ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Віншуем з 85-гадовым юбілеем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніну Міхайлаўну Гардзеенка
Ура! Кніжны дождж прайшоў!

Самаму смешнаму і “калючаму” беларускаму часопісу – 80 гадоў!

Самаму смешнаму і “калючаму” беларускаму часопісу – 80 гадоў!
Іншыя навіны

У ліпені часопіс сатыры і гумару “Вожык” адзначыў сваё 80-годдзе.

Гісторыя часопіса пачынаецца са з’яўленнем у Гомелі ў суровым 1941 годзе выдання ў выглядзе газеты-плаката пад вострай назвай “Раздавім фашысцкую гадзіну!”. Тады ў прыфрантавым горадзе, які штодня бамбілі варожыя самалёты, на фабрыцы “Палесдрук” выйшаў першы нумар новага сатырычнага выдання.

Vozhyk-1.jpg
Першы шэраг: А. Бялевіч, А. Астапенка, Т. Гарбуноў, К. Чорны, М. Машара.
Другі шэраг: Кантроўскі, П. Кавалёў, С. Розум, Р. Руцкі.
Фота: Роднае слова, 2021, № 3, с. 15

Першы нумар рыхтаваўся ў рэдакцыі газеты “Звязда”. Да працы над ім былі запрошаны гомельскія мастакі Б. Звенігародскі, А. Шаўчэнка, В. Козак, а таксама таленавіты 17-гадовы мастак-самавук В. Букаты. Пазней да іх далучыліся масцітыя карыкатурысты А. Бажэнаў, Д. Красільнікаў, Г. Вальк і інш. Агітплакат выдаваўся і на перадавых пазіцыях, і ў тыле ворага (у Маскве), стаў самастойным выданнем. Выходзіў з рознай перыядычнасцю і рознымі накладамі, але таемнымі сцежкамі даходзіў амаль да кожнага партызанскага атрада, да акупіраваных гарадоў і пасёлкаў, дапамагаў змагацца з ворагам дасціпным з’едлівым словам, трапным малюнкам, усяляў веру і надзею ў доўгачаканую перамогу. Мастакі-карыкатурысты на старонках выдання стварылі сотні работ, якія сталі цудоўнымі ўзорамі спалучэння гнеўнай сатыры з гераічным пафасам барацьбы. Прыродны талент, упартая праца, любоў да Радзімы і нянавісць да ворага дапамаглі самаму маладому карыкатурысту В. Букатаму за кароткі тэрмін дасягнуць вялікіх поспехаў у мастацтве палітычнай сатыры. Многія карыкатуры ён падпісваў сваімі не менш таленавітымі і вострымі паэтычнымі радкамі. Аднак малады мастак рваўся на фронт граміць ворага. Пасля заканчэння школы падрыўнікоў быў накіраваны ў тыл праціўніка, дзе ў сакавіку 1944 года загінуў, выконваючы баявое заданне.

Практычна з першага і да апошняга дня вайны беларуская карыкатура ішла па гарачых слядах бітваў, часцяком апярэджваючы падзеі. Яшчэ да залпаў пераможнага салюту былі многія месяцы кровапралітных баёў, а ў графічных лістах ужо гучала радасць будучай Перамогі.

Vozhyk-2.jpg

Газета-плакат ваявала не толькі пэндзлем, але і пяром, вострым словам, народным гумарам. Апублікаваныя ў выданні вершы і песні спявалі воіны на франтах і народныя мсціўцы ў партызанскіх атрадах. Галоўным рэдактарам выдання з сакавіка 1943 года быў пісьменнік-сатырык, байкапісец Кандрат Крапіва. Баявы дух выданню дадаваў удзел у ім народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Максіма Танка, Пятра Глебкі, Пімена Панчанкі, Анатоля Астрэйкі, Максіма Лужаніна і многіх іншых беларускіх літаратараў. Усяго за гады вайны выйшла 142 выпускі гэтага ўнікальнага выдання, з пажаўцелымі старонкамі якога можна азнаёміцца, звярнуўшыся да электроннага рэсурсу Нацыянальнай бібліятэкі “Падпольны і партызанскі друк Беларусі”.

bel-Vozhyk.jpg

bel-Vozhyk-1.jpg

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, у пераможным 45-м ваенны агітплакат быў “дэмабілізаваны”, а на свет з’явіўся часопіс сатыры і гумару “Вожык”, першы нумар якога выйшаў у жніўні 1945 года.

Vozhyk-3.jpg
Вокладка першага нумара “Вожыка” (1945). Мастак Д. Красільнікаў

Своеасаблівае крэда часопіса было выкладзена ва ўступным артыкуле: “Я – «Вожык» першы – з’явіўся на свет з добрымі намерамі і вострымі іголкамі...”.

Vozhyk-4.jpg

На адной з ілюстрацый гэтай старонкі салдат Перамогі перадае зброю-аловак “Вожыку”, які і сёння смела крочыць, адлюстроўваючы жыццё і дзейнасць чалавека ў сатырычным ракурсе. Арыгінал малюнка (акварэль) захоўваецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, дзе ў сакавіку 2021 года разам з іншымі экспанатамі быў прадстаўлены ў рамках юбілейнай выставы, арганізаванай музеем і прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 80-годдзя “Вожыка”.

Vozhyk-5.jpg
Малюнак з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Мастак А. Волкаў

З 2009 па 2011 год “Вожык” выходзіў як альманах, а з 2012-га ён зноў выдаецца як часопіс сатыры і гумару. Сёння “Вожык” друкуе фельетоны, памфлеты, байкі, прытчы, вершы, апавяданні, інтэрмедыі, п’есы, сцэнкі, гумарэскі, мініяцюры, пародыі, эпіграмы, каламбуры, афарызмы, анекдоты, пераклады сатырычных і гумарыстычных твораў, а таксама карыкатуры, шаржы, малюнкі, плакаты.

На працягу 80 гадоў “Вожык” узначальвалі Міхась Чавускі (1941–1943; 1947–1955), Кандрат Крапіва (1943–1947), Павел Кавалёў (1955–1967), Уладзімір Корбан (1967–1971), Аляксандр Раманаў (1971–1987), Валянцін Блакіт (1987–2000), Міхась Пазнякоў (2000–2002), Алесь Пісьмянкоў (2002–2004), Уладзімір Саламаха (2004–2008), Юлія Зарэцкая (з 2009 г.). “Хросным бацькам” часопіса па праве лічыцца народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва.

Сёння сатырычны часопіс “Вожык” уваходзіць у склад выдавецкага дома “Звязда”, штомесяц выдаецца ў Мінску на беларускай мове і застаецца найстарэйшым і адзіным у краіне дзяржаўным выданнем у галіне сатыры і гумару. Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі, прайшло праз “Вожык”. У ім друкаваліся, без перабольшання, усе беларускія класікі. Часопіс аб’ядноўваў вакол сябе і таленавітых мастакоў, сярод якіх А. Волкаў, С. Раманаў, І. Ахрэмчык, В. Ціхановіч, Р. Грамыка, А. Чуркін, Я. Ганкін, Я. Бусел, В. Ждан, В. Шматаў, М. Гіргель, А. Каршакевіч, А. Карповіч і многія іншыя. Аўтарскі калектыў “Вожыка” ўключае не толькі прафесійных літаратараў і мастакоў, але і проста таленавітых і неабыякавых людзей розных прафесій з добрым пачуццём гумару з усёй Беларусі. За 80 гадоў існавання часопіс быў і стартавай пляцоўкай для пачаткоўцаў, і арэнай для прафесіяналаў.

Характэрна, што з 1957 года выдаецца серыя “Бібліятэка «Вожыка»”. Першай была кніга апавяданняў Якуба Коласа “Дзядзькаў сведка”. Сёння гэта ўжо цэлая бібліятэка гумарыстычнай літаратуры – каля 170 выданняў баек і вершаў, фельетонаў і жартаў, апавяданняў, п’ес і карыкатур нашых вядомых сатырыкаў і гумарыстаў, мастакоў-карыкатурыстаў, а таксама маладых беларускіх аўтараў. Прадстаўлены ў “Бібліятэцы «Вожыка»” і замежны гумар – пераклады з рускай, грузінскай, латышскай, малдаўскай, украінскай і многіх іншых моў. Больш падрабязна са спісам выданняў, якія выйшлі ў серыі “Бібліятэка «Вожыка»”, можна пазнаёміцца праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Цікавасць уяўляюць і два невялікія выданні твораў мастакоў “Вожыка”, якія выйшлі да 25-гадовага юбілею часопіса ў 1966 годзе: альбом “«Вожыку» 25 год” і каталог юбілейнай выставы мастакоў “Вожыка”.

Vozhyk-6.jpgДарэчы, варта заўважыць, што многія гумарыстычныя выданні на постсавецкай прасторы спынілі сваё існаванне. Беларускі “Вожык” працягвае заставацца ў страі. З’яўляюцца новыя цікавыя рубрыкі, актуальныя і сучасныя тэмы і нагоды, якія трапляюць у поле зроку пісьменнікаў-сатырыкаў і мастакоў-карыкатурыстаў. Такія рубрыкі часопіса, як “Сатырычнае рэтра”, “Пяром і пэндзлем”, “Актуальныя карыкатуры”, “Класікі смяюцца”, “Вясёлая пошта”, старонка для юных чытачоў “Калючык”, гавораць самі за сябе. Калекцыя ўсіх нумароў часопіса “Вожык” за 80 гадоў існавання даступная чытачам у Нацыянальнай бібліятэцы як у друкаваным, так і ў электронным выглядзе.

У адным з інтэрв’ю загадчык мастацкага аддзела “Вожыка” Аляксандр Каршакевіч адзначыў, што такой сатырычнай графікі, як у “Вожыку”, няма ні ў адным беларускім выданні: “Наш часопіс – гэта не проста зласлівасць або сатыра без аглядкі. Гэта хутчэй акцэнты, на якія трэба звярнуць увагу грамадству. Мы не проста высмейваем нейкую з’яву, а шукаем яе прычыну, аналізуем і спрабуем вывярнуць яе, падаць інфармацыю больш выпукла. Усё гэта разбаўлена гумарам, народнымі прыпеўкамі і нацыянальнымі традыцыямі. У выніку атрымліваецца такі прыгожы сімбіёз грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага”.

У юбілейны год Выдавецкі дом “Звязда”, рэдакцыя часопіса “Вожык” і Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі абвясцілі літаратурны конкурс, прысвечаны 80-годдзю адзінага дзяржаўнага выдання сатыры і гумару. Конкурс праводзіцца з 1 мая па 1 верасня 2021 года.

Так што ва ўладальнікаў пачуцця гумару, а таксама мастацкага і літаратурнага таленту яшчэ ёсць трохі часу, каб паспрабаваць свае сілы ў няпростым жанры. Бо кажуць, што рассмяшыць нашмат складаней, чым прымусіць заплакаць. Юбіляру – часопісу “Вожык” – гэта цудоўна ўдаецца на працягу дзесяцігоддзяў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам