ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Формавідзец, вобразапісец, музыкасловец: новы віртуальны рэсурс
У Дубаі адбылося адкрыццё Бібліятэкі Мухамеда бен Рашыда

Апошнія мірныя дні далёкага 41-га…

Апошнія мірныя дні далёкага 41-га…
Іншыя навіны

21 чэрвеня 1941 года – апошні мірны дзень напярэдадні адной з самых крывавых і жорсткіх войнаў ХХ стагоддзя, калі з першымі бомбамі, якія ўпалі на нашы гарады і вёскі, у мільёнаў людзей раптоўна былі перакрэслены планы, надзеі, мары.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захавалася не так шмат перыядычных выданняў перадваеннага перыяду, і, у прыватнасці, нумароў за мірныя чэрвеньскія дні. Сярод іх цэнтральныя газеты “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, абласныя “Віцебскі рабочы”, “Голас Палесся”, “Бальшавік Палесся”, чэрвеньскія нумары часопісаў “Полымя рэвалюцыі”, “Работніца і калгасніца Беларусі”. Іх мы і пагартаем, каб даведацца з публікацый гэтых выданняў, чым жыла Беларусь і яе сталіца ў апошнія мірныя дні 1941 года.

З матэрыялаў перыёдыкі вынікае, што нягледзячы на надыходзячыя грозныя прыкметы непазбежнасці вайны задоўга да яе пачатку, рэспубліка жыла мірным стваральным жыццём: добраўпарадкоўваліся гарады і вёскі, развіваліся прамысловасць і сельская гаспадарка. Чэрвень 41-га быў насычаны важнымі падзеямі рознага ўзроўню і маштабу: пачыналася ўступная кампанія ў ВНУ; БДУ рыхтаваўся святкаваць сваё 20-годдзе; планавалася ўрачыстае адкрыццё толькі што створанага Камсамольскага возера ў Мінску, правядзенне фізкультурных парадаў… Публікуемыя аб'явы і афішы сведчылі пра багатае культурнае жыццё, асабліва ў сталіцы.

На фатаграфіях у газетах мы бачым спакойныя радасныя твары, мірнае жыццё. І хоць у кожнай газеце друкаваліся зводкі аб ваенных падзеях на англа-германскім фронце, у Паўночнай і Усходняй Афрыцы, Азіі, здавалася б, нішто не прадвяшчала, што зусім хутка ў жыццё нашай краіны ўварвецца вайна, бязлітасна зменіць і зламае лёсы мільёнаў людзей. Нехта загіне пад першымі бомбамі, нехта паспее эвакуіравацца, нехта пойдзе на перадавую, а нехта на 3 гады апынецца ў акупацыі. Але напярэдадні ўсе жылі надзённымі бытавымі праблемамі, працавалі, хадзілі ў тэатры, на канцэрты, глядзелі кіно, адпачывалі на прыродзе, вучыліся і ўлюбляліся…

У Мінску на пачатку 1941 г. насельніцтва складала амаль 300 тыс. чалавек, працавалі 142 дзяржаўных прамысловых прадпрыемствы: харчовай, швейнай, гарбарнай прамысловасці, два буйных, заснаваных яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі, станкабудаўнічых заводы, уведзены ў эксплуатацыю ў 1940 г. мінскі радыёзавод – “гонар рэспублікі”. Па магутнасці і тэхнічным абсталяванні планавалася зрабіць радыёзавод другім у СССР і адным з найбуйнейшых у Еўропе. У планах гарадскіх уладаў на наступныя 5–10 гадоў было павелічэнне тэрыторыі сталіцы ў паўтара разы, пашырэнне і добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц і магістралей, адкрыццё 14-ці прадпрыемстваў, у тым ліку гадзіннікавага завода, ЦЭЦ, фабрыкі электрапрыбораў.

Найбуйнейшай навуковай установай з’яўлялася Акадэмія навук БССР з 13 навукова-даследчымі інстытутамі, працавалі таксама 4 навукова-даследчыя інстытуты ўсесаюзнага значэння. Акрамя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкрытага ў 1921 г., у Мінску было яшчэ 9 вышэйшых навучальных устаноў, 17 тэхнікумаў, педагагічнае, тэатральнае і музычнае вучылішчы, харэаграфічная школа, 47 агульнаадукацыйных школ. Тры дзяржаўныя музеі (Беларускі дзяржаўны гістарычны музей, Дзяржаўная карцінная галерэя БССР і Музей рэвалюцыі БССР) былі адкрыты для наведвальнікаў з 10 раніцы да 22 вечара. Уваход быў бясплатны.

За творчыя дасягненні ў літаратуры і мастацтве народны паэт Янка Купала ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй І ступені, Сталінскай прэміяй ІІ ступені адзначана творчасць пісьменніка Кандрата Крапівы, народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай, народнага артыста БССР Глеба Глебава і заслужанага артыста БССР кампазітара Анатоля Багатырова. Матэрыял аб лаўрэатах змешчаны ў часопісе “Полымя рэвалюцыі” (№ 3, с. 10–16, апошні выпуск за 1941 г.).

Ap-mir-dni-2.jpg.png

У 20 вышэйшых навучальных установах краіны заканчвалі вучобу больш за 3 тыс. чалавек: 211 матэматыкаў, фізікаў, гісторыкаў, географаў і біёлагаў выпускаў БДУ; 4 педагагічных і 6 настаўніцкіх інстытутаў падрыхтавалі 1400 настаўнікаў; два медыцынскіх інстытуты – 560 дактароў; абаранялі дыпломы больш за 300 выпускнікоў Мінскага політэхнічнага інстытута; 300 спецыялістаў падрыхтаваў Беларускі сельскагаспадарчы інстытут у Горках (“Советская Белоруссия”, 22 чэрвеня).

22 чэрвеня рыхтаваліся атрымаць дыпломы 23 студэнты пятага выпуску Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З дыпломнымі працамі выпускнікоў кампазітарскага аддзялення – 4 сімфоніямі і 1 уверцюрай – меркавалася азнаёміць сталічных прыхільнікаў музыкі падчас спецыяльна арганізаванага канцэрта. (“Советская Белоруссия”, 21 чэрвеня).

Адзначым, што сярод выпускнікоў гэтага аддзялення быў і таленавіты малады кампазітар, будучы народны артыст Беларусі, рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1962–1982) Уладзімір Алоўнікаў (1919–1996). Атрымаўшы дыплом, ён на наступны дзень добраахвотнікам пайшоў на фронт і да апошняга дня быў на перадавой. Прайшоў шлях ад радавога салдата да капітана, камандзіра артылерыйскага дывізіёна, быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені. У багатай музычнай спадчыне кампазітара сімфанічныя творы, музыка да кінафільмаў, у якіх ажываюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, выдатныя лірыка-патрыятычныя песні, сярод якіх усім вядомыя “Лясная песня” на тэкст А. Русака, “Радзіма мая дарагая” на словы А. Бачыла і многія іншыя.

У газеце “Звязда” за 20 чэрвеня цэлая паласа пад рубрыкай “Куды пайсці вучыцца” была адведзена аб’явам навучальных устаноў нашай краіны аб прыёме студэнтаў на новы 1941/42 навучальны год.

Ap-mir-dni-3.png

Пра дасягненні, праблемы і планы беларускіх кампазітараў у галіне сімфанічнай музыкі можна даведацца з артыкула Б. Смольскага “Беларуская сімфанічная музыка” (“Літаратура і мастацтва”, 14 чэрвеня, с. 3). Аўтар адзначаў, што “найбольш плённа ў галіне сімфанічнай музыкі працуе М. Аладаў, адзін са старэйшых беларускіх кампазітараў, які па сутнасці з’яўляецца стваральнікам беларускай сімфанічнай музыкі ў яе высокім прафесійным значэнні. Асноўныя рысы стылю Аладава – яркая вобразнасць, разнастайнасць і багацце жыццеадчування, дынамічнасць, драматызм і высокі прафесійны ўзровень”.

“Пошукі новага, творчая занепакоенасць не пакідалі Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР на працягу ўсяго тэатральнага сезона” – адзначаў у сваіх “Нататках аб оперна-балетным сезоне” тэатразнавец М. Модэль (“Літаратура і мастацтва”, 14 чэрвеня, с. 3). Былі пастаўлены класічныя оперы “Чыа-чыа-сан”, “Травіята”, “Пікавая дама”, “Казкі Гофмана”, балеты “Лебядзінае возера”, “Дон Кіхот” і нечаканы для тэатра спектакль “Трыльбі”. Самы значны вынік сезона – вылучэнне маладых вакалістаў, танцоўшчыкаў на адказныя партыі і самастойная пастаноўка маладымі рэжысёрамі цікавых спектакляў. Асабліва вылучыліся рэжысёр Вольга Барысевіч (“Казкі Гофмана”, “Трыльбі”) і балетмайстар Канстанцін Мулер (“Лебядзінае возера”, “Дон Кіхот”, “Марная засцярога”). У канцы артыкула аўтар, падводзячы вынікі тэатральнага сезона, выказваў пажаданне ўбачыць на сцэне Опернага тэатра ў будучым сезоне новыя оперныя і балетныя творы беларускіх кампазітараў.

Ap-mir-dni-4.png

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР А. Бразер скончыў скульптурны партрэт кампазітара А. Туранкова. На здымку, змешчаным у гэтым жа нумары “Літаратуры і мастацтва”, мы бачым у майстэрні скульптара аўтара і кампазітара каля завершанай працы.

Ap-mir-dni-5.png

Цікавай падзеяй у мастацкім жыцці краіны стала сумесная выстава жывапісных работ і малюнкаў А. Бразера і Л. Лейтмана, пра што паведамлялася ў артыкуле «Два майстры». Тут жа апублікаваны матэрыял пра беларускага мастака Пётра Сергіевіча, які жыў у Вільні, і планы Саюза мастакоў БССР арганізаваць у Мінску выставу яго работ.

Ap-mir-dni-6.png
Працы мастака П. Сергіевіча: “Аўтапартрэт”, “Барацьба са стыхіяй” і “Партрэт беларускай настаўніцы”

А на кінастудыі “Савецкая Беларусь” асістэнты рэжысёра Шульман і Любашыц пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Ю. Тарыча прыступілі да працы над кароткаметражным фільмам “Адвага”, прысвечаным аднаму з эпізодаў вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Паведамлялася таксама, што завяршаецца пераклад на беларускую мову кінафільмаў “Багдан Хмяльніцкі”, “Сувораў”, “Чкалаў”.

Вядома ж, шмат увагі на старонках усіх газет гэтых дзён надавалася легендарнаму МХАТу (Маскоўскаму мастацкаму акадэмічнаму тэатру імя М. Горкага), які гастраляваў у беларускай сталіцы, яго спектаклі карысталіся ў мінчан выключным поспехам. Мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст СССР У.І. Неміровіч-Данчанка па стане здароўя не змог прыехаць з тэатрам у Мінск, пра што ён апавясціў беларускую публіку праз газету “Советская Белоруссия” (за 19 чэрвеня).

Ap-mir-dni-7.png

Гастрольная трупа са 117 чалавек, у склад якой уваходзілі бліскучыя акцёры, народныя артысты СССР В.І. Качалаў, І.М. Масквін, М.М. Тарханаў, М.П. Хмялёў і многія іншыя заслужаныя акцёры, прыбыла ў Мінск яшчэ раніцай 16 чэрвеня. На вакзале трупу ўрачыста сустракалі афіцыйныя асобы, дзеячы беларускага мастацтва на чале з драматургам К. Крапівой і шматлікія вайскоўцы.

Дарэчы, М.М. Тарханаў (сапраўднае прозвішча Масквін) з 1905 г. працаваў на сцэне Мінскага гарадскога тэатра. У савецкі час, ужо працуючы ў МХАТ, ён адначасова з'яўляўся прафесарам Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А.У. Луначарскага, дзе ў 1939 г. узначаліў студыю па падрыхтоўцы беларускіх акцёраў. З выпускнікоў яго курса ў 1940 г. быў створаны Брэсцкі абласны драматычны тэатр.

Да 30 чэрвеня павінна было адбыцца 16 спектакляў паводле п’ес “На дне” М. Горкага, “Дні Турбіных” М. Булгакава, “Тарцюф” Ж.-Б. Мальера, “Школа зласлоўя” Р. Шэрыдана і “Таленты і прыхільнікі” М. Астроўскага. Планаваліся таксама канцэрты для вайскоўцаў Заходняй ваеннай асобай акругі, паколькі МХАТ лічыўся шэфам Чырвонай Арміі. Цэнтральныя беларускія газеты ў сувязі з гастролямі славутага тэатра публікавалі шматлікія прывітанні, у тым ліку ад Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, М. Лынькова, захопленыя рэцэнзіі і водгукі на спектаклі дзеячаў мастацтва нашай краіны, прыхільнікаў творчасці МХАТа.

А беларускія тэатры ў гэты час з поспехам гастралявалі ў Адэсе і Петразаводску (“Літаратура і мастацтва”, 14 чэрвеня).

Ap-mir-dni-9.png

Шэраг публікацый прысвечаны спартыўнаму жыццю краіны. У рэгіёнах ішла актыўная падрыхтоўка да ўсебеларускага фізкультурнага параду. А на наступным фота студэнты Дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга інстытута фізічнай культуры рыхтуюцца ўжо да Усесаюзнага фізкультурнага параду (адкрыццё было намечана на 25 чэрвеня).

Ap-mir-dni-10.png

У напружанай барацьбе праходзілі спаборніцтвы на першынство БССР па спартыўна-паляўнічай стральбе. 21 чэрвеня, у трэці дзень спаборніцтваў, вызначыўся чэмпіён краіны па стральбе з падыходу. Ім стаў майстар спорту СССР Барысенка. Па папярэдніх даных каманднае першынство заваявала каманда горада Мінска, на другім месцы была каманда Віцебска. Спаборніцтвы павінны былі завяршыцца 22 чэрвеня... (“Советская Белоруссия”, 22 чэрвеня).

21 чэрвеня на мінскім стадыёне “Дынама” адбыўся футбольны матч, у якім сустракаліся каманды мінскага “Дынама” і зборная горада Мінска. Увесь матч прайшоў з вялікай перавагай дынамаўцаў. Да вялікага расчаравання балельшчыкаў зборнай сталіцы каманда мінскага “Дынама” выйграла матч з разгромным лікам 7:2 (“Звязда”, 22 чэрвеня).

Шмат матэрыялаў у чэрвеньскіх нумарах газет прысвечана датэрміноваму выкананню беларускімі прадпрыемствамі, калгасамі, іншымі вытворчымі калектывамі паўгадавых працоўных планаў, паспяховаму разгортванню меліярацыйных работ у шэрагу раёнаў, летнім сельскагаспадарчым работам па ўсёй краіне, паступленням у гандлёвую сетку шэрага новых запатрабаваных вырабаў лёгкай прамысловасці Беларусі.

Ap-mir-dni-11.png

У калгасах і саўгасах прыступілі да збору ўраджаю ранняй гародніны. Добры ўраджай для жыхароў сталіцы вырашчаны ў калгасе “Свабода” Мінскага раёна.

Ap-mir-dni-12.png

Паведамлялася таксама аб планах пачаць будаўніцтва ў Мінску вялікай удасканаленай аранжарэі – уздоўж Барысаўскага тракта за Паркам культуры і адпачынку плошчай 1 тыс. кв. м. Адмысловае аддзяленне ў будучай аранжарэі меркавалася адвесці для трапічных раслін – пальмаў, лаўраў, лімонных і апельсінавых дрэў. Прадугледжвалася цэнтральнае ацяпленне і неабходнае светлавое абсталяванне.

Цікавы артыкул прысвечаны выяўленню страт на Гомельскім кандытарскім камбінаце “Спартак”. Праца была праведзена брыгадай Навукова-даследчага інстытута харчовай прамысловасці БССР, аб выніках якой і паведамляецца ў артыкуле газеты (“Советская Белоруссия”, 22 чэрвеня).

Ap-mir-dni-13.png

У часопісе “Работніца i калгасніца Беларусі” змешчаны артыкул аб удзеле БССР ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе 1941 г. у Маскве (выстава закрыецца 1 ліпеня).

Ap-mir-dni-14.png

Ap-mir-dni-15.jpg
Удзельніцы Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы 1941 г. – юныя натуралісты Віцебскага батанічнага сада збіраюць маліну, якую выгадавалі ў аранжарэі саду. Фота БелТА

У часопісе таксама ёсць артыкул пад назвай “Рэканструкцыя сталіцы Беларусі”. Аўтары, архітэктар А. Батоева і інжынер Д. Яскевіч, расказваюць аб генеральным плане рэканструкцыі Мінска, разлічаным на бліжэйшыя 10–15 гадоў, першачарговых задачах будаўнікоў на 1941 г.: завяршэнні будаўніцтва будынка ЦК партыі і прылеглай плошчы, а таксама 10 жылых дамоў па 100 кватэр у кожным, правядзенні першай чаргі рэканструкцыі вуліцы Савецкая. Адначасова рэканструявалася Вакзальная плошча, якая з усіх бакоў афармлялася арыгінальнымі будынкамі, вялікая рэканструкцыя прадугледжвалася і ў цэнтральнай частцы горада (вуліцы Энгельса, Леніна і Карла Маркса).

Ap-mir-dni-16.png

У невялікай нататцы ў газеце “Звязда” за 21 чэрвеня паведамлялася, што за пяць месяцаў 1941 г. Упраўленне бібліятэчнымі калектарамі БССР адправіла масавым і школьным бібліятэкам краіны каля мільёна кніг рознай тэматыкі на беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай мовах.

А гэта фота з газеты “Чырвоная змена” за 20 чэрвеня, на якім мы бачым вядомага савецкага дзіцячага пісьменніка Самуіла Маршака ў асяроддзі мінскіх школьнікаў. Сустрэча адбылася 18 чэрвеня ў Мінскім палацы піянераў.

Ap-mir-dni-17.png

Летні сезон у разгары. Газета “Советская Белоруссия” за 21 чэрвеня паведамляла, што ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве і іншых гарадах працуюць 11 дамоў адпачынку і два санаторыі Беларускага ўпраўлення дамамі адпачынку ВЦСПС, у якіх адпачывалі каля 5 тыс. работнікаў розных сфер дзейнасці. У Ждановічы прыбыла на адпачынак група стаханаўцаў з прадпрыемстваў Беластока. Там жа знаходзім аб'яву аб сходзе для бацькоў па пытанні адпраўкі дзяцей у піянерскія лагеры. На жаль, многія дзеці, якія былі адпраўленыя ў піянерскія лагеры, аказаліся надоўга разлучанымі з бацькамі, з некаторымі назаўжды…

Ap-mir-dni-18.png

Гэта ж газета і найбуйнейшая крама Мінска (ГУМ) ненадакучліва запрашалі абнавіць летні гардэроб, паведамляючы аб паступленні ў продаж пашыранага асартыменту летніх тавараў.

Ap-mir-dni-19.png

На нядзелю 22 чэрвеня было намечана адкрыццё купальнага сезона на Камсамольскім возеры. Па берагах возера планаваліся масавыя гулянні, выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, розныя спартыўныя спаборніцтвы. Да паслуг адпачываючых давалася больш за 40 лодак. Для стварэння святочнай атмасферы былі запрошаны 6 аркестраў. Газеты паведамлялі таксама аб праведзенай значнай рабоце па азеляненні тэрыторыі возера: пасаджана 3500 дрэў, тысячы кустоў, разбіты газоны.

Дастаткова ўвагі ў цэнтральных газетах надавалася і жыццю рэгіёнаў. Інфармацыя з Магілёва паведамляла аб актыўнай падрыхтоўцы ў гарадах і раёнах вобласці да Дня ваенна-марскога флоту. У Хойніках былі арганізаваны 20-дзённыя курсы вінаградараў, на якіх займаліся 17 садаводаў Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага і іншых раёнаў Палесся. Вясной у калгасах Хойніцкага раёна было пасаджана 6,5 тыс. саджанцаў вінаграду. На восень планавалася пасадзіць яшчэ 10 тыс. саджанцаў.

А гэта сімпатычная пара з Лоева патрапіла ў фотааб'ектыў карэспандэнта падчас адпачынку на Дняпры.

Ap-mir-dni-20.jpg

20 чэрвеня ў Віцебскім мастацкім вучылішчы адкрылася справаздачная выстава выхаванцаў установы, на якой было прадстаўлена звыш 200 работ жывапісу, малюнка, скульптуры. У Віцебскім абласным гістарычным музеі, які размяшчаўся ў будынку былой ратушы з вежай, пабудаванай у 1775 г., сабрана шмат цікавых і каштоўных экспанатаў – усяго каля 38 тыс. Палова з іх прадстаўлена ў экспазіцыі музея. У артыкуле паведамлялася, што ў музеі ідзе вялікая праца па разборы і сістэматызацыі экспанатаў, выяўленні найбольш каштоўных. Так, напрыклад, выяўлены кніга прывілеяў горада Віцебска, 58 фатаграфій абарончых умацаванняў, валоў (якія засталіся пасля вайны 1812 г.) на тэрыторыі Віцебскай вобласці, доміка Пятра ў Полацку, аўтографы Людовіка ХV, графа Шарамецьева і палкаводца Рымскага-Корсакава, пояс часоў Лівонскай вайны. Ёсць меркаванне, што гэты пояс належаў польскаму каралю Стэфану Баторыю (1576) (“Советская Белоруссия”, 21 чэрвеня).

Пачыналася пара актыўнай нарыхтоўкі лекавых траў і іншай расліннай сыравіны, і газеты заклікалі насельніцтва краіны ў гэтым актыўна ўдзельнічаць.

Ap-mir-dni-21.jpg

Ap-mir-dni-22.png

І ў 1941 г. актуальнай была рэклама з заклікам захоўваць грошы ў ашчадным банку. А выглядала яна, напрыклад, вось так.

Ap-mir-dni-23.png
Рэклама на вокладцы часопіса “Работнiца i калгаснiца Беларусі” (№ 10, 1941)

…Набліжаліся апошнія мірныя гадзіны суботы 21 чэрвеня 1941-га. У Зялёным тэатры парка імя М. Горкага ў Мінску пачалася вечарына памяці А.М. Горкага з удзелам артыстаў МХАТа.

Ap-mir-dni-24.png

Дзяржаўны польскі тэатр БССР ставіў “Жаніцьбу Фігаро”, украінскі – “У стэпах Украіны”, вялікае прадстаўленне ішло ў цырку; у клубе імя І.В. Сталіна выступаў выканаўца яўрэйскіх жартоўных і бытавых песень з Вільні І. Калодны. У кінатэатры “Чырвоная зорка” дэманстраваўся мастацкі фільм “Танкер «Дэрбент»”, а ў кінатэатры “Радзіма” адбылося канцэртнае выступленне ТЭА-ДЖАЗА (тэатральнага джаза) і дэманстраваўся фільм “Франтавыя сяброўкі” аб удзеле дзяўчат-дружынніц у савецка-фінляндскай вайне. Прэм’ера фільма, знятага па сцэнарыі С. Міхалкова і М. Розенберга рэжысёрам В. Эйсымонтам на кінастудыі “Ленфільм”, адбылася ў маі 1941 г. У галоўнай ролі – вядомая савецкая актрыса Зоя Фёдарава. Напярэдадні выхаднога дня быў прадугледжаны нават дадатковы начны сеанс.

Ap-mir-dni-25.jpg

Ap-mir-dni-26.png

А ў Доме Чырвонай Арміі ў 20.00 пачаўся спектакль “Тарцюф” па п’есе Ж.-Б. Мальера. У зале знаходзіліся прадстаўнікі кіраўніцтва БССР і камандавання Заходняй асобнай ваеннай акругі. У 22.00, пасля заканчэння спектакля, адбылася вячэра, высокапастаўленыя ваенныя і грамадзянскія асобы пакінулі будынак каля першай гадзіны ночы, а артысты сабраліся ў адным з гасцінічных нумароў, каб адсвяткаваць поспех. За размовамі не заўважылі як праляцеў час, разыходзіліся толькі ў 4 гадзіны раніцы, не падазраючы, што якраз у гэтыя перадсвітальныя хвіліны 22 чэрвеня ў гісторыі пачаўся новы трагічны адлік часу (Минская эпопея. Июнь 1941-го / И. Воронкова // Беларуская думка. 2011. № 6. С. 12–20).

Ap-mir-dni-27.png

Газеты і за 22 чэрвеня выйшлі з усё яшчэ мірнай інфармацыяй. Працягвалі публікавацца матэрыялы, прысвечаныя падрыхтоўцы да святкавання 20-гадовага юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З інтэрв’ю з рэктарам універсітэта П.П. Савіцкім даведваемся, што 6 навуковых супрацоўнікаў закончылі напісанне дысертацый. Многія навуковыя работнікі заканчваюць распрацоўку тэм, якія мелі важнае для навукі значэнне. Да юбілею акрамя агульнаўніверсітэцкага зборніка “20 гадоў БДУ” кожны факультэт выпускаў свой зборнік “Вучоных запісак”. У рамках святкавання планавалася арганізаваць выставы ва ўніверсітэце, мінскім Доме вучоных, Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя В.І. Леніна. 23 чэрвеня чакаўся прыезд гасцей – больш за 100 чалавек з розных рэспублік і гарадоў СССР. Урачыстасці, прысвечаныя юбілею, былі запланаваны на 24 чэрвеня адкрыццём навуковай сесіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (“Звязда”, 20, 22 чэрвеня 1941).

Вось так усяго толькі асобныя матэрыялы з некалькіх нумароў газет і часопісаў, якія ўбачылі свет напярэдадні вайны, дазволілі нам пагрузіцца ў атмасферу падзей апошніх мірных дзён нашай краіны зараз ужо далёкага 41-га. Падзея, якая перавярнула жыццё краіны, пачалася вераломна.

Пра пачатак вайны беларусы даведаліся апоўдні 22 чэрвеня з выступлення Народнага камісара замежных спраў СССР В.М. Молатава па радыё…

***

А за окном, за окном красота новолунья,
Шепчутся с Бугом плакучие ивы.
Год сорок первый, начало июня.
Все ещё живы, все ещё живы,
Все ещё живы, все, все, все.

Годы прошли и опять за окном тихий вечер.
Смотрят с портретов друзья молчаливо.
В памяти нашей сегодня и вечно
Все они живы, все они живы,
Все они живы, все, все...

З песні “Довоенный вальс”.
Словы Ф. Лаубэ, муз. П. Аеданіцкага

Матэрыял падрыхтаваны вядучым бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Людмілай Гарбачовай.

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам