ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прыняла ўдзел у святкаванні 1 Мая
Выдадзены зборнік ХIX Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

Натхнёныя крылы таленту

Натхнёныя крылы таленту
Іншыя навіны

2 мая спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Канстанцінавіча Паршына (1943–2021), вядомага беларускага мастака і таленавітага педагога.

Пётр Паршын нарадзіўся 2 мая 1943 года ў Чэлябінску. У гэтым горадзе ён скончыў сярэднюю школу і быў прызваны ў армію. У 1965 годзе паступіў у Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе вучыўся ў вядомых майстроў беларускага выяўленчага мастацтва І.В. Ахрэмчыка, Н.М. Воранава, Х.М. Ліфшыца, В.А. Грамыкі. У 1972 годзе пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі П.С. Крахалёва завяршыў сваё навучанне, абараніўшы дыпломную работу “Буярысты”.

Пасля заканчэння інстытута малады мастак застаўся ў Мінску, і з гэтага часу яго жыццё і творчасць былі назаўжды звязаны з Беларуссю. Ён адразу ўліўся ў культурнае жыццё рэспублікі: актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках, выконваў аўтарскія праекты мастацкага афармлення выставачных экспазіцый шэрагу культурна-асветніцкіх і адукацыйных устаноў краіны. Пазней Пётр Паршын уключыўся ў працэс папулярызацыі беларускага мастацтва за мяжой. Яго работы экспанаваліся на шматлікіх міжнародных выстаўках у Германіі, Польшчы, Літве, Францыі, Швецыі і інш. краінах. У сукупнасці за ўсё сваё творчае жыццё майстар стаў удзельнікам 60 мастацкіх выставак рознага ўзроўню, дзве з якіх – персанальныя.

Творчы дыяпазон мастака разнастайны: будучы паслядоўнікам рэалістычнага мастацтва, ён плённа працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, тэматычнай карціны, нацюрморта. Створаныя карціны адрознівае высокая кампазіцыйная якасць, бездакорная культура жывапіснага рашэння, глыбокае разуменне сутнасці жывапісу. Крыніцай натхнення сталі прыгажосць беларускага краю, яго людзі і прырода.

Biezymiannyja-vysoty-Liepielshchyny.JPG
Безыменныя вышыні Лепельшчыны. 1981. Палатно, алей

Mauklivaja-razmova-z-viechnasciu.jpg
Маўклівая размова з вечнасцю. 2005. Палатно, алей

Амаль цэнтральнае месца ў творчасці мастака займае пейзаж. Ствараючы работы гэтага жанру, ён вырашаў розныя пластычныя задачы: ад карцін манументальна-эпічных, складаных па кампазіцыйнай пабудове (“Маўклівая размова з вечнасцю”, “Безыменныя вышыні Лепельшчыны”, “Пасля навальніцы”, “Спадчына”, “Сенакос”, “Родныя прасторы” і інш.) да лірычных (“Блакітныя каралі вясны”, “Накцюрн”, “Восень у Вязынцы”, “Палеская вёска”, “Вясна на Свіслачы” і інш.) і камерных (“Пачатак вясны”, “Ружовы дзень”, “Пейзаж з конікамі” і інш.). Шчырасць светаадчування, паэтычнасць успрымання, назіральнасць, абвостранае пачуццё прыгажосці – асаблівасці таленту Паршына-пейзажыста. Усе карціны гэтага жанру прасякнуты любоўю да беларускай зямлі, сагрэты душой мастака, якая тонка адчувае розныя станы прыроды.

Blakitnyja-karali-viasny.jpg
Блакітныя каралі вясны. 2008. Палатно, алей

Na-vadapoi.JPG
На вадапоі. 2005. Палатно, алей

У тэматычных карцінах (“Буярысты”, “Кінаперасоўка ў вёсцы”, “Паданне аб Святым возеры”, “Пад мірным небам”, “Раніца”, “Нядзеля ў Раўбічах”, “Юнацтва Ясеніна”, “Восеньскі шпацыр” і інш.) ярка праяўляецца філасофскі склад розуму аўтара, здольнасць перадаваць адчуванні пераканаўча, дакладна і таленавіта.

Kinastuzka-u-vioscy.JPG
Кінаперасоўка ў вёсцы. 1980. Палатно, алей

Padannie-ab-sviatym-voziery.jpg
Паданне аб Cвятым возеры. 2013. Палатно, алей

Нацюрморты адрозніваюцца разнастайнасцю тэм і прадметнага зместу: кветкі, дары прыроды, прадметы хатняга ўжытку (“Гарадскія кветкі”, “Нацюрморт з бэзам”, “Грыбы”, “У майстэрні мастака”, “Нацюрморт з рыбамі”, “Мастакам, якія не вярнуліся з вайны” і інш.). Гэты жанр з’яўляўся для П.К. Паршына своеасаблівай лабараторыяй. Па яго ўласным меркаванні, нацюрморт – гэта “свайго роду асялок для адточвання майстэрства”.

Naciurmort-z-bezam.JPG
Нацюрморт з бэзам. 2007. Палатно, алей

Naciurmort-z-rybami.JPG
Нацюрморт з рыбамі. 1999. Палатно, алей

Створаны мастаком і шэраг партрэтаў, у якіх ён тонка перадае духоўны свет натуры, кожны раз знаходзячы новыя жывапісна-пластычныя рашэнні. Героі партрэтнага жывапісу – пераважна людзі, з якімі аўтар быў добра знаёмы: яго родныя і сябры, студэнты і педагогі (“Партрэт Марыны”, “Наталі”, “Зачараваная восенню”, “Тэнісістка”, “Партрэт Вальжыны” і інш.).


Зачараваная восенню. 2008. Палатно, алей

Partret-Maryny.JPG
Партрэт Марыны. 2008. Палатно, алей

Работы мастака ўспрымаюцца як частка гісторыі выяўленчага мастацтва рэспублікі. Многія з іх знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, галерэях Мінска, прыватных калекцыях у Беларусі і замежных краінах.

Талент жывапісца ў спалучэнні з вялікім практычным вопытам дазволілі П.К. Паршыну стаць выдатным педагогам. Спачатку ён выкладаў у Мінскай дзіцячай мастацкай школе № 1, пазней – на кафедры эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Як педагог Пётр Канстанцінавіч па-майстэрску выяўляў у вучнях творчы пачатак, умеў даносіць свой вопыт, ствараць атмасферу для фармавання сапраўднай творчай асобы. Ён выхаваў дзясяткі таленавітых творцаў, якія рэалізавалі сябе ў самых розных галінах мастацтва.

На працягу сваёй педагагічнай дзейнасці П.К. Паршын неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі, дыпломамі і падзякамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Мінгарвыканкама, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. За актыўны ўдзел у развіцці маладзёжнага экалагічнага руху “Зямля – наш дом” адзначаны Падзякай Нацыянальнай акадэміі навук. З'яўляецца аўтарам шэрагу вучэбна-метадычных комплексаў і навучальных праграм па выкладанні дысцыплін эстэтычнага цыкла.

Імкненне да ўдасканалення, настойлівасць, актыўнасць – гэтыя рысы характару Пятра Канстанцінавіча Паршына знайшлі яркае праяўленне ў яго шматграннай дзейнасці. Ён быў адкрыты сусвету, умеў шанаваць жыццё і слухаць сваё сэрца.

Дадатковую інфармацыю аб жыцці і дзейнасці мастака можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях” і электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У слайдары:

  1. Аўтапартрэт. 1973. Палатно, алей.
  2. Вясна ў вёсцы. 1981. Палатно, алей.
  3. Сакавік. Сонейка. 1983. Палатно, алей.
  4. Накцюрн. 2004. Палатно, алей
  5. Цёплы вечар. 2011. Палатно, алей.
  6. Раніца Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. 2012. Палатно, алей.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам