ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Запрашаем на відэапрэзентацыю выставы “З кніг Уладзіміра Караткевіча”
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча: пяць фактаў пра фільм “Дзікае паляванне караля Стаха”

Быў. Ёсць. Буду.

Быў. Ёсць. Буду.
Іншыя навіны

26 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча (1930–1984), адной з найбольш яркіх і самабытных постацей беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст.

karatkevichstar_1.jpg

Лёс даў яму кароткае жыццё – усяго няпоўныя 54 гады, але і пры такіх акалічнасцях здолеў з бляскам сцвердзіць сябе ў паэзіі і мастацкай прозе, публіцыстыцы і крытыцы, дзіцячай літаратуры і перакладчыцкай справе, драматургіі для тэатра, оперы і кіно.

У.С. Караткевіч нарадзіўся ў Оршы ў інтэлігентнай сям’і, духоўная атмасфера якой спрыяла развіццю будучага пісьменніка. Бацька, Сямён Цімафеевіч, працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці, Надзея Васільеўна, скончыла магілёўскую Марыінскую гімназію, некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, добра ведала сусветную літаратуру.

karatkevichstar_2.jpg

Бацькі У.С. Караткевіча. 1915 г.

Але асабліва вялікі ўплыў на будучага пісьменніка аказаў дзед па лініі маці, Васіль Юліянавіч Грынкевіч, які даслужыўся да губернскага скарбніка. Дзякуючы яму, чалавеку бязмежнай энергіі і рызыкі, велізарнай фізічнай і духоўнай сілы, які ведаў мноства беларускіх народных легенд і паданняў, Уладзімір Сямёнавіч палюбіў беларускую гісторыю і прыроду, а апавяданні дзеда сталі крыніцай сюжэтаў для многіх яго твораў.

karatkevichstar_3.jpg

У цэнтры дзед У.С. Караткевіча. 1928 г.

У дзяцінстве У. Караткевіч праяўляў талент у розных сферах: добра маляваў, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, іграў на музычных інструментах. Як і сотням тысяч аднагодкаў, яму давялося перажыць жахі вайны: масіраваныя бамбардзіроўкі Оршы, няўдалую спробу эвакуацыі, цяжкае партызанскае жыццё, інтэрнат на Урале, беспаспяховыя ўцёкі на фронт.

У пасляваенныя гады ён, школьнік з Оршы, апублікаваў некалькі сваіх вершаў на старонках школьнага рукапіснага часопіса “Званочак”. Любоў да літаратуры прывяла юнака ў Кіеўскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Студэнцкія гады (1949–1954) сталі для У. Караткевіча часам пошуку і станаўлення яго як творчай асобы. Пасля заканчэння ўніверсітэта некаторы час працаваў настаўнікам у сельскай школе пад Кіевам, а з 1956 па 1958 год – у Оршы.

Першыя два вершы У. Караткевіча былі надрукаваны ў 1951 годзе ў Аршанскай раённай газеце “Ленінскі прызыў” (№ 90, с. 3) – першае на беларускай мове называлася “Якубу Коласу” і другое на рускай мове “Тут будет канал”. У ліпені 1955 года ў часопісе “Полымя” быў апублікаваны верш “Машэка”, прысвечаны герою беларускіх легенд. Па словах самога пісьменніка, гэта падзея стала паваротнай, ён канчаткова звярнуў сваю ўвагу на літаратурную творчасць, у якой значнае месца займалі творы на гістарычныя тэмы. Восенню 1955 года Караткевіч прыняў удзел у рэспубліканскай нарадзе маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе яго вершы атрымалі высокую адзнаку. Першы зборнік вершаў “Душа маці”, выдадзены ў 1958 годзе, сведчыў пра тое, што ў літаратуру прыйшоў самабытны талент са сваімі сюжэтамі, вобразамі, своеасаблівым бачаннем свету.

У 1958–1962 гадах У. Караткевіч працягнуў адукацыю ў Маскве: спачатку на Вышэйшых літаратурных курсах, а затым у Інстытуце кінематаграфіі на сцэнарных курсах. Маскоўскі перыяд жыцця быў для пісьменніка плённым. Тут ён напісаў сваю другую кнігу вершаў “Вячэрнія ветразі” (1960). Паэзія заўсёды спадарожнічала таленту У. Караткевіча, жыла ў ім нават тады, калі ён пісаў празаічныя творы. Сабраныя разам неапублікаваныя вершы склалі пасмяротны зборнік “Быў. Ёсць. Буду.” (1986). Гэта паэтычнае завяшчанне наступнаму пакаленню, створанае рукой майстра, поўнае мудрых жыццёвых высноў.

Шырокае прызнанне як у Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла У. Караткевічу яго проза. Як сталы пісьменнік з адметным лірыка-рамантычным талентам, ён раскрыўся ў першым празаічным зборніку “Блакіт і золата дня” (1961). Гістарычныя сюжэты кніг “Цыганскі кароль” і “Сівая легенда”, па якіх ён стварыў лібрэта да оперы Д. Смольскага, паказалі, што Уладзімір Сямёнавіч не толькі ведае мінулае свайго народа, але і ўмее яго ўзнавіць у яркіх мастацкіх вобразах. Яшчэ ў Маскве быў задуманы першы раман “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да Зямлі”, апублікаваны ў часопісе “Полымя” (1962). Раман меў выразныя рысы сацыяльна-філасофскай, інтэлектуальнай і сацыяльна-псіхалагічнай прозы.

Асаблівае месца ў творчасці У. Караткевіча займаюць трагічныя падзеі паўстання 1863 года і асоба Кастуся Каліноўскага, якім прысвечаны адзін з галоўных твораў у творчасці пісьменніка – гістарычны раман “Каласы пад сярпом тваім” (1965), трагедыя “Кастусь Каліноўскі” (1963), некаторыя іншыя творы. Безумоўным поспехам пісьменніка з’яўляецца стварэнне такога глыбокага і змястоўнага філасофска-гістарычнага твора, як раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966; аднайменны фільм, 1967). Да гісторыі нашай краіны У. Караткевіч звяртаецца і ў аповесцях “Ладдзя роспачы”, “Сівая легенда”, “Цыганскі кароль”, п’есах “Званы Віцебска”, “Маці ўрагану”.

Асаблівыя сімпатыі пісьменніка да жанру гістарычнага дэтэктыва. Сведчаннем творчых пошукаў У. Караткевіча з’яўляюцца такія гісторыка-прыгодніцкія творы, як аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” (1964; аднайменны фільм, 1979) і раман “Чорны замак Альшанскі” (1979–1980; аднайменны фільм 1984). Створаныя па правілах рамантычнай і прыгодніцкай літаратуры, яны сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры, а сам У. Караткевіч па праву лічыцца пачынальнікам гісторыка-дэтэктыўнага жанру.

Уладзімір Караткевіч не толькі вывучаў гісторыю беларускага народа, але актыўна знаёміўся з яго сучасным жыццём, стараўся пабачыць усё новыя і новыя месцы, часта бываў у беларускіх гарадах і вёсках. Практычна кожная паездка была асновай літаратурнага твора. Знаёмства з запіснымі кніжкамі У. Караткевіча “У дарозе і дома” (апублікаваны ў першых трох нумарах “Полымя” ў 1989 г.) дазваляе лепш зразумець, чаму з’явіліся “Казкі бурштынавай краіны”, “Цыганская краіна”, “Мсціслаў”, “Зямля пад белымі крыламі” (1977) – “візітная картка Беларусі”.

Непаўторна раскрыўся талент У. Караткевіча ў публіцыстыцы, літаратурнай крытыцы і мастацкіх перакладах, якія сталі часткай яго творчага самавыяўлення. Яшчэ ў 1950-я гады ён пераклаў на беларускую мову некаторыя творы Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, М. Карыма, Р. Гамзатава і інш. У сваю чаргу найбольш папулярныя творы самога Караткевіча таксама перакладзены на многія мовы свету.

karatkevich-s.jpg

Апошнія выданні У. Караткевіча

Захапляе таксама багатая графічная спадчына майстра мастацкага слова У. Караткевіча – яго малюнкі, сярод якіх ілюстрацыі да ўласных твораў, віды старажытных замкаў і замалёўкі гістарычных персанажаў, а таксама аўташаржы і сяброўскія шаржы, сатырычныя і гумарыстычныя малюнкі. Некаторыя з іх увайшлі ў кнігу “Свет вачыма Караткевіча” (2006). Ім прысвечаны васямнаццаты том 25-цітомнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), выданне якога завяршаецца ў 2020 годзе. Гэта самы поўны збор з навуковымі каментарыямі, у які ўвойдуць не толькі вядомыя творы пісьменніка, але і тэксты, якія ніколі не друкаваліся пры жыцці Караткевіча. Тры тамы прысвечаны сцэнарыям мастацкіх і дакументальных фільмаў, напісаным Уладзімірам Караткевічам. Два тамы адведзены для перапіскі пісьменніка з Уладзімірам Калеснікам, Васілём Быкавым, Максімам Танкам. Два тамы зойме публіцыстыка. Значнае месца ў зборы адведзена дзённікам Караткевіча, урыўкам з запісных кніжак. Дадаткам да кніг будуць кампакт-дыскі з песнямі Уладзіміра Сямёнавіча ў аўтарскім выкананні, выступленнямі на радыё, тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, а таксама электроннай бібліятэкай твораў. Варта адзначыць, што нечаканыя знаходкі ў архівах, звязаныя з імем Уладзіміра Сямёнавіча, здараюцца і па сённяшні дзень...

Sharzhy-1.jpg

Sharzhy-2.jpg

Sharzhy-3.jpg

П’есы Уладзіміра Караткевіча ставіліся ў шматлікіх беларускіх тэатрах. Па матывах яго твораў Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы і балета пастаўлены дзве оперы: “Сівая легенда” кампазітара Дз. Смольскага і “Дзікае паляванне караля Стаха” кампазітара У. Солтана. Апошняя стала сапраўднай сенсацыяй у тэатральным жыцці краіны, і ўжо больш за дваццаць гадоў з нязменным поспехам ідзе на сцэне беларускага Вялікага тэатра. Гледачы і слухачы, быццам зачараваныя, трапляюць у свет вобразаў гістарычнага дэтэктыва і ў саму музыку дзікага палявання – адну з самых моцных і яркіх тэм оперы.

Акрамя таго, па творах Уладзіміра Караткевіча зняты мастацкія фільмы, створаны тэле- і радыёпраграмы, дакументальны фільм “Быў. Ёсць. Буду”, некалькі відэа. Апублікаваны шэраг манаграфій, прысвечаных творчасці пісьменніка.

У Оршы, на радзіме Уладзіміра Караткевіча, створаны музей.

karatkevichstar_5.jpg

Помнік У. Караткевічу ў Оршы. Скульптар І. Голубеў

У 1980 годзе У. Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, з'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя. І. Мележа (1983; за раман «Нельга забыць») і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя. Якуба Коласа (1984; за раман «Чорны замак Альшанскі»). Яго імем названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам і прэмія выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Скульптурныя помнікі У. Караткевічу ўстаноўлены ў Оршы, Віцебску і Кіеве перад будынкам амбасады Рэспублікі Беларусь ва Украіне.

karatkevichstar_6.jpg

Помнік В. Караткевічу ў Кіеве. Аўтары: беларускія скульптары К. Селіханаў і О. Варвашэня, архітэктар А. Корбут

karatkevich-dpks.jpg

У 2010 г. на чатырох мовах: беларускай, рускай, украінскай і англійскай – была выдадзена аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, сумесны праект Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага фонду культуры, прымеркаваны да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча. У прадмове да выдання Анатоль Бутэвіч напісаў:

Butevich-biel.jpg

Уявіць сабе Беларусь без У. Караткевіча, бязмежна ўлюбёнага ў сваю Радзіму, проста немагчыма.

Скарыстаемся ж юбілейнай датай і ў чарговы раз адправімся ў займальнае падарожжа ў свет загадкавых і таямнічых вобразаў, гістарычных падзей і містыкі разам з вялікім майстрам слова Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам. Творы пісьменніка, мноства кніг пра яго, уключаючы гуказапісы, выяўленчыя матэрыялы, а таксама навуковыя дысертацыі можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, біяграфічныя матэрыялы – у анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Адкрыць для сябе мастака У. Караткевіча можна, наведаўшы выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы “Княства вобразаў і слоў”, арганізаваную сумесна з Беларускім саюзам мастакоў. Цікавая экспазіцыя “З кніг Уладзіміра Караткевіча” прадстаўлена ў музеі кнігі бібліятэкі.

Калі сёння, у дзень нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча, не атрымаецца паглыбіцца ў чытанне адной з кніг юбіляра, то па лабірынтах творчасці, кахання, спакус, нечаканых таямніц, звязаных з асобай Караткевіча, гледачоў правядуць артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама ансамбль “Музычная арка”. Трансляцыя святочнага спектакля “Наш Караткевіч” будзе даступна для прагляду бясплатна ў любой кропцы Беларусі і свету.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам