ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Нацыянальны праект “Максім Багдановіч”
Казачна цікава прайшоў навагодні ранішнік у бібліятэцы!

Нястомная спадарожніца Янкі Купалы

Нястомная спадарожніца Янкі Купалы
Іншыя навіны

25 снежня – 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч (1891–1960), педагога, літаратуразнаўца, заснавальніцы дашкольнай лінгвадыдактыкі ў Беларусі, жонкі Янкі Купалы.

Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (дзявочае прозвішча Станкевіч) пакінула значны след на ніве народнай асветы і культуры, была вернай музай Янкі Купалы, змагла захаваць памяць пра паэта для нашчадкаў.

Нарадзілася яна ў в. Вішнева Ашмянскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці). Бацька – Франц Станкевіч – беларус, працаваў лесніком, маці – Эмілія Манэ – францужанка, настаўнічала, выкладала французскую мову. У 1906 г. Уладзіслава скончыла экстэрнам Вішнеўскую гімназію, у 1908 г. – двухгадовыя педагагічныя курсы ў Варшаве. Там пазнаёмілася з прагрэсіўнымі дзеячамі Польшчы і Беларусі. На фарміраванне поглядаў У. Луцэвіч уплывалі цесныя сувязі з пісьменнікамі: ЦёткайЯдвігіным Ш., З. Бядулем, С. Палуянам і інш., якія жылі ў Вільні. Там жа ў 1908 г. у рэдакцыі “Нашай нівы” паэт-валожынец Стары Улас (Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі) пазнаёміў яе з Я. Купалам.

Гэта сустрэча стала паваротным момантам у іх жыцці. Яны сустракаліся на розных літаратурных вечарынах, разам наведвалі тэатры, кнігарні. Паэт прысвяціў ёй тры вершы: “Ўспомні!..”, “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея…”, “Мусіць, трэба было”. Праз восем гадоў пасля знаёмства пара павянчалася.

Lucevich-U-1.jpg

Трыццаць чатыры гады (пачынаючы з 1908 г.) Уладзіслава Францаўна прысвяціла педагагічнай дзейнасці: працавала ў дзіцячых прытулках і ачагах (адзін з асноўных тыпаў дашкольных устаноў у 1920–1930 гг. на Беларусі) Вільні, Масквы, Мінска, у Палацы піянераў, метадыстам у Народным камісарыяце асветы. З 1919 па 1925 г. займала пасаду дашкольнага інспектара Наркамасветы БССР. Прымала актыўны ўдзел у стварэнні дзіцячых дамоў і прытулкаў для сірот і эвакуіраваных дзяцей, адкрыцці дзіцячых садоў і ясляў.

Lucevich-U-2.jpg

Многа сіл аддавала справе выдання кніг для дзяцей Беларусі. З 1921 г. друкавала цікавыя матэрыялы для юных чытачоў у першым беларускім дзіцячым часопісе “Зоркі”. Пры садзейнічанні Я. Купалы выйшлі з друку казкі ў яе апрацоўцы “Як жабы абараняліся ад бусла” (1928), “Пых” і “Як пеўнік казу прагнаў” (1934). У 1928 г. у суаўтарстве выдала “Дашкольны сьпеўнік”, у 1939 г. склала і апрацавала зборнік “Народныя дзіцячыя песенькі”, у 1940 г. – “Зборнік вершаў для дашкольных устаноў” і кніжку “Для маленькіх”. Дынамічныя, музычныя і выразныя вершы У. Луцэвіч “Кую, кую ножку”, “Ой, бяда”, “Верабей”, “Бусел”, “Апсік, апсік, каточак”, “Ягорачка”, “Певунок”, “Жабка”, “Сарока” і інш. давалі магчымасць маленькім чытачам адчуць усю чароўнасць мастацкага слова, прыгажосць вобраза і багацце роднай беларускай мовы.

Lucevich-U-3.jpg

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Я. Купала і У. Луцэвіч апынуліся ў Маскве. У першыя ваенныя дні згарэлі дом паэта ў Мінску, дача ў Ляўках пад Оршай і ўвесь духоўны скарб, нажыты за многія гады: вялікая асабістая бібліятэка, рукапісы, фатаграфіі і іншыя каштоўныя матэрыялы. У 1942 г. народнага паэта не стала. Гэта было вялікім горам і цяжкай стратай для Уладзіславы Францаўны.

Усё сваё жыццё яна прысвяціла ўшанаванню памяці мужа. Удава паэта – адна са складальнікаў зборнікаў матэрыялаў пра яго жыццё і творчасць: “Янка Купала” (1952, з В.Т. Тарасавым), “Бібліяграфія твораў Янкі Купалы” (ч. 1, 1955, з Н.Г. Кудраўцавай), “Янка Купала ў беларускім мастацтве” (1958), “Любімы паэт беларускага народа” (1960), аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я. Купалу, З. Бядулю, Цётку, Я. Райніса.

Уладзіславу Францаўну Луцэвіч прызначылі адказным сакратаром Камісіі па ўвекавечанні памяці Янкі Купалы пры Акадэміі навук БССР (1943–1944), потым – дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (1944–1960). Яна была ініцыятарам музеефікацыі Вязынкі, Ляўкоў. Шмат часу, сіл і энергіі аддала збору экспанатаў, успамінаў паэта, выданню яго твораў, пабудове асобнага музейнага купалаўскага комплексу ў цэнтры беларускай сталіцы.

У стварэнні музея ёй дапамагалі Алеся Іванаўна Александровіч, супрацоўнікі В.П. Таўлай, Суднік і інш. На просьбу У. Луцэвіч дапамагчы ў зборы матэрыялаў ахвотна адгукнуліся пісьменнікі з розных куткоў Савецкага Саюза. Ёй удалося сабраць і захаваць самае дарагое – рукапісы Я. Купалы. Так, напрыклад, у рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літоўскай ССР яна адшукала рукапісны зборнік паэта “Шляхам жыцця”. Дзверы новага музея, пабудаванага на месцы, дзе ў 1927–1941 гг. жыў Я. Купала, расчыніліся ў маі 1960 г. Уладзіслава Францаўна не дажыла да гэтай падзеі ўсяго два месяцы.

Lucevich-U-4.jpg

Музей Янкі Купалы стаў помнікам не толькі паэту, але і ёй самой, яе самаахвярнай працы. Матэрыялы, звязаныя з яе жыццём і дзейнасцю, захоўваюцца ў складзе розных калекцый: “Луцэвіч Уладзіслава Францаўна” (уключае асабістыя рэчы, дакументы, рукапісы, эпісталярную спадчыну і кнігі); “Фатаграфіі Янкі Купалы” (у тым ліку сумесныя фотапартрэты Янкі Купалы і Уладзіславы Францаўны); “Фотаздымкі У. Луцэвіч і розных асоб”.

У.Ф. Луцэвіч увайшла ў гісторыю нашай краіны не толькі як жонка і паплечніца Я. Купалы, але і як актыўны грамадскі дзеяч, таленавітая выхавальніца дзяцей. Яна была ўзнагароджана двума ордэнамі “Знак Пашаны”, медалямі, граматамі, у 1959 г. ёй было нададзена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”. Паэты прысвячалі У. Луцэвіч вершы (Т. Масэнка “Беларускай маці”; А. Юшчанка “Душа і песня”; У. Корбан “Сяброўскі шарж”), кампазітары – музыку (М. Чуркін, раманс “Ты прыйдзі”). Яна натхняла мастакоў і скульптараў (М. Савіцкі “Віленскія сустрэчы”; П. Сергіевіч “Янка Купала і У. Ф. Луцэвіч”, “Партрэт У. Ф. Луцэвіч”, “Партрэт У. Ф. Станкевіч”; З. Азгур “У. Ф. Луцэвіч”; С. Гумілеўскі “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея, вольная птушка сумнай зямлі”).

Інфармацыю аб Уладзіславе Францаўне Луцэвіч можна знайсці ў электронных інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: электронным каталогу, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”; на сайце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У музеі з 4 лістапада 2021 г. па 25 студзеня 2022 г. працуе выстава “Stankiewičanka”, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння У.Ф. Луцэвіч.

Глядзіце і чытайце таксама:

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам