ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Выбраныя працы Сцяпана Драбязкі прэзентавалі ў Мінску
Дар Стамбульскаму ўніверсітэту ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

770 гадоў Слоніму

770 гадоў Слоніму
Іншыя навіны

Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам, Шчары ціхім звонам,
Агністым сонцам, лесам задумёным,
Мурамі і людзей жыццём штодзённым,
І сэрцам палюбіў я гэты кут –
Цябе, мой старадаўні родны Слонім.
Алег Лойка. “Родны горад”

У 2022 годзе Слонім адзначыў юбілей – споўнілася 770 гадоў з часу ўзнікнення аднаго з найбольш старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі, які мае багатую і слаўную гісторыю, глыбокія культурныя традыцыі.

Слонім – адміністрацыйны цэнтр Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Горад узнік у старажытныя часы на рацэ Шчары, на адным з галоўных шляхоў з Русі ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы. Першае ўпамінанне пра Слонім (летапісныя назвы Услонім, Васлонім, Вслонім) сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1252 годам. Яно звязана з паведамленнем аб барацьбе галіцка-валынскіх князёў з літоўскім князем Міндоўгам. Паводле археалагічных даследаванняў, у XI стагоддзі на месцы сучаснага Слоніма існавалі два ўмацаваныя гарадзішчы на абодвух берагах Шчары, што, магчыма, і паслужыла падставай для ўзнікнення такой назвы горада (ад славянскага слова “заслона”).

Slonim-6.jpg

Выгаднае геаграфічнае становішча зрабіла Слонім значным ваенна-адміністрацыйным і рамесна-гандлёвым цэнтрам, дамінантай якога быў Верхні замак на левым беразе Шчары. У 2-й палове XIІІ стагоддзя Слонім увайшоў у Вялікае Княства Літоўскае і стаў адным з квітнеючых гарадоў Панямоння. У 1345 годзе горад адышоў да троцкага князя Кейстута Гедзімінавіча, у 1382 годзе стаў уласнасцю вялікага князя Вітаўта. З 1413 года Слонімскае княства было ператворана ў Слонімскі павет, які ўвайшоў у Троцкае ваяводства ВКЛ. У 1490 годзе ў горадзе быў пабудаваны першы касцёл (на яго месцы ў 1775-м збудаваны мураваны касцёл Св. Андрэя).

З 1500 года Слонім – цэнтр Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1506-м горад разбураны крымскімі татарамі, стары замак больш не аднаўляўся. З 1508 года Слонім – цэнтр Слонімскага староства. У 1520 годзе, пры намесніку Яну Мікалаевічу Радзівілу, на левым беразе Шчары пабудаваны новы Верхні замак.

У 1531 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права (скасавана ў 1776 годзе), а праз 60 год вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт ІІІ Ваза надаў гораду герб. З 1556 года пачалі дзейнічаць гарадскі і земскі суды. Самакіраванне дало штуршок развіццю промыслаў, культуры. Ужо ў першай палове XVI стагоддзя ў Слоніме налічвалася больш за 20 рамесных спецыяльнасцей: кажэўнікаў, сталяроў, ткачоў, ювеліраў, кузняцоў.

Slonim-3.jpg
Slonim-4.jpg
Slonim-5.jpg

З 1586 года Слонім на працягу амаль 50 гадоў быў уласнасцю канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, які спрыяў уздыму культуры і прамысловасці горада, яго палітычнай значнасці. Тут працавалі розныя прамысловыя цэхі, развівалася ткацтва, ювелірная справа, цяслярства, штогод праводзіліся два кірмашы. Побач з замкам, пры якім у той час існавалі бібліятэка і архіў, на беразе Шчары Сапега ўзвёў палац, названы пазней яго імем.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў цэнтры Слоніма была пабудавана ратуша. Наладжванне рэгулярных таргоў абумовіла фарміраванне каля ратушы Рыначнай плошчы. Так паступова складваўся непаўторны гістарычны ландшафт Слоніма.

Сапраўдны росквіт горада, яго “залаты век” звязаны з імем слонімскага старасты – вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, палітычнага дзеяча, мецэната, кампазітара і музыканта. На яго сродкі ў 1767–1783 гадах быў пабудаваны канал, які злучыў Балтыйскае і Чорнае моры праз Шчару і Ясельду, у выніку чаго Слонім стаў важны рачным портам. Былі пабудаваныя прадпрыемствы па вытворчасці шаўковых тканін, прыстань для рачных судоў.

Slonim-2.jpg

На месцы палаца Сапегаў князь пабудаваў велічны мураваны палацавы комплекс з манежам, аранжарэяй, друкарняй, тэатрам з балетам (гл. “Да 250-годдзя аднаго з старэйшых тэатраў Беларусі”) і капэлай. Пры тэатральнай трупе працавалі балетная і музычная школы. Міхал Казімір Агінскі ператварыў правінцыйны гарадок у сапраўдны асяродак культуры і мастацтваў. “Сядзіба муз”, “Паўночныя Афіны” ці “Палескiя Афіны” – так узнёсла называлі тагачасны Слонім сучаснікі.

З 1795 года Слонім знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі, у 1801-м як цэнтр павета ўвайшоў у Гродзенскую губерню. У 1799 годзе ўрад Расійскай імперыі аднавіў пабудову Агінскага канала, на якім у 1804 годзе было адкрыта суднаходства. Узрасла прамысловая і гандлёвая роля горада. У 1806-м Войцех Пуслоўскі заснаваў папяровую фабрыку “Альбярцін”.

У чэрвені 1812 года Слонім быў акупіраваны французкімі войскамі. Пры адступленні французаў адбыўся бой, рускі атрад на чале з генералам Я.І. Чапліцам разбіў французскі полк гвардзейскіх уланаў і заняў горад.

У 1843–1855 гадах у Слоніме дзейнічала медзеапрацоўчая фабрыка. У 1886-м праз горад прайшла чыгунка Баранавічы – Беласток. У 1896–1946 гадах працаваў лесапільны завод, у 1890–1914 гадах – фабрыка хустак (з 1913-га – фабрыка коўдраў).

У час Першай сусветнай вайны горад быў разбураны нямецкімі войскамі, у 1919–1920 гадах – заняты польскімі войскамі. З 1921-га Слонім знаходзіўся ў складзе Польшчы, быў цэнтрам павета, з 1939-га – у складзе БССР. У гэтым жа годзе пачала працаваць арцель “Чырвоная зара”, на базе якой у 1960 годзе заснавана Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1940 года Слонім – цэнтр раёна Баранавіцкай вобласці. У 1954-м як цэнтр раёна ўключаны ў склад Гродзенскай вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты знішчылі ў горадзе і раёне 42 тыс. чалавек. У лістападзе 1942 – ліпені 1944-га ў Слоніме дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя.

Slonim-7-9.jpg
Slonim-8.jpg

Сучасны Слонім вядомы не толькі ў Беларусі, тут працуе больш за 20 прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі, мэблевай, цэлюлозна-папяровай, харчовай, лёгкай і іншых галін прамысловасці. Адукацыйны патэнцыял прадстаўляюць 8 сярэдніх школ, гімназія, ліцэй, прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, медыцынскі каледж, політэхнічны прафесійны ліцэй.

Слонім – малая радзіма шматлікіх таленавітых музыкантаў, мастакоў, літаратараў. Горад жыве багатым культурным, спартыўным і творчым жыццём. На гэтай зямлі тварылі такія знакамітыя пісьменнікі, як Кандрат Лейка, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Гальяш Леўчык, Мікола Арочка. Скульптар, народны мастак Беларусі Іван Міско таксама родам з-пад Слоніма. Слонімскі край ганарыцца слаўнымі імёнамі Герояў Савецкага Саюза Барыса Тарасавіча Пішчыкевіча, Паўла Ільіча Жданава, Фёдара Міхайлавіча Сінічкіна, Героя Сацыялістычнай Працы Марыі Фёдараўны Несцер, кавалера ордэна Працоўнай Славы трох ступеняў Любові Пятроўны Казлоўскай і інш.

Slonim-11.jpg

Культурныя праграмы, экскурсіі прапануюць наступныя ўстановы: Слонімскі беларускі драматычны тэатр, Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І.І. Стаброўскага, этнаграфічны музей-майстэрня “Беларускае мястэчка”, Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа, арганізаваны ў ёй музей кнігі і інш. Таксама ёсць Цэнтр турызму, гасцініца “Шчара”, санаторый-прафілакторый “Сонечны”. Горад уключаны ў цікавыя турыстычна-экскурсійныя маршруты: “Каменны летапіс Панямоння”, “На радзіму Тадэвуша Касцюшкі”, “Архіпелаг Сапегаў”, “Сядзібы, палацы, замкі”, “Архітэктурныя помнікі Слоніма”. Штогод праводзіцца гарадскі фестываль “Паланэз”, які ветліва сустракае беларускіх і замежных артыстаў. Слонім тоіць у сабе нямала адкрыццяў для кожнага, хто прыязджае сюды за новымі ўражаннямі.

Шмат цікавай інфармацыі можна знайсці ў інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, звярнуўшыся да яе  электроннага каталога, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. У 2019 годзе выйшла электроннае выданне, прысвечанае гораду на Шчары, – “Слонім і наваколле праз прызму гістарычных дакументаў, паданняў, даследаванняў”. Дыск, які змяшчае копіі аўтэнтычных дакументаў па гісторыі Слонімшчыны, бібліяграфічную і поўнатэкставую інфармацыю, разнастайныя суправаджальныя матэрыялы аб багатай гісторыі і культурнай спадчыне Слонімскай зямлі, можна набыць у кіёску Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам