ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Запрашаем на прэзентацыю новага электроннага рэсурсу
“Мультчытайка” паводле казкі “Малы і Карлсан, які жыве на даху”

Педагог, творца, заснавальнік беларускай кампазітарскай школы

Педагог, творца, заснавальнік беларускай кампазітарскай школы
Іншыя навіны

21 снежня спаўняецца 130 гадоў старэйшаму беларускаму кампазітару Мікалаю Аладаву. Чалавек шырокіх гуманітарных ведаў і творчых інтарэсаў, педагог і навуковец, ён пакінуў спадчыну, многія жанравыя і стылявыя асаблівасці якой вызначылі шлях развіцця нацыянальнай музыкі ХХ стагоддзя.

Мікалай Ільіч Аладаў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу 21 снежня 1890 г. у сям’і чыноўніка. У дзевяць гадоў хлопчык стаў вучыцца музыцы, а ўжо праз два гады пачаў спрабаваць свае сілы ў кампазіцыі. Вялікую ролю ў фарміраванні яго музычных густаў, схільнасцей, набыцці тэхнічных прафесійных навыкаў адыграў педагог – кампазітар і этнограф Якаў Васільевіч Прохараў. Дзякуючы заняткам з ім юнак здаў у 1910 г. экстэрнам экзамены за поўны курс кампазітарскага факультэта Пецярбургскай кансерваторыі. Скончыўшы навучанне, музыкант працаваў прыватным выкладчыкам музыкі, акампанаваў сольным і калектыўным выступленням, пасля падзей 1917 г. стаў настаўнікам у працоўнай школе Петраграда.

Aladau-1.jpg

Праз два гады малады кампазітар пераехаў у Казань, дзе жыў і працаваў чатыры гады. Спачатку – музычным інструктарам клуба Казанскага саюза кааператараў, потым – піяністам у тэатры мініяцюр, настаўнікам спеваў у дзіцячым доме. У 1922 г. М.І. Аладаў уладкаваўся выкладчыкам на этнаграфічны факультэт Усходняй кансерваторыі, дзе праводзіліся даследаванні чувашскіх і марыйскіх народных песень. Тут не толькі займаўся сачыненнем уласных твораў, але і навуковай працай па захаванні творчасці малых народаў Паволжа.

Дзякуючы поспехам у навуковай дзейнасці М. Аладаў быў запрошаны ў 1923 г. на працу ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут музычнай навукі. Тут ён стаў членам Беларускай песеннай камісіі, якой трэба было апрацаваць і прадставіць шырокай аўдыторыі лепшыя ўзоры беларускіх народных песень.

У 1924 г. М.І. Аладава запрасілі на выкладчыцкую працу ў Беларускі дзяржаўны музычны тэхнікум (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж імя М.І. Глінкі). З гэтай пары Беларусь стала для Мікалая Ільіча другім домам. Кампазітар увайшоў у гісторыю развіцця беларускай музычнай культуры як адзін з арганізатараў прафесійнай музычнай адукацыі ў БССР. У тэхнікуме ён выкладаў тэорыю музыкі, а пазней узначаліў вучэбную частку. З 1932 г. працягнуў педагагічную дзейнасць у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны М.І. Аладаў быў эвакуіраваны ў Саратаў, дзе працягнуў вучыць студэнтаў музыцы ў мясцовай кансерваторыі. Але нават суровыя ўмовы не змаглі спыніць натхненне майстра. Тут ён стварае драматычную сімфонію-баладу “У суровыя дні”, сімфанічную паэму “З дзённіка партызана”, розныя песні і рамансы. Пасля вяртання ў 1944 г. у вызваленую сталіцу, ён быў прызначаны дырэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, якой кіраваў да 1948 г.

За час педагагічнай дзейнасці Мікалай Ільіч выхаваў многіх вядомых музыкантаў. Яго вучнямі і слухачамі былі вядомыя кампазітары: А. Багатыроў, І. Кузняцоў, У. Алоўнікаў і інш.

Кампазітар сумяшчаў выкладанне ў кансерваторыі са шматграннай творчай дзейнасцю. Ён адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, камерна-інструментальнага, камерна-вакальнага, кантатнага, харавога жанраў беларускай музыкі. Выдатна ведаў беларускі фальклор, па-майстэрску апрацоўваў яго, надаючы новае гучанне (спецыялісты адзначаюць выкарыстанне народна-песенных інтанацый у тэматыцы фугі і іншых паліфанічных формаў). Своеасаблівым жанравым вырашэннем адрозніваецца опера “Тарас на Парнасе” (1927), напісаная па матывах беларускіх ананімных паэм “Тарас на Парнасе”, “Энеіда навыварат” і паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча “Гапон”.

Творчы шлях кампазітара доўжыўся больш за 60 гадоў. Для яго твораў характэрны сімфанічнасць мыслення, шырокае выкарыстанне сродкаў паліфаніі, праграмнасць, нацыянальная самабытнасць. Імкненне асэнсаваць і перадаць у музычных вобразах сучасную яму рэчаіснасць вызначыла галоўны вектар творчасці майстра. Напрыклад, опера “Андрэй Касценя” (1947), напісаная на лібрэта П. Глебкі, прысвечана тэме партызанскай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Напісаныя ім 10 сімфоній – своеасаблівая энцыклапедыя жыцця савецкага перыяду, дзе знайшлі мастацкае ўвасабленне вельмі значныя падзеі ў жыцці народа, рэчаіснасць у самых розных яе праявах. Музычныя вобразы дынамічныя, адрозніваюцца гарманічнай вастрынёй, тэмбравай маляўнічасцю. Кампазітар напісаў больш за 30 сімфанічных твораў: сюіты-фантазіі, сімфоніі, сюіты, уверцюры, паэмы, варыяцыі. З’яўляецца аўтарам опер, кантат, вакальных цыклаў на вершы беларускіх паэтаў.

Адначасова з творчай і педагагічнай дзейнасцю М.І. Аладаў вёў вялікую грамадскую працу. З 1932 г. быў членам Саюза кампазітараў БССР, з сярэдзіны 1930-х гг. – членам яго праўлення, а ў 1949–1950 гг. – старшыня праўлення. Кампазітар узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1970), ордэнам “Знак Пашаны” (1948) і медалямі. У 1955 г. яму было прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР. Імя М.І. Аладава носіць Мінская музычная школа № 2. На доме, дзе жыў кампазітар, усталявана мемарыяльная дошка. Адна з вуліц Мінска названа ў гонар М.І. Аладава і яго жонкі – мастацтвазнаўцы А.В. Аладавай. У 1981 г. быў зняты фільм “Старэйшына беларускай музыкі”.

Звесткі пра творы кампазітара і публікацыі аб ім можна знайсці ў электронным каталогу бібліятэкі, біяграфічныя матэрыялы – у анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях” і Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”

9 Кра 2021

19 красавіка ў 12.00 пройдзе вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вэбінар “Методыка і тэхналогія каталагізацыі дакументаў у рэгіянальных зводных электронных каталогах”

9 Кра 2021

15 красавіка з 10.00 да 11.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вэбінар для бібліятэк, падключаных да рэгіянальных зводных электронных каталогаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

РЗЭК бібліятэк Мінскай вобласці працягвае раскрываць фонды бібліятэчных устаноў рэгіёна

9 Кра 2021

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці далучыліся два новыя партнёры – Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўла Пранузы і Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Рэсурс папоўніўся на 87 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў гэтых бібліятэчных установах.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111