ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Паслугі па аператыўным рамонце дакументаў
Творчыя заняткі "Птушачкі"

90 гадоў з дня нараджэння вядомага скульптара

90 гадоў з дня нараджэння вядомага скульптара
Іншыя навіны

11 ліпеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага скульптара Анатоля Аляксандравіча Анікейчыка (1932–1989). Яго творчасць – значная вяха ў гісторыі беларускай манументальнай і станковай скульптуры.

Anikiejchyk-1.jpg

Анатоль Анікейчык нарадзіўся ў Барысаве ў сям’і служачых: бацька быў урачом, маці – настаўніцай. У трынаццацігадовым узросце хлопчык захапіўся лепкай, удзельнічаў ва ўсіх дзіцячых выстаўках у горадзе, а потым і ў Мінску. Талент юнака адчыніў перад ім дзверы Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе ён вучыўся ў вядомых беларускіх скульптараў А. Бембеля і А. Глебава. Дыпломная работа А. Анікейчыка “Мантажнікі” сведчыла аб вялікіх патэнцыяльных магчымасцях аўтара, што было адзначана экзаменацыйнай камісіяй.

Скончыўшы інстытут, малады скульптар адразу ўключыўся ў творчую дзейнасць. Яго першыя работы – партрэты У. Маякоўскага, П. Чайкоўскага, М. Багдановіча, М. Фрунзэ, Л. ван Бетховена, кампазіцыя “1905 год” – паказалі імкненне мастака да ўсхваляванай патэтыкі, узнёсласці вобразаў, выяўлення духоўнай сілы і прыгажосці чалавека. Адначасова з узорамі станковай скульптуры Анатоль Аляксандравіч працаваў над манументальнымі работамі.

Anikiejchyk-Hastela.jpg

Асобае месца ў творчасці А. Анікейчыка займала тэма Вялікай Айчыннай вайны. У работах ён па-майстэрску праўдзіва адлюстроўваў не толькі вобразы гераічнага часу, але і змог данесці іх ідэйную і пластычную яснасць да будучых пакаленняў. Сярод яго знакамітых прац – “Вясна Перамогі”, “Памяць”, партрэты герояў вайны, помнікі М. Гастэлу і яго экіпажу каля Радашковіч, А. Матросаву на Пскоўшчыне, мемарыяльныя знакі ў Цэнтральным скверы і плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Anikiejchyk-Praryu.jpg

Сумесна з архітэктарамі Ю. Градавым і Л. Левіным скульптар працаваў над стварэннем помніка ў мемарыяльным комплексе “Прарыў”, устаноўленым у 1974 г. ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці ў гонар прарыву варожай блакады партызанамі ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы. Уражвае трагічнасцю скульптурны комплекс “Праклён фашызму”, створаны ў памяць пра жыхароў Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаных разам з вёскамі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Anikiejchyk-Praklion-fashyzmu.jpg

Арганічна ўвайшла ў творчае жыццё А. Анікейчыка купалаўская тэма. Майстар стварыў шэраг помнікаў паэту, вельмі розных па задуме і настроі, маштабе і кампазіцыйным вырашэнні. У 1971 г. створаны надмагільны помнік Янку Купалу на Вайсковых могілках у Мінску (сумесна з А. Заспіцкім). У 1973 г. у г. Манро, непадалёк ад Нью-Ёрка, адкрыты помнік паэту, аўтарам якога таксама з’яўляецца А. Анікейчык. Беларускаму песняру прысвечаны і іншыя творы скульптара: бюст для літаратурнага музея, скульптурная кампазіцыя “Восень паэта” ў вёсцы Ляўкі Аршанскага раёна.

Anikiejchyk-Kupala-Liauki.jpg

Вяршыняй купалаўскай тэматыкі ў творчасці А. Анікейчыка стаў манументальны комплекс у Мінску, над якім ён працаваў разам са скульптарамі Л. Гумілеўскім і А. Заспіцкім, архітэктарамі Ю. Градавым і Л. Левіным. Гэты мемарыял, што стаў адной са славутасцей беларускай сталіцы, уключае помнік Я. Купалу і фантан "Вянок" з фігурамі дзяўчат, якія пускаюць на ваду купальскія вянкі.

Anikiejchyk-Kupala.jpg

Anikiejchyk-Fantan-Vianok.jpg

У розныя гады А. Анікейчык працаваў над скульптурнымі партрэтамі многіх пісьменнікаў і паэтаў: помнікам М. Лынькову ў пасёлку Лёзна Віцебскай вобласці, скульптурнай кампазіцыяй “Сны пра Радзіму. М. Багдановіч” і інш. Любоў да літаратуры ўвасобілася ў шэрагу твораў, прысвечаных А. Пушкіну: партрэтах, скульптурах “Пушкін і Ваньковіч”, “А. Пушкін і А. Міцкевіч”, “Свет Міхайлаўскага”.

Творы А. Анікейчыка адрозніваюцца эпахальнасцю, узнёсласцю вобразаў, выяўленнем духоўнай сілы і прыгажосці чалавека. Народны мастак БССР (1972), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1974), ён лічыў абавязкам мастака “…ствараць творы, якія мабілізуюць высокія думкі, пачуцці і волю народа на будаўніцтва новага свету”.

На працягу ўсяго творчага жыцця Анатоль Аляксандравіч працаваў на поўную моц падоранага яму лёсам таленту, пакінуўшы пасля сябе вялікую спадчыну. Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музейных зборах замежных краін.

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці знакамітага скульптара можна таксама знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, звесткі пра публікацыі аб ім – у электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам