ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Новыя матэрыялы пра Андрэя Александровіча
Беражыце каханне

Ён праслаўляў “палескі край туманны”: да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа

Ён праслаўляў “палескі край туманны”: да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа
Іншыя навіны

8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа (1921–1976), аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў, публіцыста і грамадскага дзеяча, лаўрэата многіх літаратурных прэмій, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Іван Мележ нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў самай глыбінцы беларускага Палесся, у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна. Адтуль, з народных глыбінь, увойдуць у літаратурную неўміручасць героі твораў пісьменніка: менавіта там ён вывучаў іх характары, рабіў абагульненні чалавечых рыс і асаблівасцей паводзін.

У школьныя гады Іван захоплена і многа маляваў, чытаў творы беларускай літаратуры і сусветнай класікі, спрабаваў пісаць вершы.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1938 г. юнак працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939-м паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М.Г. Чарнышэўскага і адразу ж быў прызваны ў армію. Служыў на Данбасе, у Карпатах, удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны І. Мележ на фронце. У чэрвені 1942 г. цяжка паранены ў баі пад Растовам.

melezh_2.jpg
І. Мележ на фронце. 1942 г.

Пасля лячэння адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане (Арэнбургская вобласць, Расія), дзе выкладаў ваенную падрыхтоўку і вучыўся завочна на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута. У 1943–1944 гг. працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), які ў той час знаходзіўся на падмаскоўнай станцыі Сходня. У 1944 г. І. Мележ прыехаў у Мінск. Праз год скончыў філалагічны факультэт БДУ, затым працягнуў адукацыю ў аспірантуры.

Іван Мележ пачаў сваю літаратурную дзейнасць з вершаў, апублікаваных у 1930-я гг. у рэспубліканскіх і раённых газетах. Свой франтавы дзённік ён лічыў першым празаічным творам, у якім апісаў жорсткія баі на Збручы, пад Уманню, на Дняпры. У 1943 г. яго апавяданне “Апошняя аперацыя” было апублікавана ў газеце “Бугурусланская праўда”, а ў 1944-м апавяданне “Сустрэча ў шпіталі” з’явілася на старонках газеты “Звязда”.

melezh_3.jpg
І. Мележ з жонкай Лідзіяй, дачкой Людмілай і бацькам. 1948 г.

Першым, хто ўбачыў у маладым аўтары задаткі таленту і благаславіў яго на літаратурную дзейнасць, быў Кузьма Чорны. Ён высока ацаніў раннія творы празаіка-пачаткоўца, асабліва апавяданне “У завіруху”, якое дало назву яго першаму зборніку (1946). У кнігу ўвайшлі апавяданні, прысвечаныя падзеям вайны.

У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг. Мележ працаваў над вялікім творам – раманам “Мінскі напрамак”, якi стаў у беларускай літаратуры адным з першых панарамных палотнаў, прысвечаных вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 г. У 1960–1970-я гг. раман быў перапрацаваны: стаў больш шматгранным і маштабным, багатым на сапраўдныя народныя персанажы, праз лёсы якіх паказаны гераізм і трагедыя вайны.

Талент Мележа з асаблівай сілай раскрыўся ў трылогіі “Палеская хроніка”. Гэта галоўны яго твор, расказ пра блізкі і дарагі пісьменніку родны край. Цыкл складаецца з раманаў “Людзі на балоце” (1961), “Подых навальніцы” (1964 –1965), “Завеі, снежань” (1976, незакончаны). У трылогіі Іван Мележ адлюстраваў падзеі 1920–1930-х гг. на Палессі, паказаў лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі. “Палеская хроніка” – сапраўдная нацыянальная эпапея, у якой з асаблівай сілай выявілася мастацкая і грамадзянская смеласць аўтара ў асэнсаванні складаных працэсаў калектывізацыі, эпічны размах і шырыня гістарычнага мыслення, майстэрства валодання мастацкай дэталлю. Вобразы Ганны, Васіля і іншых герояў сталі ўвасабленнем нацыянальнага характару. У 1972 г. першыя дзве часткі “Палескай хронікі” былі ўдастоены найвышэйшай савецкай літаратурнай узнагароды – Ленінскай прэміі.

Іван Мележ  – аўтар зборнікаў прозы “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек”, шэрагу драматургічных твораў. Публіцыстычныя артыкулы, нарысы і інтэрв’ю з пісьменнікам ўвайшлі ў кнігу “Жыццёвыя клопаты” (1975).

Акрамя літаратурнай творчасці, Іван Паўлавіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства “Беларусь – Францыя”, узначальваў Беларускі камітэт абароны міру, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967–1976). На працягу многіх гадоў працаваў сакратаром, а затым намеснікам старшыні праўлення рэспубліканскага Саюза пісьменнікаў.

Творы Івана Мележа перакладзены на многія мовы свету. За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры яму прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР (1972). Ён лаўрэат Літаратурнай прэміі  Якуба Коласа (1962), Ленінскай прэміі (1972), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976), узнагароджаны некалькімі ордэнамі і медалямі. Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны два дакументальныя фільмы “Іван Мележ” (1978, 1990). Па матывах эпапеі “Палеская хроніка” на кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам В. Туравым створаны мастацкія кінастужкі: “Людзі на балоце” (1981) і “Подых навальніцы” (1982).

Mieliezh-8.jpg
Афішы экранізацыі эпапеі І. Мележа “Палеская хроніка”

У 1980 г. Саюз пісьменнікаў БССР заснаваў Літаратурную прэмію імя І. Мележа. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Кобрыне, Хойніках, Лельчыцах. На доме па вул. Янкі Купалы ў Мінску, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Імя Івана Мележа носяць гімназія і бібліятэка ў Гомелі, драматычны тэатр у Мазыры. У 1983 г. у вёсцы Глінішча адкрыты мемарыяльны дом-музей і ўсталяваны бюст пісьменніка. У 2010 г. у гарадскім парку ў Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя, якая ўвекавечыла ў бронзе i гранiце герояў рамана “Людзi на балоце” (аўтар В. Кандраценка).

melezh_4.jpg
Скульптурная кампазіцыя ў Хойніках. Аўтар В. Кандраценка

100-гадовы юбілей І. Мележа – выдатная нагода для таго, каб перачытаць творы класіка беларускай літаратуры, больш падрабязна пазнаёміцца з жыццём і творчасцю пісьменніка-грамадзянiна. Зрабіць гэта можна, звярнуўшыся да электроннага каталога Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Напярэдадні юбілеяў І. Мележа і І. Шамякіна ў бібліятэцы адкрылася літаратурна-мастацкая выстава “Каб чалавек жыў як чалавек...”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам