21 лістапада – 95 гадоў з часу адкрыцця Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск, 1926).
Дзень 21 лістапада 1926 г. назаўсёды ўвайшоў у гісторыю культурнага жыцця краіны: у Віцебску на базе выпускнога курса Беларускай драматычнай студыі пры Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры быў адкрыты Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2). Выпускнікі студыі А. Ільінскі, Ц. Сяргейчык, П. Малчанаў, М. Міцкевіч, Я. Глебаўская, А. Радзялоўская, С. Станюта і інш. сталі першым калектывам тэатра і пакінулі пасля сябе незабыўны след. Тэатр адкрыўся спектаклем «У мінулы час» І. Бэна. Асновай рэпертуару ў пачатку існавання сталі спектаклі «Цар Максімільян» (паводле аднайменнай народнай драмы ў апрацоўцы А. Рэмізава і М. Міцкевіча), «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, «Апраметная» В. Шашалевіча, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Л. Жулаўскага, «Астап» А. Глобы і інш. Асаблівая ўвага артыстаў надавалася развіццю дасканалай сцэнічнай тэхнікі, імправізацыі, валоданню голасам, пластыкай цела.
Трупа тэатра. 1928 год
У 1944 г. тэатру было прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа. У рэпертуар нязменна ўключаліся спектаклі паводле твораў класіка : «Навальніца будзе» паводле трылогіі «На ростанях» (1958, рэжысёр Ю. Шчарбакоў), «Сымон-музыка» (1976, рэжысёр В. Мазынскі; 2018, рэжысёр М. Краснабаеў), «На дарозе жыцця» (1982, рэжысёр В. Мазынскі), «Зямля» (2001, рэжысёр В. Баркоўскі).
У розныя гады тэатр узначальвалі мастацкія кіраўнікі С. Хачатураў, С. Розанаў, М. Міцкевіч, В. Дарвішаў, В. Аксёнаў, Н. Лойтар, П. Малчанаў, Ф. Шмакаў, Б. Эрын, В. Маслюк, В. Баркоўскі, Р. Таліпаў, В. Анісенка, М. Краснабаеў, А. Старых. Значны ўклад у творчае жыццё тэатра ўнеслі галоўныя рэжысёры А. Скібнеўскі, Ю. Шчарбакоў, Б. Браганцаў, В. Мазынскі, В. Баркоўскі, Ю. Лізянгевіч і інш., галоўныя мастакі А. Марыкс, Я. Нікалаеў, А. Салаўёў, С. Макаранка, У. Матросаў, П. Анашчанка. Тэатр заўжды славіўся акцёрскай школай. На змену старэйшым майстрам сцэны прыходзілі новыя таленавітыя акцёры: М. Звездачотаў, Г. Маркіна, Е. Мацісава, А. Трус, Ф. Шмакаў, А. Шэлег, Л. Трушко, У. Куляшоў, М. Краснабаеў, Т. Скварцова, З. Гурбо, і інш., якія годна працягвалі і развівалі нацыянальныя традыцыі коласаўцаў. Сёння мастацтва тэатра ўзбагачаюць народныя артысты Беларусі С. Акружная і Т. Кокштыс, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Г. Букаціна, В. Грушоў, Т. Ліхачова, Г. Лойка, Р. Шацько і інш.
Адной з лепшых традыцый, закладзенай яшчэ ў 1920–1930-я гг., стала плённае супрацоўніцтва тэатра з беларускімі пісьменнікамі. На сцэне ставіліся п’есы і празаічныя творы М. Матукоўскага, А. Макаёнка, І. Шамякіна, А. Дударава, К. Чорнага, В. Вольскага, А. Адамовіча. Вышэйшым дасягненнем у мастацкім асэнсаванні айчыннай класікі сталі спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я. Купалы, «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я. Коласа. З сярэдзіны 1930-х гг. калектыў пачаў шырока звяртацца да рускай і еўрапейскай класікі. Твор «Беспасажніца» з’явіўся першым увасабленнем драматургіі А. Астроўскага на беларускай сцэне. Мастацкім дасягненнем сталі пастаноўкі «Здані» Г. Ібсена, «Гамлет» У. Шэкспіра, «Улада цемры» Л. Талстога, «Клоп» У. Маякоўскага.
У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр працаваў у казахстанскім горадзе Уральску, затым у Арэхаве-Зуеве Маскоўскай вобласці. Ставіліся надзённыя п’есы – «Рускія людзі» К. Сіманава, «Фронт» А. Карнейчука, «Нашэсце» Л. Лявонава, «Проба агнём» К. Крапівы. Акцёры выступалі ў вайсковых шпіталях, стварылі франтавую брыгаду. У пасляваенны час тэатр знаходзіўся на вялікім творчым уздыме. Сярод найбольш яскравых работ – «Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка (1953), «Андрэй Лабанаў» Д. Граніна (1955), «Бітва ў дарозе» Г. Нікалаевай (1959), «Іркуцкая гісторыя» А. Арбузава (1960). У пачатку 1990-х гг. коласаўцы звярталіся да класічнай і сучаснай абсурдысцкай драматургіі («ЧП-1» і «ЧП-2» паводле гогалеўскага «Рэвізора», «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Шчаслівае здарэнне» С. Мрожака). Пошукі новага аблічча тэатра працягваліся і ў 1993–1997 гг. У гэты перыяд былі пастаўлены спектаклі «Цырк Шардам» паводле Д. Хармса і «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча (рэжысёр А. Грышкевіч), «Непаразуменне» А. Камю, «Дзядзька Ваня» А. Чэхава (рэжысёр Ю. Лізянгевіч), «Кароль Лір» У. Шэкспіра (рэжысёр В. Маслюк). Віцебск становіцца сапраўды тэатральным горадам: адраджаецца традыцыя правядзення акцёрскіх бенефісаў, тэатральных марафонаў, тэатр пачынае выпускаць уласную газету «Раёк» (выходзіла ў 1993–1996 гг.).
У канцы 1990-х гг. пастаноўкам сталі ўласцівы адкрыты постмадэрнізм, засяроджанасць на псіхааналізе («Пісьменныя» М. Чокэ, Гран-пры фестывалю сучаснай нямецкай драматургіі ў Мінску, «Дадому» А. Паповай, «Прывітанне, Альберт!» Ю. Сохара). У 2000-х гг. кірунак рэпертуарнай палітыкі тэатра кардынальна змяніўся. Галоўным прадметам аналізу на коласаўскай сцэне стала сучасная п’еса. Сведчанне таму – спектаклі ў пастаноўцы В. Анісенкі: «Песні ваўка» В. Паніна, «Ліфт» Ю. Чарняўскай, «Што баліць?» Л. Агулянскага, «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці П. Санаева, «Белы анёл з чорнымі крыламі» Дз. Балыка. Ладзяцца спектаклі запрошаных рэжысёраў А. Марчанкі («Гэта ўсё яна» А. Іванова, «Леанарда?» Э. Флізара), Т. Навумавай («IN-side-OUT» па п’есе Э. Уолша), А. Дольнікава («Я вольны!» паводле Амелі Натомб).
Тэатр неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных тэатральных фестывалях: V Міжнародным фестывалі «Руская камедыя» са спектаклем «Жарты» (Растоў-на-Доне, 2012); X Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянец» са спектаклем «Ліфт» (узнагароджаны дыпломам «За актуальнае раскрыццё вострых сацыяльных праблем, Масква, 2013); міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых форм «АrtOкраина» са спектаклем «Гэта ўсё яна» па п’есе А. Іванова (перамога ў намінацыі «Лепшы спектакль», Санкт-Пецярбург, 2016) і інш. Тэатр – уладальнік Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, за спектакль «Несцерка» В. Вольскага), Дзяржаўнай прэміі БССР (1968, за спектакль «Шостае ліпеня» М. Шатрова; 1986, за спектакль «Вечар» А. Дударава). Трупа пабывала з гастролямі ў Польшчы, Францыі, Італіі, ЗША.
У 1977 г. тэатру нададзены ганаровы статус акадэмічнага, у 2001 г. – нацыянальнага. У 1976 г. ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Інфармацыю аб славутым тэатры можна знайсці ў электронным каталогу НББ, анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях», на сайце Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.