ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Да 115-годдзя з дня нараджэння Арона Мендзялеевіча Дукора
#BelBookChallenge прапануе: кніга, якую параіў бібліятэкар

25 снежня – 120 гадоў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна

25 снежня – 120 гадоў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна
Іншыя навіны

Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна заснавана ў 1899 г. у гонар 100-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага паэта.

У 1899 г. у Мінску была заснавана першая публічная бібліятэка. Гэтаму спрыяў надыходзячы юбілей Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Члены камісіі па падрыхтоўцы ўшанавання яго памяці прапанавалі адкрыць бібліятэку, прысвоіўшы ёй імя вялікага паэта. Прапанова была падтрымана, і неўзабаве Камісія звярнулася да жыхароў горада з просьбай сабраць для гэтай мэты кнігі ці грашовыя сродкі. За кароткі час было сабрана 1 960 кніг і 1 545 рублёў для набыцця літаратуры.

25 снежня 1900 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё “Мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна” для шырокага кола чытачоў. Бібліятэку ўзначаліў савет, прызначаны гарадской думай. Першым кіраўніком рады стаў дырэктар рэальнага вучылішча І.І. Самойла. У прынятым Статуце бібліятэкі вызначаліся яе задачы, правы і абавязкі чытачоў. Бібліятэка давала магчымасць усім жадаючым за плату карыстацца наяўнымі ў ёй кнігамі, часопісамі і газетамі. Чытач уносіў заклад у 3 рублі, месячны абанемент каштаваў 30 кап. за атрыманне кніг на дом, а 20 кап. – за чытанне іх у бібліятэцы. Тэрмін вяртання кніг вызначаў савет бібліятэкі, адтэрміноўка дакумента дапускалася толькі са згоды бібліятэкара.

Падчас рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гг. бібліятэка стала адным з палітычных цэнтраў горада. У яе фондзе былі легальныя і нелегальныя марксісцкія выданні, выпісвалася бальшавіцкая газета “Новая жизнь”. Пасля падзей 1905 г. бібліятэка была месцам сустрэчы бальшавікоў горада. Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі сярод яе чытачоў больш за палову складалі навучэнцы, значную частку прадстаўлялі ўрачы, інжынеры і служачыя. Рабочых і рамеснікаў было не шмат. Характэрна, што ў 1916–1917 гг. сталым чытачом бібліятэкі быў Максім Багдановіч, ганаровым членам – Л.М. Талстой. У 1918 г. доступ у бібліятэку стаў бясплатным.

MOB_1.jpg

У сакавіку 1938 г. бібліятэка была рэарганізавана ў Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна і стала буйным культурным цэнтрам у вобласці. Фонд бібліятэкі пастаянна павялічваўся, у яго складзе былі рэдкія выданні, успаміны, дзённікі сучаснікаў Пушкіна і іншыя каштоўныя дакументы. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі бібліятэка пацярпела вялікія страты: каля 400 тыс. экз. дакументаў было знішчана або вывезена ў Германію, а памяшканне разбурана. Аднаўленне бібліятэкі пачалося адразу пасля вызвалення Мінска. Яна фактычна стала адраджацца зноўку. Для аднаўлення яе фонду кнігі паступалі з Дзяржаўнага фонду літаратуры, з бібліятэк Масквы, Ленінграда, Свярдлоўска і іншых гарадоў краіны. Многія мінчане ахвяравалі свае асабістыя кнігі.

У пасляваенныя гады стратэгія дзейнасці бібліятэкі была накіравана на павышэнне якасці абслугоўвання чытачоў, стварэнне сеткі перасоўных бібліятэк, паляпшэнне метадычнага кіраўніцтва публічнымі бібліятэкамі вобласці. Шмат увагі надавалася кваліфікацыі супрацоўнікаў самой бібліятэкі.

У 1966 г. было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка на вуліцы Гікала ў цэнтры горада. Яго адкрыццё адбылося ў лістападзе 1971 г. У новым памяшканні былі створаны спрыяльныя ўмовы для размяшчэння фонду і працы з чытачамі.

Сёння бібліятэка з’яўляецца не толькі буйнейшым кнігасховішчам у Мінскай вобласці, але і інфармацыйным, адукацыйным, сацыякультурным цэнтрам. Яна валодае ўніверсальным фондам, аб’ём якога складае звыш за 760 тыс. экз. дакументаў на розных носьбітах. Сярод рэдкіх калекцый і выданняў – камплекты часопісаў XIX – пачатку XX стст. – “Исторический вестник”, “Русская мысль”, “Современник” і інш. Штогод бібліятэку наведвае звыш за 30 тыс. карыстальнікаў. Да іх паслуг – індывідуальны абанемент, шэраг галіновых і спецыялізаваных чытальных залаў, аддзел абслугоўвання дзяцей.

Актыўны працэс інфарматызацыі грамадства спрыяў мадэрнізацыі бібліятэкі, укараненню новых інфармацыйных тэхналогій, што палепшыла якасць абслугоўвання наведвальнікаў. У 1996 г. быў створаны электронны каталог, у 2003 г. у інтэрнэце з’явіўся сайт, вядуцца бібліяграфічныя базы даных “Пушкиниана”, “Краеведение”, “Аналитика”, фактаграфічныя базы даных “Память Минщины”, “Герои Советского Союза – уроженцы Минской области” і інш. Праз віртуальную чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі бібліятэка прадастаўляе сваім карыстальнікам доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Аптымальныя ўмовы для прававой асветы стварае публічны цэнтр прававой інфармацыі.

Да 200-годдзя з дня нараджэння А.С. Пушкіна ў бібліятэцы створаны Пушкінскі інфармацыйна-асветніцкі цэнтр, які займаецца папулярызацыяй творчай спадчыны паэта, вядзе базу даных “Пушкиниана”. Калектывам цэнтра падрыхтаваны і выдадзены зводны каталог “Дореволюционные издания А.С. Пушкина и литература о нем из фондов библиотек, музеев и архивов Беларуси”, зборнік “А.С. Пушкин и Беларусь”, падрыхтаваны сумесна з Нацыянальным навукова-адукацыйным цэнтрам імя Ф. Скарыны.

З 1996 г. у бібліятэцы дзейнічае клуб “Кніга і мы”. У яго пасяджэннях прымалі ўдзел вядомыя пісьменнікі, дзеячы культуры і мастацтва В. Альшэўскі, Р. Баравікова, А. Бадак, Л. Дранько-Майсюк, А. Дудараў, М. Захарэвіч, А. Кашкурэвіч, Л. Рублеўская, В. Шніп і інш. У выніку супрацоўніцтва аддзела замежнай літаратуры з культурнымі цэнтрамі замежных краін у Беларусі была створана Франка-Беларуская зала інфармацыі аб сучаснай Францыі. Наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць палепшыць свае веды замежных моў у клубах “English Debating Club”, “Fun with Words: American English through books and games” (для дзяцей 5–7 гадоў), “Minsk Public Speaking Club”, “Conversational English Club”, “Monday Talks”, “Deutscher Sprachklub”. Усіх, хто цікавіцца кітайскай культурай, запрашае клуб кітайскай культуры “Цанг Цзэ”. Студэнты з замежных краін могуць паляпшаць свае веды рускай мовы ў клубе “Russian for Foreigners”. Аддзел замежнай літаратуры рэгулярна праводзіць сустрэчы з навукоўцамі і дзеячамі культуры, прэзентацыі і выставы, арганізуе паказы і абмеркаванне фільмаў.

За гады свайго існавання Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна – адна з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк рэспублікі – стала неад’емнай часткай горада і вобласці, яна па праве з’яўляецца галоўнай бібліятэкай Міншчыны, важным звяном у стварэнні рэгіянальнай інфармацыйнай прасторы.

Звесткі як аб самой бібліятэцы, так і аб прысвечаных ёй дакументах адлюстраваны ў розных інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (анлайн-энцыклапедыя “Беларусь у асобах і падзеях”, электронны каталог і інш.). Матэрыялы да папярэдніх юбілеяў галоўнай бібліятэчнай установы Мінскай вобласці публікаваліся на старонках бібліяграфічнага бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” (2010, № 6).

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам