ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Беларускія кнігі перададзены ў Эстонію
Гранічная шчырасць люстэркавых вершаў

24 верасня – 205 гадоў з дня нараджэння Габрыелі Пузыны, пісьменніцы, мемуарысткі, аўтара зборнікаў вершаў, апавяданняў, драм, камедый, успамінаў

24 верасня – 205 гадоў з дня нараджэння Габрыелі Пузыны, пісьменніцы, мемуарысткі, аўтара зборнікаў вершаў, апавяданняў, драм, камедый, успамінаў
Іншыя навіны

Постаць Альбіны Габрыелі Пузыны (1815–1869), адметная яркай творчай індывідуальнасцю, своеасаблівым мастацкім бачаннем свету, вылучаецца на фоне літаратурнага працэсу сярэдзіны XIX ст., робіць яго больш багатым, цікавым і разнастайным.

Нарадзілася яна ў Вільні ў заможнай сям’і графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў. Да шлюбу жыла ў радавым маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Дабраўлянскі палац Гюнтэраў стаў адным з культурных цэнтраў краю, дзе збіралася творчая інтэлігенцыя. Частымі гасцямі былі пісьменнікі І. Ходзька, А.Э. Адынец, мастакі Я. Дамель, Я. Рустэм, вучоны А. Снядэцкі, піяністка М. Шыманоўская і інш. Творчая атмасфера ў сям’і, блізкае знаёмства з таленавітымі людзьмі спрыялі развіццю літаратурнага таленту Габрыелі. У 1851 г. яна выйшла замуж за Тадэвуша Пузыну. Месцам жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім Габрыеля арганізавала сядзібную гасцёўню, што згуртавала лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы краю. Яе наведвалі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч (сын А. Міцкевіча).

Літаратурную дзейнасць Г. Пузына пачала з паэзіі, свае творы пісала на польскай мове. У 1828 г. дэбютавала вершам у варшаўскім часопісе “Motyl” пад крыптанімам “G. G.”. Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, першы з якіх “У імя Бога!” (“W Imię Boże!”) убачыў свет у Вільні ў 1843 г. Яе паэзія вызначаецца эмацыянальнай непасрэднасцю, экспрэсіўнасцю, экзальтаванасцю лірычнага пачуцця, прасякнута хрысціянскай духоўнасцю.

Габрыеля Пузына вядомая і як празаік. З-пад пяра пісьменніцы выйшлі зборнікі “Прозай і вершам” (“Prozą i wierszem”, 2 т., 1856), “Малыя, але праўдзівыя апавяданні” (“Małe a prawdziwe opowiadania”, 1857). Выдала кнігу замалёвак “Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні” (“Dzieci litewskie : ich słówka, odpowiedzi, postrzeżenia”), у якой паказала паэтычны свет дзяцей беларускай вёскі. Спрабавала свае сілы і ў драматургіі. Некаторыя яе п’есы ставіліся ў Вільні. Камедыя “Ці прыгожая, ці багатая” і драматычны абразок “За горадам” склалі зборнік “Аматарскі тэатр” (1861). Шмат п’ес засталося ў рукапісах. У драматычных творах Г. Пузыны адлюстраваны жыццё вышэйшых слаёў беларускага грамадства, асаблівасці побыту заможнай шляхты.

Асаблівую літаратурную каштоўнасць маюць успаміны “Мая памяць”, што створаны на падставе дзённіка, асабістай перапіскі пісьменніцы. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, прадстаўляе панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй часткі Беларусі і горада Вільні, змяшчае каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё краю. Рукапіс часткова апрацаваны і выдадзены польскімі даследчыкамі ў 1928 г. пад назвай “У Вільні і ў літоўскіх маёнтках” (“W Wilnie i w dworach litewskich”).

Памерла пісьменніца ў Гарадзілаве, дзе і была пахавана ў склепе мясцовага касцёла. Багаты архіў, дакументы і рукапісы, якія пасля смерці Г. Пузыны захоўваліся ў бібліятэцы Пшаздзецкіх у Варшаве, згарэлі падчас паўстання 1944 г. Літаратурная спадчына, а таксама тэатральная і музычная дзейнасць далучаюць яе да мастацкай эліты свайго часу.

Звесткі пра жыццё і дзейнасць пісьменніцы, інфармацыю пра яе творы можна адшукаць у інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (электронны каталог, зводны ЭІР “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі”, фактаграфічная база даных “Беларусь у асобах і падзеях”, Нацыянальная база даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў).

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Чытайце таксама:

Габриэля Пузыня подарила Адаму Мицкевичу воду из Нёмана
Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам