ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Рэсурсы бібліятэк Магілёўскага краю аб асветніках і выдаўцах
Турызм для міру і развіцця

280 гадоў Нясвіжскаму тэатру Радзівілаў

280 гадоў Нясвіжскаму тэатру Радзівілаў
Іншыя навіны

Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, які існаваў на працягу амаль 50 гадоў, з’яўляецца значнай старонкай у гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі.

У XVII–XIX стст. Нясвіж быў адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў Еўропы. У першай палове XVIII ст. да шматлікіх свят, банкетаў, паляванняў, маляўнічых шэсцяў, вайсковых парадаў, гульняў, без якіх немагчыма ўявіць жыццё магнацкага роду Радзівілаў, далучыўся і тэатр.

Njaswiz.jpg

Захапленне тагачаснага ўладара горада князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і яго жонкі Францішкі Уршулі гэтым мастацтвам пачалося ў 1740 г., калі іншаземнай трупай у замку быў пастаўлены першы спектакль. Потым пастаноўкі наладжваліся сваімі сіламі: на святы, у гонар важных гасцей, у час розных сямейных урачыстасцей.

Mikhal-Radziwill.jpg
Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька

Найбольшага росквіту тэатр дасягнуў пасля 1746 г., калі яго ўзначаліла Францішка Уршуля – “нясвіжская Сапфо”, як называлі яе літаратурныя крытыкі за яскравы паэтычны дар. Княгіня сама пісала п’есы і ставіла спектаклі. Амаль штогод з-пад яе пяра з’яўлялася па некалькі новых драматычных твораў, якія мелі павучальны сэнс. Таксама ў рэпертуары былі перакладзеныя і пераробленыя Ф.У. Радзівіл творы Ж.Б. Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Спектаклі ставіліся на польскай, італьянскай, нямецкай, французскай мовах.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) захоўваецца экзэмпляр арыгінальнага выдання 1754 г., у якім пасля смерці пісьменніцы былі сабраны ўсе яе творы. Ёсць таксама некалькі сучасных перавыданняў, у тым ліку “Камедыі і трагедыі” Ф.У. Радзівіл прадстаўлены ў электронным выданні "Radziviliana": дакументальныя помнікі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. Даведацца пра гэтыя дакументы можна і праз электронны каталог НББ.

У 1747–1748 гг. архітэктарам К. Ждановічам для паказа спектакляў быў пабудаваны спецыяльны будынак (“камедыенгаўз”), што стаяў за замкам на беразе штучнага вадаёма. Паказы адбываліся не толькі летам, але і ў час зімовых свят. Памяшканне тэатра мела багатыя інтэр’еры, нямала ўвагі надавалася таксама арыгінальным дэкарацыям і касцюмам. У 1753 г. трупа папоўнілася нанятымі кваліфікаванымі выканаўцамі, былі створаны музычная (з 1751 г.), вакальная (з 1751 г.) і балетная (з 1758 г.) школы, аркестр народных інструментаў. У гэты перыяд тэатр набыў шырокую вядомасць у Рэчы Паспалітай, нярэдка выязджаў са сваімі пастаноўкамі за межы Нясвіжа.

Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся з 1777 г., калі з эміграцыі вярнуўся Кароль Станіслаў Радзівіл, сын Францішкі Уршулі і Рыбанькі. Тэатр стаў адной з яго галоўных забаў. Адбылася пераарыентацыя на заходнееўрапейскі рэпертуар і прафесіяналізм замежных выканаўцаў. Нясвіжская трупа значна папоўнілася і складалася з італьянскіх спевакоў, беларускіх прыгонных музыкантаў і танцораў. З 1786 г. тэатр стаў працаваць нерэгулярна і праз некалькі гадоў прыпыніў сваё дзеянне.

За гады свайго існавання тэатр Радзівілаў у Нясвіжы ўпэўнена заявіў аб высокім узроўні ўласнага мастацтва, стварыў свой арыгінальны рэпертуар, стаў першым прафесійным тэатрам у гісторыі Беларусі.

Фактаграфічныя звесткі як пра сам тэатр, так і пра тых прадстаўнікоў роду Радзівілаў, якія мелі да яго дачыненне, прадстаўлены ў базе даных “Беларусь у асобах і падзеях” і Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных / нарматыўных запісаў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

У бібліятэцы прайшоў творчы вечар Пятра Краўчанкі

28 Вер 2020

25 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў творчы вечар “З Беларуссю ў сэрцы: людзі, гады, жыццё” Пятра Кузьміча Краўчанкі, вядомага беларускага палітыка і дыпламата.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Навучым шукаць інфармацыю

28 Вер 2020

Пачынаецца новы навучальны год. Для навучання пошуку інфармацыі і адаптацыі да ўмоў працы ў нашым будынку мы праводзім па папярэдніх заяўках бясплатныя групавыя заняткі. На занятках можна навучыцца карыстацца разнастайнымі рэсурсамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – ад простага пошуку ў электронным каталогу да працы з базамі даных і Інтэрнэтам.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111