, нерэлігійным і бясплатным. Маламаёмасным навучэнцам давалі жыллё ў інтэрнаце.

Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзяржаўную службу. Акадэмія мела права прысуджаць ступені магістра свабодных мастацтваў і філасофіі, доктара багаслоўя, грамадзянскага і кананічнага права. Сярод вывучаемых прадметаў былі мовы (руская, французская, італьянская, польская, лацінская, грэцкая, сірыйская, іўрыт) і літаратура на гэтых мовах, а таксама логіка, метафізіка, дыялектыка, этыка, палітычная эканомія, геаметрыя, трыганаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія. Працавалі кабінеты натуральнай гісторыі, хімічныя, фізічныя, мінералагічныя, заалагічныя; тут была мастацкая галерэя і калекцыя архітэктурных мадэляў.

Пры акадэміі дзейнічала друкарня, адна з найбольш буйных з тых, што існавалі ў той час на тэрыторыі Беларусі. Выдаваліся падручнікі і слоўнікі, творы мастацкай літаратуры, навуковыя трактаты, календары, зборнікі. Большасць з іх друкавалася на латыні. Акрамя таго, выдаваўся друкаваны орган акадэміі – “Miesięcznik Połocki” (“Полацкі штомесячнік”). Ён стаў першым у Беларусі ілюстраваным літаратурна-навуковым часопісам. Яго заснавальнікам быў выкладчык акадэміі, доктар тэалогіі, прафесар філасофіі В. Бучынскі, галоўным рэдактарам – доктар філасофіі, прафесар фізікі Ю. Цытовіч.

Shtomiesiachnik.jpg

Акадэмія мела багатую бібліятэку, у якой да 1820 г. налічвалася каля 50 тыс. экзэмпляраў. Праца бібліятэкі па сваёй арганізацыі адпавядала ўяўленням таго часу аб парадку размяшчэння кніг, іх захоўванні і выкарыстанні. Славутасцю акадэміі стаў музей, дзе змяшчаліся калекцыі зброі, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гравюр, жывапісных палотнаў, а таксама геалагічныя і заалагічныя экспанаты, розныя механізмы і прыборы.

Парадак залічэння быў вызначаны Статутам акадэміі. Студэнтам мог стаць “юноша примерного поведения, имеющий необходимый запас знаний”, яго асноўны абавязак – добра вучыцца і пастаянна ўдасканальваць свой характар, каб “принести отечеству пользу, родственникам – отраду, а академии – честь”. За гады дзейнасці Полацкай езуіцкай акадэміі было падрыхтавана шмат высокаадукаваных спецыялістаў. Агульная колькасць студэнтаў за перыяд яе існавання склала 700 чалавек.

Сярод выпускнікоў – шэраг выдатных дзеячаў навукі і культуры: гісторык, этнограф, археолаг К. Тышкевіч, пісьменнік Я. Баршчэўскі, матэматык, філосаф, астраном Я. Накціяновіч, філосаф, псіхолаг, педагог А. Доўгірд, мастак В. Ваньковіч і інш. Акадэмію скончылі праваслаўны епіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко), які адкрыў у 1827 г. семінарыю ў Жыровічах; архіепіскап Полацкі і Віцебскі Васіль (Лужынскі); аўтар сачынення па гісторыі езуітаў у Беларусі Дж. Браўн; ураджэнец Оршы, заснавальнік каталіцкай школьнай сістэмы ў ЗША Ф. Дзеружынскі і інш.

Полацкая езуіцкая акадэмія праіснавала восем гадоў. 13 сакавіка 1820 г. яна была зачынена ў сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Расійскай імперыі. Некаторыя навучэнцы былі пераведзены ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Згодна з загадам імператара Мікалая I фонд бібліятэкі быў размеркаваны паміж Полацкім кадэцкім корпусам, Імператарскай публічнай бібліятэкай, беларускімі гімназіямі, універсітэцкімі бібліятэкамі Санкт-Пецярбурга і Масквы. У карпусах акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

Матэрыял аб Полацкай езуіцкай акадэміі прадстаўлены таксама ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Бібліяграфічныя звесткі аб выданнях акадэміі і публікацыі, прысвечаныя гісторыі гэтай навучальнай установы, можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі пашырае сферы супрацоўніцтва

2 Кас 2023

2 кастрычніка ў бібліятэцы адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адкрыты тэставы доступ да рэсурсаў на платформе CNKI

2 Кас 2023

З 2 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрыты тэставы доступ да электронных навуковых рэсурсаў на платформе China National Knowledge Infrastructure (CNKI), дзе прадстаўлена шырокая калекцыя навуковых часопісаў, электронных кніг, статыстычных штогоднікаў і іншых матэрыялаў на англійскай і кітайскай мовах.

Бібліятэка анлайн

Пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны абмеркавалі ў рамках II культурна-адукацыйнага форуму “Культура сталіцы – 2023”

2 Кас 2023

Форум праходзіць з 25 верасня па 8 кастрычніка ў Мінску і прымеркаваны да святкавання Дня работнікаў культуры, які адзначаецца ў Беларусі ў другую нядзелю кастрычніка.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам