ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Серыя вэбінараў па каталагізацыі дакументаў у РЗЭК бібліятэк Беларусі
Шчаслівы дар

Пачынальнік навуковага мастацтвазнаўства ў Беларусі

Пачынальнік навуковага мастацтвазнаўства ў Беларусі
Іншыя навіны

13 кастрычніка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна (1896‒1940) – таленавітага гісторыка, тэарэтыка і крытыка мастацтва, культуролага, педагога, стваральніка навуковай базы нацыянальнага мастацтвазнаўства.

Scakacichin-6.jpg

М.М. Шчакаціхін нарадзіўся ў інтэлігентнай сям’і, якая мела цесныя сувязі з тагачаснай артыстычнай элітай – музыкантамі, кампазітарамі, літаратарамі. Гэта спрыяла выхаванню ў хлопчыка інтарэсу і павагі да культуры і мастацтва. Ён ведаў некалькі еўрапейскіх моў, пісаў вершы. У 1914 г. пасля заканчэння з залатым медалём маскоўскай прыватнай гімназіі А.Е. Флёрава Мікалай Шчакаціхін паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага маскоўскага ўніверсітэта, вучыўся на аддзяленні тэорыі і гісторыі мастацтва, дзе сярод выкладчыкаў быў шэраг вядомых вучоных. У 1918 г. асобным выданнем выйшла першая самастойная мастацтвазнаўчая праца маладога даследчыка, прысвечаная швейцарскаму графіку і жывапісцу Ф. Валатону.

Scakacichin-1.jpg

Пасля заканчэння ўніверсітэта М.М. Шчакаціхін непрацяглы час працаваў у музеях Масквы, Арла, Харкава. Калі маладой беларускай рэспубліцы спатрэбіліся навуковыя кадры, у 1921 г. ён пераехаў у Мінск, быў прыняты на пасаду асістэнта кафедры гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пазней стаў дацэнтам. Хутка авалодаў беларускай мовай і праз некаторы час чытаў на ёй лекцыі. Мікалай Мікалаевіч пачаў сістэматычнае даследаванне беларускай мастацкай культуры. Распрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, яго перыядызацыю, асноўныя кірункі развіцця, падрыхтаваў грунтоўны курс лекцый. У 1925 г. узначаліў камісію па выяўленчым мастацтве ў Інстытуце беларускай культуры, у 1926 г. стаў членам-супрацоўнікам камісіі па гісторыі мастацтваў і стыль-рэдактарам выдавецкага аддзела, у 1927 г. – навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні мастацтва Беларусі. На працягу 1929–1930 гг. з’яўляўся старшынёй камісіі гісторыі мастацтваў Беларускай акадэміі навук.

Вучоны праводзіў даследаванні па пытаннях тэорыі і практыкі розных галін беларускага мастацтва, здзяйсняў экспедыцыі, вывучаў архіўныя матэрыялы, выступаў у друку. Яго навуковыя інтарэсы былі вельмі шырокія – старабеларускі іканапіс, царкоўныя фрэскі, гравюра, старажытная сакральная і абарончая архітэктура, нумізматыка, сфрагістыка, слуцкія паясы, творчасць мастакоў І. Ахрэмчыка, М. Філіповіча, В. Волкава, А. Грубэ і інш. Увёў ва ўжытак паняцці “беларускае Адраджэнне”, “беларуская готыка”, “беларускае барока”. З’яўляецца адным са стваральнікаў музейных збораў у Беларусі.

Сярод вядомых прац М.М. Шчакаціхіна – “Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра”, Васіль Вашчанка – магілёўскі гравёр канца XVI – пачатку XVIII сталецця, “Матэрыялы да гісторыі беларускага малярства XVIII ст. ”, “Наша сучаснае мастацтва і нацыянальны стыль” (усе 1925 г.), “Сучаснае мастацтва Беларусі” (1926), Беларуская архітэктура ў ХІ–ХІІ ст., Беларускае мастацтва ў гістарычнай і археалагічнай літаратуры (1927), Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII–XVIII сталеццяў у Мінску (1928), “Новы Менск” (1930) і інш. Вучоны таксама стварыў шэраг фундаментальных прац, прысвечаных Францыску Скарыне і яго выданням. Вынікі сваіх даследаванняў ён задумаў абагульніць у грунтоўным шматтомным выданні Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва, але выйшаў толькі першы том (1928), які змяшчаў навуковы агляд мастацтва Беларусі ад старажытнасці да царкоўна-абарончых храмаў XVI ст.

Scakacichin-2-3.jpg

У 1930 г. М.М. Шчакаціхін быў беспадстаўна абвінавачаны, арыштаваны і высланы ў г. Белябей Башкірскай АССР. Працаваў на розных пасадах, працягваў займацца даследчыцкай дзейнасцю: напісаў некалькі артыкулаў (не апублікаваны), накіраваў у Эрмітаж рукапіс працы “Очерк истории литовской монеты XVI–XVII столетий” (ч. 1, 1932–1937). Цяжка хворы на сухоты М.М. Шчакаціхін памёр у ссылцы 5 красавіка 1940 г., пасмяротна рэабілітаваны 30 студзеня 1956 г. На доме па вуліцы Валадарскага, 24 у Мінску, дзе жыў вядомы мастацтвазнавец, усталявана мемарыяльная дошка.

Scakacichin-4-5.jpg

Навуковая дзейнасць даследчыка мастацкай спадчыны Беларусі Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна стала асновай для далейшага развіцця айчыннага мастацтвазнаўства. Абапіраючыся на працы вучонага, наступныя пакаленні даследчыкаў працягвалі паглыбленае вывучэнне закранутых ім праблем. Гэта спрыяла высвятленню шматлікіх пытанняў, удасканаліла створаную М.М. Шчакаціхіным аб’ектыўную карціну развіцця беларускага мастацтва.

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна, яго працах можна знайсці ў электронным каталозе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі Беларусь у асобах і падзеях.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам