ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Беларусы замежжа наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі
Сакрэты багатага ўраджаю

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік адзначае юбілей

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік адзначае юбілей
Іншыя навіны

5 красавіка спаўняецца 50 гадоў Купалаўскаму мемарыяльнаму запаведніку “Вязынка” – помніку, створанаму ў 1972 г. беларускім народам свайму песняру.

На тэрыторыі Беларусі шмат мясцін, звязаных з імем народнага паэта Янкі Купалы. Найбольш вядомая з іх – Вязынка. Гэта невялікая вёска, размешчаная непадалёку ад Мінска. Сюды, у фальварак Валенція Замбжыцкага, былога суддзі Мінскага губернскага суда, вясной 1881 г. прыехала сям’я Луцэвічаў. Бацькі паэта ўзялі ў арэнду толькі частку маёнтка, якая ўяўляла сабой традыцыйную дваранскую сядзібу. Менавіта тут 7 ліпеня 1882 г., якраз на свята Купалле, нарадзіўся будучы творца. Дзякуючы гэтаму супадзенню ён узяў сабе псеўданім Янка Купала.

У 1946 г. на доме, дзе Іван Дамінікавіч Луцэвіч з’явіўся на свет, была ўсталявана мемарыяльная дошка, а 20 чэрвеня 1948 г. тут пачаў дзейнічаць філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы “Вязынка”. У 1972 г. да 90-гадовага юбілею з дня нараджэння народнага паэта ўрад Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні ў Вязынцы літаратурна-мемарыяльнага запаведніка. Аўтарамі праекта сталі беларускія архітэктары С. Мусiнскi, А. Каджар і А. Канаваленка. Яны пастараліся захаваць натуральны ландшафт Вязынкi з яе архітэктурнай планіроўкай, дрэвамі і вадаёмам. У вырашэнні гэтай задачы ў значнай ступені дапамаглі ўспаміны мясцовых жыхароў, а таксама вывучэнне архіўных матэрыялаў, газет і часопісаў. Былі праведзены рэстаўрацыйныя работы ў доме паэта, рэканструяваны стары сад, некалькі пабудоў (рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх).

Сёння Купалаўскі мемарыяльны запаведнік займае амаль 22 га. Ён уключае вёску Вязынка і навакольныя мясціны. На яго тэрыторыі растуць старажытныя дубы – маўклівыя сведкі даўніх падзей, а таксама дрэвы, пасаджаныя беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння песняра.

Ад чысцюткай крынічкі бярэ пачатак рэчка Вязынка, якая, верагодна, і дала назву вёсцы. Захапленне наведвальнікаў выклікаюць маляўнічае рукатворнае возера, старажытнае гарадзішча II–IV стст. н.э, камяні-валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, лясістыя і ўзгорыстыя ваколіцы.

kup_zap_1.jpg

Цэнтральнае месца ў запаведніку займае сядзіба з хатай, у якой нарадзіўся Янка Купала. Галоўная мэта экспазіцыі, якая складаецца з мемарыяльнай і гісторыка-літаратурнай частак, – паказ жыцця і творчасці першага народнага песняра Беларусі ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, асвятленне яго ролі ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры.

Kup-zap-4.jpg

Такім чынам, Купалаўскі мемарыяльны запаведнік уяўляе складаную сістэму музейных аб’ектаў і ахоўных тэрыторый, аб’яднаных паміж сабой гістарычна і тэматычна. Музеефікацыя адбываецца на некалькіх узроўнях: у замкнёнай традыцыйнай прасторы пабудоў і ў прасторы натуральнага ландшафту.

Kup-zap-8.jpg

Купалаўскі запаведнік з’яўляецца пазнавальнай і маляўнічай турыстычнай славутасцю, прыносіць падарожнікам мноства станоўчых эмоцый. Цяпер на яго тэрыторыі да дня нараджэння пісьменніка праводзяцца рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, злёты студэнтаў-філолагаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”, каляндарныя народныя святы. Дзясяткі тысяч турыстаў пабывалі ў гэтых мясцінах – вытоках паэтычнага таленту Янкі Купалы. Чакае запаведнік наведвальнікаў і сёлета, у юбілейны год з часу нараджэння славутага земляка.

Kup-zap-9.jpg

Аб значнасці для сусветнай культуры помніка, створанага беларускім народам свайму песняру, сведчыць уключэнне Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка, звесткі аб літаратуры па тэме – у электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Гл. таксама віртуальны праект “Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам