ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
ХХІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з часу ўтварэння літаратурнага згуртавання “Узвышша”
Моўнае багацце і народныя залацінкі

Славуты беларускі этнограф

Славуты беларускі этнограф
Іншыя навіны

2021 год адметны 150-гадовым юбілеем Ісака Абрамавіча Сербава (1871‒1943), вядомага этнографа, фалькларыста, археолага, які вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусна-паэтычную і музычную творчасць беларускага народа.

Імя І.А. Сербава займае пачэснае месца ў гісторыі беларускай навукі. Вучоны вялікай эрудыцыі, ён пакінуў пасля сябе каштоўную навуковую спадчыну, сабраў багатыя калекцыі народнага адзення і мастацтва, першым з беларускіх этнографаў стварыў фотатэку.

Нарадзіўся Ісаак Сербаў 27 (па некаторых звестках – 25) мая 1871 г. у в. Кульшычы Слаўгарадскага раёна. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, Маскоўскі археалагічны інстытут. Працаваў сельскім настаўнікам, пазней выкладчыкам у навучальных установах Мінска і Гомеля. З цікавасцю прыглядаўся да жыцця і побыту простых людзей, да іх звычаяў, прыслухоўваўся да народных песень і казак.

І.А. Сербаў стаў адным з першых членаў Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, якое ў 1910 г. аднавіла сваю дзейнасць. У 1911–1912 гг. правёў шэраг экспедыцый на поўдзень Беларусі. Сабраныя матэрыялы і назіранні апублікаваў двюма часткамі ў выпусках выдання “Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества”, а таксама выдаў асобную працу “Поездки по Полесью 1911 и 1912 года” (1914). Гэта своеасаблівая справаздача даследчыка аб экспедыцыях, якая змяшчае асноўныя рысы побыту палешукоў-дрыгавічоў (звесткі аб здароўі, адзенні, сялянскім двары, хаце, мэблі, посудзе і інш.), адлюстроўвае багаты фальклорна-этнаграфічны матэрыял. У “Запісках …” была таксама надрукавана ў 1911 г. праца “Город Гомель: географическо-статистический очерк” (сумесна з Ф. Жудро і Дз. Даўгяла).

Serbau-1-2.jpg

У этнаграфічным нарысе “Белорусы-сакуны” (1915) вучоны зрабіў шырокі агляд палескіх дыялектаў, змясціў апісанні сялянскіх сядзіб, забудоў, адзення, абутку, гаспадарчых прылад, а таксама больш за 30 песень з нотамі (калядныя, веснавыя, велікодныя, валачобныя, траецкія, жніўныя, пазаабрадавыя), некалькі казак і паданняў.

Асабліва шырока разгарнулася навуковая і педагагічная дзейнасць І. Сербава пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ісак Абрамавіч працаваў у аддзелах народнай асветы Магілёўскай і Гомельскай губерняў, у Надзвычайнай камісіі па ліквідацыі непісьменнасці і іншых установах. У 1922 г. стаў правадзейным членам Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), з 1925 г. – сакратаром кафедры этнаграфіі. Быў членам Бібліяграфічнай камісіі Інбелкульта. Адначасова (з 1923 па 1927 г.) працаваў выкладчыкам і загадчыкам кафедры этнаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля стварэння Акадэміі навук БССР Ісаак Сербаў стаў навуковым сакратаром на кафедры этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі. У 1934 г. за навуковыя працы (без абароны дысертацыі) яму была прысуджана вучоная ступень кандыдата навук. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Тамбоў, працаваў выкладчыкам у педагагічным інстытуце. Памёр Ісак Абрамавіч 21 студзеня 1943 г.

Біяграфічныя звесткі пра вучонага можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Фактаграфічную інфармацыю ўтрымлівае таксама Нацыянальная база даных аўтарытэтных / нарматыўных запісаў.

Часам асаблівага творчага ўздыму былі для І.А. Сербава 1920–30-я гг. Адной з самых значных яго прац гэтага перыяду стала публікацыя “Вічынскія паляне” (1928). Найкаштоўнейшая частка кнігі – ілюстрацыйны матэрыял, фатаграфіі, зробленыя з натуры самім аўтарам даследавання.

Разам з вывучэннем матэрыяльнага і вытворчага быту вучоны даследаваў народнае мастацтва. Ён падрыхтаваў да друку ўнікальную, багата ілюстраваную ўласнымі малюнкамі і фотаздымкамі манаграфію “Беларускае народнае мастацтва”. Друкаванне першага тома было пачата перад вайной, аднак убачыў свет ён толькі ў 1951 г. У яго ўвайшлі ўзоры беларускага народнага ткацтва, дываноў, вышывання, вязання і набойкі. Другі том не выйшаў, таму што матэрыялы загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, як і іншыя запісы даследчыка.

Serbau-3-4.jpg

Актыўна займаўся І.А. Сербаў і археалагічнымі даследаваннямі: каля Новага Быхава, Мазыра, Мінска, у Дубровенскім раёне, у басейне ракі Ухлясці, у іншых мясцовасцях Беларусі.

Падчас этнаграфічных і археалагічных экспедыцый вучоны шырока прымяняў фатаграфаванне. Ён зрабіў каля 5 тыс. фотаздымкаў, а ў сваіх кнігах апублікаваў толькі 44 фота. Гэта каштоўны і цікавы іканаграфічны матэрыял. Адна з найбольш буйных калекцый захаваўшыхся фотаздымкаў І.А. Сербава знаходзіцца ў фондах бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. У 2012 г. выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” выпусціла грунтоўны альбом “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава, 1911–1912”.

Бібліяграфічная інфармацыя пра публікацыі І. Сербава і кнігі аб ім, якія ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адлюстравана ў электронным каталозе. У ЭІР “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі” можна дадаткова знайсці інфармацыю пра тыя выданні, якіх няма ў бібліятэках нашай краіны.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам