ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Творчасць Георгія Марчука стала тэмай для дысертацыі
Паштовы раман Анарэ дэ Бальзака

Юбілей Алены Георгіеўны Лось

Юбілей Алены Георгіеўны Лось
Іншыя навіны

22 студзеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння вядомай беларускай мастачкі Алены Георгіеўны Лось, творчасць якой з’яўляецца яркай старонкай беларускай кніжнай графікі, вылучаецца выдатным спалучэннем  народных традыцый і аўтарскіх пластычных увасабленняў.

Я да гэтага часу ўдзячная лёсу за тое,
што з першых дзён свядомага жыцця
была сярод цудоўнай беларускай прыроды,
сярод простых людзей. Напэўна,
яны і абудзілі ўва мне мастака.
А. Лось

Алена Рыгораўна Лось нарадзілася 22 студзеня 1933 года ў Вільні (з 1939 г. – Вільнюс). Яе ранняе дзяцінства прайшло на Пружаншчыне сярод цудоўных і жывапісных краявідаў. Менавіта ў гэтую пару ў дзяўчынкі абудзілася цікавасць да малявання. Яе захапленню садзейнічала і тое, што бацька, паважаны на ўсё наваколле доктар, любіў у вольны час брацца за аловак і фарбы. Ён выпісваў французскі часопіс па мастацтве, і Алена ўважліва разглядала рэпрадукцыі вядомых карцін. Так, без спецыяльных заняткаў, бо ў школе нават не было настаўніка малявання, яна вучылася разумець мастацтва, адчуваць тонкасці і адметнасці гэтага майстэрства.

 У 1948 годзе Алена разам з маці і бабуляй пераехала з Беларусі на пастаяннае жыхарства ў Вільнюс. У 1955 годзе яна скончыла аддзяленне графікі і ілюстрацыі Дзяржаўнага мастацкага інстытута Літоўскай ССР. Дзякуючы таленавітым педагогам, а таксама асабістай стараннасці і нястомнасці ў студэнцкія гады, Алена атрымала неабходную прафесійную падрыхтоўку: валоданне навыкамі малюнку і кампазіцыі, прыёмамі работы з жывой натурай. Маладая мастачка марыла рэалізавацца як паспяховы ілюстратар і няспынна шукала ўласны стыль, тэму і тэхніку ў афармленні кніг. Падчас пошукаў свайго мастацкага “я” на творчы светапогляд Алены Лось значны ўплыў аказалі мастакі Таццяна Маўрына і Гары Якубені. Зносіны з імі ўзмацнілі яе жаданне шырока выкарыстоўваць у сваёй творчасці нацыянальныя традыцыі.

15_Los-A-i-Hary-Jakubieni.jpg

Глыбока зацікаўленая народным мастацтвам, А. Лось вывучала ўзоры беларускіх вышывак і ткацтва, іх арнаментыку. З мэтай узбагачэння творчага набытку яна разам з Гары Якубені, які стаў яе мужам, распачала паездкі па рэспубліцы. Першым месцам мэтанакіраваных вандровак стала Тураўшчына, а потым і ўсё Палессе, адкуль мастачка прывозіла ўзоры арнаментаў ручнікоў, сурвэтак, жаночых нацыянальных касцюмаў, фартухоў, абрусаў. Пазней яна адзначала: “Мне пашчасціла: я заспела ў маладосці жывое Палессе, дзе ўсюды адчуваўся подых старадаўняга побыту і мясцовых традыцый”. Убачанае А. Лось творча выкарыстоўвала ў сваіх работах. На працягу 1959–1963 гадоў сумесна з Г. Якубені яна аформіла казкі “Маша і мядзведзь”, “Пшанічны каласок”, кнігу В. Віткі “Дударык”.

3_Los-A-i-Jakubieni.jpg

У 1963 годзе мастачка ўступіла ў рады Беларускага саюза мастакоў. Увогуле 1960-я гады лічацца перыядам вялікіх поспехаў А. Лось у кніжнай ілюстрацыі. Яна нарэшце прыйшла да тэмы здаўна любімай ёю народнай казкі і пачала актыўна супрацоўнічаць з беларускімі выдавецтвамі  па афармленні як асобных казак, так і іх зборнікаў. Шырокаму колу чытачоў вядомы аформленыя мастачкай выданні беларускіх народных казак “З рога ўсяго многа”, “Залатая яблынька”, “Іван Світаннік”, “Разумная дачка”, “Два маразы”, а таксама кнігі для дзяцей “Вераб’ёвы госці” А. Якімовіча, “Скарб” З. Бядулі, “Кую-кую ножку” і “Азбукі” А. Дзеружынскага, “За ельнічкам, за бярэзнічкам” Л. Януковіча, “Ладачкі-ладкі” В. Віткі, “Савось-проказник” Я. Коласа, “Грыбок, грыбок, выстаў лабок” У. Ягоўдзіка і інш. Мастачка на працягу многіх гадоў супрацоўнічала з часопісам “Вясёлка”.

5-6_Los-A.jpg

7-14_Los-A.jpg

Ілюстрацыі А. Лось блізкія дзіцячаму ўспрыманню, даюць маленькім чытачам шырокае ўяўленне аб самым важным – краіне, сваіх каранях. У малюнках можна знайсці і архітэктурныя матывы, і шматлікія бытавыя дэталі, і прыгожыя краявіды, і цікавыя вобразныя характарыстыкі герояў. Ва ўсім адначасова адчуваецца казачнасць і жыццёвасць, імкненне да абагульнення, жаданне паказаць навакольнае асяроддзе светлым і радасным, данесці да кожнага сэрца любоў да роднай зямлі, традыцый народнай творчасці. За дзесяцігоддзі творчай дзейнасці А. Лось праілюстравала шэраг самых розных выданняў, адзначаных ганаровымі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

9-12_Los-A.jpg

Разам з аздабленнем дзіцячых кніг і часопісаў яна актыўна працавала ў галіне станковай графікі. Бліскуча валодаючы тэхнікай лінарыту, адаптавала яе да сваіх творчых задум. Сярод станковых твораў А. Лось – серыя “Ляўкі” на вершы Я. Купалы, цыкл малюнкаў “Казкі жыцця” да твораў Я. Коласа, серыі лістоў “Дзеці Белавежы”, “Песні заходніх славян”, “Партрэты беларускіх пісьменнікаў”, “Пад палескімі дубамі”, “Ружанскія паданні”, “Народныя беларускія калыханкі” і інш.

13_Los-A.jpg

11_Los-A.jpg

У апошнія гады жыцця мастачка з захапленнем працавала над нацюрмортамі.

8_Los-A.jpg
Кветкі для Веры

Алена Георгіеўна прымала ўдзел у звыш 50 міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх выстаўках кніжнай графікі, тэматычных выстаўках, прысвечаных ілюстрацыям дзіцячай кнігі. Творчасць майстра высока ацэненая дзяржавай і прафесійным супольніцтвам. Яна была ўзнагароджана медалямі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка” (1988), “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў (2000), Францыска Скарыны (2003). Творы мастачкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” (Брэсцкая вобласць), Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і мемарыяльным музеі А.С. Пушкіна ў Маскве, фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Беларускага саюза мастакоў, іншых музеях і галерэях.

10_Los-A.jpg
Музыка бяроз

Больш інфармацыі аб жыцці і творчай дзейнасці Алены Георгіеўны Лось можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

У Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць выстава “З казкай па жыцці, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Алены Лось.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам