ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
У бібліятэцы адбылася прэзентацыя выдання "Бренды Беларуси"
Лекцыя-канцэрт “Музыка нашага часу”

Выдатны майстар пейзажнага жывапісу

Выдатны майстар пейзажнага жывапісу
Іншыя навіны

14 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Віталя Канстанцінавіча Цвіркі (1913–1993), народнага мастака, творы якога з’яўляюцца каштоўным здабыткам еўрапейскага пейзажнага жывапісу.

Толькі сам-насам з прыродай можна адчуць яе сэрца.
В. Цвірка

2-Cvirka Vital.jpgНарадзіўся Віталь Канстанцінавіч Цвірка на Гомельшчыне, у вёсцы Радзеева Буда-Кашалёўскага раёна, у сям’і настаўнікаў. Вясковыя краявіды, сямейныя заняткі маляваннем, якія арганізоўваў бацька, шматлікія рэпрадукцыі вядомых карцін, багатая хатняя бібліятэка аказалі значны ўплыў на фарміраванне эстэтычных поглядаў будучага творцы, абудзілі вялікую цікавасць да прыгажосці беларускай прыроды і жаданне стаць мастаком.

Пасля пераезду сям’і ў Мінск Віталь вучыўся маляванню ў мастакоў М. Станюты і А. Тычыны. Цікава, што адным з першых сваіх настаўнікаў у мастацтве ён лічыў маладога суседа "дзядзю Кандрата" (К. Атраховіча), будучага знакамітага паэта Кандрата Крапіву. В. Цвірка ўспамінаў: “Кандрат Кандратавіч значна паглыбіў мае веды ў малюнку. Мала хто ведае, што ён валодаў талентам мастака”.

Пасля заканчэння школы юнак працягнуў адукацыю на жывапісным аддзяленні Віцебскага мастацкага тэхнікума (1929–1932), дзе дадзены прыродай мастацкі талент удасканальваўся пад кіраўніцтвам вядомых беларускіх творцаў І. Ахрэмчыка, Л. Лейтмана, У. Хрусталёва, В. Руцая і інш. Вярнуўшыся пасля вучобы ў Мінск, В. Цвірка выкладаў чарчэнне і малюнак у педагагічным вучылішчы і 25-й агульнаадукацыйнай школе. Адначасова ён актыўна займаўся творчасцю, удзельнічаў у мастацкіх выстаўках, дзе звярнуў на сябе ўвагу інтэнсіўнасцю і свежасцю каляровай гамы сваіх карцін.

Autapartret-Partret zonki.jpg
          Аўтапартрэт                                                                          Партрэт жонкі

Z zonkaj i dachkoj.jpg
З жонкай і дачкой

Жаданне паглыбіць мастацкую адукацыю прывяло В. Цвірку ў 1935 г. у Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава, дзе яму пашчасціла вучыцца ў знакамітых рускіх пейзажыстаў С. Герасімава, Г. Ражскага, Б. Іагансона, І. Грабара і інш. У гады Вялікай Айчыннай вайны інстытут быў эвакуіраваны ў Самарканд. Нягледзячы на  цяжкасці  ваеннага часу, студэнты працягвалі вучобу пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў. У Самаркандзе Віталь паспяхова абараніў сюжэтна-тэматычную дыпломную работу (1942), напісаў цыкл эцюдаў, якія перадаюць своеасаблівасць ўзбекскага пейзажу: “Самарканд”, “На осліку”, “Узбекскі матыў”, “Раніца ў кішлаку”, “Узбекскі дворык” і інш.

Uzbiekski dvoryk.jpg
Узбекскі дворык

За выдатныя творчыя поспехі малады выпускнік мастацкага інстытута ў 1944 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР.

У гэтым жа годзе В. Цвірка вярнуўся ў Мінск, дзе выканаў па заказе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны серыю пейзажаў, звязаных з ваеннымі падзеямі, а таксама партрэты герояў партызанскага руху.

N.L.Pravilshcykava-N.P.Skaromnik.jpg
                   Н.Л. Правільшчыкава                                                         Н.П. Скаромнік

Гэта праца стала сведчаннем сталасці яго майстэрства і шматбаковасці таленту. Мастаку аднолькава былі падуладны як жанравая разнастайнасць – пейзаж, нацюрморт, тэматычная карціна, партрэт, так і розныя тэхнікі выканання – алейны жывапіс, тэмпера, акварэль. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі В. Цвірка напісаў шэраг гістарычных і бытавых тэматычных карцін “Няскораныя”, “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач”, “Сельская настаўніца”, “Жыццё адраджаецца”; пейзажы “Сакавік”, “Сакавік. Халодны дзень”, “Каля млына”, “Паводка ў Мінску”, “Захад”, “Ваколіцы Мінска”, “Вячэрні матыў” і інш.

Paustannie rybakou na voziery Narach.jpg
Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач

Kalia mlyna. Poudzien.jpg
Каля млына. Поўдзень

Пейзаж заставаўся жанрам, у якім найпаўней раскрываліся лепшыя бакі таленту В. Цвіркі, і тэма беларускай прыроды паступова стала пераважаць у яго творчасці. Мастака прываблівалі і чыстая, некранутая чалавекам прырода, і прыкметы сучаснасці, якія змяняюць прывычны першародны ландшафт. Мноства непаўторных і ў той жа час лёгка спазнаваемых куткоў роднай зямлі адлюстраваны майстрам: бярозавы гай, бяскрайнія ўрадлівыя палі, лясныя просекі, маленькія вёсачкі ў талых снягах, спякотнае лета… Яго пейзажныя палотны склалі своеасаблівы выяўленчы эпас беларускай зямлі. “Лагойскі сказ”, “Лепельская сюіта”, “Родны край”, “Мая зямля”, “На возеры Свір”, “Прыпяць”, “Раніца на Дзвіне” – у гэтых творах мастак імкнуўся дакладна выявіць тыповыя прыкметы прыроды, у яркай жывапіснай форме ўвасобіць прыгажосць абшараў роднай зямлі, захаваць яе рамантычны вобраз.

Na voziery Svir.jpg
На возеры Свір

Prypiac.jpg
Прыпяць

Rodny kraj.jpg
Родны край

Lahojski skaz.jpg
Лагойскі сказ

Жывапісны стыль В. Цвіркі ўпэўнена фарміраваўся як стыль свабоднага, шырокага абагульнення, выяўлення галоўнага, маляўнічага, эмацыянальна шматзначнага. Вяршыні ў гэтым ён дасягнуў у творах 1967–1970-х гадоў, прысвечаных Панямонню: “Каложа. Царква ХІІ ст. у Гродне”, “На Нёмане”, “Ганча – зямля партызанская”, “На чырвонай гары”, “Вясна. Гракі прыляцелі”. У гэтым цыкле мастак стварыў асаблівы аўтарскі стыль, які лічыцца наватарскім падыходам да пейзажнага жывапісу апошняй чвэрці ХХ ст.  Ён уключае выдатную фармальную кампазіцыю, пабудаваную на колеравых кантрастах, надзвычай шырокую манеру пісьма, якая пазбягае ўсяго другаснага і нязначнага. Творы загучалі як сапраўдныя эпічныя паэмы, перакладзеныя на мову сучаснага беларускага жывапісу.

Hancha-ziamlia partyzanskaja.jpg
Ганча – зямля партызанская

Na chyrvonaj hary.jpg
На чырвонай гары

Viasna. Hraki pryliacieli.jpg
Вясна. Гракі прыляцелі

У жыцці Віталя Канстанцінавіча Цвіркі спалучаліся выключны талент, поспех і афіцыйнае прызнанне. Ён быў сакратаром, а пазней і старшынёй праўлення Саюза мастакоў БССР, рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), меў званні народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР за серыю пейзажаў “На зямлі беларускай”, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, залатым медалём ВДНГ СССР, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалём Францыска Скарыны.

Zimka.jpg
Зімка

Prypiac. Viasna.jpg
Прыпяць. Вясна

Спадчына мастака – пейзажы, нацюрморты, тэматычныя карціны, партрэты – вядома далёка за межамі Беларусі. Па меркаванні беларускага мастацтвазнаўца Б. Крэпака, “Вiталь Цвiрка… стварыў асаблівы, непаўторны нацыянальны вобраз беларускай зямлі, які не мае аналагаў у гісторыі нашага жывапісу, умацаваў думку, што прачытанне навакольнага свету таксама бязмежнае, як бязмежныя чалавечыя пачуцці і любоў да Бацькаўшчыны”.

Інфармацыю аб жыцці і творчасці мастака можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, бібліяграфічныя звесткі аб работах майстра і публікацыях аб ім – у электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У слайдары:

  1. Беларускі пейзаж
  2. Красавік. Калгасная вясна
  3. Нацюрморт з люстэркам

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам